Стаў i нам ён «бацькам мiлым»
Таццяна КАБРЖЫЦКАЯ
Да 190-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкi
Сапраўдны народны паэт, Шаўчэнка выйшаў з народных нiзоў. Нарадзiўшыся 9 сакавiка 1814 года ў сям’i прыгоннага селянiна (у вёсцы Морынцы на Чаркашчыне), ён, магчыма, не раскрыўся б ва ўсёй сваёй велiчы, калi б не прыехаў са сваiм панам у Пецярбург, не сустрэўся там з высакароднымi i таленавiтымi людзьмi. Рускiя мастакi К. Брулоў, А. Венецыянаў, паэт В. Жукоўскi i iнш. зрабiлi ўсё, каб Шаўчэнка атрымаў вольную. Яго выкупiлi з прыгону. Атрымаўшы жаданую свабоду, у шчаслiвым натхненнi Шаўчэнка стварае свае першыя зборнiкi вершаў «Кабзар» (1840) i «Чыгiрынскi Кабзар» (1844), вучыцца ў Акадэмii мастацтваў, ды малюе так паспяхова, што з часам за творы ў жанры гравюры атрымлiвае ганаровае званне акадэмiка жывапiсу. Расiйская сталiца, якая ў першай палове ХIХ ст. была моцна ўлюбёная ва «ўкраiнскасць», прымае Шаўчэнку ў свае адбымкi. Яго запрашаюць у арыстакратычныя салоны. Ён малады, прыгожы, у яго мяккая ўкраiнская вымова, ён прачула чытае ўласныя вершы, цудоўна спявае... Аднак больш, чым выгоды сталiчнага жыцця, ён любiць свой занядбаны край, сваю родную зямлю i яе народ. Шаўчэнка рвецца на Украiну. Дзякуючы Шаўчэнку ўвесь цывiлiзаваны свет атрымаў — у форме паэтычнага слова — усеахопную праўду пра гiстарычнае прызначэнне ўкраiнцаў. Першыя творы паэта вырасталi пераважна з уласна ўкраiнскай гiсторыi i тагачаснай рэчаiснасцi (вершы, балады, паэмы «Кацярына», «Гайдамакi», драма «Назар Стадоля i iнш.). Аднак паэт велiччу свайго сэрца iмкнуўся сагрэць усё славянства. З-пад яго пяра выходзяць творы, прысвечаныя рускiм, палякам, чэхам. Шаўчэнка застаецца верны сваёй галоўнай iдэi — заклiкаць народы да самапазнання, захавання ўласных культурных традыцый, беражлiвага стаўлення да слова i веры продкаў. Так, пазнаёмiўшыся ў Пецярбургу з беларусамi (лiтаратары Я. Баршчэўскi, Р. Друцка-Падбярэскi, мастак М. Мiкешын, брат Кастуся Калiноўскага Вiктар i iнш.), паэт наказваў iм, «каб не пакiдалi сваёй працы для народа, бо гэта iх павiннасць, а праца iх, нягледзячы на цяжкiя варункi, не прападзе дарэмна, i сляды гэтай працы застануцца» (Р. Зямкевiч). Для Шаўчэнкi беларуская зямля i яе насельнiкi не былi чужымi i незнаёмымi. Праз Беларусь паэт некалькi разоў праязджаў i праходзiў, пачынаючы з дзiцячага ўзросту. Пятнаццацiгадовым хлапчуком-казачком ён правандраваў па Беларусi з паўднёвага ўсходу на паўночны захад, калi ў абозе пана Энгельгарта ехаў з Кiева ў Пецярбург, з Пецярбурга ў Кiеў, i назад, з Кiева ў Пецярбург. Дарожныя назiраннi затым адлюстравалiся ў аповесцi «Музыка», у ягоным «Дзённiку». З беларусамi паэт сустракаўся не толькi ў Пецярбургу, але i ў казахскiх стэпах, дзе адбывалi ссылку ўдзельнiкi паўстання 1830—1831 гг. Iмя Шаўчэнкi вядомае, без перабольшання, на ўсiх кантынентах. Творы яго перакладзены на дзесяткi моў. У многiх гарадах не толькi Украiны, але i свету (Нью-Йорк, Ванкувер, Вiнiпег, Буэнас-Айрэс i iнш.) узведзены помнiкi паэту. Шануюць Шаўчэнку i беларусы, бо i iх ён навучыў любiць «свабоду, родны край i мову», i для iх ён даўно стаў «бацькам мiлым» (Янка Купала). Адзiн з цэнтральных бульвараў сталiцы Беларусi названы iмем Шаўчэнкi. У Мiнску ўзвышаецца i велiчны помнiк Кабзару. Бюст Шаўчэнкi ўстаноўлены ў Брэсце, яго iмя прысвоена парку ў Гомелi. У Беларусi праведзена выдатнае, першае такое па-за межамi Украiны, мерапрыемства — «Год Шаўчэнкi» (2002). Шаўчэнка i сёння з намi. I сёння ён дапамагае будаваць новае жыццё ў нашай новай, незалежнай дзяржаве.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да 190-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкi |
|