Дзве дзесяткi для стрэлаў АмураЛЯСЫ-БАЛЯСЫ У пару юнацтва так хочацца лунаць у аблоках: раптам узяць ды закахацца ў свайго любiмага артыста, ды ўяўляць сябе ўжо не прыхiльнiцай цi прыхiльнiкам, якi стаiць ля сцэны падчас канцэртаў з адной толькi думкай — падарыць кветачку. Хочацца жыць сваiм захапленнем хаця б у марах, бо ёсць чалавек, якi варты самых лепшых пачуццяў. Што ж, мы вам дапаможам памарыць. Бо сёння прапануем рэйтынг самых выдатных беларускiх асоб — прынцаў i прынцэс, сярод якiх шмат патэнцыяльных нявест i жанiхоў, цi проста тых, хто варты, каб па iм уздыхалi. У нашым рэйтынгу вядомых беларускiх артыстаў — гэта значыць тых, хто навiдавоку цi сур’ёзна да гэтага iмкнецца, — годныя прыклады для захаплення. Мяркуйце самi.«Ясна панна мая» 1. Самай завiднай беларускай нявестай, безумоўна, можна назваць Iрыну ДАРАФЕЕВУ. I вядомая, i таленавiтая, i забяспечаная. I з прадзюсарам. Праўда, прадзюсар сочыць не толькi за тым, каб Iрыне зручна працавалася, але i за тым, каб яна думала перш за ўсё пра працу. Таму шанцаў мала. 2. Самай «раскручанай» прынцэсай на сённяшнi дзень з’яўляецца Аксана КАВАЛЕЎСКАЯ. Але тут можа быць канкурэнцыя з яе замежнымi прыхiльнiкамi. Ды i дома Аксана бывае не часта, усё болей у Расii ды па iншых замежных гастролях. Да таго ж паспрабуй да яе падступiцца — Аксана займаецца ёгай, а яе прадзюсар нiчога не мае супраць гэтага. 3. З тымi спявачкамi, хто пры прадзюсарах, увогуле складана. Вось як з Наталляй ПАДОЛЬСКАЙ. Гэтая дзяўчына зусiм не простая — добра ведае, чаго хоча, а прадзюсар ёй дапамагае iсцi да сваёй мэты. 4. Можа нават так далёка, як апынулася дзякуючы прадзюсару «Крывi» Веранiка КРУГЛОВА. А апынулася яна ў Берлiне, дзе зараз i жыве, а ў Мiнску бывае наездамi. Аднак паспявае i ў канцэртах паўдзельнiчаць, i сваю долю аўтографаў раздаць. Але ўвага: у нашым спiсе Веранiка — амаль выпадковая асоба пасля сваiх трох папярэднiх шлюбаў. I амаль на парозе чарговага. 5. Вiкторыя АЛЕШКА, якая доўга трымала на сваiх кволых дзявочых плячах цэлы ансамбль «Верасы», заўсёды кранае аптымiзмам. Ну i што, што калектыву такога як бы ўжо i няма. Галоўнае, што ў яе ёсць голас. А калi так, то i песнi для яго знойдуцца, i слухачы на iх. Бо калi глядзiш на Вiку, не слухаць яе немагчыма: эфектная, бялявая, убачыць — i ўпасцi. Ля яе ног. 6. Самая шчырая паненка — беларуская аўтарка i выканаўца, бардэса Алена КАЗАНЦАВА. Усё пра сябе раскажа ў сваiх жа песнях. Мужчыны ад такой шчырасцi нават нямеюць, пачуўшы пра сябе праўду-матку. I можа гэтая анямеласць перашкаджае iм сказаць самыя галоўныя словы ў адрас Алены. А шкада. 7. Але, каб чагосьцi дасягнуць, варта паглядзець дзяўчыне ў вочы. Да гэтага заклiкае салiстка гурта «Па вачах» СТАСЯ. I на яе звяртаюць увагу знакамiтыя прадзюсары, напрыклад, маскоўскi «фабрыкант» Максiм Фадзееў. Але толькi з мэтай далейшага супрацоўнiцтва. 8. А вось Ганна БАГДАНАВА не стала чакаць лепшых часоў з гуртам «Лета». Напэўна хоча, каб толькi ёй дарылi сваё цяпло фанаты. Цяпер яна — «Мiс Лета», стала нават больш лiрычнай. А пра лета калi i думае, то, напэўна, у сувязi з марамi пра сонца, мора, яркiя колеры i сваю заслужаную порцыю ўвагi з боку моцнай палавiны... 9. А вось спявачка ЎЛАДА да ўвагi прывучаная, можна сказаць, з маленства. Яшчэ з тых часоў, калi спявала ў «Верасятах». Вось птушачка апярылася i выпархнула ў вялiкае дарослае жыццё, з вялiкiмi дарослымi пачуццямi. Але ёй ужо васемнаццаць. 10. Яна ЛIПНIЦКАЯ — патэнцыяльна вельмi небяспечная нявеста. Самая маладая салiстка Дзяржаўнага канцэртнага аркестра Беларусi. Ад яе можна чакаць усяго: i нястрыманага таленту, i сцiпласцi юнай дзяўчынкi, i палкiх пачуццяў, якiя бываюць якраз у такiм узросце. А пачакайце, вось яна зусiм пасталее... Хлопцы, рыхтуйцеся падаць штабелямi! Першыя хлопцы 1. Валерый ДАЙНЭКА. «Беларускi пясняр» адданы Яе Вялiкасцi Жанчыне. У прынцыпе. Як ён спявае пра жаночую прыгажосць, пра каханне! Ведае, пра што спявае. Але перажыўшы ўсё асабiста, паспытаўшы i сям’i, i волi, тым не менш, пакiдае надзею некаторым жанчынам на здзяйсненне мараў. Толькi некаторым... 2. Iван КIРЧУК — чалавек, якi ўвогуле не залежыць ад матэрыяльных выгод. Можа таму, што сталы, думае пра галоўнае для сябе: пра песнi, музыку, пра новыя праекты. Нездарма ж альбомы адзiн за адным выходзяць i размовы пра новыя iдэi Кiрчука не сцiхаюць. Чалавек пры справе, чалавек-волат. I вольны, як вецер у полi... 3. Аляксандр ПАМIДОРАЎ. I вецер у галаве ўжо не гуляе, i вопыту дастаткова. I паспрабаваў шмат: працу на радыё ды-джэем, кар’еру спевака, спынiўся нарэшце на тэлебачаннi. Вось бы яшчэ ў жыццi так вызначыцца. Раз — i назаўсёды. 4. Кiрыл СЛУКА. Так i хочацца сказаць: каментарыi тут залiшнiя. Ён проста створаны для таго, каб дзяўчаты ўпотай па iм уздыхалi i трымалi яго здымак блiзка да сэрца. Прынц, пра якога толькi марыць. Камусьцi пашчасцiць... 5. Уладзiмiр ПУГАЧ, лiдар гурта «J_mors» шпарка набiрае папулярнасць. Песнi гучаць на радыё, з’яўляюцца ў тэлеэфiрах. Ды пра ўсякiя гiсторыi, якiя здараюцца з гуртам i з самiм Пугачом, перыядычна становiцца вядома. Усё па законах шоу-бiзнэсу. А калi чалавек iмкнецца жыць па законах, ён можа быць нават надзейным. 6. Але законныя шлюбы з некаторага часу не вельмi натхняюць вядомага барда Алеся КАМОЦКАГА. У яго цяпер свой стыль адносiнаў з жанчынамi — на адлегласцi. Кажа, што не самы горшы: нiхто нi на кога не крыўдзiцца, i дзецi неяк выхоўваюцца сумесна. У яго ёсць нават тэорыя наконт факультатыўнага варыянта сям’i. Гэта для вельмi самаахвярных жанчын. 7. Змiцер САСНОЎСКI — самы лепшы прыклад сапраўднага беларускага хлопца. Рыцара, калi хочаце. Нездарма ж песнi ў «Старога Ольсы», дзе Змiцер iграе i спявае, адразу вяртаюць у былыя часы, дзе за прыгожых паненак змагалiся на рыцарскiх турнiрах... 8. А вось Iлья МIЦКО з «Лепрыконсаў» дысцыплiнаванасцю зусiм не вызначаецца. Праўда, апошнiм часам ён таксама зрабiўся тэлезоркай, толькi ва Украiне, дзе гурт вельмi папулярны. Прыйшлося шмат змянiць i ў сабе, i ў сваiм жыццi, i ў звычках. Глядзiш — i паступова стане прыкладным хлопчыкам. 9. Аляксей ХЛЯСТОЎ — вось прыклад таго, як трэба адразу i лёгка пакараць сэрцы жанчын. Дзяля гэтага варта ствараць сапраўдныя шлягеры, каб яны запаланiлi эфiры ўсiх радыёстанцый у краiне. Цi не ўвагаю жанчын у першую чаргу да яго тлумачыцца запатрабаванасць Аляксея на выступленнях у клубах? Дзяўчаты, вы не ведаеце, дзе правесцi вечар? Даведайцеся, дзе ў блiжэйшы час будзе спяваць Аляксей Хлястоў. 10. Максiм САПАЦЬКОЎ нечакана для яго самога стаў марай многiх беларускiх дзяўчат. Адразу ж пасля перамогi на «Славянскiм базары» яго акружылi дзяўчаты. Абаяльны, прыцягальны, малады i нежанаты. Але гэта проста фармальнасць — сэрца ж яго ўжо занятае. Так што, дзяўчаты, вам застаецца толькi марыць... Падрыхтавала Ларыса ЦIМОШЫК.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пару юнацтва так хочацца лунаць у аблоках: раптам узяць ды закахацца ў свайго любiмага артыста, ды ўяўляць сябе ўжо не прыхiльнiцай цi прыхiльнiкам, |
|