21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Памяць з вострава Зыслаў

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

РЭПАРТАЖ З КОЛАЎ

9 мая. Дзень Перамогi. Радасць са слязамi на вачах... Парады i прамовы, святочныя шэсцi i ўскладаннi кветак. А яшчэ гэта (можа, нават у першую чаргу) памяць. Агульная памяць аб кожным трэцiм, хто не вярнуўся з франтоў, партызанскiх атрадаў, спаленых вёсак Вялiкай Айчыннай. Памяць аб уласных бацьках i дзядах. А для нас, «звяздоўцаў», — яшчэ i памяць аб тых людзях, якiя не спынялi выхад газеты нават ва ўмовах фашысцкай акупацыi, палымяным словам натхняючы на гераiчныя справы. Вось чаму паездка на востраў Зыслаў у Любанскiм раёне стала для нас не проста экскурсiяй у мiнулае, але i святым абавязкам... 8 мая на легендарным партызанскiм востраве адбылося раённае свята ў гонар 60-годдзя Перамогi.

Чым жа яно знакамiтае, гэтае месца, якое ў гады Вялiкай Айчыннай сапраўды было пясчаным востравам сярод непралазнай багны, а зараз стала мемарыяльным комплексам? Не толькi i не столькi тым, што за ўсю вайну сюды нiводнага разу не прайшлi фашысты. На востраве доўгi час базiраваўся Мiнскi падпольны абкам КПБ i штаб партызанскага злучэння. 3 1942 года на Зыславе працаваў партызанскi аэрадром, якi наладзiў сувязь беларускага супрацiўлення з «вялiкай зямлёй». У 1943—44 гг. тут выдавалiся ў падпольных друкарнях газеты «Звязда», «Чырвоная змена», «Клiч Радзiмы». У вёсцы Загалле непадалёк ад вострава дзейнiчала самая сапраўдная партызанская школа. Таму не дзiва, што сёння востраў ведаюць i старыя, i малыя, i нават у «пазаюбiлейны» час сюды не зарастае народная, у сэнсе экскурсiйная, сцежка. Сёлета, акрамя жыхароў Беларусi, Зыслаў наведалi дэлегацыi з Санкт-Пецярбурга i Нiжняга Ноўгарада.

— У гэтым годзе мы вырашылi стварыць на Зыславе выстаўку ваеннай тэхнiкi пад адкрытым небам, — расказвае старшыня Любанскага райвыканкама Валерый Грыбанаў. — Ужо ўсталявалi адзiн танк IС («Iосiф Сталiн») 38-га года выпуску, вельмi рэдкi.

Iдэю стварыць музей-экспазiцыю раённай адмiнiстрацыi, мiж iншым, падказалi падлеткi, якiм было цiкава не толькi паглядзець на помнiк, стэлу i стылiзаваныя зямлянкi, але i памацаць уласнымi рукамi жалезных «сведкаў i ўдзельнiкаў» вайны. Дзецi таксама ўзялi самы актыўны ўдзел у добраўпарадкаваннi тэрыторыi вострава, якi ў перспектыве стане зонай адпачынку для любанцаў i гасцей раёна.

Адзiн з мясцовых ветэранаў, Мiхаiл Марганаў, калi даведаўся аб iдэi стварэння музея тэхнiкi пад адкрытым небам, прыгадаў, што некалi падчас адступлення яго артылерыйскi разлiк закапаў пад вёскай Баянiчы гармату са снарадам (праўда, папярэдне «падкарэкцiраваўшы» зброю, каб вораг ёю не скарыстаўся). Сёлета паклiкалi сапёраў з металашукальнiкамi, абследавалi наваколле — у адным месцы прыбор празвiнеў. Так што пасля святкавання 60-годдзя Перамогi раённыя ўлады пры дапамозе вайскоўцаў пачнуць праводзiць раскопкi ў пошуках гарматы.

...Перш чым выехаць на Зыслаў, дзе павiнен адбыцца мiтынг-рэквiем з удзелам ветэранаў вайны, кiраўнiцтва абл- i райвыканкама, жыхароў Любанi, паспяваем яшчэ паглядзець дакументальна-мастацкую выстаўку. Першая яе частка, якая змяшчае фотаздымкi i дакументы, расказвае аб падзеях апошняга перыяду вайны, i ўраджэнцах Любаншчыны, прайшоўшых праз тыя баi. На iншых стэндах — дзiцячыя малюнкi «пераможнай» тэматыкi. Большая частка матэрыялаў, дарэчы, сабраная ўнукамi i праўнукамi герояў-любанцаў, фота якiх змешчаны на стэндах. Многiх салдатаў i афiцэраў, на жаль, ужо няма сярод жывых...

Надвор’е адпавядае настрою: бясконцы, хоць i дробны, дождж пагражае калi не сарваць, то «падмачыць» свята. Нашчадкi партызанаў (на тэрыторыi раёна дзейнiчалi 35 атрадаў колькасцю больш за 6000 чалавек) вырашаюць не здавацца, толькi крыху скарацiць святочную праграму. Дождж нiбыта разумее, што з гэтымi людзьмi не паспрачаешся, i за час мiтынгу пацiху перастае.

А свята iдзе сваiм ходам. На яго раённыя ўлады прывезлi 104 ветэранаў Любаншчыны, (усiх, хто мог хадзiць, яшчэ больш за 200, на жаль, ужо фактычна прыкаваныя да ложкаў). Людзей сапраўды шмат. Што прыемна, шмат моладзi i дзяцей (падлеткаў вельмi зацiкавiла дэманстрацыя баявых адзiнаборстваў, якую праводзяць на спецыяльна пабудаванай пляцоўцы юныя спартсмены, а вось iх бацькi i дзяды ўважлiва сочаць за тэатральна-музычнай кампазiцыяй «Зыслаў — востраў славы партызанскай»). Кветкi да помнiкаў ускладаюць усе разам. I ўсе разам смуткуюць i радуюцца, пакуль самадзейныя артысты «гартаюць» ваенныя старонкi.

...Ганаровы грамадзянiн Любанi, доктар тэхнiчных навук, выкладчык Беларускага тэхналагiчнага унiверсiтэта Аляксандр Матвейка, чый бацька ваяваў у гэтых краях, пачатку вайны выразна не памятае — у 1941-м яму iшоў толькi дванаццаты год. Затое добра памятае, калi i як прыйшла вестка аб вызваленнi:

— У бацькi было 8 дзяцей, я самы старэйшы. Дзякаваць Богу, усе прайшлi вайну i засталiся жывымi. Вёску, дзе мы жылi, вызвалiлi цi то 22, цi то 24 чэрвеня. Памятаю, прыехалi зусiм маладыя салдаты, гадоў па 17—18, i сказалi: усё, вы свабодныя, а мы пойдзем далей. Уся вёска высыпала на вулiцу i крычала «Ура!»...

Сёлета на тым месцы, дзе калiсьцi стаяла родная вёска Аляксандра Матвейкi Савалуцк, якую спалiлi фашысты, будзе ўсталяваны памятны знак. Аляксандр Пятровiч спадзяецца да гэтай падзеi сабраць разам усю сям’ю, выклiкаўшы братоў i сясцёр, пляменнiкаў i ўнукаў з розных куткоў былога Саюза.

...Дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу Iван Семяненя на маё пытанне, цi ўдалося свята, шырока ўсмiхаецца:

— Уражаннi самыя лепшыя, бо ў цэнтры ўвагi застаецца чалавек з яго паўсядзённымi клопатамi, наш «залаты фонд» — ветэраны, якiя падарылi нам 60 гадоў мiрнага жыцця i дагэтуль застаюцца жывым прыкладам мужнасцi i гераiзму. Усiм працаўнiкам Любанскага раёна хачу сказаць дзякуй за тое вялiкае свята, якое яны падрыхтавалi для ветэранаў!

У сям’i Iвана Семяненi таксама ёсць уласная традыцыя адзначаць Дзень Перамогi. З 16 чалавек, якiх яго дзед выправiў на вайну, жывы вярнуўся толькi адзiн — i тое толькi таму, што не паверыў прымеце — «снарад двойчы ў адну варонку не трапляе». Таму зараз штогод унукi i праўнукi збiраюцца за адным сталом i прыгадваюць iх — тых, хто не вярнуўся...

Жывая легенда i адзiн з галоўных герояў свята — Сцяпан Тамашавiч Карнееў, колiшнi камандзiр Баянiцкага партызанскага атрада. Гаварыць i нават хадзiць самастойна ветэрану ўжо цяжкавата, але ад iнтэрв’ю ён не адмаўляецца:

— Я ж чалавек балотны, мог хадзiць па сакрэтных сцяжынках на востраў, а «нетутэйшыя» ўсё мучылiся, жартавалi, што я iх завяду, як Сусанiн... Усё ж сабралiся пакрысе з розных раёнаў людзi, iншы раз прыходзiлi да мяне з запiскай «Знайсцi Карнеева», я пытаюся: адкуль вы мяне ведаеце, а яны кажуць, маўляў, парэкамендавалi надзейныя таварышы. Спачатку быў атрад, пасля брыгада, пасля ўзбуйнiлiся да злучэння, прыехаў сюды Васiль Казлоў, якi ўжо дапамог кiраваць...

Першай i самай галоўнай задачай, прыгадвае Сцяпан Тамашавiч, было не дапусцiць панiкi сярод насельнiцтва. Другая — пазбегнуць стыхiйнасцi ў барацьбе з акупантамi i наладзiць сувязь з Масквой. I тое, i другое Карнееву, якi да вайны быў старшынёй сельсавета, удалося выдатна. Пра аўтарытэт «балотнага чалавека» нават показкi хадзiлi. Скажам, прыехалi ў вёску фашысты, прызначылi старасту, набралi палiцаяў... А на наступны дзень прыехаў старшыня сельсавета Карнееў i ўласным словам ад iмя савецкай улады паадмяняў усе загады немцаў, старасту змясцiў, а палiцаям даў паўгадзiны на роздум: альбо iсцi ў партызанскi атрад, альбо знiкнуць з ягоных вачэй назаўжды...

Слухаюць Карнеева i зараз, уважлiва, лiтаральна знерухомеўшы. Бо такiх песень, такiх успамiнаў, такой дэталёвай хронiкi больш нiдзе не пачуеш. Праз 20 дзён партызанскi камандзiр адзначыць свой 93-i дзень нараджэння, i любанскiя ўлады ўжо далi абяцанне наведаць яго, рыхтуюць адмысловы падарунак ад выканкама.

...Ганаровымi гасцямi на свята прыехалi дзве дачкi Васiля Казлова, сакратара Мiнскага падпольнага абкама КПБ i начальнiка штаба партызанскага злучэння Мiнскай вобласцi, а ў пасляваенныя гады (з 1948-га) — старшынi Прэзiдыума Вярхоўнага Савета БССР. Старэйшая, Вольга Васiльеўна, прывезла любанцам не толькi словы цеплынi i падзякi ад сябе — «за тое, што бераглi бацьку», але i памятныя падарункi: юбiлейны медаль, кнiгу Васiля Казлова i зборнiк «Наша Перамога», куды i сама напiсала некалькi артыкулаў.

Тамара Васiльеўна Казлова прыгадала, што бацька адшукаў iх толькi ў 42-м годзе i забраў сям’ю з Башкiрыi ў Маскву. Практычна да вызвалення Беларусi дзецi пражылi ў гасцiнiцы «Масква». Тамара, як малодшая, гарэзiла, часам ледзь не даводзячы навакольных да сардэчных прыступаў. Адной з любiмых гульняў было — бегаць на 12-ы паверх, а адтуль па вузенькiм карнiзе — на дах гасцiнiцы, дзе стаялi зенiткi. Зразумеўшы, што змагацца з Тамарай бескарысна, мацi накiравала яе энергiю «на мiрныя мэты». Ужо блiжэй да Перамогi гарматы на даху не толькi стралялi па ворагу, але i салютавалi ў гонар вызвалення таго цi iншага горада. Маленькую Тамару дарослыя, якiя знаходзiлiся ў трывожна-радасным чаканнi, штодня адпраўлялi да зенiтчыкаў даведацца, будзе сёння салют цi не. З таго часу ў сям’i захаваўся жарт «аб тым, як Тома гарматамi камандавала»...

На Зыслаў сёстры Казловы змаглi прыехаць толькi пасля смерцi бацькi, тут пазнаёмiлiся з некаторымi ягонымi баявымi сябрамi. I «прыкiпелi» да Любаншчыны, якая працягвае ўшаноўваць памяць Героя Савецкага Саюза: у студзенi заснаваны штогадовы пераходны раённы прыз яго iмя для лепшых хлебаробаў, зусiм нядаўна вырашылi назваць адну з вулiц горада ў гонар Васiля Казлова.

Зрэшты, пра ўсё i пра ўсiх, хто «родам з вострава Зыслаў», не раскажаш, нават калi зарэзерваваць цэлую газетную паласу. Бо памяць аб падзеях Вялiкай Айчыннай нарадзiлася больш як шэсцьдзесят гадоў таму. I не знiкне (хочацца верыць), пакуль жыве хоць адзiн нашчадак падпольшчыкаў i партызанаў, салдатаў i працаўнiкоў тылу...

Вiкторыя ЦЕЛЯШУК,

востраў Зыслаў—Мiнск.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
9 мая. Дзень Перамогi. Радасць са слязамi на вачах... Парады i прамовы, святочныя шэсцi i ўскладаннi кветак. А яшчэ гэта (можа, нават у першую чаргу)
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика