Вячаслаў ШАРАПАЎ: «Любiць музыку ў сабе, а не сябе ў музыцы»
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК.
Ён скончыў Мазырскае музычнае вучылiшча па класу духавых iнструментаў. Валодае, акрамя таго, баянам, сiнтэзатарам, бас-гiтарай, фартэпiяна. Зараз асвойвае яшчэ i валынку (падчас iнтэрв’ю нават прадэманстраваў iнструмент, аднак папрасiць што-небудзь сыграць у мяне нахабства не хапiла). Працаваў у ВIА «Сiняя птушка» Куйбышаўскай фiлармонii, арганiзаваў тэатр песнi «Чорнае золата», пазней быў запрошаны ў Мiнск гукарэжысёрам на Белтэлерадыёкампанiю. Пазiцыянуе сябе найперш як кампазiтар i аранжыроўшчык. У гэтай iпастасi музыкi назвалi яго «закрытай фабрыкай па стварэннi песень» i далi псеўданiм «Якаў Маiсеевiч». «Напэўна, я выклiкаю ў iх асацыяцыю з нейкiмi бiблейскiмi сюжэтамi», — нiколькi не крыўдзiцца Вячаслаў Шарапаў. Смеючыся, прызнаецца, што на сваё падпольнае iмя нават перыядычна адгукаецца. Бо справа ж не ў iменi, а ў назве. А калектыў, дырэктарам i мастацкiм кiраўнiком якога з’яўляецца Вячаслаў Шарапаў, — Дзяржаўная ўстанова «Беларускi ансамбль «Песняры». Хтосьцi перапытае: «Яшчэ адны «Песняры»?» А музыканты адкажуць: «Адзiныя «Песняры». Пра ансамбль i яго клонаў, пра дзень учарашнi i заўтрашнi, пра калектыўную творчасць i асобных творцаў мы i гутарылi з Вячаславам Шарапавым — як абяцалi чытачам «Звязды». Пра «Песняроў» — сваiх i iншых — Па-вашаму, у чым прычына таго, што легендарны калiсьцi калектыў «раскалоўся», ды яшчэ адразу на тры? — Напэўна, у любога калектыва, як i ў любога механiзма, ёсць пэўны тэрмiн зношвальнасцi. Быў пройдзены 35-гадовы шлях, на працягу якога здаралiся i галавакружныя ўзлёты, i праблемныя перыяды... Асаблiва востра праблемы адчувалiся напрыканцы 80—90-х гадоў. У 1997 годзе адбыўся першы вельмi сур’ёзны канфлiкт, у вынiку якога з’явiўся ансамбль «Беларускiя песняры». Тое, што датычыць астатнiх расколаў, напэўна, было эфектам снежнага камяка i выклiкана было тым, што пайшоў з жыцця легендарны Уладзiмiр Георгiевiч Мулявiн, народны артыст СССР, стваральнiк «Песняроў». Для нас сёння праблема расколу — гэта ўжо не балючае пытанне, мы да гэтага прызвычаiлiся. Два гады працуем з новымi артыстамi, маладымi хлопцамi, якiя прыйшлi ў ансамбль. За гэты час яны не толькi пасталелi, але сталi дасведчанымi прафесiяналамi. Таму шумiха, якая па iнерцыi адбываецца вакол распаду «Песняроў», нас ужо не вельмi хвалюе. Мы жывём па прынцыпу, што «караван iдзе». Асаблiвых праблем не адчуваем i з гастрольнай дзейнасцю (калектыў даў у Беларусi 56 сольных канцэртаў з пачатку 2005 года — па 3—4 выступленнi на тыдзень). Гэта шлях даволi працаёмкi, але найбольш эфектыўны для фармiравання грамадскай думкi: дзе мы аднойчы пабывалi, паказалiся ва ўсёй красе, адтуль у другi раз тэлефануюць i запрашаюць з задавальненнем. А праблемы, напэўна, былi непазбежнымi. Калi памiрае лiдар такога маштабу, як Мулявiн, заўжды паўстае першае пытанне: хто ж будзе замест яго? Часта атрымлiваецца так, што людзi, якiя прэтэндуюць на гэтае месца, па сваiх прафесiйных якасцях не адпавядаюць тым задачам, што стаяць перад калектывам накшталт «Песняроў». — На вашу думку, «развод» усё ж мог адбыцца мiрна, альбо абавязкова павiнен быў быць перадзел маёмасцi? — Безумоўна, калi б у нашых былых калег было разуменне таго, што яны працуюць у дзяржаўным калектыве i «кантрольны пакет акцый» належыць дзяржаве, напэўна, канфлiкту не было б. Аднак чамусьцi людзям падалося, што, сыходзячы з калектыву, можна разам з працоўнай кнiжкай прыхапiць назву, брэнд, традыцыi «Песняроў»... Наўрад цi гэта правiльна. Наўрад цi газеце «Звязда» спадабалася б, калi б нават вядучы журналiст сышоў з выдання i паспрабаваў адкрыць яшчэ адну «Звязду»? Хутчэй за ўсё, у адказ прымалiся б адэкватныя меры. — Але за адной i той жа назвай могуць стаяць розныя людзi. Напрыклад, у Дзяржаўным ансамблi «Песняры» на пасадзе кiраўнiка быў Валерый Скаражонак, а пасля яго змянiлi вы... — Гэта нармальны працэс. Бо калi паўстала пытанне, каго ж прызначыць дырэктарам-мастацкiм кiраўнiком, iснавалi пэўныя меркаваннi, вырашылi, што менавiта гэты чалавек справiцца лепш за ўсiх. Шчыра кажучы, Валерый сам не хацеў гэтага прызначэння. Ён адчувае сябе ў першую чаргу артыстам, вакалiстам з унiкальным голасам. Адмiнiстратарская работа яму менш пасуе. Проста ён смелы чалавек i ў такi адказны момант сказаў: «Калi трэба — я гатовы!». Як i я, у прынцыпе. Папрацаваўшы i пераканаўшыся, што ад сядзення ў кабiнеце i складання розных паперак папросту знiкае голас, галава забiваецца iншымi думкамi, Валерый напiсаў заяву аб скасаваннi кантракта. Аднак пры гэтым застаўся салiстам Дзяржаўнага ансамбля «Песняры». — Напэўна, i вас, i ўвесь ансамбль «зачапiлi» майскiя чуткi пра мяркуемы арышт Валерыя Скаражонка. Як вы лiчыце, адкуль у гэтай «дэзы» ногi растуць? — Усё адтуль жа. Па-мойму, гэта справа рук нашых былых калег. Бо любая зачэпка, быццам у нас штосьцi не так, дае iм падставу раздуць шумiху. Паразмаўляць з прэсай — яны гэта любяць; гэта мы ўсё больш па канцэртах ды гастролях шуруем... Нам на падобную мiшуру няма часу, бо гадзiн у сутках не хапае нават на працу ў студыi. Графiк вельмi напружаны. У нас, як у любога дзяржаўнага калектыву, ёсць план па прыцягненню ўласнага прыбытку, — за паўгода мы выканалi гэты план на 154 працэнты! Ходзiм практычна ў перадавiках. А расказаць «жоўтай прэсе» няма чаго: унутры калектыву скандалаў няма. Застаецца толькi працаваць i назапашваць уражаннi ад выступленняў. — Пасля ўсiх расколаў i раздзелаў вы кантактуеце з «Беларускiмi песнярамi»? — Увогуле мы кантактуем з усiмi «Песнярамi», якiя калiсьцi тут працавалi i якiя не з’яўляюцца «раскольнiкамi». Ёсць цудоўныя музыканты, чый уклад цяжка пераацанiць. Напрыклад, Уладзiмiр Ткачэнка, заслужаны артыст Беларусi, якi зараз працуе ў аркестры Фiнберга. Гэта, бадай, другi пасля Мулявiна чалавек па колькасцi апрацовак беларускiх народных песень. Ён нiколi не ўдзельнiчаў у канфлiктах, мы супрацоўнiчаем, сябруем, выкарыстоўваем ягоныя аранжыроўкi, у нас нармальныя цывiлiзаваныя ўзаемаадносiны. Гэтак жа i з выбiтным джазавым музыкантам Аркадзем Эскiным. — Значыць, i канфлiктаў на рэпертуарнай нiве з «Беларускiмi песнярамi» няма? — Няма. Яны самi пацвярджаюць, што адышлi ад стылю «Песняроў» i займаюцца некалькi iншай музыкай, апрацоўваюць «Бiтлз», «Бi Джыз», самi пiшуць песнi... Наконт рэпертуару — што нам дзялiць песнi з «залатога фонду» 70-х, якiя даўно ўжо пайшлi ў народ. Мы выконваем iх, бо маем на гэта права, з’яўляемся пераемнiкамi. Да таго ж многiя спяваюць гэтыя песнi на конкурсах — напрыклад, леташнi «Славянскi базар» быў адзначаны вялiкай колькасцю нашых кампазiцый. Гэта не прадмет для высвятлення адносiнаў. — Калi не браць у разлiк напружаныя стасункi з «Песнярамi» Барткевiча, якую творчую адзнаку вы паставiлi б гэтаму калектыву? — Наколькi мне вядома (калiсьцi мы вельмi сябравалi з Барткевiчам), наўрад цi гэты калектыў здольны працаваць жыўцом. Магчыма, яны могуць выканаць пару песень акапэльна, але адпрацаваць на сцэне выступленне ад пачатку да канца... Я, шчыра кажучы, не чуў iхнiх жывых выступленняў. Але бачыў дыскi. Бяру адзiн у рукi: стаiць мая песня пад iншым прозвiшчам, ёсць мае аранжыроўкi без пазначэння аўтарства, ёсць запiсы з фондаў Белтэлерадыёкампанii 70-х гадоў. Тут ужо пэўны момант пiрацтва. А ўвогуле я цудоўна магу ўявiць сабе ўзровень калектыву, уся музыка якога выконваецца на адной гiтары i адным клавiшным iнструменце. Пра маладых, якiм паўсюль дарога «Песняры» сённяшняга дня — гэта 9 артыстаў (Валерый Скаражонак, Раман Козыраў, Уладзiмiр Мулявiн-малодшы, Алег Жалязнякоў, Сяргей Шкурдзе, Андрэй Шчыткавец, Аляксандр Камлюк i Вячаслаў Шарапаў) плюс «нятворчая» iнфраструктура, якая забяспечвае нармальны творчы працэс. Амаль палова салiстаў — маладыя хлопцы. Практычна ўсе з вышэйшай музычнай адукацыяй, «валодаюць не тое што некалькiмi iнструментамi, а некалькiмi музычнымi стылямi: у рамках ВIА яны здольныя iграць у стылi джаз, рок, поп, спяваюць акапэла...». З iмi праведзена вялiкая праца, аднак i наперадзе — не меншая. Бо дацягнуцца да планкi, зададзенай колiшнiмi «Песнярамi» 70-х, не так проста, як здаецца звонку. «Гады два-тры нам трэба, каб выйсцi на дастаткова моцныя пазiцыi ў маштабах СНД», — лiчыць Вячаслаў Шарапаў. Хаця i зараз ёсць прапановы з Масквы наконт канцэртаў i здымак, музыканты на самыя цiкавыя запрашэннi адгукаюцца. Але прыярытэтам для «Песняроў» застаецца беларускi глядач. I гэта нягледзячы на дзiўную трансфармацыю нашай свядомасцi: прыезджых любiм больш, чым сваiх. Пераконваць, што «сваё» не горшае за «мэйд iн замежжа», цяжка, але неабходна. 5-хвiлiннае выступленне па ТБ — мала. Сольны канцэрт — самае тое. Вось i ездзiць Дзяржаўны ансамбль «Песняры» па гарадах i вёсках. — 9 чалавек — гэта канчатковая лiчба, цi з’явяцца яшчэ музыканты? — Думаю, мы дабяром ансамбль чалавек да 12. Яўных кандыдатур, хто прыйдзе, пакуль няма, толькi планы: магчыма, будзе яшчэ адзiн скрыпач, духавая група. Адкуль iх узяць? Тут можа дапамагчы нават выпадак, бо ў Беларусi столькi самародкаў... Iнструменталiстам, канешне, пажадана мець профiльную вышэйшую адукацыю, але што датычыцца вакалiстаў — зусiм не абавязкова вучыцца ў Акадэмii музыкi, можна проста ад прыроды мець фактуру i голас «у фармаце» «Песняроў». Многiя падыходзяць да нас на гастролях, просяць, каб iх праслухалi. Акрамя ансамбля, у нашай структуры працуе Цэнтр музычнага мастацтва iмя Мулявiна — некаторых мы накiроўваем сюды для супрацоўнiцтва. Дарэчы, са жнiўня пачнём запiсваць альбом з выхаванцамi Цэнтра, i, думаю, напрыканцы года выйдзе дыск, якi падвядзе пэўныя вынiкi. Перавагу аддаём тым, хто працуе з беларускай мовай i нацыянальнай музыкай, хто не падобны на тое, што пануе ў радыёэфiры. Тое, чаго многа, нам нецiкавае, мы шукаем арыгiнальнасць. Цi рэальна трапiць у склад «Песняроў» лiтаральна з вулiцы? Вячаслаў Шарапаў адказвае сцвярджальна. Сярод тых, хто працаваў у «Песнярах» у 70—80-я гады, многа непрафесiяналаў. Той жа Леанiд Барткевiч, напрыклад, музычнай адукацыi не меў, ён скончыў архiтэктурны тэхнiкум, але па галасавых магчымасцях цудоўна ўпiсаўся ў калектыў. — Раней вашы вучнi неаднаразова станавiлiся дыпламантамi i лаўрэатамi розных конкурсаў i фестываляў. Зараз на падобнае настаўнiцтва часу хапае? — На жаль, няма. Усё паглынае ансамбль. Але Цэнтр музычнага мастацтва працуе, магчыма, ён запоўнiць гэту нiшу. — У склад «Песняроў» уваходзiць Уладзiмiр Мулявiн-малодшы. Лёгка або цяжка яму працаваць у гэтым калектыве? — Якраз на яго плячах асаблiвага цяжару i адказнасцi не ляжыць. Проста мы палiчылi, што калi чалавек — таленавiты музыкант, чаму ён не можа працаваць у калектыве, якi стварыў яго бацька? Мы ўвогуле хацелi прыцягнуць усю сям’ю: у «Песнярах» працуе ўдава Уладзiмiра Георгiевiча, старэйшая дачка, сын. Уладзiмiр надзвычай сцiплы хлопец, адрознiваецца гэтым ад бацькi. Спяваць сольна саромеецца, хаця, напэўна, мог бы. Але ён кажа: «Калi я не спяю лепш, чым бацька, лепш увогуле не пачынаць». Гэта вартая павагi пазiцыя. У астатнiм Уладзiмiр адчувае сябе ў ансамблi спакойна i свабодна. — Няма такога, што яго пастаянна параўноўваюць з бацькам? — Знешне, натуральна, параўноўваюць, бо яны вельмi падобныя. Некаторыя прыглядаюцца больш пiльна, напэўна, чакаюць, а раптам ён выйдзе i заспявае голасам бацькi... Гэтага не адбываецца. Уладзiмiр выконвае свае функцыi — iнструменталiста, бэк-вакалiста. Пра будучыню У блiжэйшых планах «Песняроў» — працяг гастроляў па Беларусi. А як вынiк, пасля наведвання 100 гарадоў — сольны канцэрт у Палацы Рэспублiкi. «Сто першы канцэрт мы дадзiм у Мiнску, — абяцае Вячаслаў Шарапаў. — Так i назавём яго, «Сто гарадоў Беларусi». Запросiм сяброў з Расii. Марым папрацаваць разам з Прэзiдэнцкiм аркестрам, крыху пашырыць аркестровую палiтру — натуральна, калi кiраўнiцтва аркестра дасць згоду». Канешне, працэс запiсу альбомаў таксама не перарываецца: калi будзе даабсталявана студыя, пачнецца работа над новым альбомам. Прычым музыканты хочуць усё зрабiць самi, пачынаючы ад запiсу да вырабу вокладак i постэраў. Напрыканцы года збiраюцца выпусцiць «двайнiк», у якiм усё будзе справядлiва: адзiн дыск — новыя песнi, другi — «залаты фонд» у выкананнi сучасных «Песняроў». — Стыль музыкi кардынальна мяняцца не будзе, мы не маем на гэта права. Магчыма, толькi крыху падкарэкцiруем. Бо нароўнi са слухачамi сярэдняга i старэйшага ўзросту ў нас з’яўляюцца маладыя прыхiльнiкi. Хоць, напэўна, тут нават не ўзроставы цэнз, а эстэтычны, патрэба ў якаснай музыцы, якая нараджаецца не за адзiн дзень i жыве не суткi. Мы думаем, што б такое паднесцi моладзi, каб ёй гэта было цiкава. — Што будзе з «Песнярамi» праз некалькi гадоў? Цi не ператворыцца ансамбль у своеасаблiвую «Фабрыку зорак»? — Не думаю. У нас ёсць адзiн «зорны» выпускнiк — Пеця Ялфiмаў (смяецца). Ён працаваў у ансамблi ўсяго паўгода, а пасля давялося выбiраць памiж працай у калектыве i ўдзелам у «Славянскiм базары». Дай Бог, каб сольная кар’ера ў Пецi складвалася гэтак жа добра, як выступленне на конкурсе. А што датычыцца астатнiх хлопцаў, «цякучкi» ў нас няма. Мы спецыяльна падбiраем артыстаў, якiя любяць музыку ў сабе, а не сябе ў музыцы. Яны трымаюцца вельмi сцiпла, не акружаюць сябе зорнай мiшурой, не робяць нiякiх дэманстратыўных учынкаў. Спадзяюся, што такi калектыў — гэта надоўга. Брэнд «Песняроў» належыць усяму народу, i хочацца, каб падзеi двухгадовай даўнiны былi апошнiм высвятленнем адносiнаў у ансамблi. Цi не лагiчна было б перавесцi студыю i офiс «Песняроў» на бульвар Мулявiна, пацiкавiлася я напрыканцы размовы. Вячаслаў Шарапаў не пагадзiўся: памяшканне «выбiваў» некалi сам Уладзiмiр Георгiевiч, музыкантам тут зручна i ўтульна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ён скончыў Мазырскае музычнае вучылiшча па класу духавых iнструментаў. Валодае, акрамя таго, баянам, сiнтэзатарам, бас-гiтарай, фартэпiяна. Зараз асво |
|