А фiтафтора тут як тут
Кожны дзень, аглядаючы бульбу, памiдоры i перцы, мы пiльнуем бляклыя плямы на лiсцях, пажоўклыя часткi раслiны. Гэта часта першыя абвесткi ад самай небяспечнай хваробы — фiтафторы. Яна можа «праглынуць» за тры днi цi тыдзень увесь надземны орган. Пасля пранiкне i да пладоў бульбы.
Як толькi на зялёным уборы (а недзе i на сцяблiнах i нават пладах памiдораў) з’явiлiся цёмна-бурыя плямы, часта размытыя, якiя iнтэнсiўна павялiчваюцца ў памерах, ведайце — злая баба-яга завiтала да вас. Змагацца з ёю трэба нiбы з пажарам. Некаторыя сяляне нават спрабавалi скасiць бульбоўнiк, каб зменшыць бяду. Але жадаемага вынiку не дасягалi, бо споры грыбка асядалi на параненыя месцы, i давалi нырца да клубняў. З хваробай неабходна змагацца да таго, як з’явяцца яе першыя прыкметы. Галоўны сродак — прафiлактычныя апрацоўкi 1-працэнтнай бардоскай вадкасцю цi хлорвокiсам медзi. Да раствору можна дадаваць 20 грамаў суперфасфату i шклянку настоенага попелу. Усё на вядро гатовай сумесi. Гэтым вядром апрацаваць сотку. Будзе падкормка па лiсцях i прафiлактыка супраць хвароб, у першую чаргу супраць фiтафторы. Адзначым, што разводзiць прэпараты, якiя ўтрымлiваюць медзь, неабходна ў гарачай (да 55 градусаў) вадзе. Апырскваць толькi з распыляльнiка, у цiхае надвор’е, ранiцай (расы няма) цi пад вечар. Да раствору для надзейнага прылiпання «лека» дадаецца 20—40 г разведзенага гаспадарчага мыла. Апрацоўваць так, каб зялёная паверхня была пакрыта кроплямi «лека» i з лiсцяў закапала. Не забываць, што лiсце трэба апрацоўваць i знiзу. У цяплiцах, дзе развiваюцца памiдоры, апрацоўкi лепш праводзiць у першай палове дня. Гэта знiзiць вiльготнасць, эфект атрымаецца больш прывабным. Лiсце з памiдораў зняць да першай гронкi з пладамi. Вынесцi i спалiць. Выдалiць траву пустазелля. Часта яна дае прытулак узбуджальнiкам хвароб. Калi ёсць магчымасць, бульбу акучыць як вышэй, прысыпаючы сцяблiны. Гэта мера на некаторы час прыпынiць рух грыбка да клубняў. Супраць фiтафторы прымяняюць настоi часнаку (сцябло i зубкi), дзьмухаўца (каранi). На вядро вады бяруць здробленую сыравiну. Часнаку — 100—150 г, настойваць 0,5—1 суткi. Абавязкова фiльтраваць. Каранi дзьмухаўца (0,5 кг) мыюць, здрабняюць i настойваюць у вядры вады да трох-чатырох дзён. Цяпер з’явiлiся новыя прэпараты, якiя прымяняюць для прафiлактыкi гэтай хваробы. Трэба пытаць у спецыялiзаваных магазiнах. Абавязкова вывучаць iнструкцыю па прымяненню.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кожны дзень, аглядаючы бульбу, памiдоры i перцы, мы пiльнуем бляклыя плямы на лiсцях, пажоўклыя часткi раслiны. Гэта часта першыя абвесткi ад самай не |
|