«Абавязваюся весцi самым лепшым чынам зямельную гаспадарку...»
Сяргей КУЗНЯЦОЎ
«Прынцыпы» графаў Тышкевiчаў па абыходжанню з зямлёй i гаспадаркай больш чым праз сто гадоў сталi надзвычай актуальнымi для Беларусi?
Летась у Валожыне выпадкова былi знойдзены дакументы з архiваў графскага роду Тышкевiчаў. Знойдзены яны былi ў былым палацы Тышкевiчаў, якi да сённяшняга дня захаваўся ў горадзе i ў якiм зараз размяшчаецца штаб вайсковай часцi. Дакументы знаходзiлiся на паддашку будынка, i на iх натрапiлi падчас яго рамонту. Як паведамiў карэспандэнту «Звязды» галоўны хавальнiк фондаў Валожынскага раённага музея Мечыслаў Новак, вайскоўцы перадалi знойдзеныя паперы ў музей. Праўда, многiя дакументы ўжо знаходзiлiся ў такiм стане, што прачытаць iх было немагчыма. «А вось сярод таго, што можна прачытаць, ёсць дакументы як на польскай мове, так i на рускай. Ёсць друкаваныя дакументы, але большасць напiсаны ад рукi», — сказаў Мечыслаў Новак. Дакументы, знойдзеныя ў Валожыне, датычацца вядзення валожынскай гаспадаркi графаў Тышкевiчаў у розныя гады. Ёсць тут дагаворы аб арэндзе зямлi i маёмасцi, аб куплi i продажы. Многiя з гэтых дакументаў змяшчаюць такiя палажэннi, да якiх, як нi дзiўна, варта было б прыслухацца i ў наш час... *** Адзiн з такiх дакументаў — «Абавязацельства дваранiна Iгнацiя Верхiбоўскага на 6-гадовае арэнднае ўтрыманне фальварка Сакаўшчызна, якi належыць графу Iвану Iосiфавiчу Тышкевiчу». Згодна з гэтай паперай, арэнда фальварка згаданым дваранiнам павiнна была ажыццяўляцца з красавiка 1875 па красавiк 1881 года. Акрамя вызначэння, колькi i за што павiнен заплацiць Iгнацiй Верхiбоўскi, у дакуменце маецца 50 пунктаў, якiя ён абавязваецца «выконваць свята i непарушна». Вялiкая частка гэтых абавязацельстваў датычыцца зямельнай гаспадаркi, якую арандатар павiнен «весцi самым лепшым чынам». Так, арандатар абавязваецца араць палi пад азiмыя па тры разы, пад яравыя — не менш чым два. Пры гэтым асобна агаворваецца, што ў апошнi год арэнды азiмыя будуць пасеяны не пазней чым 15 жніўня, «а ўборка лугоў будзе зроблена да 10 жніўня, за няскошаныя лугi ўплачу па 2 рублi з дзесяцiны». Таксама арандатар у апошнi год арэнды павiнен засеяць азiмыя «самым лепшым зернем». Арандатар фальварка абавязваецца ўтрымлiваць у добрым стане садовыя дрэвы i ягадныя кусты. Пры гэтым ён абавязкова павiнен «аглядаць iх вясной i восенню». Акрамя таго, арандатар павiнен пасадзiць 12 пладаносных дрэў, столькi ж ягадных кустоў, а таксама «вырасцiць 12 сеяных прышчэпкаў i прышчапiць 12 дзiчак». Арандатар таксама абавязваецца «сеяць льнянога семя, якое спусташае ворыва, не больш як 15 частку яравога поля ў трохпольнай гаспадарцы». Забараняецца яму без спецыяльнага дазволу гаспадара ператвараць ворныя палi ў лугi i наадварот — лугi ў палi. Асобным пунктам гаворыцца аб тым, што арандатар не мае права сеяць на пары. Забараняецца таксама вывозiць гной з арандуемага фальварка. За парушэнне гэтых правiлаў вызначаны канкрэтныя памеры грашовых штрафаў. Напрыклад, пасеяўшы большую колькасць лёну, арандатар павiнен заплацiць па 25 рублёў з дзесяцiны. Па 15 рублёў — за выкарыстанне пару пад якiя-небудзь пасевы. Пры гэтым, калi арандатар парушыць вызначаныя ўмовы другi раз, штраф падвойваецца. А за парушэннi ў трэцi раз ён наогул «страчвае права на арэнднае ўтрыманне». Таксама арандатар не мае права самавольна, без пiсьмовага дазволу ўладальнiка фальварка, «рабiць звярынага палявання i рыбнай лоўлi». Што датычыцца розных пабудоў, то арандатар абавязваецца «ўтрымлiваць iх у чысцiнi, папраўляць i адбудоўваць у выпадку неабходнасцi». I рабiць гэта ўсё ён павiнен за свой кошт. У дакуменце таксама гаворыцца, што арандатар павiнен «ачышчаць дымавыя трубы i мець заўсёды ў гатоўнасцi вогнегасiльныя снарады». Яшчэ адзiн пункт дакумента датычыцца ўмяшання ў справы арандатара i ўладальнiка фальфарка з боку дзяржавы. Так, «калi з-за распараджэння ўрада арэнднае ўтрыманне фальварка падлягала б спыненню, то арандатар на гэты конт нiякiх прэтэнзiй прад’яўляць да вотчыннiка не мае права». *** Яшчэ адзiн дакумент з архiваў Тышкевiчаў датычыцца чатырохгадовай арэнды адным з мясцовых сялян участка сенакосу. Дагавор быў падпiсаны памiж «павераным дваравога праўлення» i селянiнам у 1903 годзе. Перш за ўсё селянiн абавязваецца ўзяты ўчастак ачысцiць ад зараснiку за першыя два гады арэнды. На першым годзе павiнна быць ачышчана палова сенакосу, а на другiм гэтая праца павiнна быць завершана цалкам. Калi гэтага не будзе зроблена, то арандатар «не мае права браць з сенакосу сена нi пад якiм выглядам». Селянiн павiнен касiць сена i ўбiраць яго да 20 лiпеня кожны год. Калi ж арандатар не выканае гэтай умовы, ён, акрамя самой арэнднай платы, павiнен заплацiць штраф у памеры аднаго рубля з дзесяцiны зямлi. Таксама селянiну забараняецца пракопваць канавы праз арандуемы ўчастак. Арандатар не мае права «сваёй скацiны пускаць з вясны, а пры брудным стане ўчастка — i восенню». Кожную вясну арандатар абавязаны «прачысцiць забруджаныя месцы ў канавах на сваiм участку». Калi селянiнам не будзе выканы хаця б адно з вышэйпамянёных абавязацельстваў, гэта будзе цягнуць «знiшчэнне дагавора i дваравое праўленне мае права распарадзiцца ўчасткам па свайму меркаванню». *** Акрамя таго што маёмасць i землi Тышкевiчаў здавалiся ў арэнду, яны, напрыклад, гандлявалi сваiм лесам. У Валожыне летась былi знойдзены некалькi квiтанцый аб яго продажы, датуемых пачаткам XX стагоддзя. На адным баку невялiкай паперы былi пазначаны цэны i памеры набываемага лесу для высечкi, а на адваротным — абавязковыя ўмовы, «якiм пакупнiк падпарадкоўваецца». Так, ён абавязаны быў браць лес толькi ў тым месцы, дзе яму дазвалялася. Ён не меў права вывозiць лес без клеймавання. Пры высечцы i вывазцы дрэў пакупнiк не павiнен быў шкодзiць зараснiку, а таксама не сячы на калы дрэў, што растуць. Пнi ад дрэў ён павiнен быў пакiдаць не вышэй, чым 1/4 аршына. У дакуменце было сказана, што пакупнiк лесу павiнен вывозiць дрэва толькi па тых дарогах, «якiя яму ўказаны лясной вартай». Дарэчы, пакупнiк павiнен цалкам падпарадкоўвацца патрабаванням гэтай варты i «не наносiць грубасцяў». Калi ж гэта здарыцца, то «за грубасць ён, акрамя адказнасцi па закону, страчвае права на атрыманне дрэва i вяртанне грошай». г. Валожын.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Прынцыпы» графаў Тышкевiчаў па абыходжанню з зямлёй i гаспадаркай больш чым праз сто гадоў сталi надзвычай актуальнымi для Беларусi? |
|