Без рэгiстрацыi зямлi нерухомасцi не бывае
Сяргей КУРКАЧ
На пытаннi чытачоў газеты «Звязда» адказвае старшыня Камзема Георгiй Кузняцоў
(Працяг. Пачатак у нумарах ад 29, 30 красавiка i 3—5 мая.) — У 1973—1974 гг. мы пабудавалi гаспадарчыя пабудовы на беразе возера Нарач у вёсцы Баравыя. Будаваць гэтыя хлеўчукi нам дазволiла адмiнiстрацыя санаторыя «Баравое». Усё было добра 30 гадоў, але сёлета ў сакавiку нам аб’явiлi маральную i матэрыяльную «вайну». Нас аштрафавала раённая экалагiчная служба за тое, што нiбыта мы самавольна ўсё гэта будавалi, i патрабуюць нейкiя дакументы. Цi маем мы права афiцыйна атрымаць свае зямельныя ўчасткi пад гаспадарчымi пабудовамi для вядзення асабiстай падсобнай гаспадаркi ў вёсцы Баравыя? Якi iснуе тэрмiн даўнасцi карыстання зямлёй? Цi мела права раённая экалагiчная служба нас штрафаваць згодна з 30-гадовымi данымi? С.Кiшкурна ад iмя 19 сем’яў вёскi Баравыя, Мядзельскi раён. — Гаспадарчыя пабудовы, аб якiх iдзе гаворка ў лiсце спадара Кiшкурна, знаходзяцца на тэрыторыi Нацыянальнага парку «Нарачанскi», якi быў створаны з мэтай захавання унiкальных прыродных комплексаў i з’яўляецца асаблiва ахоўваемай тэрыторыяй Рэспублiкi Беларусь. Гаспабудовы былi ўзведзены ў 1973—1974 гг. толькi з дазволу санаторыя «Баравое» пры парушэннi заканадаўства грамадзянамi, якiя пражываюць у двухпавярховых дамах на тэрыторыi санаторыя. У сувязi з тым, што гэтыя пабудовы ўтрымлiваюцца ў антысанiтарным стане, у тым лiку i прылеглая да iх тэрыторыя, то iнспекцыя прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя мае права прад’яўляць прэтэнзii i штрафныя санкцыi да асоб, якiя дапусцiлi забруджванне навакольнага асяроддзя i лесу будаўнiчымi i бытавымi адходамi. Дзяржаўнай праграмай экалагiчнага аздараўлення возера Нарач на 2005—2008 гг., зацверджанай Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 14 лютага 2005 года № 71, прадугледжаны мерапрыемствы па паляпшэнню санiтарнага стану ўсяго вадазбору, у тым лiку i знос старых пабудоў. Паводле звестак Мядзельскага райвыканкама, куды грамадзяне звярталiся з падобным пытаннем, гэтыя пабудовы, згодна з артыкулам 223 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь, прызнаныя самавольнымi. Асоба, якая ажыццяўляе самавольнае будаўнiцтва, не атрымлiвае на пабудову права ўласнасцi. Рашэнне аб прыняццi яе ў эксплуатацыю i яе рэгiстрацыi ва ўстаноўленым парадку з выдзяленнем зямельнага ўчастка цi аб яе зносе прымаецца органамi мясцовага кiравання i самакiравання, у дадзеным выпадку — Мядзельскiм райвыканкамам. Пры гэтым у памянёным артыкуле не ўказваецца магчымасць абавязковага выдзялення зямельнага ўчастка для абслугоўвання пабудоў, зыходзячы з тэрмiну даўнасцi iх будаўнiцтва. Паведамляем, што 21 красавiка 2005 года па iнiцыятыве Мядзельскага райвыканкама адбыўся сход зацiкаўленых бакоў па гэтаму пытанню, на якiм грамадзян праiнфармавалi аб неабходнасцi зносу гэтых гаспадарчых пабудоў. Старшынi Нарачанскага сельсавета даручана вырашыць пытанне аб магчымасцi прадастаўлення грамадзянам зямельных участкаў для будаўнiцтва гаспадарчых пабудоў на новым месцы ў адпаведнасцi з заканадаўствам. — Памёр муж, з якiм усё жыццё пражыла ў адным доме ў вёсцы. Зараз трэба ўступаць ў правы на спадчыну. Чаму неабходна плацiць столькi грошай, каб усё гэта аформiць? Алена БЫЧКО, Карэлiцкi раён. — У адпаведнасцi з артыкулам 131 Грамадзянскага кодэкса Рэспублiкi Беларусь права ўласнасцi на нерухомую маёмасць, яго ўзнiкненне, пераход i спыненне падлягае дзяржаўнай рэгiстрацыi ў спецыяльна ўпаўнаважаных на гэта органах. Распараджацца нерухомай маёмасцю, у тым лiку жылым домам, можа толькi ўласнiк, у якога зарэгiстраваны правы на канкрэтную нерухомую маёмасць. Паколькi жылы дом не зарэгiстраваны на ваша iмя, то вы i не можаце юрыдычна i фактычна з’яўляцца яго ўласнiкам, пакуль не аформiце ў вызначаным парадку свае правы на яго. Згодна з Законам аб рэгiстрацыi, за тэхнiчную iнвентарызацыю нерухомай маёмасцi, прадастаўленне розных даведак, правядзенне рэгiстрацыйных дзеянняў, дачу прававых кансультацый па ажыццяўленню рэгiстрацыйных дзеянняў, аказанне прававых i тэхнiчных паслуг, звязаных з дзяржаўнай рэгiстрацыяй нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю, бярэцца плата. Iльготы па аплаце работ i паслуг, звязаных з дзяржаўнай рэгiстрацыяй нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю, прадугледжаны толькi для грамадзян — удзельнiкаў Вялiкай Айчыннай вайны. Для ветэранаў прадугледжана 30-працэнтная скiдка на ўсе вiды рэгiстрацыйных работ. Больш таго, пры аплаце вышэйназваных паслуг з фiзiчных асоб не бярэцца падатак на дабаўленую вартасць. — Жыву ў сельскай мясцовасцi ў Пухавiцкiм раёне, але прапiсана ў Мiнску. У свой час купiла палову дома ў вёсцы. У 1994 годзе пачала афармляць сваю частку дома ў прыватную ўласнасць. Усе дакументы ў БТI тады былi зроблены. Аднак зараз высветлiлася, што частка маiх пабудоў знаходзiцца на зямельным участку, якi належыць гаспадару другой паловы дома. Мясцовыя ўлады не ведаюць, як зараз правiльна аформiць маю нерухомую маёмасць, каб было магчыма яе прадаць. Куды мне звярнуцца па дапамогу? Зiнаiда Аляксандраўна, г. Мiнск. — Вашу палову дома з самага пачатку афармлялi няправiльна. Зямельны ўчастак трэба было выдзяляць пад увесь дом. Потым вы павiнны былi вызначыць парадак валодання або карыстання гэтым участкам. У вынiку вы атрымалi б долю зямельнага ўчастка ў пажыццёвае валоданне з правам перадачы ў спадчыну або ў прыватную ўласнасць. Што вам рабiць зараз? Вы са сваiм суседам мiрна жывяце? — Пакуль усё добра, але сусед не збiраецца выкупляць сваю зямлю, а я ўжо свой участак прыватызавала... — Выйсце ёсць. Вам трэба адмовiцца ад прыватнай уласнасцi на гэты ўчастак зямлi. Далей пiшыце заяву аб тым, каб улады прадаставiлi ўвесь участак зямлi вам i вашаму суседу для абслугоўвання жылога дома. Вось у гэтым рашэннi кожнаму ўладальнiку паловы дома будзе выдзелена адпаведная доля зямельнага ўчастка. На падставе гэтага вам аформяць дзяржакт на ўвесь участак, дзе ў дакуменце вам акрэсляць долю зямельнага ўчастка. Аднак, сельскi Савет у сваiм рашэннi павiнен вызначыць парадак карыстання зямельным участкам. Пасля гэтага вашу нерухомасць магчыма рэгiстраваць, а потым прадаваць. — З мужам жывём у сваiм доме. Пачула, што ўсё зараз рэгiструюць, а ў нас, акрамя дамавой кнiгi, нiчога больш няма. Што трэба рабiць i колькi гэта будзе каштаваць? Таццяна ВIШНЕЎСКАЯ, г.п. Круглае, Магiлёўская вобласць. — Вам трэба наведаць у Горках фiлiял агенцтва па дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi. Спецыялiсты дапамогуць вам напiсаць адпаведныя заявы на выкананне ўсiх работ па вырабу дзяржакта на зямлю i тэхпашпарта дома i iншых пабудоў. У сельскай мясцовасцi ўся рэгiстрацыя нерухомай маёмасцi будзе каштаваць вам у межах 250 тысяч рублёў. (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў газеты «Звязда» адказвае старшыня Камзема Георгiй Кузняцоў |
|