Тэлегутарка з Уладзiмiрам Караткевiчам
Вячаслаў РАГОЙША
На самым пачатку 1977 года Беларускае тэлебачанне, кiраўнiцтва якога тады прыхiльна ставiлася да лiтаратуры, запрасiла мяне весцi аўтарскую штомесячную «Тэлевiзiйную бiблiятэку». Тры гады, з месяца ў месяц, я сачыў за навiнкамi лiтаратуры, пiсаў сцэнарыi, праводзiў iнтэрв’ю з пiсьменнiкамi (у асноўным у тэлестудыi) i вёў — часцей у прамым эфiры — гэтую 45-хвiлiнную перадачу. Дагэтуль на магнiтафонных катушках захавалiся галасы Петруся Броўкi i Максiма Танка, Iвана Шамякiна i Аляксея Пысiна, Петруся Макаля i Рыгора Барадулiна, Анатоля Вярцiнскага, Вiктара Карамазава, Алеся Жука i iнш. Сярод iх — i глухавата-стомлены голас Уладзiмiра Караткевiча...
А было гэта 28 лiстапада 1977 года. I нагодай для сустрэчы пiсьменнiка з тэлегледачамi з’явiўся выхад у свет яго шырокавядомага сёння эсэ «Зямля пад белымi крыламi». Яно, гэтае эсэ, што мела першапачатковую назву «Краiна пад беламi крыламi», было напiсана яшчэ ў сярэдзiне 1971 года, i надрукаваць яго пiсьменнiк меўся, як мне было вядома, у тым жа годзе, але нi перыядычныя выданнi, нi выдавецтвы Беларусi чамусьцi не наважылiся гэта зрабiць. I толькi калi эсэ з’явiлася ва Украiне (у перакладзе з аўтарскага рукапiсу), ды i то не раней чым праз пяць гадоў, кнiгу, нарэшце, маглi ўбачыць i беларускiя чытачы. Факт увогуле быў знамянальны, i я спытаў, «як нараджаўся нарыс, што з’явiлася пабуджальным стымулам для яго ўзнiкнення». I пачуўся адказ: — Гэта, нягледзячы на тое, што ў падзагалоўку кнiгi напiсана не нарыс, а эсэ. А пабуджальным стымулам было вось што. Да 50-годдзя савецкай улады Украiна вырашыла выдаць пра ўсе рэспублiкi Савецкага Саюза па кнiзе. Звярнулiся, каб напiсаў пра Беларусь, да мяне. Я i напiсаў... А пасля здарылася так, што мне сказалi: добра, для ўкраiнскiх юнакоў кнiгу пра Беларусь ты напiсаў, а для беларускiх што? I мне давялося сесцi i, як кажуць, на адным дыханнi гэтую кнiгу пераадрасаваць, перапiсаць занава, дабавiць многае, тое-сёе прыбраць адтуль... Пасля гэтых слоў я папрасiў артыста Мiколу Чырыка прачытаць паэтычны ўступ да кнiгi. Сам жа зачытаў урывак з адной украiнскай рэцэнзii на гэты твор. Рэцэнзiя, адчуў, была невядомая Караткевiчу, i слухаў ён ацэнку свайго твора асаблiва ўважлiва. Настаў час папытацца пра «рабочы стол пiсьменнiка». Жывучы па суседству з Караткевiчам i сябруючы з iм, я дастаткова добра ведаў i тое, што ў яго «на варштаце» i ягоныя планы на будучае. Хацелася, каб аб гэтым даведалiся i тэлегледачы. — У апошнi час крыху прыхварнуў, — пачаў пiсьменнiк з далiкатнага наракання на сваё здароўе, хоць, на самай справе, хваробы пачалi зусiм не «крыху» адольваць яго. I працягваў: — Хворы чалавек не раскладзе вакол сябе вялiкай бiблiятэкi, фалiянты там розныя... Яму застаецца пiсаць толькi вершы або — казкi. — Лiтаратурная казка — новы жанр у Вашай творчасцi? — Дзве казкi я ўжо выдаў. (У 1975 г. выйшла невялiкая кнiжачка Караткевiча «Казкi», якую склалi два творы гэтага жанру. — В. Р.). А цяпер вось напiсаў яшчэ некалькi, аддаў у часопiс «Бярозка». Яны пачнуць друкаваць, здаецца, з сакавiцкага нумара. [Казка «Скрыпка дрыгвы й верасовых пустэчаў» была надрукавана ў № 3 за 1978 год, «Кацёл з каменьчыкамi» — у № 7 часопiса за той жа год. — В.Р.]. Ну i, акрамя таго, што яшчэ зрабiў? Ага! Для «Маладосцi» я ўжо канчаю, шлiфую, уласна кажучы, аповесць пад назваю «Чорны замак Альшанскi». Гэта будзе дэтэктыў. Новая для мяне рэч. Ва ўсякiм разе, чытачу абяцаю, што недахопаў нi ў каханнi, нi ў прыгодах у гэтай кнiзе не будзе, нi ў забойствах, нi ў розных нечаканых выпадках, якiя здараюцца з людзьмi, не будзе. Думаю, што будзе цiкавостка. Што будзе чытацца цiкава. Гэтыя словы Караткевiча — цi не першае публiчнае ўпамiнанне пра знакамiты твор, што стаў сапраўднай сенсацыяй у тагачаснай беларускай лiтаратуры. З той «Тэлебiблiятэкi» чытачы, думаю, з нецярпеннем сталi чакаць лiтаратурную «цiкавостку», якая ў «Маладосцi» стала публiкавацца, аднак толькi ў лiпенi-жнiўнi 1978 года, адразу ўзняўшы тыраж часопiса i выклiкаўшы пагоню за ягонымi нумарамi ў кiёсках i бiблiятэках. Прылюднае прызнанне Караткевiча наконт «новай рэчы» было i нечаканым, i цiкавым само па сабе. Аднак, залучыўшы пiсьменнiка на тэлестудыю, я хацеў (i гэта, вiдавочна, было цi не самым галоўным) дабiцца ад яго i прылюднага абяцання закончыць знакамiты, знакавы для ўсёй беларускай лiтаратуры раман «Каласы пад сярпом тваiм». Упершыню першая частка «Каласоў...» была апублiкавана яшчэ ў 1965 годзе («Полымя», №№ 2—6), асобным выданнем у 2 кнiгах яна выйшла ў 1968 годзе. З першапублiкацыi, як бачым, прайшло больш за дзесяць гадоў, раман выклiкаў вялiкую чытацкую цiкавасць, атрымаў высокую ацэнку вядучых крытыкаў, у перакладзе на рускую мову В.Шчадрыной быў выдадзены ў Маскве (1974) i Мiнску (1977). Пiсьменнiк першапачаткова меў намер напiсаць яшчэ дзве часткi рамана. Аднак не давалi розныя аб’ектыўныя i суб’ектыўныя акалiчнасцi. У неафiцыйнай абстаноўцы я некалькi разоў прасiў Караткевiча — i ад сябе асабiста, i ад iмя шматлiкiх чытачоў — «узяцца за «Каласы...», па-сяброўску раiў у iмя гэтага эпахальнага твора адкласцi ўсё, як мне здавалася, неiстотнае, малазначнае. Аднак мае ўгаворы не дапамагалi. I вось я вырашыў «дацiснуць» пiсьменнiка з дапамогай тэлебачання. Паставiў рубам пытанне: цi будзе працяг рамана? I калi? —Так! — на маю радасць паабяцаў Караткевiч. I тут жа пачаў тлумачыць складанасцi творчага працэсу: — Вы знаеце, тут складаная рэч атрымоўваецца. Столькi прыплывае заўсёды новых дакументаў! Вось тут будзе гаварыць з Вамi Генадзь Кiсялёў [Вядомы лiтаратуразнавец Г.В.Кiсялёў удзельнiчаў у той перадачы ў сувязi з выхадам укладзенай iм кнiгi «Пачынальнiкi». — В. Р.], штосьцi ён адкрыў, iншыя, што проста матэрыял плыве ў рукi, рэч распухае, i даводзiцца ў ёй нават прыбiраць некаторыя раздзелы i рабiць з iх асобныя рэчы. Такiм чынам узнiкла апавяданне «Сiняя-сiняя...» Такiм чынам будзе надрукавана ў блiжэйшы час аповесць пад назваю «Зброя» — гэта як галоўны герой рамана Алесь Загорскi купляе зброю для будучага паўстання ў Маскве. Рэч будзе. У блiжэйшы час сяду i буду канчаць. Толькi спачатку трэба зрабiць кнiгу апавяданняў, якую прасiлi, а тады будзе абавязкова працяг. Хоць яно i страшэнна цяжка прыступаць да гэтага, да заканчэння. Шкада герояў. Большасць з iх вымушана будзе цi загiнуць, цi пайсцi ў Сiбiр... Нягледзячы на абяцанне, раман, аднак, так i не быў закончаны. У той вечар, калi ў прамым эфiры iшла «Тэлебiблiятэка», у мацi Караткевiча, якую ён вельмi любiў i якая любiла яго, жыла з iм i ў працяглы час ягонага халасцякоўства, i ў нядоўгi перыяд сямейнага жыцця, здарыўся iнсульт. Праз пэўны час кровазлiццё ў мозг паўтарылася, а 16 снежня Надзеi Васiльеўны не стала... Да ўласных хвароб дадалася цяжкая, невылечная хвароба жонкi, а з гэтым — i шматлiкiя, далёкiя ад творчых, клопаты. На самым пачатку сакавiка 1983 года блiзкiя i сябры Караткевiча праводзiлi ў апошнi шлях яго спадарожнiцу жыцця Валянцiну Бранiславаўну, а лiтаральна праз дзень — родную сястру мацi, яго любiмую цётку Жэню... А 25 лiпеня 1984 года не стала i самога пiсьменнiка. P.S. Каб не канчаць на сумнай ноце, хочацца прыгадаць i такое. У «Тэлебiблiятэцы» побач з Караткевiчам i Кiсялёвым у той вечар удзельнiчаў i знакамiты скульптар акадэмiк Заiр Азгур, кнiга мемуараў якога «Тое, што помнiцца» тады ж выйшла з друку. Як я казаў, быў прамы эфiр. Перад iм, як водзiцца, правялi невялiкую рэпетыцыю, якая нагадвала сапраўдную перадачу. Заiр Iсакавiч пасля рэпетыцыi адразу накiраваўся да выхаду з тэлестудыi. На тлумачэннi, што гэта была толькi рэпетыцыя, не звяртаў увагi. «Як, гэта не iшло ў эфiр? Не, я не магу двойчы гаварыць адно i тое ж!» Нi мае ўгаворы, нi рэжысёра не дапамагалi. Перадача зрывалася. Скандал! Тады Караткевiч дагнаў Азгура ўжо ў калiдоры, стаў перад iм на каленi i артыстычна-малiтоўна ўсклiкнуў: «Дарагi Заiр Iсакавiч! Дзеля Бога! Калi не дзеля майго друга Рагойшы, то дзеля мяне — застаньцеся!..» I Заiр Iсакавiч застаўся.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На самым пачатку 1977 года Беларускае тэлебачанне, кiраўнiцтва якога тады прыхiльна ставiлася да лiтаратуры, запрасiла мяне весцi аўтарскую штомесячну |
|