З жыцця людзей. I фермераў
Сяргей ШАЎЦОЎ
ПОГЛЯД Загаловак матэрыялу ў галаве ўзнiк адразу i менавiта ў такiм выглядзе. Канешне, не выпадкова. Упэўнены, што фермер — гэта не прафесiя, а стан душы. Ёсць паэт i не паэт, матэматык i не матэматык, журналiст i не журналiст. Калi «не», то ўжо нiчога не зробiш i не навучыш. З гэтым трэба нарадзiцца.Тое ж i з фермерам. Па-iншаму — проста прыроджаным гаспадаром. 12х12 Расказ фермера з Бабруйскага раёна. У яго ўзнiкла такая праблема: зламаўся прэс-падборшчык. Адпаведна, трэба рамантаваць. Паколькi фермер — былы старшыня калгаса, то сувязi захавалiся. Пару званкоў, i прэс узялiся адрамантаваць на адным з бабруйскiх заводаў, балазе, там працаваў стары сябар. Так бы мовiць, свой свайму мiжволi брат. З рамонтам прыйшлося пачакаць месяцы тры. За прайшоўшы год план завод выканаў, таму заказ перакiнулi на наступны. Звычайная практыка, вядомая яшчэ з часоў Леанiда Iльiча i iншых. Але самае цiкавае не гэта, а калькуляцыя, якую павiнен быў аплацiць фермер. Спачатку трэба патлумачыць: прадажная цана прэса была 12 з нечым мiльёнаў рублёў. Гэта зразумела, так? Ну а цiкавае ў гэтым тое, што заплацiць фермер павiнен быў тыя ж 12 з нечым мiльёнаў. Проста мiстыка нейкая... Зрэшты, калi «зрить в корень», нiякай мiстыкi няма, а суцэльная рэальнасць. Яна заключаецца ў тым, што ў кожнага свае, як кажуць, вузкапрактычныя мэты. Фермер жадае адрамантаваць прэс i зрабiць гэта за разумныя грошы. Завод таксама зусiм не супраць фермерскага заказу, але жаданнi ў яго крыху iншыя: «наварыць» на гэтым заказе. Трэба сказаць, нармальнае жаданне. Толькi неразумнае. Бо, як вядома, жыццё ёсць суцэльны кампрамiс: адзiн хоча таго, другi гэтага, але кропкi сутыкнення шукаць такi трэба. Iнакш нi першы бок, нi другi свайго не атрымаюць, i справа скончыцца лакальным канфлiктам. Пасля рамонту прэса фермер яго ўважлiва «прасканiраваў». Аказалася, што ў прэсе заменена 99 працэнтаў дэталяў (словы самога фермера). Iншымi словамi, была паломка канкрэтнага вузла, рамонт якога ў грашовым выражэннi каштаваў не так i многа. Адначасова зразумейце i адмiнiстрацыю завода: год толькi пачаўся, а план нiхто скасоўваць не збiраецца. План трэба «гнаць». На кiм жа яго «гнаць», як не на фермеры? Хто ён такi? Мякка кажучы, яшчэ «чужынец». Так на заводзе да яго прывыклi ставiцца. I мне завадчан асуджаць няма ахвоты — звычайныя ахвяры закона iнерцыi. Не паспелi асэнсаваць новыя павевы. I вось тут акрэслiваецца вузел супярэчнасцяў. З аднаго боку, ёсць фермер, якi вымушаны з самага пачатку працаваць у рынкавых умовах i кожны крок разлiчваць згодна з iмi. З другога, ёсць завод, якi таксама ў рынкавых умовах, але як бы не зусiм. Бо калi б быў у зусiм рынкавых умовах, то не драў бы з заказчыка сем шкур. У кожнага, адным словам, свае мэты, i яны не вельмi стасуюцца. I ўсё гэта, у рэшце рэшт, шкодзiць мэце канчатковай — яе яшчэ называюць харчовай бяспекай краiны. Гiсторыя на гэтым, праўда, не завяршаецца. Справа ў тым, што фермер прыдумаў i сам зрабiў прыстасаванне для прэса, такi прычапны iнвентар, якi дазваляе пераносiць цюкi з сенам i саломай на прыстойную адлегласць. На заводзе прапанаваў: наладзьце вытворчасць, чарцяжы i дакументацыю я дам. Адмовiлiся. Адмахнулiся. Патлумачылi так: самы масавы пакупнiк — гэта калгас (цяпер — СВК), а ён не купiць, бо няма грошай. «А фермеры?» — спытаў фермер (прашу прабачэння за таўталогiю). «А iх мала», — адказалi яму. Iх сапраўды мала. Сёння — каля 2,5 тысячы. Гадоў дзесяць гэтая лiчба вагаецца ў межах 2,5—3 тысяч. Можа быць, таму i вагаецца, што, фiгуральна кажучы, прэс iм рамантуюць за поўны яго рынкавы кошт? Гадзiна на гадзiну Не так часта сустрэнеш у нас ферму, дзе працуюць наёмныя работнiкi. Звычайна — гаспадар i яго сям’я, вельмi часта — блiзкiя родзiчы. Калi i ёсць наёмныя, то адзiн-два, не больш. Справа ў тым, што, каб зацiкавiць «наёмнiка», фермер павiнен плацiць яму сама меней у два разы больш, чым калгас. Для гэтага неабходна толькi адна ўмова: гаспадарка павiнна быць прыбытковай. Ферма ў Магiлёўскай вобласцi: 7 даярак, зарплата ў iх — больш за 200 тысяч. У калгасе — каля 40. Фермерская гаспадарка ў Мiнскiм раёне: 4 пастаянныя работнiкi, 500—600 тысяч у месяц плюс каштоўны падарунак па вынiках года. Ёсць сэнс дзеля параўнання рушыць на поўнач Еўропы, у Швецыю. Найперш, канешне, аб аплаце. У Швецыi ўстаноўлена мiнiмальная плата — 80 крон (10 долараў) у гадзiну. Менш — нельга, больш — калi ласка. Напрыклад, фермер С. плацiць двум сваiм рабочым 98 крон у гадзiну (каля 20 долараў). Значыць, пры 8-гадзiнным рабочым днi выходзiць каля 160 долараў, у месяц — амаль 5 тысяч долараў. Не слаба. Але: рабочы плацiць з гэтай сумы 30 працэнтаў падаткаў, а фермер з налiчанай сумы — 35 працэнтаў. У фермера С., заўважу, 200 гектараў i 180 дойных кароў. Атрымлiваецца рабаўнiцтва сярод белага дня? Паглядзiм з iншага боку. Атрымлiваючы такiя прыстойныя сумы ў выглядзе падаткаў, дзяржава мае магчымасць праводзiць самыя розныя сацыяльныя праграмы, якiя зводзяць разрыў памiж багатымi i беднымi да мiнiмуму. Выходзiць, баш на баш. Ты плацiш — табе дапамагаюць. Мiж тым, у кантракце агаворваюцца таксама даплаты па вынiках года за, так бы мовiць, вытворчыя дасягненнi. Пяцiтыднёвы аплачваемы адпачынак — само сабою. Як само сабою i тое, што наёмны работнiк павiнен мець высокую квалiфiкацыю i працаваць выключна эфектыўна. Бо хоць словазлучэнне «шведскi сацыялiзм» стала ўстойлiвым, там усё ж капiталiзм. У сэнсе: там плацяць за работу, а не за прысутнасць на ёй. Характэрна, што нават багатыя шведскiя фермеры (1000 i больш гектараў) самi працуюць у сваёй гаспадарцы. Перш чым прыняць на работу наёмнага работнiка, яны доўга лiчаць i думаюць. Бо плацiць яму i за яго (у бюджэт) трэба шмат. Вяртаючыся да магiлёўскай фермы: цi не занадта гэта — сем даярак на 200 кароў? Можа, фермер пралiчыўся? Ды яшчэ калi ўлiчыць васьмярых, якiя заняты на iншых работах? Ды не. Усё лагiчна. Асаблiва калi нагадаць пра ўзровень тэхнiчнай аснашчанасцi шведскай i беларускай фермаў, iх i наш сэрвiс, iх i наш узровень закупачных цэн, датацый i iнш, i iнш. Вось адна дэталь, яна многае тлумачыць: у Беларусi гадавы надой ад каровы 3,5—4 тысячы кiло лiчыцца вельмi добрым — у Швецыi такая жывёла iснаваць не можа па вызначэнню. Яе рэжуць. Амiнь. Думаю, мiнiмальная аплата працы за гадзiну нам яшчэ доўга не пагражае. Так бы мовiць, гадзiна на гадзiну не прыходзiцца. Людзi такi нашы Буйных фермерскiх гаспадарак у нас не вельмi многа. На некалькiх мне давялося пабываць. Зразумела, надоi, прывагi, ураджаi — пра ўсё гэта гаварылася найперш. Але мяне нязменна цiкавiла адно: людзi. Дакладней, iх сённяшняя псiхалогiя. Скажам, вось фермерская гаспадарка, дзе аплата працы ў 3-4 разы вышэй, чым у калгасе, на былых землях якога гаспадарка размяшчаецца. Здавалася б, усё навiдавоку — iдзi, прасiся да фермера. Не iдуць. Дапусцiм, ваша зарплата сёння 250 тысяч, вам прапануюць 800. Вы б пагадзiлiся? А яны не жадаюць. Мiжволi задумаешся цяжка-цяжка... Нежаданне жыць паўнацэнна? Цi, можа, мае рацыю знаёмы фермер, калi гаворыць: «З Бамжамi Маргiналавiчамi спраў мець не хачу»? Думаю, усё ж карцiна не такая безнадзейная. Пэўная частка сялянства сапраўды ператварылася ў маргiналаў, людзей без каранёў, без, так бы мовiць, «роднага кута». Iм усё роўна, дзе жыць, што есцi, што пiць, у каго i што скрасцi. Праўда, такiх не большасць, а меншасць. Ды толькi гэтая меншасць вельмi крыклiвая i скандальная, таму i прыметная. А большасць — чакае i прыстасоўваецца да абставiнаў. I якiя б прагрэсiўныя рэформы нi намячалiся, яны ўсё роўна будуць чакаць. Мой стары знаёмы, старшыня Беларускага грамадскага аб’яднання фермераў Канстанцiн Ярмоленка расказаў пра свайго родзiча. Ужо пенсiянер, ён трымае 15 свiней, 30 авечак, а колькi гусей — ён i сам не ведае. Пры гэтым — нiякi не фермер. Проста гаспадар у сваёй падсобнай сялянскай гаспадарцы. Статус мяняць не збiраецца. А навошта? Стаць пакуль фермерам — гэта значыць нажыць на галаву мноства праблем. За ўсё трэба будзе плацiць больш, адкрываць рахунак у банку, ваяваць з падатковай iнспекцыяй, раённымi службамi i г. д. Ды гары яно гарам... Беларус, адным словам, застаецца беларусам: сядзiць цiха, але пра сваю выгаду пiльна дбае. З горкага вопыту ён добра ведае: абставiны мяняюцца, а жыць трэба. Прыгадваю сваю радзiму. Наш п.г.т. — вялiкi, дзесьцi 3 з нечым тысячы. Ёсць i фермеры. Два цi тры. I больш жадаючых падацца ў фермеры штосьцi не вiдаць. Ды i ў навакольных вёсках прыблiзна тое ж. Людзi проста жывуць...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Загаловак матэрыялу ў галаве ўзнiк адразу i менавiта ў такiм выглядзе. Канешне, не выпадкова. Упэўнены, што фермер — гэта не прафесiя, а стан душы
|
|