21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«Вопыт i веды нашых адвакатаў дапамагаюць вырашаць на карысць клiентаў практычна любую справу»

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей РАСОЛЬКА

ЗАВОЧНАЯ «ПРАМАЯ ЛIНIЯ»

Пра дзейнасць Спецыялiзаванай Беларускай калегii адвакатаў (Белiнюркалегii), якая займаецца аказаннем квалiфiкаванай юрыдычнай дапамогi грамадзянам i арганiзацыям Рэспублiкi Беларусь за мяжой, а таксама замежным грамадзянам, асобам без грамадзянства i юрыдычным асобам на тэрыторыi нашай краiны, мы пiсалi ў канцы снежня мiнулага года. З’яўленне таго артыкула было выклiкана чытацкiмi зваротамi з просьбамi дапамагчы па так званых спадчынных справах. Хаця, як мы тады падкрэслiвалi, такiя справы — толькi частка работы спецыялiстаў Белiнюркалегii. На самай справе пералiк асноўных накiрункаў дзейнасцi названай арганiзацыi куды больш шырокi: адвакаты Белiнюркалегii могуць аказваць прававую дапамогу i прадстаўляць iнтарэсы фiзiчных i юрыдычных асоб па ўсiх без выключэння накiрунках i галiнах права. Таму не выпадкова ў мiнулы раз мы прапанавалi нашым чытачам дасылаць у рэдакцыю свае пытаннi, адказы на якiя на старонках газеты абяцалi даць квалiфiкаваныя юрысты. Асаблiвай рэкламы такой завочнай «прамой лiнii» мы не рабiлi, i тым не менш зваротаў да нас паступiла даволi шмат. Мы адабралi найбольш тыповыя з iх (дарэчы, няхай iншых чытачоў не бянтэжыць, што большасць заяўнiкаў або ўвогуле не пажадала называць сябе, або схавалася за iнiцыяламi, — у справах, якiя датычацца маёмасных iнтарэсаў, у тым лiку i па справах спадчыны, гэта цалкам зразумела i апраўдана) i папрасiлi даць кампетэнтныя адказы старшыню Спецыялiзаванай Беларускай калегii адвакатаў адваката Наталлю ЮРЧАНКА i адваката Марыну ЖЫХАР.

— Мае правы як грамадзянкi Рэспублiкi Беларусь упарта парушаюцца ў Расiйскай Федэрацыi вось ужо 5 гадоў запар. Справа датычыць спадчыны i вядзецца з кастрычнiка 2001 года. У сакавiку 2002 года расiйскiм следчым было ўстаноўлена маё права на спадчыну, аднак пракуратура Дагестана не адказвае на мае шматлiкiя заявы. Усё гэта пацверджана дакументальна.

Iрына ПРАВIНСКАЯ, г. Вiцебск.

— Незразумела, чаму менавiта следчым устаноўлена права на спадчыну, бо следчыя органы гэтым не займаюцца. Але ў любым выпадку жанчына можа звярнуцца да нас. Адносна тэрмiнаў адразу заўважу, што, сапраўды, спадчынныя справы цягнуцца часам вельмi доўга. I залежыць гэта не ад нашых адвакатаў, а ад замежных судоў, якiя кiруюцца тамтэйшымi правiламi вядзення працэсаў. Таму ёй трэба прадставiць нам усе дакументы, якiя ў яе маюцца, у тым лiку рашэннi судоў, калi яны выносiлiся.

— Тое, што гаворка iдзе пра Расiйскую Федэрацыю i, у прыватнасцi, аднаго з яе суб’ектаў — Дагестан, не перашкодзiць працы вашых адвакатаў?

— Не, мы бяромся практычна за ўсе справы. Думаю, што ў нашых калег з Расii будзе магчымасць нам дапамагчы. У крайнiм выпадку, мы можам выйсцi на адвакатаў непасрэдна ў самiм Дагестане. Белiнюркалегiя iдзе на такiя крокi, бо спецыялiсты цудоўна разумеюць, наколькi цяжка грамадзянiну самастойна знайсцi ў чужой краiне квалiфiкаванага юрыста i дамовiцца з iм, у тым лiку i аб прымальных умовах аплаты працы. Практычна заўсёды нам гэта ўдаецца, нават у тых колiшнiх рэспублiках Савецкага Саюза, дзе тады не было прадстаўнiцтваў тагачаснай Iнюркалегii; мы шукаем i знаходзiм патрэбныя сувязi з адвакацкiмi фiрмамi.

— Ведаю, што некаторыя нашы суайчыннiкi (у мяне нават ёсць такiя знаёмыя) атрымлiваюць пенсii з Германii — прыкладна па 50 еўра штомесяц. Не кампенсацыi, а менавiта пенсii. Iх выплачваюць тым, хто ў свой час быў угнаны на прымусовую працу. Хто i ў якiх выпадках можа разлiчваць на атрыманне такой пенсii?

Якаў Яўгенавiч ДРЭЕР, г. Вiлейка.

На гэтае пытанне чытача адказала адвакат Белiнюркалегii Марына ЖЫХАР, якая спецыялiзуецца на вядзеннi пенсiйных спраў.

— Сапраўды, тэарэтычная магчымасць атрымання такой пенсii з Германii ёсць, хаця, скажу шчыра, у нашай практыцы вядзення пенсiйных спраў такiх выпадкаў не было. Але, зыходзячы з практыкi прызначэння пенсiй у той цi iншай замежнай краiне, у тым лiку i ў Германii, можна сказаць наступнае. Калi чалавек працаваў на нейкiм прадпрыемстве (на якое трапiў i ў прымусовым парадку), быў там застрахаваны i прадпрыемства за яго выплачвала ў фонд сацыяльнага страхавання страхавыя ўзносы, зараз, зыходзячы з тых сум, якiя калiсьцi былi за яго ўнесены, ён можа атрымлiваць пенсiю ўсё з таго ж фонду сацыяльнага страхавання. Яе памер залежыць ад часу працы, канкрэтнага прадпрыемства i той сферы, у якой яно працавала.

— Вiдавочна, што наяўнасць такiх прадпрыемстваў, якiя выкарыстоўвалi працу ўгнаных людзей, але, тым не менш, страхавалi i ўносiлi за iх страхавыя ўзносы, — хутчэй рэдкасць, чым практыка...

— Калi чалавек нiчога не блытае (бо ў жыццi былi розныя сiтуацыi: на працу ў Германiю выязджалi i да вайны, i добраахвотна падчас вайны, i заставалiся там працаваць на нейкi час пасля заканчэння вайны, нават калi дагэтуль былi ўгнаныя туды прымусова, а з цягам часу з памяцi нейкiя дэталi — ненаўмысна цi свядома — былi «сцёртыя») i ён сам цi яго знаёмыя трапiлi менавiта ў апiсаную вышэй сiтуацыю, мы можам узяцца за такую справу. Адзiнае: той, хто звернецца да нас з такiм пытаннем, павiнен цi прадставiць нейкiя дакументы таго часу (калi яны захавалiся), цi хаця б дакладна назваць дзе, у якi час, на якiм канкрэтна прадпрыемстве яму давялося працаваць. Бо знайсцi звесткi толькi па аднаму прозвiшчу — нерэальна.

— Родны брат дзядулi мужа некалi з’ехаў за мяжу — у Амерыку. З цягам часу ўладкаваўся там, працаваў на прадпрыемстве. Сваёй сям’i ў яго не было. Доўгi час ён перапiсваўся з роднымi i сваякамi, але потым цётка, праз якую ён меў зносiны з астатнiмi, памерла. Недзе ў 70—80-х гадах мiнулага стагоддзя ў вёску на Магiлёўшчыне, дзе тады жылi родныя «амерыканскага» сваяка, нечакана прыехалi прадстаўнiкi ўлады ажно з вобласцi. Пыталiся, цi мае сям’я ў нечым патрэбу, прапаноўвалi дапамогу. Самi ведаеце, якi быў час: спалохаўшыся, ад тых паслуг вяскоўцы адмовiлiся. Але гэтае здарэнне дало нам падставы меркаваць, што з Амерыкi, вiдавочна, прыйшла спадчына. Прозвiшча i дакладнае месца жыхарства ў ЗША брата дзядулi мужа мы ведаем. Куды звяртацца ў пошуках спадчыны?

(Прозвiшча заяўнiцы па яе просьбе не ўказваем.)

— Тое, што гаворка iдзе пра 70—80-я гады мiнулага стагоддзя, гэта для нас не навiна. Гэтым людзям трэба звярнуцца ў Белiнюркалегiю з заявай, дзе неабходна ўказаць апошняе месца жыхарства сваяка, дату смерцi (хаця б прыблiзную) i месца пахавання (калi ведаюць). Паколькi гаворка iдзе пра 70—80-я гады, мы найперш праверым: цi ёсць гэтая справа або сярод дзеючых спраў, або сярод архiўных. Бо не выключана, што ў той час, калi адкрылася справа аб спадчыне, мы яе ўжо атрымлiвалi, i яна была або рэалiзавана, або здадзена ў архiў у сувязi з тым, што нашчадкаў знайсцi на той час не ўдалося. Але я не думаю, што нечаканы вiзiт прадстаўнiкоў улады да гэтай сям’i, як яны гавораць, звязаны менавiта са справай спадчыны. Хаця, сапраўды, у тыя часы многiя баялiся прызнацца ў тым, што маюць у замежных краiнах заможных родных нават у тых выпадках, калi iх шукалi па справах спадчыны афiцыйна. Калi адкрывалася справа аб спадчыне, беларускае прадстаўнiцтва Iнюркалегii шукала нашчадкаў, i нiхто не хаваў ад iх, з якой мэтай iх вышукваюць.

— Iншымi словамi, магчымая спадчына з-за мяжы не магла пайсцi ў даход дзяржавы, мiнуючы тых, каму яна, уласна, i прызначалася?

— Так, проста ў даход дзяржавы спадчына, калi яна сапраўды была, пайсцi не магла. Да нас i дагэтуль часта звяртаюцца людзi, якiя ў 70—80-я гады атрымлiвалi лiсты з пытаннямi адносна наяўнасцi ў iх родных за мяжой. Але такiя запыты накiроўвалiся многiм людзям, якiя мелi аднолькавыя прозвiшчы. I зараз, здараецца, некаторыя грамадзяне пачынаюць прыгадваць, маўляў, быццам бы i сапраўды нехта некалi паехаў некуды жыць. Але цi ёсць сярод такiх заяўнiкаў сапраўдныя нашчадкi? Калi гаварыць пра наш канкрэтны выпадак: калi мы праверым, што ў нас справы ў вытворчасцi нiколi не было, у тым лiку i ў вытворчасцi прадстаўнiцтва Iнюркалегii ў Мiнску, значыць, па апошнiм месцы жыхарства i верагодным часе смерцi амерыканскага сваяка мы можам праверыць, цi ёсць там нейкiя спадчынныя актывы. Калi ёсць, мы зробiм усё, каб iх атрымалi нашчадкi.

— А калi ў свой час справа паступiла ў архiў, як вы гаварылi, цi iснуе нейкi тэрмiн, на працягу якога дзяржава гарантуе захаванасць спадчыны (калi гэта нейкiя матэрыяльныя каштоўнасцi)? Раптам праз дзесяцiгоддзi нашчадкi ўсё ж адшукаюцца?

— Такога канкрэтнага тэрмiну калi можна звярнуцца па спадчыну з-за мяжы, не iснуе. У некаторых выпадках дзяржава бярэ яе на своеасаблiвае захоўванне i спадчынныя актывы захоўваюцца на дэпазiтах дзяржавы. Аднак у кожным канкрэтным выпадку гэтыя пытаннi вырашаюцца, зыходзячы з заканадаўства заходнiх краiн, тых абставiнаў, якiя ўзнiкаюць у працэсе справы. Але гэта ў тым выпадку, калi спадчына неразмеркаваная, бо нашчадкi могуць пражываць не толькi ў нашай краiне, але i ў iншых дзяржавах, у тым лiку i ў тых, дзе перад смерцю пражываў заможны сваяк — па бацькоўскай цi мацярынскай лiнii. У многiх выпадках спадчына размяркоўвалася памiж такiмi спадчыннiкамi якраз пасля нашага заключэння, што, напрыклад, у Беларусi нашчадкаў няма. Часам перад намi нават ставяць канкрэтную задачу: праверыць наяўнасць нашчадкаў, скажам, па мацярынскай лiнii, бо мацi нарадзiлася ў Беларусi, а бацька — у iншай краiне. Калi тут спадчыннiкаў няма, спадчына размяркоўваецца на карысць родных па бацькоўскай лiнii.

Калi справы здаюцца на захоўванне ў кампетэнтныя дзяржаўныя органы, запатрабаваць iх адтуль складана, але магчыма.

— Наш дзядуля ў пачатку 30-х гадоў працаваў каля года на шахце ў Францыi. Туды ён трапiў на заробкi са сваiмi аднавяскоўцамi. У савецкiя часы нiякiх грошай ад французскага боку не атрымлiваў, нават не любiў на людзях прыгадваць пра тую працу. Дзядуля ўжо даўно пайшоў з жыцця. Цi можам мы як нашчадкi зараз атрымлiваць за яго пенсiю?

Я.Р., г. Мiнск.

— Наўрад цi гэта магчыма, паколькi нашчадкi не маюць права атрымлiваць нейкiя кампенсацыi, звязаныя з пенсiйным пытаннем. Тым больш, мяркуючы па звароту, дзядуля асабiста раней за прызначэннем такой пенсii не звяртаўся. А такое права ёсць толькi ў асобы, якая працавала. Больш за тое, нават па тых справах, па якiх грамадзяне краiны атрымлiваюць замежную пенсiю, у выпадку смерцi такога чалавека мы тут жа паведамляем пра гэта ва ўсе кампетэнтныя органы, у тым лiку i ў банкi, i ўсе выплаты спыняюцца. Часам нам нават даводзiцца спаганяць незаконна атрыманыя блiзкiмi ўжо пасля смерцi грамадзянiна замежныя пенсii. Яны своечасова не заяўляюць, што ён пайшоў з жыцця, i працягваюць атрымлiваць пенсiю, як правiла, па даверанасцi, выдадзенай iм хворым састарэлым чалавекам. Грошы даводзiцца потым спаганяць.

— Мой стрыечны брат трапiў у Польшчы ў аварыю. Пры сутыкненнi моцна пацярпелi абодва аўтамабiлi. Брата могуць прыцягнуць да крымiнальнай адказнасцi, хаця ён сцвярджае, што яго вiны няма. Цi могуць вашы спецыялiсты прадстаўляць яго iнтарэсы ў Польшчы i колькi прыкладна будуць каштаваць паслугi юрыста ў гэтым выпадку?

Алег, Ваўкавыскi раён.

— Нашы адвакаты не маюць права напрамую прадстаўляць iнтарэсы грамадзян краiны ў Польшчы, гэтак жа як i беларускае заканадаўства забараняе замежным адвакатам весцi ў нас судовыя справы. Але мы можам прапанаваць гэтую справу, калi заяўнiк звернецца да нас, польскiм калегам. Пра памер аплаты мы будзем гаварыць толькi пасля таго, як польскi адвакат возьме на сябе яго абарону ў судзе.

— I ўсё ж прыкладна пра якiя сумы можа iсцi гаворка? Дарэчы, такое пытанне задавалi амаль усе, хто звярнуўся да нас са сваiмi пытаннямi.

— Папярэдне вызначыць памер аплаты паслуг юрыста ўвогуле немагчыма. Па справах спадчыны адвакаты, напрыклад, працуюць на ўмоўных ганарарах (якiя вызначаюцца ў працэнтах ад сумы атрыманых для клiента актываў), г.зн. мы атрымлiваем плату за аказанне прававой дапамогi з той сумы, якая належыць спадчыннiку з-за мяжы. Папярэдняя плата, якая патрэбна для вядзення справы, невялiкая — яе зможа ўнесцi практычна любы чалавек. Па iншых справах, выключаючы спадчынныя, аплата ў поўным памеры павiнна быць зроблена папярэдне.

— У 1997 годзе я ўступiла ў шлюб з палякам. Хутка пасля вяселля мы пераехалi жыць да яго ў Варшаву. Праз год у нас нарадзiлася дачушка, а неўзабаве па сямейных абставiнах я паехала дамоў. Праз некалькi месяцаў вырашыла скасаваць шлюб, але муж пагражае, што забярэ дзiця, маўляў, яна нарадзiлася ў Польшчы, ды i матэрыяльнае становiшча — заробак, дом — у яго лепшыя. Зараз я часова не працую. Наколькi сур’ёзна трэба ўспрымаць заяву майго былога мужа?

Алена К., г. Гродна.

— Наколькi я разумею, галоўнае пытанне: цi зможа былы муж адабраць дзiця? Натуральна, яго будзе вырашаць суд. Паколькi жанчына з’яўляецца грамадзянкай Рэспублiкi Беларусь, на дадзены момант пражывае тут — значыць, iск павiнен прад’яўляцца ў беларускi суд. На жаль, не ўдакладняецца, грамадзянства якой краiны мае дачка. Не думаю, што ў гэтым канкрэтным выпадку беларускi суд адыдзе ад агульнага правiла: па закону мацi i бацька маюць роўныя правы, але, паколькi дзiцяцi шэсць гадоў, усе пытаннi вырашаюцца з улiкам найперш яго iнтарэсаў. Iншымi словамi, у нас пераважная колькасць такiх спраў вырашаецца на карысць мацi. Зразумела, калi жанчына мае добрую рэпутацыю. Па дапамогу яна можа звярнуцца да нас — нашы адвакаты могуць прадстаўляць яе iнтарэсы ў судзе.

— А калi ў дзiцяцi ўсё ж не беларускае грамадзянства? Гэта iстотна ўплывае на сiтуацыю?

— Самы станоўчы момант у згаданай сiтуацыi — тое, што зараз дзяўчынка знаходзiцца на тэрыторыi Рэспублiкi Беларусь. Як сведчыць судовая практыка ўсiх краiн, вельмi рэдка дзяцей перадаюць на выхаванне грамадзянам iншых краiн.

— Дзякуй за адказы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра дзейнасць Спецыялiзаванай Беларускай калегii адвакатаў (Белiнюркалегii), якая займаецца аказаннем квалiфiкаванай юрыдычнай дапамогi грамадзянам i
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика