21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

«МОЛОЧНЫЙ КУДЕСНИК» — ЧАРАЎНIК, ЯКI ЖЫВЕ РЭАЛЬНАСЦЮ

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Да нядаўняга часу Салiгорскi малочны завод перажываў не самы лепшы перыяд свайго iснавання. У прадпрыемства былi вялiкiя страты, яно фактычна «ляжала». Але за апошнiя некалькi месяцаў усё радыкальна змянiлася. На заводзе атрымалi першы за доўгi час прыбытак. Прадпрыемства пачало падымацца.

У чым жа сакрэт такiх перамен? Гэта мы i паспрабавалi высветлiць непасрэдна на самiм Салiгорскiм малочным.

«ЛЮДЗI ПРОСТА ПАЧАЛI ПРАЦАВАЦЬ»...

Першым, у каго мы спыталi пра сакрэт поспеху, быў дырэктар завода Iгар ЧУХЛЕЙ. Не толькi таму, што ён кiраўнiк, а яшчэ i таму, што станоўчая дынамiка на Салiгорскiм малочным пачалася iменна пасля яго прыходу. Якiя ж намаганнi трэба прыкласцi, каб за некалькi месяцаў выцягнуць «ляжачае» прадпрыемства?

— Якiя намаганнi? — здзiўлена перапытвае Iгар Уладзiмiравiч. — Проста людзi пачалi працаваць. Пераламаць тых, хто адвык гэта рабiць, даволi цяжка. Гэты пераломны перыяд усё яшчэ працягваецца, але пакрысе людзi пачынаюць разумець, што так лепш, яны бачаць, што было i што стала. Здаецца, што людзi паверылi i гатовы падтрымаць, а гэта вельмi важна. Складанасцяў вельмi многа. Завод iснуе з 1971 года, многае абсталяванне патрабуе мадэрнiзацыi i рамонту. Пакуль што мы спрабуем не жыць, а проста выжываць. Дзякуй мясцовай уладзе — Салiгорскiя рай- i гарвыканкам вельмi ў гэтым дапамагаюць. Удасца выжыць — значыць, будзем жыць. Дзеля гэтага i працуем.

— Вы ўжо атрымалi першы прыбытак — значыць, лiчы, выжылi...

— Першым прыбыткам пакуль хвалiцца не варта, мы лiчым, што толькi выйшлi на «нуль». I хоць гэта ўжо не «мiнус» — заспакойвацца рана. Гэта прадпрыемства можа жыць i акупляць сябе.

— Можна было б прыцягнуць iнвестараў, было б прасцей.

— Калi працаваць — можна жыць, не прыцягваючы iнвестараў. Прадаць завод нейкаму добраму дзядзьку цi багатаму прадпрыемству — гэта, можа, i выйсце. Але я лiчу, што мы здольныя выплыць самi i нiкому нiчога не будзем вiнны. Тут пра ўсiх людзей, што ў нас працуюць (а iх амаль каля трохсот чалавек), трэба памятаць.

— Новы кiраўнiк не можа працаваць без каманды. У вас яна ёсць?

— Каманда ўжо амаль створана. I яна працуе. Вынiкi, я спадзяюся, не прымусяць сябе доўга чакаць.

УСЯ СПРАВА Ў МАСЛЕ? НЕ ТОЛЬКI

Са Святланай НОВIК, галоўным эканамiстам завода, мы пачалi гутарку... з масла. Пры чым тут яно? Вельмi нават «пры чым».

— Асноўныя страты прадпрыемства цярпела з-за таго, што адгружала сыравiну на Слуцкi сыркамбiнат для вырабу масла на давальнiцкiх умовах, адзначае Святлана Адамаўна. — Атрымлiвалася, што палова закупленай сыравiны iшла на iншае прадпрыемства. А ўсё з-за таго, што на заводзе не было ўласнай лiнii па вытворчасцi масла. Такую лiнiю проста неабходна было адкрыць: тлушчы ж ад малака ў любым выпадку трэба перапрацоўваць. Асноўная частка масла iшла на рэалiзацыю за межы Беларусi, па мiнiмальных экспартных цэнах. Што i прынесла нам летась вялiкiя страты: увесь прыбытак ад рэалiзацыi астатняй прадуцыi «перакрыла» вельмi непрыбытковае масла.

Але ў канцы мiнулага года праблема пачала пакрысе вырашацца — на заводзе адкрылася ўласная маслалiнiя. Што дае значнае знiжэнне затрат i, адпаведна, сабекошту прадукцыi. Не магу сказаць, што масла сёння зусiм не прыносiць страт, але яны знiзiлiся на 500—600 тысяч рублёў з кожнай тоны прадукту. Гэта дазваляе паменшыць кошт iншай прадукцыi.

За студзень—красавiк гэтага года ад вырабу i рэалiзацыi прадукцыi наш завод атрымаў 27 мiльёнаў прыбытку. Вынік, нехта скажа, сцiплы, але калi ведаць, што за гэты ж перыяд мiнулага года прадпрыемства мела 318 мiльёнаў страт, — пагадзiцеся, ёсць з чым параўноўваць, ёсць што адзначаць. У чым прычына такога «скачка»? Паўплывала, канешне, i адкрыццё згаданай уласнай маслалiнii. А яшчэ з прыходам на завод новага кiраўнiцтва пачалася актыўная работа па дадатковаму знiжэнню затрат. Паступова сталi выплачваць крэдытныя запазычанасцi: пакуль прадпрыемства будзе ў даўгах, рухацца наперад складана. Мы сталi амаль заўсёды выкарыстоўваць свой транспарт для дастаўкi сыравiны на завод i гатовай прадукцыi — на месцы рэалiзацыi. Пачалi закупляць больш сыравiны — мы плацiм за яе жывыя грошы, але тут спрацоўвае закон эканомiкi: чым больш сыравiны, тым таннейшая прадукцыя. Актывiзавалася работа па рамонту i замене зношанага абсталявання: гэтыя затраты таксама з лiшкам акупяцца. Пашырэнне асартыменту таксама дало свой плён. А ўсё гэта дазваляе не павышаць цэны, што заўважаюць спажыўцы нашай прадукцыi.

Цi яшчэ паказальны прыклад. У Чырвонай Слабадзе ў завода быў сепаратарны цэх, якi па санiтарных патрабаваннях больш як год назад зачынiлi. Але застаўся будынак, засталося абсталяванне. Таксама страты — ад таго, што стаяць без справы. Цяпер там пачалi вытворчасць сухога заменнiка цэльнага малака. Вытворчасць i рэалiзацыя гэтага рэнтабельнага прадукту таксама дазволiць знiжаць сабекошт iншай прадукцыi завода.

Змены паўплывалi i на зарплату працуючых на заводзе. Цяпер мы маем усе паказчыкi для таго, каб павышаць тарыфную стаўку першага разраду, рэгулярна выплачваць людзям прэмiю. Стабiльная дастойная зарплата — найлепшы спосаб утрымаць рабочых на прадпрыемстве, i мы гэта выдатна разумеем.

ГАЛОЎНЫ ПРЫНЦЫП: СМАЧНА I ЗДОРАВА

Дзмiтрый ПАДЧАШАНКА, iнжынер-тэхнолаг па новых вiдах прадукцыi, перакананы, што прадпрыемства будзе канкурэнтаздольнае, калi яго прадукцыя зможа задаволiць нават самага патрабавальнага гурмана. А паколькi гурманы апошнiм часам вядуць яшчэ i здаровы лад жыцця, на гэта на заводзе i абапiраюцца, прыдумваючы новае:

— Апошнiм часам мы робiм стаўку на здаровае харчаванне, таму новыя вiды нашай прадукцыi, як правiла, абагачаныя карыснымi рэчывамi i вiтамiнамi. Так, напрыклад, нядаўна быў асвоены выпуск бiфiдапрадуктаў, прадуктаў, абагачаных лактулозай, ёдаваным бялком. Апошняе для Беларусi вельмi актуальнае: недахват ёду ў арганiзме негатыўна ўплывае на здароўе. На сённяшнi дзень мы пачалi распрацоўку i ўкараненне ў вытворчасць новых вiдаў маянэзу, у састаў якога замест воцату ўваходзiць лiмонная кiслата. Такi маянэз больш карысны перш за ўсё для дзiцячага харчавання. На заводзе пачаты выпуск жывога ёгурту «Крепышок» з натуральнымi фруктовымi напаўняльнiкамi, без кансервантаў. Для дзяцей — яшчэ карысныя ласункi: пудынгi малочныя i манная кашка з фруктовым напаўняльнiкам. Гэту кашку можна ўжываць i гарачай, i халоднай. Плануем у хуткiм часе асвоiць выпуск напояў на аснове малочнай сыроваткi з натуральнымi фруктовымi сокамi — апельсiнавым i маркоўным.

Але мы не збiраемся адмаўляцца ад асартыменту дня сённяшняга. Тварожная маса «Пакроўская» з курагой, разынкамi i чарнаслiвам прыйшлася даспадобы спажыўцам. Крэмы, якiя вырабляюцца на заво-дзе, — выдатнае i карыснае ўпрыгажэнне для святочнага торта. Глазураваныя тварожныя сыркi таксама карыстаюцца нязменным попытам, i тут мы здолелi здзiвiць нашых спажыўцоў: нядаўна пачалi выпускаць сыркi ў каляровай, фруктовай глазуры — клубнiчнай i апельсiнавай. Мы наогул стараемся задаволiць разнастайныя густы спажыўцоў, таму асартымент прадукцыi завода на сённяшнi дзень — каля 130 вiдаў.

«КАНКУРЭНЦЫЯ НЕ ПАЛОХАЕ, ГАЛОЎНАЕ — У ЁЙ НЕ РАЗГУБIЦЦА»,

лiчыць Галiна БАРЫШАВА, начальнiк аддзела маркетынгу:

— Салiгорск — горад шахцёраў, горад багаты. Таму ўсе, у тым лiку i прадпрыемствы нашай галiны, iмкнуцца паставiць сюды сваю прадукцыю. Канкурэнцыя вельмi вялiкая. Але я не магу сказаць, што гэта дрэнна, хутчэй наадварот. Яна падштурхоўвае нас вучыцца, пераймаць вопыт iншых, працаваць над стварэннем прывабнага iмiджа сваёй прадукцыi. З прыходам на завод новага дырэктара за гэта ўзялiся вельмi сур’ёзна. Была створана арыгiнальная гандлёвая марка для прадукцыi нашага завода — «Молочный кудесник». Цяпер распрацаваная i новая пазнавальная ўпакоўка, маркiраваная гэтай маркай. Тут жа прыдуманы i дэвiз, пад якiм працуем: «Молочный кудесник» — здоровья вестник». I гэта праўда, бо аснова вытворчасцi — прадукты з цэльнага малака без нiякiх кансервантаў. Гэта на карысць спажыўцам, але не заўсёды на карысць нам: гандлёвыя кропкi з большай ахвотай бяруць прадукты з вялiкiм тэрмiнам рэалiзацыi. А ў малако, якое можа захоўвацца пятнаццаць сутак i больш, дабаўлена столькi ўсякай хiмii... Праўда, ужо самi пакупнiкi пачалi разбiрацца i выбiраць натуральныя прадукты.

Каб прыцягнуць увагу спажыўца ў сваiм горадзе, праводзiм дэгустацыю прадукцыi ў буйных магазiнах. Але разумеем, што трэба шукаць i iншыя накiрункi збыту. Наша прадукцыя iдзе ў Слуцк, Нясвiж, Жодзiна, буйныя унiверсамы Мiнска, Пухавiчы, Чэрвень, Старыя Дарогi, у Гомельскую, Магiлёўскую, Брэсцкую вобласцi. Дзякуючы iнiцыятыўнасцi новага кiраўнiцтва сетка рэалiзацыi прадукцыi завода пашыраецца. Вынік вiдавочны: за апошнiя некалькi месяцаў рэалiзацыя прадукцыi за межы горада вырасла на 15 працэнтаў. Сёння не гандаль працуе на нас, а мы на гандаль — прадукцыя на складзе не залежваецца.

Завод актыўна ўдзельнiчае ва ўсiх спецыялiзаваных выставах, у тым лiку i мiжнародных (у Маскве). Там знаходзiм зацiкаўленых пакупнiкоў, якiя, пазнаёмiўшыся з нашай прадукцыяй, гатовы ўзяць яе на рэалiзацыю. На выставах наш завод ужо выступае пад сваёй гандлёвай маркай. Спадзяёмся, што «Молочный кудесник» у хуткiм часе будуць ведаць i пазнаваць у многiх рэгiёнах нашай краiны i за яе межамi.

***

На Салiгорскiм малочным прыдумалi назву гандлёвай маркi, верачы ў цуд, на якi здольны чараўнiк. Але жыццё — не казка, i таму тыя, хто працуе на прадпрыемстве, выдатна ведаюць, што цуд давядзецца ствараць iм самiм. Што самае дзiўнае — iх, здаецца, гэта нiколькi не палохае...

Алена ЛЯЎКОВIЧ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Да нядаўняга часу Салiгорскi малочны завод перажываў не самы лепшы перыяд свайго iснавання. У прадпрыемства былi вялiкiя страты, яно фактычна «ляжала»
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика