«Грошы бяруць. Але за якiя паслугi?»
Барыс ПРАКОПЧЫК
Званок у карпункт «Ездзiла нядаўна ў Польшчу рэйсавым аўтобусам праз пагранпераход ў Брузгах. У чарзе не стаялi, нi туалетам, нi iншымi паслугамi не карысталiся, нават з аўтобуса не выходзiлi — i тым не менш кожны пасажыр заплацiў збор у памеры 4380 рублёў. За што?»(Званок Галiны Разумовiч у гродзенскi карпункт «Звязды».) Збор з фiзiчных асоб пры перасячэннi iмi Дзяржаўнай мяжы Рэспублiкi Беларусь праз пункты пропуску прадугледжаны Законам аб бюджэце. Плацельшчыкамi з’яўляюцца грамадзяне як нашай, так i iншых краiн, а таксама асобы без грамадзянства. Грошы залiчваюцца ў бюджэты гарадоў i раёнаў вобласцi, за выключэннем збору, якi спаганяецца ў кантрольна-прапускным пункце «Брузгi» Гродзенскага раёна — ён паступае ў абласны бюджэт. Зацвярджаючы адпаведную iнструкцыю на сёлетнi год, Гродзенскi абласны Савет дэпутатаў спачатку ўстанавiў аднолькавую стаўку збору для кожнага, хто перасякае мяжу — 0,5 базавай велiчынi. Такiм чынам, ранiцай 2 лютага трэба было раскашэлiцца на 8750 рублёў, аднак людзi ведалi, што на пагранпераходах Брэсцкай вобласцi плацяць напалову менш i, вядома, абурылiся. У той жа дзень улады зменшылi стаўку збору для беларускiх грамадзян да чвэрцi базавай велiчынi, як на Брэстчыне, што неўзабаве зацвердзiлi дэпутататы на сесii абласнога Савета. Стаўка збору для iншаземцаў i асоб без грамадзянства засталася ранейшай — О,5 базавай велiчынi. Карэспандэнт «Звязды» пацiкавiўся, як гэтае пытанне вырашаецца на Брэстчыне. Аказваецца, некаторыя адрозненнi ад суседзяў з Прынямоння iснуюць i сёння. У прыватнасцi, з беларускiх грамадзян, што перасякаюць мяжу па чыгунцы, бяруць не 0,25 базавай велiчынi, як у мiжнароднай касе Гродзенскага чыгуначнага вакзала, а 0,1. А стаўка збору з iншаземцаў, якiя праязджаюць праз «Брэст-Цэнтральны», устаноўлена ў памеры не паловы, а 0,3 базавай велiчынi. Паводле iнфармацыi старшынi Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў Леанiда Лемяшэўскага, сродкi збору залiчваюцца ў гарадскiя i раённыя бюджэты, прычым 50 працэнтаў атрыманых грошай накiроўваецца на развiццё пагранiчнай iнфраструктуры. ... Кантрольна-прапускны пункт «Брузгi». Ранiца, чарга невялiкая, прычым рэйсавым аўтобусам, якiх з 1 па 15 лютага тут прайшло 103, у адпаведнасцi з раскладам руху i сапраўды не даводзiцца надоўга спыняцца. У прыватнасцi, пасажыры аднаго з аўтобусаў, кажуць, нават не выходзiлi з салона, а вышэйпамянёны збор (4380 рублёў), сабраўшы з людзей грошы, заплацiў вадзiцель. Супрацоўнiца камунальнай службы «Мяжа», якая прымае гэтыя плацяжы на пагранпераходзе, гаворыць, што на ўсю групу выпiсваецца талон, ён прад’яўляецца непасрэдна пры перасячэннi мяжы, а значыць, не заплацiць збор немагчыма. У вынiку за суткi ў сярэдзiне лютага з фiзiчных асоб спаганялi прыкладна 6-7 мiльёнаў рублёў. «Якiя ж паслугi iм за гэта прапануюцца?» — цiкаўлюся ў пасажыраў аўтобуса фiрмы «Iнтакс». — Ды мы ж увогуле нiякiмi паслугамi сёння не карысталiся,— адказваюць Ганна Садоўская i Валянцiна Апякун.— Хаця б нейкую скiдку ў памеры збору для рэйсавых аўтобусаў, што не стаяць у чарзе, зрабiлi. Ды i якi тут сэрвiс? Адно кафэ, у прыбiральнi нават асвятлення няма, рукi не памыць. Самi паглядзiце... I сапраўды, жывём у ХХI стагоддзi, а трэба мець лiхтарык, каб ў цёмны час сутак зайсцi ў туалет, дзе, да таго ж, адсутнiчаюць элементарныя ўмовы для асабiстай гiгiены. Ёсць, праўда, больш прыстойны непасрэдна ў пункце пропуску, але ён платны, хаця за сваё знаходжанне на мяжы людзi з камунальнай службай ужо быццам бы разлiчылiся. На польскiм баку, дарэчы, мясцовы збор з фiзiчных асоб некалi таксама спаганялi, але ўжо не бяруць. А прыбiральня бясплатная, аднак, паводле слоў вадзiцеля аўтобуса фiрмы «Iнтакс», якi пастаянна курсiруе гэтым маршрутам, бывае на замку. На беларускай тэрыторыi пагранперахода ў Брузгах цяпер вядзецца рэканструкцыя, i неўзабаве, напэўна, тут можна будзе скарыстацца куды больш цывiлiзаванымi сэрвiснымi паслугамi. Але гэта будзе заўтра, а грошы, i даволi значныя, з людзей бяруцца ўжо сёння. Хаця любы фiнансавы збор не павiнен нагадваць дарогу з аднабаковым рухам. Зацвярджаючы яго, трэба найперш паглядзець, што людзi атрымлiваюць узамен.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Ездзiла нядаўна ў Польшчу рэйсавым аўтобусам праз пагранпераход ў Брузгах. У чарзе не стаялi, нi туалетам, нi iншымi паслугамi не карысталiся, нават
|
|