«Гэта гiсторыя мне «закрывала рот»— бо пра галоўнае сказаць было нельга...»
Таццяна ПАДАЛЯК
...Пазнаёмiлiся зусiм выпадкова — мяне ўразiлi сакавiтыя, спаконвечна беларускiя жарты-вершы-афарызмы, якiмi багатая гаворка гэтай абаяльнай жанчыны. Модная стрыжка, блiскучыя маладыя вочы, лёгкая постаць — i нейкая глыбiнная далiкатнасць, iнтэлiгентнасць, нават арыстакратызм, што не так часта сустракаюцца ў сённяшняй жыццёвай мiтуснi. Разгаварылiся... Валянцiна Пятроўна Буйкевiч родам з вёскi Шумшчына Дзяржынскага раёна. Ёй не было i 16-цi, калi пачалася вайна (нарадзiлася ў вераснi 1925-га). На яе вачах фашысты зажыва спалiлi бацьку ў роднай хаце — а яна стаяла ў натоўпе i нiчога не магла зрабiць, не магла выратаваць-дапамагчы... Усю вайну iшла яна па Беларусi — у прамым сэнсе iшла: як партызанская сувязная, потым як разведчыца дэсантнай спецгрупы. Колькi разоў трапляла ў, здавалася б, безвыходныя сiтуацыi — не злiчыць. Выконвала найскладанейшыя заданнi. Невыпадкова яе, 17-гадовую, у 1943-м прадставiлi да высокай урадавай узнагароды. Ордэн Чырвонай Зоркi ёй уручылi ўжо ў 1944-м, пасля вызвалення Беларусi... — Дык вы ж легендарная разведчыца, — са шчырым здзiўленнем гавару я. А Валянцiна Пятроўна iмпульсiўна махае рукамi, пярэчыць: — Ды кiньце вы!.. На той час i нельга было iнакш... У адказ на «журналiсцкую» прапанову спакойна, але катэгарычна — тонам, якi не церпiць пярэчання, — прамовiла: «Гэта ўсё не для друку». Як?! Чаму?!. Потым, калi Валянцiна Пятроўна падрабязна расказала пра вайну i — самае галоўнае — пра ПАСЛЯ ВАЙНЫ... Напачатку я сумелася. Была проста ашаломлена. ...П’еса «Трыбунал» Макаёнка абазначана як трагiкамедыя. У рэальным жыццi ўсё куды больш трагiчна. Пасляваенная iронiя лёсу некаторых патрыётаў, «беларускiх шцiрлiцаў», ператварыла ў... здраднiкаў. Сярод iх былi i тыя, хто перадаваў каштоўныя звесткi непасрэдна Валянцiне. Як магла, яна старалася аднавiць справядлiвасць — i ўсё ж гэта гiсторыя пакутным цяжарам дзесяцiгоддзi ляжала на ёй. ...Валянцiна Пятроўна наадрэз адмовiлася гаварыць «для друку». Пагадзiлася, толькi калi я прывяла апошнi аргумент — нагадала па-ранейшаму папулярныя ў некаторых колах спробы «пералiцаваць» гiсторыю самай страшнай за ўвесь час iснавання чалавецтва вайны, усталяваць «новы погляд» i на беларускае супрацiўленне фашызму, партызанскi рух, i ўвогуле на айчынны, народны характар самой вайны... — Да глыбiнi душы крыўдзяць гэтыя спробы ачарнiць, прынiзiць партызанскi рух, — гаворыць Валянцiна Пятроўна. — Быццам у душу плююць... У вайну я абышла палову Беларусi — людзi былi настроены вельмi патрыятычна. Нi за што не выжылi б партызаны, калi б насельнiцтва ставiлася да iх негатыўна. Уявiце: галаву няма дзе прытулiць — снег, холад, дождж, слота: зямлянкi працякаюць, як iх нi рабi, есцi няма чаго, няма дзе памыцца, падлатаць-памыць вопратку. Усё гэта рабiлi звычайныя вясковыя жанчыны: накормяць, бялiзну памыюць, зашыюць... Зараз любяць гаварыць: партыйнае кiраўнiцтва... Але ў нас не было нiякага кiраўнiцтва, супрацiўленне акупантам пачыналася стыхiйна — ад сэрца ўсё iшло, ад патрыятызму людзей. Як?.. ЗАЎТРА БЫЛА ВАЙНА Сям’я наша была зводная, 13 дзяцей. Пакуль бацька хадзiў па войнах (першая сусветная, грамадзянская), дома заставалiся жонка i шасцёра сыноў. Вярнуўся ў 1920-м дадому — дзецi адны: палякi забiлi жонку... Ажанiўся з удавою, у яе таксама сынок быў. А потым нарадзiлiся яшчэ шасцёра. У 1934-м мацi памерла. Бацька працаваў у калгасе конюхам, iшоў на работу ў 4 ранiцы, будзiў нас: «Вы ўжо вялiкiя, падымайцеся, трэба скацiну даглядаць...». Мы з братам хадзiлi ў школу па чарзе: былi ў нас адны на дваiх самаробныя «абрэзкi» (нешта сярэдняе памiж лапцямi i абрэзанымi ботамi). ...У 1941-м я скончыла 7 класаў. 22 чэрвеня — як абухом па галаве: «Вайна!..». Пра гэта вяскоўцы гаварылi адзiн аднаму шэптам, пераглядваючыся — каб, крый Божа, не палiчылi правакатарам... Бо тады ж увесь час гучала: «Не трэба распаўсюджваць чуткi, не трэба правакацый!» А чуткi пра вайну ўсё роўна паўзуць. Ды i радыё — вялiкая «талерка» на слупе пасярод вёскi вiсела, увесь час грымела, песнi перадавала — раптам змоўкла... Вечарам прыехаў хтосьцi з Дзяржынска: вайна i праўда пачалася... Усе ашаломленыя: нядаўна ж у газетах пiсалi, што ў нас дружба з Германiяй... Назаўтра мужыкi пайшлi ў Дзяржынск на прызыўны пункт, але к вечару вярнулiся — няма каму прызываць: пусты ваенкамат, усе вокны расчыненыя, вецер паперы носiць, нiдзе нiкога... Потым пачалi iсцi адступаючыя салдаты. Абарваныя, галодныя, шмат параненых — але ўсе з вiнтоўкамi. 28 чэрвеня, як вiхар, уварвалiся немцы: на грузавой машыне i трох матацыклах. На ўскраiне вёскi на пагорку стаяў стары крыж — святое месца для жанчын. Менавiта туды i сагналi злоўленых чырвонаармейцаў... I вяскоўцы збеглiся туды, жанчыны малако нясуць салдатам, лезуць да палонных... Усе яшчэ смелыя былi, не ведалi, што такое немцы... Гэта потым ужо сiлаю зганялi, каб глядзелi, каб бачылi, каб баялiся... Адзiн з немцаў фiнкаю зразаў гузiкi з салдацкiх гiмнасцёрак, а астатнiя вiнтоўкамi бiлi аб крыж, пакуль тыя не зламаюцца, i кiдалi ў роў. Жанчыны галасiлi: «Антыхрысты!..». ПЕРШЫ ПАДАРУНАК АД «ГАСПАДАРОЎ» ...Раптам чуем: на другiм баку вёскi, дзе жыў Мацей Ермаловiч, адчайны крык: «Чаго вы да яго прычапiлiся! Людзi добрыя, дапамажыце!». Пабеглi на крык... А Мацей быў вядомы на ўсю акругу тым, што ў першую сусветную вайну быў у палоне ў Германii. I калi пра гэта заходзiла размова, ён звычайна гаварыў: «О, немцы гаспадары, яны працаваць прымусяць». А некаторыя пасмейвалiся з яго: «Ведаем, якiя гаспадары, — ты ж з кiлой адтуль вярнуўся, многа ў iх зарабiў!..» Дык вось, мы бачым страшную карцiну: гэтага старога хворага Мацея немцы выпхнулi з хаты ў саматканай нiжняй бялiзне — шпурляюць яго i паказваюць стаць на каленi. А ён не можа: грыжа, адразу кiдаецца на зямлю. Немцы рагочуць, маладзейшы з iх фатаграфуе. Пазабаўляўшыся вось гэтак, немцы застрэлiлi Мацея — на вачах у жонкi, аднавяскоўцаў... Селi на матацыклы i пагналi нашых салдат, нiбы статак, перад сабой... ШТО РАБIЦЬ?.. Людзi хадзiлi непрыкаяныя — нiхто нiчога не разумее. Сабраў нас механiзатар Андрэй Муха. Ён не быў партыйным, але чалавекам быў актыўным, прагрэсiўным. Дарэчы, ён першы ў вёсцы набыў грамафон — бывала, выставiць грамафонную трубу ў акно, бабулькi ходзяць-хрысцяцца, нячыстую сiлу ганяюць... Андрэй сказаў: — Цяпер вы бачыце, чаго немцы прыйшлi — на каленi хочуць паставiць. А хто не стане — застрэляць... А перад прыходам немцаў, яшчэ 26 чэрвеня, у вёску прабралiся тры стомленыя чырвонаармейцы, расказалi: везлi боепрыпасы нашым часцям, але скончыўся бензiн, машына ў лесе. Паказалi iм дарогу ў суседнюю вёску: хiба што там бензiн можна здабыць. Салдаты не вярнулiся. Блiжэй да ночы вяскоўцы пайшлi ў лес, знайшлi машыну. Выкапалi яму, схавалi боепрыпасы, а машыну Муха разабраў на запчасткi — таксама закапалi... Што далей рабiць? Старшыню сельсавета Iвана Грыцкевiча адправiлi ў Дзяржынск — можа, пра што даведаецца?.. Вярнуўся ён узрадаваны: «Сустрэў мудрага чалавека. Не трэба сядзець склаўшы рукi...». Гэтым мудрым чалавекам быў цяжка паранены брыгадны камiсар Рыжы (толькi пасля вайны я даведалася яго сапраўднае прозвiшча — Рыжак), яго лячылi-выходжвалi ў вёсцы Касiлавiчы. Рыжы сказаў сабраць усю зброю, падабраць надзейных людзей. Увосень 1941-га сабралася было некалькi груп з адступаючых байцоў. Iх прыпiсвалi ў вёсках прымакамi, сваякамi: Грыцкевiч выдаваў даведкi, што яны мясцовыя жыхары... Вясной 1942-га мой старэйшы брат Вiктар ужо быў у партызанскiм атрадзе... Зброi было мала, Муха адрамантаваў 22 разбiтыя ля крыжа вiнтоўкi, адкапалi скрынкi з патронамi i снарадамi. Рыжак стварыў добрую сетку сувязных. Любое заданне вельмi хутка перадавалася па ланцужку. Я i дзве малодшыя сястры сталi сувязнымi. Мужчыну цi юнаку прайсцi ў нямецкi гарнiзон было немагчыма: адразу ж падазрэнне. А мы апраналiся жабракамi, вешалi перад сабой торбу — збiралi падаянне i неабходныя звесткi. Потым паступiла каманда ўкараняцца ў нямецкiя арганiзацыi — уваходзiць у палiцыю, станавiцца старастамi вёсак. А партызанам у сваю чаргу было дадзена заданне знiшчаць усiх фашысцкiх прыслужнiкаў. Грыцкевiч стаў старшынёй воласцi. Памятаю, як ён плакаў (сапраўды плакаў!), адмаўляўся: «Не буду я служыць у немцаў!». А яму: «Не, трэба — нiкуды не дзенешся, будзеш. Трэба!». Праўду пра яго ведалi лiчаныя людзi — зразумела чаму... I Грыцкевiч насамрэч аказаўся «памiж двух агнёў». Неўзабаве партызаны падпалiлi валасную хату i пачалi сапраўднае паляванне на Грыцкевiча. Ледзь не забiлi — яму цудам удалося выратавацца... I вось тут ужо ён наадрэз адмовiўся працаваць у немцаў: — Не буду! Хоць вы мяне вешайце — не буду! Яго пераканалi: пераязджай у Дзяржынск, будзеш давераным у немцаў — ты ж ахвяра... Як ён не хацеў, адмаўляўся. Але — паехаў... Так што ў партызанаў былi свае «вушы»: Муха — у палiцыi, Грыцкевiч — валасны начальнiк. Яны паведамлялi пра карныя аперацыi немцаў, перадавалi неабходныя звесткi, як маглi, ратавалi людзей. 31 СТУДЗЕНЯ 1942 ГОДА немцы спалiлi майго бацьку. У роднай хаце. З пяцi гадзiн ранiцы i амаль увесь дзень лютавалi каты ў вёсцы. Разрабавалi ўсё, што толькi можна было... Зайшлi ў нашу хату — убачылi на сцяне вялiкi ваенны «iканастас» — фотаздымкi старэйшых братоў (бацькаў гонар!): яны дасылалi свае картачкi, калi служылi ў армii... I лёс бацькi быў вырашаны. Прыкладамi аўтаматаў выбiлi вокны, з хлява прыцягнулi салому, запiхнулi ў выбоiны. Бацьку зачынiлi ў хаце. I падпалiлi... Нас, дзяцей, у той момант дома не было — гэта i выратавала... Мы спачатку было памкнулiся да хаты — хтосьцi крыкнуў: «Не лезьце!». А стан такi... Гарыць родны бацька ў роднай хаце... А немцы вынюхваюць: хто яшчэ ёсць з сям’i. I Муха (светлая яму памяць!) гучна сказаў — каб усе чулi: «Дзяцей тут няма, яны яшчэ вечарам паехалi». I мы, паралiзаваныя ад адчаю, засталiся ў натоўпе каля палаючай хаты... ...Тата два разы спрабаваў устаць на падаконнiк, як цяпер бачу: барада спяклася, твар — як надзьмуты шарык. Немец моцна ўдарыў прыкладам, тата ўпаў i больш ужо не падымаўся... У той дзень немцы спалiлi зажыва яшчэ i жанчыну з трыма дзецьмi: яна не выканала загад выйсцi з хаты — пабаялася выносiць на моцны мароз хворае немаўля. Ну вось, дагэтуль мы прыкiдвалiся жабракамi дзеля маскiроўкi, а тут сталi ўжо сапраўднымi жабракамi. Жылi ў асноўным у дарозе. ...ЗАЛIЧАНА РАЗВЕДЧЫЦАЙ У красавiку 1943-га ў Беларусь прыбыла дэсантная спецгрупа, па рэкамендацыi камандавання партызанаў я была залiчана туды разведчыцай. Камандзiрам групы быў Фокiн Яўген Аляксандравiч, капiтан пагранiчнай службы, яго намеснiкам па аператыўнай рабоце — вопытны, прафесiянальны разведчык Калашнiкаў Мiхаiл Сяргеевiч. Ён навучыў азам канспiрацыi i разведкi, займаўся са мной вельмi сур’ёзна: «Заходзiш да начальнiка — у цябе ў памяцi павiнны назаўсёды застацца яго вобраз, вопратка, знешнiя прыметы. Калi папера на стале ляжыць — каб прачытала i адразу схапiла сутнасць...». I навучыў гэтаму дзядзька Мiша — памяць у мяне была бездакорная. ...Калi б зараз давалi тыя заданнi, нiзашто не справiлася б: гэта патрабавала вялiкiх сiл, здароўя. Бывала, у суткi праходзiла па 70 км — i дакладна помнiла ўсю iнфармацыю, паролi, месцы сустрэч з сувязнымi i ў Дзяржынску, i ў Заслаўi, у Фанiпалi, Мiнску... Нельга было запiсаць нiводнай лiтары — каб не было ўлiкаў, калi раптам схопяць. — Прабачце, Валянцiна Пятроўна, а цi было каханне? — не вытрымлiваю, перабiваю суразмоўцу. — Нiякiх рамантычных гiсторый у вайну не было. — Ну як жа: маладая прыгожая дзяўчына... — Вы i ўявiць не можаце, якая гэта была дзяўчына — жабрачка, абарванка. Дый спецыфiка работы такая, што ў атрадзе я амаль не была: мяне не павiнны былi ведаць, з сувязнымi сустракалася ў явачных месцах. Толькi аднойчы, калi наша група трапiла ў акружэнне — на санях перабiралiся цераз рэчку, лёд праламаўся, уся амунiцыя разам з рацыяй патанула — вымушаны былi заехаць у вёску Лiсаўшчына. Акурат у гэты час там былi i партызаны, што выйшлi з акружэння. Тады i пазнаёмiлася з будучым мужам, Уладзiмiрам Караваевым, з iм выпадкова сустрэлiся i пасля вайны... Але ў вайну быў зусiм iншы клопат. ...Заданнi ўскладнiлiся, калi пачалася рэйкавая вайна. Самае цяжкае для падрыўнiкоў — падыход да чыгункi: на 50 метраў ад дарогi ўсё было высечана, вычышчана — нi дрэўца, нi кусцiка. У немцаў паўсюдна назiральныя будкi, увесь час курсiравала ахова. Прычым яны пастаянна змянялi формы назiрання... Мне даручылi прасачыць графiк руху цягнiкоў i змену ахоўных брыгад памiж Фанiпалем i Койданавым. Добра замаскiраваўшыся, двое сутак ляжала паблiзу, назiрала. Усё зафiксавала. А праз пару дзён немцы ўсё памянялi... Уяўляеце, нашы хлопцы, здавалася б, iшлi па разведаных даных — i гiнулi. Паступiла надзвычай важнае заданне: чаго б гэта нi каштавала, здабыць план аховы чыгункi i звесткi аб яе ўмацаваннi: сувязь, пасты, паролi, графiкi руху цягнiкоў... ЦI МОЖНА ЗРАБIЦЬ... НЕМАГЧЫМАЕ? Неабходна было знайсцi надзейнага чалавека з чыгункi, якi б згадзiўся дапамагчы. Але да каго падступiцца, каб не выдаў: туды ж немцы вельмi грунтоўна адбiралi людзей. Прабралася да Грыцкевiча ў Дзяржынск, але i ў яго нiякай сувязi. А тэхнiчным сакратаром працавала мая равеснiца Валя (не помню прозвiшча) — яе бацька быў дырэктарам нямецкага банка. Дзяўчыне Грыцкевiч давяраў. Некалькi разоў, калi я не паспявала выканаць заданне, Валя вяла да сябе начаваць... Яна i падказала: у нямецкай управе працуе iнжынер Кавалёў, ён мае права доступу да ўсiх папер, удзельнiчае ў будаўнiцтве ўмацаванняў уздоўж чыгункi. Толькi ж ён «пад каўпаком» у немцаў, за iм пастаянна назiраюць. «Справа безнадзейная, не трапiш да яго», — сказалi мне. I памылiлiся. Гэта была складаная аперацыя... Праз давераных людзей даведалася, што становiшча ў Кавалёва ахавае: жонка зусiм хворая, пяцёра дзяцей... На вечарынцы мяне нiбыта выпадкова пазнаёмiлi з яго дачкой. Пасля некалькiх сустрэч i размоў яна згадзiлася правесцi мяне ноччу агародамi да сябе дадому. ...Успамiнаю — i зараз у дрыжыкi кiдае. Рызыка была велiзарная: iшла, як гаворыцца, па-банку. Або пан — або прапаў... Днём здалёк паказалi, якiмi сцежкамi трэба прабiрацца. Але ноч была надта цёмная, я правалiлася ў роў, у якi злiвалi памыi... Прыйшла мокрая — Кавалёў, мабыць, падумаў: валацуга нейкая... — I што ж ты мне хочаш сказаць, дзiцятка? Я рыхтавалася да сустрэчы, прадумала, што скажу, — як нам цяжка, што людзi гiнуць, што нам абавязкова патрэбны звесткi... А ён сказаў жонцы: — Налi талерку баршчу, хай гэтае дзiця паесць. З’ела я той боршч — i так мяне размарыла... — Колькi табе гадоў, дзiця? У мяне сэрца прапала: раз «дзiця» — значыць, не ўспрымае мяне ўсур’ёз. — Мне ўжо 17!.. Я хачу, каб вы служылi Радзiме. I гэты высокi поўны мужчына з палёгкай выдыхнуў: — Госпадзi, як доўга я чакаў гэтай прапановы. У мяне была сувязь, але абарвалася... Аказалася, ён быў звязаны з Рыжым, якi загiнуў у 1942 г. пры загадкавых абставiнах... Кавалёў адразу згадзiўся дапамагчы. Каб не ўзнiкала нiякiх сумненняў, арганiзавалi яму сустрэчу з дзядзькам Мiшам Калашнiкавым. Павел Антонавiч Кавалёў падрыхтаваў схему будаўнiчых аб’ектаў па ўсяму ўчастку чыгункi ад Мiнска да Баранавiчаў i падрабязную тлумачальную запiску да плана ўмацавання чыгункi. Амаль два тыднi па частках выносiлi гэтыя матэрыялы, адразу перадавалi ў штаб брыгады. Ужо тады па водгуках я ведала: гэта iнфармацыя выклiкала сапраўдны фурор... ПАСЛЯ ВАЙНЫ... Хацелася вучыцца, але накiравалi на работу ў сiстэму «Працоўных рэзерваў», працавала выхавальнiцай, намеснiкам дырэктара рамеснага вучылiшча. У 1947-м у Ленiнградзе адкрылiся курсы павышэння квалiфiкацыi работнiкаў «Працоўных рэзерваў», на вучобу накiроўвалiся тыя, хто меў сярэднюю адукацыю, а ў мяне сямiгодка — ды ўсе дакументы ў вайну згарэлi, на руках у мяне толькi апошнi «аўсвайс» заставаўся... Мне «зварганiлi» даведку аб сярэдняй педагагiчнай адукацыi — быццам бы да вайны скончыла тэхнiкум. ...Пасядзела першы дзень на лекцыях — думаю, трэба ўцякаць адсюль, нiчога ж не разумею. Гiсторык гаворыць пра феадальную фармацыю, рабаўладальнiцкi лад — а я нават не ўяўляю, што гэта такое... Прыйшла ў iнтэрнат, расплакалася. Вахцёрка пачала распытваць, што здарылася. — Паеду дадому: забыла ўсё за вайну, не змагу вучыцца. (Сорамна было прызнавацца, што нiчога не ведаю.) — Ты столькi перанесла ў вайну — а цяпер хочаш адмовiцца ад вучобы?!. Ленiнградцы — залатыя людзi. Жанчына пазванiла сваёй сяброўцы, якая працавала ў бiблiятэцы iмя Салтыкова-Шчадрына. Тая падабрала лiтаратуру па ўсiх дысцыплiнах па майму ўзроўню. Днi i ночы займалася самаадукацыяй — i курсы скончыла з чырвоным дыпломам. Паступiла на гiстфак Ленiнградскага педiнстытута iмя Герцэна, потым перавялася на вячэрняе аддзяленне ў Мiнскi педiнстытут, якi таксама скончыла з адзнакай. Працавала ў ЦК камсамола, у партыйных органах. Пасля вызвалення Беларусi браты-партызаны Леанiд, Вiктар i Сяргей пайшлi на фронт. Леанiд загiнуў пад Кенiгсбергам, Вiктар быў цяжка паранены ў Прыбалтыцы, зараз «акупантам» жыве ў Рызе. Браты Павел, Мiкалай, Канстанцiн i Мiхаiл з першых дзён на фронце, загiнулi ў баях з ворагам. Вось такi лёс, абпалены вайной. Але — не толькi вайной... * * * Адзiн з самых непрыемных момантаў, з якiм сутыкнулася адразу пасля вайны, калi працавала яшчэ ў фабрычна-заводскiм вучылiшчы, — дзiўная (калi не дзiкунская) рэакцыя на ваенныя ўзнагароды. Вучняў сваёй групы яна павяла ў кiно. Апранутая амаль па-ваеннаму (нiчога больш не было): пашытая з шыняля спаднiца, куртачка, ордэн Чырвонай Зоркi на лацкане. Ля кiнатэатра да яе падышоў адкормлены чалавек (мабыць, толькi прыехаў з эвакуацыi) i са злосцю прашыпеў: «Не туды павесiла, чым зарабiла!». Сумелася ад нечаканасцi. Не знайшла што сказаць. Вучань з групы — па ўзросту старэйшы за Валянцiну — з усяго размаху даў нахабнiку аплявуху... — Потым доўга думала: чаму гэты сыты, злосны абывацель так абразiў?.. Бо ў яго нiчога няма, гэтая вош сядзела, зашыўшыся дзесьцi ў бяспечным цiхiм месцы, — i ёй трэба абавязкова прынiзiць, апляваць тых, хто змагаўся за Радзiму. (Вось i зараз некаторыя ветэраны прызнаюцца, што саромеюцца насiць узнагароды — хаця ў вайну iх не раздавалi «проста так», прыгаршчамi.) Падобная сiтуацыя, мне здаецца, i з аплёўваннем партызанскага руху. Гэта быў шчыры парыў народа, якi не мог цярпець, не мог прымiрыцца з тым, што вытвараў фашыст на нашай зямлi. Дарэчы, я дакладна ведаю, што немцы стваралi правакацыйныя, псеўдапартызанскiя атрады — сапраўдныя банды. Каб скампраметаваць партызанскi рух перад насельнiцтвам. Ды нiчога не атрымалася... Думаю, ачарняць партызанскi рух выгадна перш за ўсё тым, хто ў вайну жыў з каменем за пазухай... * * * Пра самае горкае i крыўднае Валянцiна Пятроўна не без слёз расказала ўжо ў канцы гутаркi. Слухала гэту мужную жанчыну i думала, як добра было б, каб нiшто нiякае не блытала сумленнае жыццё, каб не было штучных вiроў ды перашкод, непрадказальных «падводных цячэнняў». Але будзённасць нiбы выпрабоўвае чалавека на трываласць... Трагiчна склаўся пасляваенны лёс i Грыцкевiча, i Кавалёва. Iх абодвух пасадзiлi. — Пасля вайны мяне выклiкалi ў КДБ. На вочную стаўку... У кабiнет увялi нейкага зусiм сiняга чалавека: сiнiя раздутыя рукi, пальцы без пазногцяў... «Ведаеце яго?». Пацiснула плячыма: не. А ён ажно прыўзняўся, твар у твар паглядзеў. Божухна, Грыцкевiч! У мяне дыханне прыпынiлася, падалася да яго: «Дзядзька Ваня!..». А асабiст: «Сядзь!». Я расказала, кiм ён быў у вайну, што рабiў для перамогi. «Весела спяваеш!.. Ладна, iдзi — пакуль што iдзi», — сказаў мне. Я потым не тое што спаць — жыць не магла... З мяне ўзялi падпiску аб невыдаваннi, нiдзе нiчога не магла гаварыць, толькi пiсала — каб рэабiлiтавалi... Куды нi звярнуся даведацца пра лёс Грыцкевiча, адказ адзiн: калi будзе паложана — даведаешся... Так ён i загiнуў. Рэабiлiтаваны ўжо пасмяротна... Кавалёва асудзiлi на 10 гадоў, ён адседзеў каля сямi — выйшаў пасля рэабiлiтацыi зусiм хворым чалавекам... Ставiлася яму ў вiну адно: працаваў на ворага. Усё астатняе пад увагу не бралася. На жаль, былi i iншыя падобныя лёсы... Гэта тое, што многiя дзесяцiгоддзi балiць Валянцiне Пятроўне. Мiжволi ўзгадваюцца радкi Аляксандра Твардоўскага: Я знаю, никакой моей вины В том, что другие не пришли с войны, В том, что они — кто старше, кто моложе — Остались там, и не о том же речь, Что я их мог, но не сумел сберечь, — Речь не о том, но всё же, всё же, всё же... Вось гэтае «I ўсё ж...» — заўсёды з ёю. * * * Зараз Валянцiна Буйкевiч — сакратар ветэранскай арганiзацыi Партызанскага раёна Мiнска. Ветэраны раёна напiсалi ўспамiны хто як мог. Калi не атрымаецца выдаць кнiгу — перададуць у музей Вялiкай Айчыннай вайны. «Магчыма, калi-небудзь камусьцi гэты матэрыял спатрэбiцца. Уявiце: калi б да нас зараз трапiлi ўспамiны ўдзельнiкаў вайны 1812 года — гэта ж скарбонка жыццёвай праўды. I гiстарычнай праўды...».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
...Пазнаёмiлiся зусiм выпадкова — мяне ўразiлi сакавiтыя, спаконвечна беларускiя жарты-вершы-афарызмы, якiмi багатая гаворка гэтай абаяльнай жанчыны. |
|