Жыццёвая арыфметыка вакол домiка ў вёсцы
Сяргей КУРКАЧ
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Георгiй КУЗНЯЦОЎ i вядучы юрыст ведамства Кацярына БУДА
(Заканчэнне. Пачатак ў «Звяздзе» за 10, 11, 12, 15,16,18 і 22 лiстапада.) — У 1988 годзе бабуляй мне быў завешчаны дом у вёсцы Чашнiцкага раёна. Ужо 11 гадоў, як бабулi няма. У доме нiхто не жыве, але падаткi я плачу i за зямлю, i за нерухомасць. Падкажыце, калi ласка, калi я звярнуся ў сельскi Савет з просьбай выкупiць у мяне гэты дом, дык цi абавязаны яны гэта зрабiць? А калi не, то падкажыце якi-небудзь iншы варыянт. С. В., г. Мiнск. — Згодна з грамадзянскiм заканадаўствам, адчужэнне нерухомай маёмасцi, у тым лiку жылых дамоў, ажыццяўляецца на падставе дагавора куплi-продажу, мены, дарэння цi iншай здзелкi аб адчужэннi гэтай маёмасцi. Дагавор можа быць заключаны як памiж грамадзянамi, так i памiж грамадзянiнам i юрыдычнай асобай. Прымус да заключэння дагавора не дапускаецца. У дагаворы куплi-продажу жылога дома павiнны быць змешчаны даныя, якiя дазваляюць дакладна вызначыць нерухомую маёмасць, якая перадаецца пакупнiку па дагавору, у тым лiку звесткi, якiя паказваюць размяшчэнне нерухомасцi на адпаведным зямельным участку або ў складзе iншай нерухомай маёмасцi. Гэта значыць, што ў прадаўца павiнны быць дакументы, якiя пацвярджаюць яго права ўласнасцi як на жылы дом, так i на зямельны ўчастак: пасведчанне аб дзяржаўнай рэгiстрацыi стварэння жылога дома i ўзнiкнення права ўласнасцi на яго, дзяржаўны акт на зямельны ўчастак, выпiскi з рэгiстрацыйнай кнiгi аб правах, абмежаваннях правоў на жылы дом i на зямельны ўчастак. Гэтыя дакументы вырабляюцца арганiзацыямi па дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю, якiя знаходзяцца па месцы «прапiскi» нерухомай маёмасцi. Прымусiць адпаведны сельскi выканаўчы i распарадчы орган заключыць з вамi дагавор аб адчужэннi жылога дома немагчыма. Разам з тым вы маеце права звярнуцца туды з адпаведнай прапановай i, пры атрыманнi iнфармацыi аб гатоўнасцi сельскага выканаўчага i распарадчага органа заключыць такi дагавор, павiнны падрыхтаваць неабходныя дакументы. Дакладны пералiк дакументаў, якiя трэба мець для заключэння дагавора куплi-продажу жылога дома, вы можаце атрымаць пры звароце ў натарыяльную кантору цi ў арганiзацыю аб дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю. — Мы з мужам пенсiянеры. Я маю iнвалiднасць. Вырашылi зрабiць тэхнiчны пашпарт на дом, каб прапiсаць чалавека, якi змог бы даглядаць нас, калi станем зусiм старыя. Дом быў перанесены ў вёску з хутара ў 1960 годзе. У Стаўбцоўскiм БТI сказалi, што тэхпашпарт без выкупу зямельнага ўчастка не выдаюць. Колькi каштуе выкуп зямельнага ўчастка? «Звязду» выпiсваю з 1958 года. Ваша выданне пачала выпiсваць, калi працавала начальнiкам аддзялення сувязi. Ужо 13 гадоў на пенсii, але працягваю чытаць «Звязду». М. Клiмовiч, в. Сцяцкi, Стаўбцоўскi раён. — Згодна з законам аб дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi вызначана наступная паслядоўнасць дзяржаўнай рэгiстрацыi: дзяржаўная рэгiстрацыя стварэння зямельнага ўчастка, на якiм стаiць капiтальная пабудова (жылы дом); дзяржаўная рэгiстрацыя стварэння капiтальнай пабудовы; дзяржаўная рэгiстрацыя права на зямельны ўчастак i капiтальную пабудову. З улiкам паслядоўнасцi, вызначанай гэтым законам, адначасова можа ажыццяўляцца дзяржаўная рэгiстрацыя стварэння зямельнага ўчастка, капiтальнай пабудовы i правоў на iх. У адпаведнасцi з Iнструкцыяй аб парадку правядзення тэхнiчнай iнвентарызацыi i праверкi характарыстык капiтальных пабудоў (будынкаў, збудаванняў), незавершаных закансерваваных капiтальных пабудоў, iзаляваных памяшканняў, зацверджанай пастановай Камзема ад 28 лiпеня 2004 года № 39, тэхнiчны пашпарт — гэта дакумент, якi складаецца па вынiках тэхнiчнай iнвентарызацыi цi праверкi характарыстык нерухомай маёмасцi, i дзе змяшчаецца апiсанне тэхнiчнага стану аб’екта нерухомай маёмасцi, звесткi аб плошчы i iншых яго характарыстыках: iнвентарны нумар, адрас (месцазнаходжанне) i iншыя даныя аб аб’екце. Звесткi аб праваўладальнiках у тэхнiчныя пашпарты не ўпiсваюцца. Тэхнiчны пашпарт з’яўляецца адным з дакументаў, якi трэба мець для ажыццяўлення дзяржаўнай рэгiстрацыi стварэння капiтальнай пабудовы. Рэгiстрацыя стварэння капiтальнай пабудовы (для якой трэба мець тэхнiчны пашпарт) можа быць зроблены пасля цi адначасова з дзяржаўнай рэгiстрацыяй стварэння зямельнага ўчастка, але не раней за яе. Дзяржаўная рэгiстрацыя зямельнага ўчастка ажыццяўляецца на падставе рашэння аб выдзяленнi зямельнага ўчастка i землеўпарадкавальнай справы. Пры гэтым трэба адзначыць, што для дзяржаўнай рэгiстрацыi жылога дома i права на яго зямельны ўчастак не абавязкова павiнен быць набыты грамадзянiнам у прыватную ўласнасць па нарматыўнай цане. Зямельнае заканадаўства дазваляе грамадзянам Рэспублiкi Беларусь атрымлiваць зямельныя ўчасткi для будаўнiцтва i (або) абслугоўвання жылога дома на праве пажыццёвага валодання з правам перадачы ў спадчыну i, вядома, без аплаты (нарматыўнай цаны) за зямельны ўчастак. — Стары дом, у якiм мы пражылi з бацькамi, зараз стаiць пусты i разбураецца. Зараз у нас з сёстрамi ёсць сваё жыллё, аднак мы жадаем набыць бацькоўскi дом i адрамантаваць яго. Але прадпрыемства «Сельгастэхнiка», якому належыць гэты дом, працяглы час адмаўляе нам па нейкiх надуманых прычынах. Юрыст прадпрыемства прапаноўвае зрабiць там рамонт i жыць без афармлення дакументаў ва ўласнасць. Што нам рабiць? Ангелiна Басько, пасёлак Лiпнешкi, Iўеўскi раён, Гродзенская вобласць. — Для куплi жылога дома трэба заключыць у адпаведным парадку дагавор куплi-продажу, якi падпiсваецца бакамi добраахвотна. Без афармлення дакументаў ва ўласнасць фактычны гаспадар нерухомай маёмасцi можа ў любы час перааформiць гэты жылы дом на трэцiх асоб. — Цi змагу я перадаць сваю хату па спрошчанай схеме згодна з Указам № 368? Вясковы домiк нашай сям’i быў пабудаваны ў 1952 годзе. У 1962 годзе мамы не стала, i хату перапiсалi на брата i сястру, якiя ў той час там жылi. 15 лiстапада 1987 года БТI ў належным парадку правёў рэгiстрацыю нерухомай маёмасцi i выдаў тэхнiчны пашпарт на жылы дом iндывiдуальнага жыллёвага фонду. Пазней не стала брата, а затым i сястры. Братаву палавiну атрымалi ў спадчыну сваякi яго жонкi, а палову сястры атрымаў у 1996 годзе я. У гэтай хаце зараз нiхто не жыве. Мне ўжо 76 гадоў. Апрацоўваць участак цяжка. Хачу гэтую хату прадаць. Як гэта зрабiць? Аляксей Шчарбацэвiч, Баранавiцкi раён, в. Палонка. — Прадаць у вашым выпадку жылы дом, якi знаходзiцца ў сельскай мясцовасцi, згодна з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 11 жнiўня 2005 г. № 368 «Аб некаторых пытаннях адчужэння жылых дамоў у сельскiх населеных пунктах» увогуле немагчыма. Справа ў тым, што нормы гэтага ўказа пашыраюцца толькi на жылыя дамы, якiя знаходзяцца ў сельскiх населеных пунктах i не зарэгiстраваны ў тэрытарыяльных арганiзацыях па дзяржаўнай рэгiстрацыi нерухомай маёмасцi, правоў на яе i здзелак з ёю, звесткi аб якiх унесены ў пагаспадарчую кнiгу сельскага выканаўчага камiтэта да 19 сакавiка 1985 года i якiя з гэтай даты не з’яўлялiся прадметам куплi-продажу цi мены. Тэкст вашага лiста сведчыць, што жылы дом раней ужо быў зарэгiстраваны ў БТI. Купля-продаж у вашым выпадку ажыццяўляецца ў парадку, якi вызначаны Грамадзянскiм кодэксам Рэспублiкi Беларусь — шляхам афармлення дагавора куплi-продажу. Таксама трэба адзначыць, што, паколькi жылы дом знаходзiцца ў долевай уласнасцi, то вы маеце магчымасць прадаць толькi сваю долю жылля, а не ўвесь дом цалкам. Пры гэтым вам спатрэбiцца згода другога ўласнiка нерухомасцi на продаж, бо ў яго iснуе пераважнае права куплi вашай долi дома. — У Крошынскiм сельсавеце Баранавiцкага раёна мая родная бабуля пакiнула мне дом. Дом будавалi адразу пасля вайны. Права на спадчыну ў мяне аформлена. Раней было зроблена рэгiстрацыйнае пасведчанне на нерухомую маёмасць. Зямля вакол дома выкуплена рашэннем мясцовага выканкама на iмя маёй бабулi. Iснуе i тэхпашпарт на гэты будынак. Зараз знайшоўся пакупнiк на дом. Як прасцей i хутчэй прадаць гэтую нерухомую маёмасць? Тамара Асiцкая, Брэсцкая вобласць, г. Ляхавiчы. — Прадаць жылы дом можа толькi яго ўласнiк. Калi ў вас ёсць пасведчанне аб праве на ўласнасць, але пераход права ўласнасцi на жылы дом ад памёршай бабулi да вас у адпаведным парадку не зарэгiстраваны, то спачатку трэба выканаць гэту працэдуру. Затым у адпаведным парадку трэба аформiць права на зямельны ўчастак, якi дакументальна «завязаны» з жылым домам. Пасля таго, як будзе аформлены пераход права на жылы дом, а таксама аформлены заняты iм зямельны ўчастак, тады магчыма ажыццяўляць продаж гэтага жылога дома.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пытаннi чытачоў «Звязды» адказвае старшыня Камiтэта па зямельных рэсурсах, геадэзii i картаграфii пры Савеце Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь Георгiй |
|