Хто пакiне лазню апошнiм?
Iрына ПРЫМАК
Iснаванне лазневага спорту не вельмi здзiвiла: ёсць жа спаборнiцтвы сярод мужчын, якiя пераносяць на хуткасць сваiх жонак, футбол на балоце, падлiк птушак i г.д. Нарадзiўся гэты вiд у Фiнляндыi дзякуючы энтузiястам, якiя падлiвалi ваду ў парылцы. Першынство планеты пачалi праводзiць з 1999 года. У Беларусi новы вiд спорту прыжыўся амаль адразу: адкрыты чэмпiянат горада прайшоў у сталiцы ў 2001-м, краiны — у 2002-м. Стаць сведкамi сёлетняга прафесiйнага наведвання лазнi можна 28 мая ў вайсковай часцi на праспекце Незалежнасцi, 191, дзе ў 11 гадзiн стартуе 4-ы чэмпiянат Беларусi. Асноўнае месца правядзення лазневага спаборнiцтва — шасцiвугольнае памяшканне аб’ёмам 15 кубiчных метраў. Пераможцам становiцца той, хто з лiку шасцi фiналiстаў пакiнуў парылку апошнiм. Мiнiмальная тэмпература ў лазнi — 110 градусаў. Праз кожныя 30 секунд на каменку аўтаматычна вылiваецца паўлiтра вады.
Паводле слоў Вiктара Зелянко, галоўнага трэнера зборнай Беларусi па спартыўнай лазнi, сёлетняе першынство Мiнска сабрала каля 40 удзельнiкаў. Такiм чынам была створана каманда, якая прадставiць сталiцу ў чэмпiянаце краiны. Асноўнай праблемай развiцця лазневага спорту ў Беларусi Вiктар Казiмiравiч назваў псiхалагiчную падрыхтоўку i недахоп медыкаў у трэнiровачным працэсе. Быў нават выпадак, калi адна з удзельнiц, Валянцiна Уеўская, так хацела перамагчы, што правяла ў парылцы ажно 25 хвiлiн, а цеплавы ўдар пачынаецца з пятнаццацi. — Калi правiльна рыхтавацца i не шкодзiць здароўю, то назiраецца карысны эфект, — дзелiцца Наталля Трыфанава, двухразовая чэмпiёнка свету. — У мяне стаж парання 30 гадоў. З дзяцiнства падабаецца спякота. З мужам Сяргеем (ён з’яўляецца пераможцам чэмпiянатаў Беларусi, Украiны, СНД) далучылiся да гэтага спорту i праз нейкi час пачнём трэнiравацца разам са старэйшай дачкой: ёй пакуль 14 гадоў, а мiнiмальны ўзрост удзельнiкаў — 18. Лiчу, што лазня робiць маладзейшай, спрыяе знiкненню хранiчных захворванняў, здымае напружанне. Трэба толькi правiльна трэнiравацца, а не шкодзiць арганiзму.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Iснаванне лазневага спорту не вельмi здзiвiла: ёсць жа спаборнiцтвы сярод мужчын, якiя пераносяць на хуткасць сваiх жонак, футбол на балоце, падлiк пт |
|