Трохi французскага сонца ў Мiнску
Настасся ЕРМАЛЮК
ВЫСТАВА У халодны зiмовы Мiнск гэты мастак прывёз сонечнае святло, подых мора, па-веснавому яркiя фарбы. 21 лютага ў выставачнай зале Музея сучаснага выяўленчага мастацтва адкрылася выстава «Lettre D’Amour» («Прызнанне ў любовi») сучаснага французскага мастака Тама Гiшара (Thomas Guichard).Гэта вядомы майстар мастацкага ўвасаблення. Шматлiкiя яго карцiны знаходзяцца ў прыватных калекцыях Мiхаэля Шумахера, Рытца, Луi Армстронга, а таксама легендарнага моднага куцюр’е Жываншы. Гiшар запатрабаваны гледачом таму, што ён сам цiкавiцца наваколлем, бачыць свет як вялiкi цуд. Але не толькi прыгажосць i гармонiя знаходзяць месца на яго палотнах. Тама Гiшар — аўтар мастацкiх акцый «Нью-Йорк у полымi», «Барацьба з ракавай хваробай», прысвечаных вельмi актуальным сёння праблемам. «Прызнанне ў любовi» — гэта першая беларуская выстава, арганiзаваная прыватнымi куратарамi Наталляй Янкоўскай i Вольгай Афанасьевай. Арганiзатары сутыкнулiся з цяжкасцямi, калi перавозiлi экспазiцыю з адной краiны ў другую. Аднак, нягледзячы на гэта, «Прызнанне ў любовi» — толькi першая частка вялiкага двухбаковага праекта, якi ў будучым пазнаёмiць беларускага гледача са станам сучаснага заходне-еўрапейскага мастацтва. Невялiкая па памерах зала, здавалася, была напоўнена веснавымi адчуваннямi, радасцю i шчасцем. Былi прадстаўлены карцiны, намаляваныя Тама Гiшарам у перыяд з 2000 па 2004 год. На жаль, сам аўтар не змог прыехаць на прэзентацыю, ён прыслаў пасланне, у якiм з радасцю i хваляваннем вiншаваў беларускiх куратараў, мастацтвазнаўцаў i самога сябе з гэтай значнай падзеяй. «Кветкi», «Любоўная гульня», «Летняе сонца», «Проста свабодна» — усе гэтыя работы прысвечаны галоўнаму пачуццю на зямлi — каханню да жанчыны, любовi да сонца, неба, жыцця. Мастак працуе ў незвычайным жанры, якi атрымаў назву «дубль». Сутнасць яго ў тым, што вялiкая па памерах кампазiцiя (4 м х 9 м) пераносiцца на холст памерам (40 см х 90 см), пры гэтым прастора i форма застаюцца вольнымi. Мабыць таму моцна сканцэнтраваныя пачуццi пазiтыўнай хваляй «абрушваюцца» на гледача. У сваiх карцiнах Тама Гiшар карыстаецца унiверсальнымi словамi i сiмваламi. Здаецца, што ён гаворыць на адзiнай, усiм зразумелай мове. Але, як, напэўна, i належыць цiкавай выставе, яна выклiкала неадназначныя пачуццi i меркаваннi. Напрыклад, Ларыса Фiнкельштэйн, арт-дырэктар галерэi «Брама», лiчыць уцешным, што французскi мастак не пабаяўся прывезцi свае работы ў краiну, аб якой ён амаль нiчога не ведае. У яго творчасцi прасочваецца агульнаеўрапейскi пачатак, якi аб’ядноўвае ўсiх еўрапейскiх i, у прыватнасцi, беларускiх мастакоў. Яе вельмi абрадавала тое, што выстава не стала нечым новым, дагэтуль невядомым. Тама Гiшару характэрныя дэкаратыўнасць i адкрытасць колеру, яго мастацтва знаходзiцца на стыку станковага i дэкаратыўнага. Гэтыя ж мастацкiя асаблiвасцi выкарыстоўваюць i «брамныя» мастакi. Выснова Ларысы Фiнкельштэйн дае надзею: «Беларускiя мастакi добра выглядаюць у еўрапейскiм кантэксце». Але як бы нi адрознiвалiся погляды на выставу, усе меркаваннi мелi станоўчы характар. Мне здаецца, што iнакш i не магло атрымацца. Бо за кароткi час пазнаёмiцца з самымi лепшымi чалавечымi праявамi — значыць сутыкнуцца з цудам. «Прызнанне ў любовi» — гэта маленькi цуд, якi здзейсняе светлыя мары i натхняе на добрыя думкi.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У халодны зiмовы Мiнск гэты мастак прывёз сонечнае святло, подых мора, па-веснавому яркiя фарбы. 21 лютага ў выставачнай зале Музея сучаснага выяўлен |
|