21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Цi застанецца факультэт журналiстыкi прэстыжным?..

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ПОГЛЯД

На высокай нарадзе, падчас абмеркавання стану адукацыi ў нашай краiне, чатыры факультэты Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта названы прэстыжнымi: эканамiчны, мiжнародных адносiнаў, юрыдычны i журналiстыкi. Зразумела, мяне ўскалыхнула найперш тое, што ў квартэт прэстыжных трапiў факультэт журналiстыкi. Няхай не ў знак ухвалы, а з тае нагоды, што на факультэце вучыцца мала вясковых хлопцаў i дзяўчат, а больш гараджане. Яно так. Тут шмат аб’ектыўных прычын. I першая сярод iх — абязлюджванне вёскi. Але ж агульная ацэнка дадзена: факультэт — прэстыжны.

Справядлiва. Факультэт журналiстыкi БДУ — адзiная ў рэспублiцы грунтоўная навучальная ўстанова, якая вось ужо 60 гадоў рыхтуе кадры для сродкаў масавай iнфармацыi ўсiх тыпаў. Нашы выпускнiкi — i асы журналiстыкi, i сцiплыя майстры пяра, мiкрафона i камп’ютара — робяць вялiкую справу: аператыўна забяспечваюць насельнiцтва iнфармацыяй, дапамагаюць людзям разбiрацца ў супярэчлiвых працэсах жыццядзейнасцi грамадства, сцвярджаюць пачэсны пасад беларусаў мiж народамi.

А вось што несправядлiва: на працягу ўсiх 60 гадоў факультэт не меў прыстойнага памяшкання. Месцiўся на задворках. I зараз гэтак жа месцiцца. Прыгадваецца малюнак, бачаны яшчэ ў далёкiя школьныя гады ў падручнiку па гiсторыi: стаiць мужык на адной назе, абутай у лапаць, на сваёй дзялянцы, а другую няма куды паставiць — там чужая зямля. Прыблiзна гэтак жа вучацца студэнты факультэта журналiстыкi — на адной назе.

Але ж худа-бедна, хоць i, вобразна кажучы, на адной назе, студэнты ўсё ж атрымлiваюць i належныя веды, i практычныя навыкi творчай дзейнасцi. I на ўсе наступныя гады захоўваюць удзячнасць факультэту, выкладчыкам, якiя дапамаглi iм атрымаць пуцёўку ў вялiкае творчае жыццё, у элiтную журналiсцкую суполку. Нават тыя, хто займае высокiя пасады ў дзяржаўных установах (шэраг выпускнiкоў факультэта сталi дзяржаўнымi дзеячамi), перад факультэтам не задзiраюць нос.

Выкладчык у любым званнi — i навуковец, i дарадца студэнту. Чым мацней «падкаваны» выкладчык, тым большым будзе iнтэлектуальны, грамадзянскi, прафесiйны i маральны багаж у студэнта. Выкладчыкаў, у тым лiку i высокай квалiфiкацыi (доктар навук, прафесар, кандыдат навук, дацэнт), факультэт песцiць сам. Па прафесiйным профiлi — з лiку лепшых выпускнiкоў факультэта, у тым лiку тых, што прайшлi школу практычнай журналiстыкi ў газетах, на радыё i тэлебачаннi.

Працуе аспiрантура. Няблага працаваў i савет па абароне дысертацый. Быў савет па абароне кандыдацкiх дысертацый, а ў мiнулым годзе ён набыў вышэйшы статус: побач з кандыдацкiмi абаранялiся доктарскiя дысертацыi. Зараз — прастой. Прычына таму ў наступным.

Пачынаючы са снежня 2002 года, апрача доктарскiх, на пасяджэннях савета абаронены чатыры кандыдацкiя дысертацыi. Плён свайго навуковага пошуку абаранялi трое штатных выкладчыкаў факультэта (двое пасля аспiрантуры) i сумяшчальнiк, рэдактар газеты «Аргументы и факты в Белоруссии» Iгар Сакалоў. Перад кожнай дысертацыяй прэзiдыумам ВАКа быў пастаўлены бар’ер. Не ўсiм пашанцавала яго пераадолець.

Возьмем дысертацыю А. К. Свораба «Прыкладныя i эстэтычныя функцыi афармлення малафарматных выданняў (А3, А4)». Кожны журналiст, асаблiва калi ён разбiраецца ў прыёмах камп’ютарнага афармлення газеты, скажа, што тэма актуальная. Справа для нас новая. Сапраўды, i новая, i актуальная, а таму патрабуе грунтоўнага навуковага даследавання. Дарэчы, Аляксандр Канстанцiнавiч яшчэ да абароны дысертацыi шмат зрабiў у гэтым напрамку. Ён аўтар трыццацi навуковых артыкулаў i вучэбных дапаможнiкаў, у якiх раскрываюцца прыёмы афармлення перыядычных выданняў розных фарматаў. Ён нязменны ўдзельнiк семiнараў, якiя праводзiць Беларускi саюз журналiстаў для супрацоўнiкаў раённых i абласных газет. Яго рэкамендацыямi карыстаюцца амаль усе журналiсцкiя калектывы. Невыпадкова А. К. Свораб займае пасаду загадчыка кафедры перыядычнага друку. I вось па дысертацыi такога даследчыка i практыка быў вынесены вердыкт: адставiць! Кажуць, пры гэтым на поўным сур’ёзе было сказана: гэту дысертацыю трэба абараняць на савеце па тэхнiчных навуках. Ну куды ўжо далей!

«Адстаўка» працягвалася ажно да восенi 2003 года. Дысертацыя доўга знаходзiлася на вакаўскiх палiцах, потым яе паслалi на так званую «чорную» рэцэнзiю. Галасавалi, перагаласоўвалi... Нарэшце злiтавалiся — зацвердзiлi. Амаль год наш калега быў у падвешаным стане. Якiх нерваў гэта каштавала! I калi прэзiдыум ВАКа зацвердзiў рашэнне нашага савета па абароне дысертацый аб прысуджэннi А. К. Сворабу вучонай ступенi кандыдата фiлалагiчных навук, вялiкай радасцi ў яго не было. Была прыкрасць.

Яшчэ больш суровы лёс напаткаў дысертацыю Н. А. Фядотавай «Лiтаратурна-мастацкiя i забаўляльныя творы ў структуры газетнага нумара». Што гэта, маўляў, за тэма? Што тут новага? Калi б члены прэзiдыума ўважлiва пачыталi дысертацыю i параўналi яе палажэннi, высновы i рэкамендацыi з адпаведнай практыкай беларускiх газет, то ўбачылi б у ёй шмат новага i напамiн пра забытае старое. Але справа ў тым, што ў прэзiдыуме няма нiводнага навукоўца, якому былi б блiзкiя праблемы сучаснай беларускай журналiстыкi. I ўвогуле пры фармiраваннi прэзiдыума цалкам абыдзена фiлалагiчная навука. Фiзiкi ёсць, хiмiкi ёсць, матэматыкi ёсць, юрысты ёсць, фiлолага — нiводнага.

Ваш пакорны слуга да таго, як заняцца выкладчыцкай i навуковай работай у галiне журналiстыкi, дваццаць гадоў адпрацаваў у беларускiх газетах. Колькi гадоў быў загадчыкам аддзела лiтаратуры i мастацтва «Звязды». Ёсць па гэтай тэме навуковая работа. Як навуковы кiраўнiк дысертацыйнага даследавання Наталлi Аляксандраўны Фядотавай я меркаваў, што мой вопыт дапамог аспiрантцы справiцца са складанай i актуальнай тэмай. I яна справiлася.

Атрымалася так, што станоўчая ацэнка дысертацыi Н. А. Фядотавай спецыялiстамi, якiя з прадметам даследавання знаёмыя не з чужых слоў, для прэзiдыума ВАКа нiчога не значыла. Хiмiкi i матэматыкi, бачыце, лепей разбiраюцца ў праблеме, чым мы.

Ды што там мы. Пры складанай сiстэме абароны, уведзенай у нас, дысертацыя праходзiць некалькi стадый абмеркавання: на кафедры (пры патрэбе даюцца парады па дапрацоўцы даследавання), на навуковым савеце факультэта (дысертацыю аналiзуе эксперт), на савеце па абароне дысертацый, у экспертным савеце ВАКа. Дысертацыю ацэньвае апанiруючая арганiзацыя. Выступаюць падчас абароны афiцыйныя i неафiцыйныя апаненты. У рэспублiцы невялiкае кола спецыялiстаў, якiя даследуюць функцыянаванне журналiстыкi. Усе яны былi тым цi iншым чынам задзейнiчаны ў абмеркаваннi i ацэнцы дысертацыi Н. А. Фядотавай. Агульны вердыкт: аўтар дысертацыi варты прысуджэння вучонай ступенi кандыдата фiлалагiчных навук. Але ў ВАКу i гэта не ўзялi пад увагу. У iх свае меркi.

Ёсць у гэтай справе i чыста маральны аспект. Па iснаваўшых афiцыйных палажэннях, вучоную ступень кандыдата навук прысуджаў савет па абароне дысертацый. I, як належыць, калi абарона прайшла ладам i галасаванне дало станоўчы вынiк, у канцы пасяджэння старшыня савета або яго намеснiк абвяшчалi аб прысуджэннi саiскальнiку вучонай ступенi. Апладысменты, вiншаваннi, кветкi. У родных i блiзкiх новага кандыдата навук ад хвалявання i радасцi чырвань на ўсю шчаку i слёзы на вачах.

Прэзiдыуму ВАКа заставалася зацвердзiць рашэнне савета. Разгляд кандыдацкiх дысертацый на прэзiдыуме адбываўся тады, калi на этапах абмеркавання ўзнiкалi канфлiктныя сiтуацыi, былi адмоўныя заключэннi, асаблiва пры адмоўным заключэннi экспертнага савета.

Цяперашнi прэзiдыум ВАКа пахаваў гэта правiла, урэзаўшы правы саветаў па абароне. Нi саiскальнiк, нi савет не могуць адстаяць сваю пазiцыю, прывесцi аргументы, якiя б пацвярджалi годнасць навуковага даследавання. Глухая сцяна. I адчуванне бяссiлля.

На факультэце журналiстыкi адбылася чарговая мiжнародная навукова-практычная канферэнцыя. Прыехалi вучоныя з Украiны, Расii, iншых краiн. Украiнцы i расiяне нiяк не маглi зразумець, што ў нас адбываецца. Пыталiся: што, экспертны савет даваў адмоўныя заключэннi цi ўзнiкалi якiя iншыя канфлiкты? Мы адказвалi: не, i экспертны савет «за», i нiякiх канфлiктаў не было. Можа толькi нейкi зайздроснiк цi зламыснiк што-небудзь нашаптаў у вушы кiраўнiкам прэзiдыума. А апеляцыя? Што тая апеляцыя, калi пацярпеўшы саiскальнiк не можа твар у твар даказваць сваю правату, значнасць свайго навуковага пошуку. Яму няма доступу ў ВАК. Дый незалежнай канфлiктнай камiсii як такой у нас няма.

Здзiўлялiся ўсяму гэтаму нашы госцi. А мы ўжо нiчому не здзiўляемся. Не здзiўляемся нават таму, што з экспертнага савета вывелi, нават не параiўшыся з факультэтам, абаiх нашых прадстаўнiкоў — дактароў навук М. Я. Цiкоцкага i Т. М. Дасаеву. Цяпер у экспертным савеце няма нiводнага журналiста. Кола замкнулася.

Лёс канкрэтнага чалавека, увага i справядлiвасць адносна яго выключна важныя. Не менш важны i лёс факультэта. Зараз у нас актывiзаваўся працэс папаўнення выкладчыцкага калектыву маладымi спецыялiстамi. Аспiранты шчыруюць над дысертацыямi, вядуць навуковы пошук па актуальных праблемах сучаснай журналiстыкi. Дакладней сказаць, шчыравалi. А зараз насцярожылiся. Цi варта затрачваць столькi сiл, праходзiць доўгi i цяжкi шлях апрабавання дысертацыi, каб спатыкнуцца на апошнiх рубяжах. Тым болей, што выкладчыцкi хлеб у нас не вельмi салодкi, а зарплата занадта ўжо сцiплая. У газеце цi на радыё працаваць цiкавей. Адзiн, маючы гатовую дысертацыю, адмовiўся яе абараняць i пайшоў працаваць у газету. Ёсць настойлiвыя, якiя пойдуць да канца, спадзеючыся на ўдачу. А большасць — на ростанях.

Калi не адбудзецца ў выкладчыцкiм калектыве амаладжэння, змены пакаленняў, калi не прыйдзе ў аўдыторыi пакаленне з новымi iдэямi, новымi памкненнямi i маладой напругай, цi назавуць праз некалькi гадоў факультэт журналiстыкi прэстыжным?

Барыс СТРАЛЬЦОЎ,

старшыня савета па абароне дысертацый Д.02.01.08., доктар фiлалагiчных навук, прафесар, заслужаны дзеяч культуры РБ, лаўрэат спецыяльнай прэмii Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь дзеячам культуры i мастацтва (за вялiкi ўклад у справу журналiстыкi).

Навуковец і журналіст Барыс Стральцоў выказаўся па-свойму аб набалелым. Магчыма, ёсць і іншыя меркаванні наконт актуальнай для Беларусі праблемы — падрыхтоўкі навуковых кадраў — асновы для далейшага росквіту нашай дзяржавы. Запрашаем да дыскусіі.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На высокай нарадзе, падчас абмеркавання стану адукацыi ў нашай краiне, чатыры факультэты Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта названы прэстыжнымi: эка
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика