«Мода» на пiва — крок да алкагалiзму
Надзея НIКАЛАЕВА
У пене гэтага напою ёсць рызыка згубiць маладое пакаленне...
Мiнiстэрства ўнутраных спраў выступiла з iнiцыятывай падрыхтоўкi праекта нарматыўна-прававога акта, якi б увёў абмежаваннi на распiццё пiва ў грамадскiх месцах. Асаблiвую ўвагу органы ўнутраных спраў звяртаюць на рэалiзацыю прэвентыўных мераў па барацьбе з п’янствам у маладзёжным асяродку. Па статыстыцы праваахоўных органаў, кожны чацвёрты падлетак, якi ўчынiў злачынства, знаходзiўся ў стане алкагольнага ап’янення. Штогод за распiццё спiртных напояў i з’яўленне ў грамадскiх месцах у нецвярозым выглядзе супрацоўнiкi мiлiцыi затрымлiваюць ад 28 да 30 тысяч непаўналетнiх, а таксама прыцягваюць да грамадскай адказнасцi больш за 5 тысяч работнiкаў гандлю, якiя прадавалi дзецям спiртныя напоi. Неяк незаўважна, пры маўклiвай згодзе на гэта грамадскасцi, хлопцы i дзяўчаты з пiўной бутэлькай у руках сталi неад’емным атрыбутам беларускiх гарадоў. Прычым маладыя людзi сёння не толькi не саромеюцца гуляць па вулiцы з бутэлечкай пiва, а хутчэй наадварот — лiчаць, што пiць пiва — гэта модна i крута. На жаль, актыўна культывуемая мода на пiва ўжо зрабiла сваю «чорную справу» — беларускiя i расiйскiя медыкi загаварылi аб такой новай сацыяльнай i медыцынскай з’яве, як пiўны алкагалiзм. У 250 навучальных установах Масквы было праведзена даследаванне, якое ўстанавiла, што на працягу месяца, якi папярэднiчаў апытанню, спiртное спажывалi 63 працэнты навучэнцаў, i «лiдзiравала» сярод спiртных напояў менавiта пiва. За гэты час да бутэлечкi пiва «прыклалiся» 61 працэнт юнакоў i дзяўчат, прычым 39 чалавек са 100 рабiлi гэта рэгулярна. А 59 працэнтаў школьнiкаў паведамiлi, што пачалi пiць пiва ў 13 гадоў. Па колькасцi этылавага спiрту адна бутэлька пiва эквiвалентная 50 грамам гарэлкi, а 10 бутэлек пiва прыраўноваюцца да адной бутэлькi гарэлкi. Падлеткi, якiя эксперыментуюць з алкаголем, часта сутыкаюцца з праблемамi аднаўлення новай iнфармацыi — алкаголь разбурае структуры мозга, якiя нясуць адказнасць за функцыi памяцi. Рызыка захварэць на пiўны алкагалiзм павялiчвацца шматразова, калi першае знаёмства з пенным напоем адбываецца да 18-гадовага ўзросту, пры сiстэматычным спажываннi пiва (для падлеткаў гэта 3-4 разы ў месяц), а таксама пры спажываннi адначасова больш чым аднаго лiтра пiва. Галоўная небяспека, па меркаванню спецыялiстаў, заключаецца ў тым, што ў грамадскай свядомасцi пiва не асацыiруецца з алкаголем i алкагольнай залежнасцю. Больш таго, i беларускае заканадаўства не адносiць пiва да спiртных напояў (за выключэннем моцных сартоў). У спякоту беларусы традыцыйна «выратоўваюцца» пiвам, тым больш што пакупнiкам прапануецца ахалоджанае, з фiрменных халадзiльнiкаў вытворцаў. Бутэлечка пiва, распiтая на канапе перад тэлевiзарам цi за вячэрай, лiчыцца нормай i не выклiкае такой трывогi, як цяга да гарэлкi. Дарэчы, дакладных колькасных крытэрыяў бяспечнай для развiцця алкагалiзму выпiўкi на сённяшнi дзень не iснуе. Мяжа i хуткасць узнiкнення i прагрэсiравання хваробы ў розных людзей можа вар’iравацца ад года да пяцi гадоў. Усё залежыць ад бiялагiчных асаблiвасцяў арганiзма, а таксама ад спадчыннасцi: па назiраннях, калi бацька злоўжывае алкаголем, то ў сына верагоднасць атрымаць у спадчыну алкагольную залежнасць у 4 разы вышэй, чым у равеснiка з сям’i, дзе бацькi не п’юць. Яшчэ ў 1975 годзе Сусветная арганiзацыя аховы здароўя прызнала алкаголь i тытунь наркотыкамi. А наркотыкi, як i атрута, не бываюць моцнымi i слабымi. Найлепшым абвяржэннем поглядаў прыхiльнiкаў распаўсюджвання слабых алкагольных напояў (як альтэрнатывы моцнаму алкаголю) можна лiчыць вопыт тых краiн, дзе насельнiцтва спажывае пераважна пiва i вiно (Францыi, Iталii, Iспанii, Германii). У iх хранiчны алкагалiзм не менш распаўсюджаны, а па колькасцi алкагольных псiхозаў i злачынстваў, учыненых у нецвярозым стане, яны не саступаюць тым краiнам, жыхары якiх аддаюць перавагу больш моцнаму алкаголю. Вельмi цяжка адмовiць сабе ў куфлi ахалоджанага пахучага пiва пасля напружанага дня, адчуць, як цябе адпускае напружанне, расслабляюцца мышцы, а па целе расцякаецца спакой. Фармакалагiчнае ўздзеянне пiва сапраўды вельмi спрыяе адпачынку i заспакаенню, нездарма ў 20-я гады мiнулага стагоддзя яго нават рэкамендавалi ў якасцi заспакаяльнага сродку. Але ў гэтым заключаецца i галоўнае яго каварства: пастаяннае спажыванне пiва прывучае нас не толькi да звычайнага ап’яняльнага, але i да заспакаяльнага ўздзеяння алкаголю. Патрабуецца зусiм няшмат часу, каб пiва стала абавязковым элементам адпачынку, а ў чалавека, мiж iншым, пачынае незаўважна развiвацца пiўная залежнасць цi, прасцей кажучы, пiўны алкагалiзм. Для падлеткаў пiва з’яўляецца самым даступным па цане спiртным напоем. Да таго ж не кожны прадавец адмовiць падлетку ў пакупцы. Такiм чынам, менавiта пенны бурштынавы напой становiцца «палiгонам» для засваення маладым чалавекам алкагольных формаў паводзiнаў. Нарколагi сцвярджаюць, што змагацца з цягай да пiва яшчэ цяжэй, чым з цягай да моцных напояў. Пацыенту хочацца яшчэ разок адчуць глыбокае рэлаксуючае ўздзеянне бурштынавага напою, удыхнуць яго хмелевы водар. Асобная праблема — пiва i падлеткi. Алкаголь груба ўмешваецца ў працэс фармiравання маладога арганiзма. Асаблiва ўразлiвая да ўздзеяння алкаголю ў падлеткавым узросце цэнтральная нервовая сiстэма. Калi ў дарослага чалавека пераход ад п’янства да алкагалiзму можа займаць 5—10 гадоў, то ў дзiцяцi хранiчны алкагалiзм фармiруецца ў 3-4 разы хутэй. Вельмi часта алкаголь у жыццi дзiцяцi з’яўляецца, калi ён безвынiкова спрабуе знайсцi сваё месца ў сацыяльным асяроддзi, калi падлетак пазбаўлены бацькоўскага i сямейнага цяпла, адчувае праблемы пры кантактах з равеснiкамi. Нарколагi прызнаюцца, што лячыць такiх дзяцей бывае надзвычай складана. Мiж iншым, у пiўнога алкагалiзму ёсць яшчэ некалькi цёмных бакоў. Вельмi часта моладзь дабаўляе ў пiва псiхатропныя рэчывы, у тым лiку i галюцынагены. А гэта ўжо надзвычай небяспечная «забава»: падчас спажывання такой «пякельнай сумесi» ў чалавека пачынаюцца галюцынацыi i развiваецца кароткачасовы псiхоз. У такiя моманты падлетак можа нанесцi цяжкую траўму сабе i iншым, i нават забiць. Да таго ж ён рызыкуе набыць цяжкае псiхiчнае захворванне, ад якога не зможа пазбавiцца да канца жыцця. У Чэхii, дзе добра развiтая культура спажывання пiва, было праведзена даследаванне, якое ўстанавiла, што куфаль пiва, выпiты вадзiцелем перад тым, як сесцi за руль, у 7 разоў павялiчвае рызыку аварый. У вялiкай колькасцi пiва аказваецца клеткавым ядам. Яго наступствы — развiццё мiякардыядыстрафii i цырозу печанi. Сэрца ў пiўных алкаголікаў з цягам часу павялiчваецца ў памерах (у медыкаў нават iснуе паняцце «пiўное сэрца»), хутка зношваецца. Юнакам не шкодзiць таксама ведаць, што пiва можа нанесцi сур’ёзны ўдар па мужчынскай рэпрадуктыўнай сiстэме. Этылавы спiрт, якi змяшчаецца ў пiве, парушае працэс развiцця сперматазоiдаў. Пры рэгулярным спажываннi пiва ў печанi пачынае выпрацоўвацца рэчыва, якое падаўляе асноўны мужчынскi гармон метылтэстастэрон, у вынiку чаго ў мужчыны пачынаюць прадуцыравацца жаночыя палавыя гармоны: робiцца шырокiм таз, павялiчваюцца грудныя залозы. Да таго ж пiва — вельмi каларыйны прадукт, ад якога ў мужчын вырастаюць «пiўныя» жываты. Не вельмi прыгожае вiдовiшча...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У пене гэтага напою ёсць рызыка згубiць маладое пакаленне... |
|