Сола Святланы
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
Казка пра Папялушку без добрай чараўнiцы i хрустальнага пантофлiка
...Аднойчы, яшчэ ў школе, яна з сяброўкамi давяла звычайна спакойнага i цярплiвага настаўнiка геаграфii да шаленства тым, што распявала на ўроку песню «Трыццаць тры каровы». Затое пасля, калi дырэктар спытаў, хто будзе выступаць з нумарам на школьнай лiнейцы, Света без ценю сумнення ўзяла мiкрафон: «Я!». Яе гiсторыя падобная на сучасную варыяцыю Папялушкi: дзяўчынка з правiнцыi (вёска Заастравечча Клецкага раёна) прыехала ў сталiцу з марай стаць артысткай — i стала. Больш за тое, аддзялiўшыся ад студыi «Сябры», Святлана Яфiмчык пачала сольную кар’еру, знялася ў чарговым цыкле музычнага тэлефоруму «На скрыжаваннях Еўропы», рыхтуе вялiкую канцэртную праграму i свой дэбютны альбом... Але пра ўсё гэта па парадку лепш за каго iншага яна раскажа сама. I растлумачыць патэнцыяльным «зорачкам», што поспех не прыходзiць сам па сабе, калi ўласныя амбiцыi не падмацаваць талентам, жаданнем, настойлiвасцю i ўпартай працай. — У мяне ў дзяцiнстве была сяброўка, якая іграла на фартэпiяна, i мне вельмi падабалася яе слухаць i хацелася самой пайсцi ў музычную школу, — прыгадвае Святлана. — Праўда, я чамусьцi заўжды гаварыла, што хачу стаць кампазiтарам. I паэтам. Гадоў у восем я вывучыла нейкi вершык i прачытала тату, выдаўшы за свой. Ён паслухаў i прапанаваў: давай напiшам новы, лепшы... Я дагэтуль памятаю адтуль генiяльныя радкi: «Бежал олень, споткнулся о пень, упал, полежал и снова побежал». (Смяецца.) Пасмяяўшыся са свайго першага вопыту, Святлана, тым не менш, узяла за звычку штодня рыфмаваць словы — спачатку не вельмi ўдала, а потым усё лепш. Бацькi аддалi яе ў музычную школу, прычым да кожнага ўрока Света... малявала карцiны, а пасля настаўнiца прасiла яе сыграць намаляванае. I дзяўчынка iграла: калi на малюнку iшоў дождж, мелодыя атрымлiвалася сумнай, калi свяцiла сонейка — цёплай i радаснай. Карацей, праз пэўны час у звычайнай агульнаадукацыйнай школе ўсе ведалi, што Света пiша музыку i вершы. У 14 гадоў яна заняла другое месца на школьным конкурсе аўтарскай песнi. Але гэтага ёй падалося мала, i на ўзровень раёна дзяўчына паехала ў поўным узбраеннi: замест песнi пра каханне напiсала патрыятычную беларускамоўную кампазiцыю. Праўда, i ў Клецку, i на рэспублiканскiм фiнале Святлане зноў дасталося «зачараванае» другое месца, але дух сапернiцтва ўжо прачнуўся. А самае галоўнае, дзяўчына зразумела, што пiсаць песнi i спяваць — гэта якраз яе справа. «Мама з таго часу ў мяне паверыла, вывозiла на розныя конкурсы. Пасля я паступiла ў Гродзенскае музычна-педагагiчнае вучылiшча на музычнае аддзяленне, дзе педагогi таксама заўважылi нейкiя мае схiльнасцi i здольнасцi, пачалi вучыць правiльна спяваць. Адтуль трапiла на конкурсы i фестывалi iншага ўзроўню: гэта i «Зорная ростань» з выхадам на «Славянскi базар», i Маладзечна, i Мiнск... Толькi дзякуючы гэтым выступленням мяне заўважыў паэт-песеннiк Барыс Асмалоўскi i запрасiў працаваць сюды, у Мiнск, у дзiцячую студыю», — расказвае Святлана. Насамрэч, мне здаецца, яна крыху хiтруе ў аповядзе, «з чаго ўсё пачалося». Бо якiм бы значным нi было другое месца, але адлiк трэба весцi з першай перамогi. Для Святланы такой перамогай стала Гран-пры гродзенскага фестывалю «Песня над Нёманам». На многiх конкурсах месцы размяркоўваюцца загадзя — па назiраннях за выканаўцамi на рэпетыцыях. А Святлана да апошняга не раскрывала карты i «выбухнула» толькi на самiм канцэрце, перад гледачамi. У вынiку ўзяла Гран-пры. (З першага месца на гродзенскiм фэсце, дарэчы, пачалiся i гiсторыi поспеху многiх iншых выканаўцаў — Галiны Шышковай, Таццяны Глазуновай, Дзмiтрыя Качароўскага.) ...Пасля заканчэння вучылiшча яна выйшла замуж i, насуперак усiм патрыярхальным традыцыям, муж згадзiўся паехаць разам са Светай, каб пакарыць сталiцу. Пасля двух гадоў працы Вiктар Вуячыч прапанаваў Святлане перайсцi ў фiлармонiю — зноў у парушэнне традыцый, на гэты раз —бюракратычных (трапiць без прапiскi ў дзяржаўную канцэртную ўстанову было амаль нерэальна). Яшчэ праз нейкi час Святлана трапiла ў студыю «Сябры», i яе спявачка лiчыць сваёй сапраўднай кузняй, у якой яна праходзiла загартоўку каля 5 гадоў. — Калi я адчула, што магу i павiнна рухацца далей самастойна, вырашыла пачаць сольную кар’еру, — тлумачыць Святлана свой пераход на «вольны хлеб». Зрэшты, i тут яна не засталася ў адзiноце, бо працуе з цэлай камандай прафесiяналаў. Скажам, кампазiтар i аранжыроўшчык Сяргей Сухамлiн дапамагае з музычным аздабленнем будучых хiтоў — на працягу года тандэм Святлана—Сяргей збiраецца выпусцiць кампакт з сапраўды якаснымi песнямi. А галоўным прадзюсарам i першым слухачом i крытыкам для Святланы дагэтуль застаецца муж. — Як у цябе складваюцца стасункi з радыёстанцыямi — цяжка «прабiць» у эфiр сваю песню, альбо з увядзеннем 75-працэнтнай квоты айчынных выканаўцаў толькi паспявай прыносiць новыя кампазiцыi? — Праўду кажучы, я нiколi раней не iмкнулася спецыяльна, каб мае песнi круцiлiся на радыё. Як я зараз разумею, гэта было вялiкiм глупствам. А так... Ведаеш, калi чалавеку чагосьцi не даюць, ён абавязкова хоча гэта атрымаць. Напрыклад, на «Рускае радыё» прымаюць толькi «фармат». Я года паўтара таму прынесла Антону Славiну песню, ён яе слухаў; як чалавек культурны, мяне напрамую не адпраўляў, але тлумачыў, што гэта не падыходзiць, а вось гэта нефармат... I я пачала шукаць людзей, якiя б дапамаглi зрабiць песнi ў «фармаце». Калi мы пачалi супрацоўнiчаць з Сяргеем Сухамліным, я зноў занесла песню на «Рускае радыё», праз два днi патэлефанавала i пачула, што песня спадабалася i з гэтага дня яе пачнуць круцiць. Гэты бар’ер быў пераадолены, i тады мы занеслi запiсы на ўсе станцыi, якiя ёсць у Мiнску. Зараз ужо тры-чатыры кампазiцыi рацiруюцца — значыць, мы ўсё ж трапiлi ў патрэбную плынь. — Дарэчы, для цябе «фармат» — гэта ў першую чаргу што? Тэхнiчны ўзровень, якасць, манера выканання? — Я нядаўна пачала глыбока ўнiкаць у гэта пытанне, кансультавацца са спецыялiстамi i зразумела вось што. Раней я прыносiла кампакт цi мiнi-дыск, заганяеш у камп’ютар музыку i проста запiсваеш наверх свой голас — «склейваеш» гучанне. А насамрэч трэба кожную партыю кожнага iнструмента падганяць пад голас, запiсваць гэта ўсё разам па трэках. Калi навучышся слухаць, адчуваеш каласальную рознiцу. I калi ты ўжо аднойчы трапiў у гэты фармат, у гэты стандарт якасцi, то апускацца нiжэй проста сам сабе не дазволiш. Штосьцi падказвае Сяргей, якi можа праслухаць песню i адразу беспамылкова заявiць: «Не пакоцiць!». Хоць канчатковы выбар робiць i ацэнку дае, зразумела, слухач. Я лiчу, што яшчэ не напiсала такую суперпесню, якую б хацелася слухаць людзям розных узростаў i сёння, i заўтра, i праз 10 гадоў. — А яны ўвогуле ёсць, такiя песнi? — Канешне. Для кожнага свае... Напрыклад, для мяне ўзорам з’яўляюцца песнi з кiнафiльма «Iронiя лёсу, або З лёгкай парай!». З нашай эстрады — «Жураўлi на Палессе ляцяць» цi «А я лягу, прылягу» «Сяброў». Я, дарэчы, вельмi многаму навучылася ў Анатоля Ярмоленкi, пакуль працавала з ягонай студыяй. — I зараз у цябе будзе магчымаcць прымянiць гэтыя веды на практыцы... Раскажы больш падрабязна пра сваю канцэртную праграму, якая зараз рыхтуецца. — Гастролi пачнуцца ў маi. Спачатку мы паедзем па буйных гарадах, абласных цэнтрах, пасля — пабачым, якiя паступяць прапановы з iншых населеных пунктаў. У праграму (яе рабочая назва «Не плач») увойдуць i старыя, i новыя песнi, бо я спадзяюся, што на мае канцэрты будуць прыходзiць людзi розных узростаў, ад 15 гадоў i старэй, таму яны павiнны быць цiкавыя ўсiм. Аднойчы да мяне ў грымёрку прыйшоў мужчына з вялiзным букетам i сказаў, што ў адной з песень «пазнаў» сваю гiсторыю. Калi людзi будуць знаходзiць у маiх песнях нешта для душы, для сэрца — гэта, я лiчу, самы лепшы варыянт. ...Следам за канцэртамi — у жыццi, у адрозненне ад казкi, усё павiнна адбывацца крок за крокам, паступова, а не вокамгненна — плануецца выпусцiць дыск. Арыенцiровачна гэта адбудзецца напрыканцы года. На песню, якую найбольш упадабаюць слухачы, напэўна, будзе зняты клiп (праўда, i пра гэты момант Света гаворыць асцярожна, не будуючы напалеонаўскiх планаў: «паглядзiм, якая будзе рэклама, як людзi адрэагуюць»). А там... Хто ведае? Шоу павiнна працягвацца. Нездарма ў спалучэннi «шоу-бiзнэс» для Святланы найбольш важная першая частка — шоу. «Калi скажуць, што я больш нiколi не буду спяваць, выступаць, я проста загiну, — кажа Святлана. — Бо жывыя канцэрты, на якiх ты сустракаеш новых сяброў, абменьваешся са слухачамi эмоцыямi, энергiяй, нiшто i нiколi не заменiць. Гэта важней за любыя грошы». ...Не падумайце, тут наша казка не завяршаецца. Проста на дадзены момант з Папялушкi Света Яфiмчык ператварылася хутчэй у хросную чараўнiцу i ўзяла «на выхаванне» перспектыўную дзяўчынку Дашу — магчыма, будучую зорку. Света i тут у прагнозах асцярожная: «Думаю, у яе вельмi добрая будучыня, бо ўсе дзецi, з якiмi я займалася — i «Верасяты», i Вiкторыя Алешка, i Саша Салавейчык — з усiх нешта атрымлiваецца».
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Казка пра Папялушку без добрай чараўнiцы i хрустальнага пантофлiка
|
|