21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

ВЯЛІКІ ДЗЕНЬ – ВЯЛIКДЗЕНЬ

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Цi ведаеце вы, што ў светлую велiкодную ранiцу, першую ранiцу галоўнага хрысцiянскага свята, «сонца грае»? У Беларусi, ва ўсякiм разе, вам пра гэта раскажа калi не першы стрэчны, то большасць мясцовых жыхароў. Што гэта значыць? У нас лiчаць, што ў гэты дзень Хрыстова Уваскрэсення радуецца нават нябеснае свяцiла. I таму ўстае з﷓за гарызонта яно па-асаблiваму — распускаючы вакол сябе радасныя блiкi, нiбы пасылаючы зямлi светлыя ўсмешкi, яно лёгенька ўздрыгвае ў свiтальнай смузе... Вы думаеце, гэта ўражлiвыя беларусы прыдумалi? Зусiм не. Ваша пакорная слуга таксама сумнявалася. Пакуль 90-гадовая бабуля не разбудзiла мяне аднойчы на свiтанку словамi: «Хрыстос уваскрэс!» i не прымусiла выйсцi разам з ёй на выган за агародамi — там на гарызонце ўжо вiднелася шырокая аранжавая паласа — свяцiла рыхтавалася паказацца. Вы не паверыце — яно сапраўды «зайграла»! Узышло i калыхалася над самой зямлёй — як мячык на вадзе пры лёгкiм ветрыку — нiбы танцуючы павольны i ўрачысты танец. Гэты цуд доўжыўся ўсяго некалькi хвiлiн, потым сонца спынiлася i стала такiм, як заўсёды, але ўражанне засталося. А бабуля, памятаю, тады ўздыхнула з палёгкай i вымавiла: «Бачыш, Бог нас любiць. Год будзе сыты i спакойны...».

З тых часоў мiнула ўжо гадоў дзесяць, няма ўжо ў жывых маёй бабулi... Кожны год перад Вялiкаднем я даю сабе слова, што вось цяпер-та на свiтанку я абавязкова схаджу на тое месца, дзе мы сустракалi сонца, каб убачыць яшчэ раз яго танцуючым над самай зямлёй. Але нi разу так i не схадзiла. Шчыра: баюся, што нiчога не адбудзецца, нiчога не ўбачу. Дарослы разважны чалавек ува мне проста баiцца расстацца з юнацкiм адчуваннем цуду, якога, можа, i не было зусiм, якое прыдумалася, падалося ў ранiшняй соннай цiшынi. Але жыве дзесьцi ў глыбiнi падсвядомасцi iншы чалавек — нашчадак дзесяткаў пакаленняў, жыўшых на гэтай зямлi, якiя цесна пераплялi ў сваёй свядомасцi хрысцiянскую культуру i народную. I ён-та баiцца iншага: калi сонца не «зайграе» — гэта нядобры знак для яго самога, для яго роду... I я не ведаю, страхам каго з гэтых дваiх, што жывуць ува мне, я кiруюся больш, калi ў велiкодную ранiцу не магу прымусiць сябе паглядзець на свiтанак...

Беларусы называюць Пасху «Вялiкдзень». Вучоныя лiчаць, што нават у назве адбiлася тое самае перапляценне хрысцiянскага i язычнiцкага, народнага. Культуры, здавалася б, у многiм узаемавыключныя, злiлiся ў адну — беларускую традыцыйную, у якой i выхоўвалiся многiя пакаленнi. Вялiкдзень для нас — гэта i свята Уваскрэсення Збавiцеля (дзень сапраўды вялiкi), але гэта i свята Сонца, якому пакланялiся старажытныя продкi. Якраз у гэты час яно «паварочвае на вясну», дзень становiцца большым — «вялiкiм»...

Як бы там нi было, Вялiкдзень — гэта заўсёды радасць i свята. Веры i Вясны. Дзяцiнства. Бо яго ж у нас адзначалi заўсёды, нават у часы «ваяўнiчага атэiзму». Як нi старалiся iдэолагi i прапагандысты, а ў суботу напярэдаднi свята паветра ў вёсцы проста было настоена на паху кулiчоў (у нас iх называюць проста «булкi») i варанага ў прыправах мяса (лепшыя яго кавалкi гаспадынi захоўваюць з зiмы, мяса i свежанацёрты хрэн, прыпраўлены для колеру бурачным сокам, — адзiн з галоўных элементаў беларускага велiкоднага стала, такi ж як булкi i пiсанкi).

Пiсанкi — гэта асобная гiсторыя, а ўжо якая прыгажосць! Можна, канешне, пафарбаваць яйкi ў настоi цыбульнага шалупiння ў залацiста-чырвоны колер, але гэта ж сумна. А вось калi перад тым, як класцi яйкi фарбавацца, намаляваць на iх расплаўленым воскам мудрагелiстыя ўзоры, кветкi, птушак цi лiтары «Х В» прыгожа напiсаць... А потым, ужо з гатовых, пафарбаваных, гэты воск сцерцi — узоры ж на чырвоным белымi застануцца. Традыцыя такiм чынам размалёўваць яйкi таксама дасталася нам ад продкаў. У дахрысцiянскi перыяд яны лiчылiся сiмвалам абуджэння прыроды, жыцця...

Зрэшты, тыя, хто потым гэтымi пiсанкамi пачынае гуляць «у бiткi», асаблiва не задумваюцца, з якой традыцыi дайшлi да нас i самi пiсанкi, i гэта гульня. Тут галоўнае — сабраць як мага больш «трафеяў». Гэта я, канешне ж, ужо пра нядзельны, святочны дзень расказваю. Пасля ранiшняга застолля, на якiм усе ад душы разгаўляюцца, дзе штосьцi (няхай нават усяго толькi соль) абавязкова асвечана перад Вялiкаднем у царкве, пачынаецца гульня, у якую з азартам уцягваюцца нават бабулi i дзядулi. Бiткi — цэлая навука. На падлогу ставiцца паверхня пад нахiлам (напрыклад, вялiкая днушка, прыўзнятая з аднаго боку). Кожны атрымлiвае свой «снарад» — пiсанку. Задача: запусцiўшы яе па днушцы, зачапiць чый-небудзь «снарад», якi запушчаны раней i ляжыць цяпер на падлозе. Зачэпiш — трафей твой. У рэшце рэшт усе пiсанкi аказваюцца ў аднаго, самага трапнага i ўдалага. I тут жа ўсёй кампанiяй дружна з’ядаюцца, таму што з усiх «снарадаў» наўрад цi знойдзецца хоць бы адзiн з цэлай шкарлупiнай...

А блiжэй да вечара iдуць па вёсках (ды i, здараецца нярэдка, па гарадскiх кватэрах) «валачобнiкi» — натоўп вясёлых, маладых (i не толькi) людзей. Вiтаючы гаспадароў трохразовым «Хрыстос уваскрэс!», яны заводзяць «валачобную» песню: «Добры вечар, пане-гаспадару! Хрыстос васкрэс на ўвесь свет»... У гэтым нярэдка вельмi доўгiм народным меладычным рэчытатыве — пажаданнi ўсяго найлепшага дому i яго гаспадарам: багацця, здароўя, шчасця. Гаспадары, канешне, у даўгу не застаюцца, i ў мяшок валачобнiкаў кладуцца каўбасы, пiсанкi, булкi, «моцныя напоi». Сiлкуючыся на хаду, вясёлая кампанiя iдзе да наступнага ветлiва расчыненага акна, каб зноў пажадаць добрым людзям багацця i здароўя...

«На Вялiкдзень сонца йграе...». Дзiўна, але мы да цяперашняга часу ў гэта верым. Гэтаксама як i ў тое, што ўспыхне, як ужо амаль дзве тысячы гадоў, свяшчэнны агонь у Iерусалiме. Гэтаксама як i ў тое, што Бог нас любiць, а значыць, год будзе спакойным i багатым.

Эмiлiя ШЭЛЕСТ.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Цi ведаеце вы, што ў светлую велiкодную ранiцу, першую ранiцу галоўнага хрысцiянскага свята, «сонца грае»? У Беларусi, ва ўсякiм разе, вам пра гэта ра
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика