Зiнаiда СТАГУРСКАЯ: «Мой iтальянскi хлопец Антонiо перайшоў на беларускiя дранiкi з салам»
Алесь СIВЫ
Далiбог — гэтай спартсменцы без анiякага сораму можна пакланiцца ў ногi (цалаваць ёсць каму). Калi хочаце — у «залатыя» ногi. Беларуская велагоншчыца Зiнаiда СТАГУРСКАЯ на мiнулым тыднi выйграла самую прэстыжную прафесiйную гонку сезона — «Вялiкую пятлю», якую нярэдка яшчэ называюць жаночай «Тур дэ Франс». А каб стаць першай, нашай Зiнаiдзе давялося на 18 этапах за два тыднi «адматаць» на веласiпедзе нi многа нi мала — 2000 кiламетраў! Не кожны мужык на такое здольны...
...Тэлефонны званок Зiнаiдзе дадому, у iтальянскi гарадок Пiстоя, дзе жыве спартсменка, застаў апошнюю ў добрым настроi. — Дзякуй Богу, паспела патрэнiравацца, — па голасу чуваць, што лепшая велагоншчыца свету задаволеная званком з Радзiмы. — У нас тут такi лiвень, што суседнiх дамоў не бачна... — Ке? — чуецца ў трубцы мужчынскi голас. — Ке?.. — Ке? Ке? Журналiст з Мiнска... Ке.. — гэта ўжо Зiнаiда, якая адразу ж i тлумачыць мне: — «Ке?» — гэта «Хто?». Антонiо — хлопец мой дапытваецца, хто тэлефануе. Раўнiвы, як усе iтальянцы... Не, ну паглядзiце на яго! Пайшоў спаць i замест падушкi павалок майго вялiзнага белага мядзведзя ў жоўтай майцы лiдэра, якога мне падарылi пасля перамогi ў «Тур дэ Франс». — Ужо астылi пасля такога феерычнага поспеху? — Скажам так: крыху адпачыла. З’ездзiла на мора, пахадзiла па магазiнах. Я люблю рабiць пакупкi. — Раней на гэта часу не хапала? — Ды вы што?! Антонiо, якi для мяне не толькi сябар па жыццi, але i трэнер, мне наогул не дазваляў пехатой па вулiцы хадзiць — толькi на веласiпедзе i толькi па плану. — Зiнаiда, зараз, гледзячы з чэмпiёнскай вышынi, вы ўспамiнаеце сваё дзяцiнства, першыя крокi ў спорце? — Вядома. У дзяцiнстве мне заўсёды падабаўся веласiпед, i нiякiх сумненняў з нагоды выбару спартыўнай секцыi ў мяне не было — дзесьцi з 14 гадоў я пайшла на «вела». — I памятаеце свой першы веласiпед? — О! Яшчэ як! Паехалi мы да бабулi ў вёску Княжыцы, што пад Вiцебскам, i там, значыцца, у хляве я i знайшла сваё прызванне. Стары быў веласiпед, ланцуг скрыпеў... Але я глядзела на яго, як зачараваная. Мне тады было недзе каля дзесяцi гадоў, малая для дарослага «велiка», дык я вучылася ездзiць, як кажуць, пад раму. Рукi, ногi збiвала, але падымала сваю «цацку» i зноў ехала. Падала i падымалася... Магчыма, гэта ўпартасць у дзяцiнстве добра паўплывала ў будучынi. Ва ўсякiм разе, мой першы трэнер Уладзiмiр Пячорын вiтаў такую рысу майго характару. Ён заўсёды казаў мне: «Ты ўсяго дасягнеш, толькi не трэба фарсiраваць падзеi. Да перамогi трэба iсцi крок за крокам». Першым маiм крокам стала, сорамна сказаць, тое, што абсалютна закiнула вучобу ў школе. Як мяне не «штылiлi». — У жыццi, значыцца, вы таксама любiце «рогам уперцiся»? — У нейкiм сэнсе — так. Толькi гэта не мае капрызы, а прынцыповы падыход. Напрыклад, мяне не трэба прымушаць працаваць — я сама буду ўсё рабiць. Але, калi хочуць штосьцi прымусiць рабiць насуперак маёй волi, то тут — прабачце. Праўда, з часам становiшся мудрэйшым i iдзеш на нейкiя кампрамiсы. — I ўсё-такi, ваша адметная рыса характару моцна дапамагла вам выйграць прэстыжную гонку? — Без гэтага нiяк. Уявiце сабе, што трэба было праехаць 2000 кiламетраў i ў дождж, i ў слоту, у спякоту i ў холад, па раўнiне i па гарах. У нас жа вунь колькi спартсменак за час гонкi «зламалася» — са 130 стартаваўшых да фiнiшу даехалi толькi 70! Першыя днi гонкi наогул успамiнаю як у жахлiвым сне — ехалi па гарах пад халодным дажджом, а на вяршынi i наогул пры мiнусавой тэмпературы. — А ў якi момант адчулi, што ўсё — Зiнаiда Стагурская — чэмпiёнка? — Да самага перадапошняга этапа нiчога яшчэ не было зразумела. Мяне атакавалi 5 спартсменак, якiя рэальна маглi прэтэндаваць на перамогу. Аднак тое, што я — пераможца, зразумела за 8 кiламетраў да фiнiшу — адрыў ад маёй блiжэйшай сапернiцы складаў недзе каля 40 секунд. Так i здарылася. — Не баялiся допiнг-кантролю? Была справа, што некалькi гадоў назад на велагонцы «Джыро д’Iталiя» вас дысквалiфікавалi... — Раздулi скандал, а пасля журналiсты перада мной ледзь не прабачэння прасiлi. Проста на адным з этапаў мне неабходна было скiнуць лiшнiя 1,5 кг вагi. Урач даў нейкую таблетку. Анiякiх забароненых прэпаратаў нiхто не ўжываў. Пасля разабралiся, але ўжо позна было. А зараз, пачынаючы з 5-га этапа, на фiнiшы я здавала аналiзы на допiнг, так што тут анiякiх хваляванняў. I наогул, неабходна было мець рэцэпт на ўсе лекi, якiя маеш пры сабе. Разабрацца з усiмi гэтымi складанасцямi мне вельмi дапамагаў Антонiо. — Дарэчы, калi не сакрэт, дзе вы з iм пазнаёмiлiся? — Антонiо Фанеллi сам у мiнулым велагоншчык, але чатыры гады назад закончыў спартыўную кар’еру. Пасля расказваў, што неяк глядзеў жаночыя гонкi, i я яму спадабалася. Падышоў, пазнаёмiлiся, так i жывём разам. — Цiкава, вы гатуеце яму беларускiя стравы, цi ён вас кормiць макаронай? — О, ведалi б вы, як ён прызвычаiўся да нашых дранiкаў з салам — за вушы не адцягнеш. Праўда, спагецi я таксама навучылася гатаваць i, бывае, Антонiо «цягне на радзiму» — у сэнсе: сваёй роднай макаронай паласавацца. Я яму тады кажу: «Ну што ваша макарона?! Наясiся ёй? I бульба ваша — дрэнь! Вада нейкая, а не бульба. Вось у нас у Беларусi бульба дык бульба!». Кiвае галавой, згаджаецца. — А па-нашаму ён размаўляе? — Вучу крыху. Ужо ведае, як трэба казаць: «Я цябе кахаю, любая!». — У вас свой дом у Пiстоi? — Не, мне яго здымае Антонiо. — А дачка ваша пакуль не збiраецца пераязджаць у Iталiю? — Святлана пакуль з мамай у Вiцебску. Пайшла па маiх слядах — ужо два гады займаецца веласпортам i, канешне, хацела б пераехаць да мяне i трэнiравацца тут. Аднак дачцэ толькi 14 гадоў, а ў Iталii ўзроставы цэнз — замежнiкам можна займацца спортам толькi з 16 гадоў. — Можа, Святлана яшчэ i вынiкi мацi перасягне ў будучынi? — Буду толькi рада.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Далiбог — гэтай спартсменцы без анiякага сораму можна пакланiцца ў ногi (цалаваць ёсць каму). Калi хочаце — у «залатыя» ногi. Беларуская велагоншчыца |
|