Cцiплая «гультайка», для якой рост — толькi дробязь у жыццi
Iрына ПРЫМАК
Вiцэ-чэмпiёнка Еўропы на кадэцкiм кантынентальным першынстве баскетбалiстка Алена Рынкевiч — сённяшняя госця нашай рубрыкi
НАША ДАСЬЕ — Дата i месца нараджэння, знак Задыяка. — 21 сакавiка 1987 года. Крычаў. Авен. — Рысы характару, ад якiх жадаеце пазбавiцца. — Я крышачку гультайка. I пазбаўляцца ад гэтага, шчыра кажучы, зусiм не хочацца. Хаця на трэнiроўках iмкнуся выкладвацца па поўнай, а ў жыццi люблю расслабiцца. — Вашы станоўчыя якасцi... — Я сцiплая i самастойная. Мне здаецца, што гэта i ёсць найгалоўнейшыя рысы майго характару. Аб астатнiх спытайце ў трэнера альбо ў тых, хто са мной добра знаёмы. — Як любiце адпачываць? — Вольны час у спартсмена — паняцце перабольшанае. Яго зусiм мала. Неабходна аднаўляцца пасля нагрузак, вырашаць, па магчымасцi, неабходныя справы. I па магазiнах хочацца прагуляцца. Калi жадаеш дасягнуць вынiкаў, трэба сачыць за сабой ва ўсiм. Iнакш нельга, праўда? А адпачыць ад трэнiровак, пагуляць з сябрамi, расслабiцца можна i ў час водпуску пасля завяршэння баскетбольнага сезона. Алена Рынкевiч — з шэрагу тых людзей, якiя знаходзяць простыя адказы на сур’ёзныя пытаннi. Адсутнасць фiласофскага складу мыслення цi нежаданне марнаваць час на роздум тут нi пры чым. Дзяўчына вырашыла паставiцца да iнтэрв’ю з гумарам i не ператвараць гутарку ў дыскусiю аб сэнсе жыцця: «Калi зразумею, дзеля чаго жыву, тады вам абавязкова патэлефаную i паведамлю». На маю цiкаўнасць з разраду «якое пытанне — такi ж адказ» (Цi любiце глядзецца на сябе ў вiтрыны, калi гуляеце па вулiцах?) атрымала, што i хацела: «А вы няўжо не? Я чытаю модныя часопiсы, люблю прыгожа апранацца. Па-мойму, гэта натуральна». Праўда, да пытанняў, якiя мелi дачыненне да любiмай Аленiнай стыхii, дзяўчына ставiлася сур’ёзна. Напэўна таму, што баскетбол для яе не жыццёвае захапленне, уменне праявiць свае якасцi, а праца: «Рамантыка дзiцячых гадоў знiкае, i трэба задумвацца аб будучынi. Баскетбол — гэта карпатлiвая праца, але творчая, як ваша журналiсцкая. Рада, што выбрала менавiта гэты вiд спорту. Бацькi быццам бы не адгаворвалi. Баскетбол — разумная гульня. Акрамя фiзiчнай падрыхтоўкi трэба граматна мыслiць, каб дасягнуць вынiкаў. У прыватнасцi, у жаночым баскетболе па розных прычынах гэта найбольш яскрава бачна». Дарослы погляд. Такi своеасаблiвы варыянт чалавечага светаўспрымання на спартыўнай пляцоўцы. Адказ жа на стандартнае пытанне наконт чалавека, якi навучыў Алену гульнявому майстэрству, мяне нават узрушыў. Так здараецца, што выхаванцы дзякуюць сваiм трэнерам, адпускаюць мiльёны камплiментаў у iх адрас, але мала хто з маiх ранейшых суразмоўцаў паводзiў сябе так: «У Вiктара Iванавiча Бялевiча, якi зрабiў усё, каб я дасягнула таго, што зараз маю, на жаль, узнiклi праблемы са здароўем. Хачу пажадаць яму найхутчэйшага выздараўлення». Такiя яны, аказваецца, чуллiвыя — адносiны памiж настаўнiкамi i iх падапечнымi. Дапамагаюць адзiн аднаму i падтрымлiваюць, калi не словам, дык справай. Нейкi вельмi ўжо станоўчы партрэт вымалёўваецца. Хоць наўрад цi мне захацелася б знаёмiць чытачоў з забiякай, дасягненнi якой — выключна веданне алфавiту i ўменне паказаць язык суседу, старэйшаму за яе на дзесятак гадоў. Зразумела, гэта я утрырую, але ж... Ведаеце, аб чым больш за ўсё хацелася спытаць у Алены? Не, зусiм не аб тым, хто найбольш падабаецца сярод юнакоў — бландзiны цi брунеты з шэрымi цi зялёнымi вачыма. Гэту iнтымную сферу лепш не кранаць, каб табе не сказалi нешта накшталт: «Лысыя, чарнаскурыя, з вялiкiм кашальком i г.д.» Ды i сцiпласць наўрад цi дазволiла б дзяўчыне быць шчырай у пытаннях кахання. Я ж мела на ўвазе iншае: цi не ўзнiкала ў яе праблем, звязаных з ростам? (Мяне, напрыклад, чамусьцi просяць нешта зняць з палiцы цi дапамагчы паставiць, нягледзячы на тое, што да баскетбалiсткi цi валейбалiсткi мне яшчэ расцi i расцi.) У маёй суразмоўцы, як заўжды, на гэта быў свой пункт гледжання: «У высокiх людзей, ды i ў спартсменаў увогуле, па-мойму, усталявалася кола зносiнаў. Я нiколi не камплексавала i мянушак не мела. Рост — гэта толькi маленькая часцiнка, якая наўрад цi можа ўносiць нейкi дысбаланс у жыццё». — Я мяркую, што мой кар’ерны рост толькi пачынаецца. Ужо ў гэтым годзе трэба паспрабаваць сябе на юнiёрскiм чэмпiянаце Еўропы ў жнiўнi, таксама буду iмкнуцца замацавацца ў нацыянальнай камандзе. Шмат буду працаваць. Пажадайце мне ўдачы, добра? — папрасiла дзяўчына. Для чалавека ўвогуле, не толькi спартсмена, вельмi важна быць у гармонii са сваiм асяроддзем. Здаецца, Алене гэта ўдаецца гэтак жа дакладна, як i рабiць гультайства станоўчай рысай характару. Свет выглядае такiм, якiм мы яго малюем. У баскетбалiстаў ён, мабыць, аранжавы? Шкада, забылася задаць гэтае пытанне, хоць, мяркую, Алена толькi пажартавала б у адказ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вiцэ-чэмпiёнка Еўропы на кадэцкiм кантынентальным першынстве баскетбалiстка Алена Рынкевiч — сённяшняя госця нашай рубрыкi |
|