Як рукой зняло!Алё, народ на првадзе! Не мной заўважана: калi ты пагаварыў з доктарам, а лягчэй (хоць крышку) не стала — значыць, гэта быў не доктар. I калi ёсць выбар...У Мiнску, у iншых гарадах ён, дзякаваць Богу, ёсць. Праўда, калi ёсць грошы... Але гэта ўжо зусiм iншая гiсторыя. Я вам першую раскажу. Прычым так, як пачуў. Значыць (уявiце. — Аўт.), санаторый «Пралеска», тапчанчык. Я на iм нiцма ляжу, а масажыст Саша Бародзiч над радыкулiтам маiм шчыруе. I заадно — расказвае, як вучыўся ў Гродне ў медвучылiшчы, як праходзiў практыку ў бальнiцы, як аднойчы, акурат гэтак жа, улажыў пацыента, намазаў крэмам спiну (слоiк з iм паставiў на тумбачку) i пачаў работу. I дужа захапiўся — нiчога не бачыў за ёю, нiчога не чуў... Толькi потым, ужо скончыўшы, спiнай, як кажуць, адчуў, што побач — нешта не так, нешта адбываецца... Азiрнуўся назад — i ледзь не самлеў. Стары з суседняга ложка, гучна чвякаючы, дамiнаў «неслабую» лусту хлеба, намазаную тым самым... масажным крэмам. Больш за тое, задаволена гладзiў жывот пад кашуляй i прыгаворваў: — От, сынок, ты маладзец, што масла прынёс! Я за тыдзень хоць раз ды пад’ем. Ну толкам, як чалавек. А то кроплю нейкую ў талерку ўкiнуць... Яно ж там i смаку не чутно... «А тут, — хацеў хлопец спытаць, — хiба чутно?!» Нi жывы нi мёртвы ён выскачыў з палаты, стаў гадаць, што ж рабiць. Да вечара назiраў за хворым. I ранiцай першым прыбег у бальнiцу. А насустрач яму — медсёстры, што дзяжурылi ў ноч. Пытаюць: — Слухай, ты чым гэта дзеда лячыў? Мы ж з панядзелка з iм мучымся, рады не дадзiм — запор ды запор. А тут — з гадзiну ў туалеце прабыў i лёг. Яшчэ i адчытаў нас: не дзеўкi ўжо, а нi халеры, маўляў, не ведаеце. Вось Сашка-студэнт... Трэба сказаць, што ўдала ён палячыў не толькi таго старога. Мой радыкулiт таксама як рукой зняло. Бо рукi ў хлопца i праўда вельмi ўмелыя. Да таго ж — смехатэрапiя... Уладзiмiр ШУЛЯКОЎСКI, Мiнск Першае — першым Вы помнiце, Астап Бэндэр ведаў некалькi дзесяткаў законных спосабаў адбiрання грошай у даверлiвых грамадзян? Паслядоўнiкi яго (цi не штодзень? — Аўт.) прыдумляюць новыя. Я пра адзiн раскажу. Горад (не наш! — Аўт.) юбiлей спраўляў. Народу панаехала — незлiчона i адусюль: госцi, гандляры, артысты... Яблыку недзе ўпасцi. Ходзяць па вулiцах сябрукi Ваня з Толiкам i дзiву даюцца: столькi набудавалi тут усяго, столькi адрамантавалi, столькi новых крам панаадчынялi. — О, нават падземны туалет! — узрадаваўся адзiн, бо па пiву яны ўжо «шахнулi». Пастаялi крыху ў чарзе — агледзелi аб’ект звонку, зайшлi ўнутр — «праверылi ў эксплуатацыi». I задумалiся. Непарадак: жывыя грошы ракой цякуць — i ўсё «мiма касы»! — Глянь: навокал — нi кусцiка, — загенерыраваў Ваня. — А народу колькi... Па «сотцы» за бiлет дык i то «накапае», а калi па дзве... Сябра ўгаворваць не прыйшлося. Ды i клiентаў чакаць таксама: да дзвярэй «установы» з надпiсам «М» i «Ж» ледзь не подбегам шыбаваў iнтэлегентны мужчына. — А вы гэта куды? — загарадзiў яму дарогу Iван. — Туалет платны: 200 рублёў «на бочку» — i рабiце сваю справу на сваё задавальненне. — Як гэта платны? — разгубiўся мужчына. — Учора ж, сам бачыў, бясплатны быў? — Ну-у, — голас падаў Анатоль, — успомнiла баба, як дзеўкай была... Учора — было ўчарашняе, а сёння — свята, народу шмат, а значыць — работы. Так што трэба плацiць. Клiент разгубiўся, пацiснуў плячыма, аддаў грошы i сiгануў па прыступках унiз. Праўда, па дарозе назад усё-такi спытаў: — А вы, хлопцы, з якой арганiзацыi будзеце? — Як гэта — «з якой»? З камунгаса, вядома, — далажылi сябры. ...Новых клiентаў яны чакалi не доўга. Тыя, праўда, не падышлi — пад’ехалi: на мiлiцэйскай машыне, з мiгалкай... У камуфляжы, з дубiнкамi. Не заплацiлi толькi нiчога... Хлопцам. Наадварот — плацiлi яны, сябрукi... Штраф. За незаконную прадпрымальнiцкую дзейнасць. Як аказалася, першы бiлет у той туалет прадалi яны адной з першых асоб у горадзе — начальнiку мiлiцыi. Нiна РЫБIК, г.п. Астравец Чужое? Не чапай! Было гэта вельмi даўно. На пагосце ў нас помнiкаў i абгародак тады не ставiлi — толькi крыжы. А яшчэ там малiна расла. I столькi радзiла ягад — буйных, чырвоных... «Нельга, грэх iх збiраць», — казалi многiя. Але ж i не збiраць, грэх, як быццам, таксама? Карацей, грашылi людзi. Хоць i баялiся. А Кастусь, аднавясковец наш, праз могiлкi тыя да дзеўкi хадзiў. Ледзь не штодзень — да вяселля справа iшла. Дык вось. Той ранiцай ён ужо назад вяртаўся. Ды не блiзкi ж свет, натупаўся, а боты хромавыя, цяжкiя. Прысеў на магiлку ў малiннiку, каб пераабуцца, анучы паправiць, а тут якраз Антось... Ён карову ў поле выгнаў, збанок у рукi — ягад рашыў набраць. Малiннiк расхiнае... I як зараве: «Людзi! Нябожчык... Устае... З-пад самага крыжа...» Ды як дасца... Так пабег, так пабег... А за iм Кастусь. З крыкам: «Пастой! Гэта я! Не нябожчык...» Ды толькi дзе там: Антось iмчаў куляй, ён нiчога не чуў. У вёску ўляцеў i адразу да ксяндза: — Ойчанька, ратуй! Нябожчык там. Гонiцца. Вiнаваты я: яго малiны сабраў. Ксёндз (у нас тады Багiнскi працаваў) сам нiчога ўцямiць не можа. А за першым «вiзiцёрам» ужо i другi — з ботамi ў руках, са збанком. ...Абодвух ойча выслухаў, пакрапiў святою вадою, абодвух пакiнуў адбыць iмшу. I толькi потым адпусцiў дадому. Але Антось усё роўна доўга хварэў. Адны казалi — саграшыў, другiя — што гэта з перапуду. Доўга, бедны, лячыўся. А Кастусь восенню ў той жа год вяселле згуляў. А яшчэ — ён у нас першым старшынёй у калгасе быў. Добры гаспадар. А вось на могiлкi (па малiны?!) больш нiхто не хадзiў. Нельга. Грэх. Ды i баялiся. Г. КАЗЛОЎСКАЯ, г. Iўе
Пасля вайны вёсак у нашай акрузе амаль не было — адны папялiшчы. Людзi будавалi зямлянкi, з ядой перабiвалiся хто як мог. У нашай сям’i душ было сем: тата, мама i пяцёра дзяцей. Трое большых у школу хадзiлi ў першую змену, я — у другую. Старэйшым прасцей было. А я адзiн раз, помню, ужо сабралася, з дому трэба iсцi, а ў хаце — хоць шаром пакацi: ну нiчога з’есцi няма... Мама, бедная, мяне так адправiла. Сказала, што зараз праснакоў напячэ i з некiм перадасць. Першы ўрок у сваiм трэцiм класе я неяк адседзела. I другi яшчэ таксама. А потым — ведама, галодная — пад парту i спаўзла. Дадому сябры давялi. Мама страшна спужалася. Кажа: — А дачушка мая... Як жа гэта? Я ж праснак табе перадала. З Колькам. I да яго — дзе, маўляў, «перадачу» дзеў, чаму не данёс? Коля ў слёзы: — Цётачка, вы ж самi бачылi: я яго за пазуху паклаў. А ён цёпленькi. I пахучы — аж нос разрываецца. Я па маленечкай крошачцы шчыпаў... (Да школы тры кiламетры. — Аўт.). I не заўважыў, як з’еў. ...Не ведаю, дзе цяпер той Колька? I цi помнiць ён мой праснак? Л. ФАРБОТКА, В. Пруды Стаўбцоўскага раёна
Брат мой у вёсцы жыве, у прымах. Але песню пра горкую прымацкую долю не прызнае. А анекдоты пра цешчу наогул цярпець не можа. Бо вельмi хораша прынялi яго ў жонкi. А мацi яе, Пракопаўна, сапраўды рэдкiм чалавекам была: i дарадзiць магла, i падсабiць. I дзяцей-унукаў iм гадавала... Доўга жыла. Адно, на дзевятым дзесятку як бы ўхадзiлася. Ляжала, маўчала... Дактароў да яе прывозiлi. Але ж i тыя не чараўнiкi — ад старасцi людзей не лечаць. Сказалi толькi, што хвароб асаблiвых няма: сэрца знасiлася, сасуды, цiск скача... Лекаў навыпiсвалi, настоек нейкiх нараiлi, сказалi, што па лыжцы каньяку добра б даваць. А бабуля, трэба заўважыць, дактароў за ўсё жыццё нi разу зблiзку не бачыла, таблеткi нiводнай не з’ела i чаркi вiна не выпiла. «Не буду!» — крычыць, i ўсё тут. Вось сям’я i прыладзiлася: старой, як малой, падманам нешта даваць. Найцiкавей — з каньяком атрымалася. Унук (ён з жонкай па суседству жыў) тую лыжачку ў малако ўлiў. Бабуля пакаштавала. Кажа: «Нешта тут, дзеткi, не тое». «А гэта, бабуля, — ад новай кароўкi, — лжэ гадаванец.— Цялушачка ў нас ацялiлася». Падманулi, карацей. Спачатку — па кафейнай лыжачцы на кубачак лiлi, потым — па чайнай. Павесялела Пракопаўна, падужэла... Але ж i яны — нашы любiмыя, нашы мудрыя — не вечна з намi жывуць. Цiхенька яна памерла. Нiкога не абцяжарыла, нiкому не надакучыла. Перад смерцю толькi ўнуку сказала, каб кароўку тую не зводзiў, нiкому не прадаваў. Бо дужа малако смачнае. ...Таму я цяпер, як гасцюю ў вёсцы, пастаянна чую: «А вам якога малачка? Звычайнага? Цi ад першацёлкi?» А. ТАРАСIК, Мiнск Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Не мной заўважана: калi ты пагаварыў з доктарам, а лягчэй (хоць крышку) не стала — значыць, гэта быў не доктар. I калi ёсць выбар... |
|