Вялiкія праблемы малых гарадоў
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Праблема занятасцi насельнiцтва асаблiва востра стаiць у невялiкiх райцэнтрах i мястэчках. Там, дзе развiтая прамысловасць, у чалавека ёсць хоць нейкi выбар. Напрыклад, у Баранавiчах, Iвацэвiчах, Пiнску цi Бярозе ўсё ж можна знайсцi работу, няхай i не па спецыяльнасцi. А вось, скажам, у Драгiчыне, Iванаве, Ганцавiчах людзi за работу трымаюцца да апошняга, бо можна надоўга застацца беспрацоўным.
На семiнары начальнiкаў аддзелаў па працы i сацыяльнай абароне гаррайвыканкамаў Брэстчыны, якi прайшоў у Ляхавiчах, якраз i ўзнiмалася пытанне занятасцi ў малых гарадках. Калi ў райцэнтры мала прамысловых прадпрыемстваў, то многае залежыць ад прадпрымальнiкаў, якiя могуць крыху зняць праблему беспрацоўя. Ляхавiцкi прадпрымальнiк Валерый Радзюк вырабляе макарону i выпякае хлеб, мае магазiны, фермерскую гаспадарку. У яго працуюць 64 чалавекi, якiм гарантавана сацыяльная абарона. Напрыклад, шэсць работнiц знаходзяцца ў дэкрэтным водпуску. А для Ляхавiч 64 рабочыя месцы гэта i нямала, бо на самых буйных прадпрыемствах райцэнтра — малочным i кансервавым заводах — працуе па паўтары сотнi чалавек. Каб такiх прадпрымальнiкаў у райцэнтры было з дзесятак, то ад гэтага выйгралi б усе, i найперш дзяржава. Прапiсная iсцiна: калi людзi жывуць заможна, то i дзяржава багатая. Ёсць жа краiны, якiя быццам бы багатыя, а народ у беднасцi. Але аказваецца, што адкрываць новыя рабочыя месцы ў нас даволi складана. Радзюк паскардзiўся на чыноўнiкаў, якiя гуляюць у хованкi, ды i народ на дзелавога чалавека глядзiць з-пад iлба. Вось напiсаў прадпрымальнiк бiзнэс-план i паклаў чыноўнiку на стол. Папера ходзiць па кабiнетах ужо два гады, а адказу няма. I няхай бы ён быў адмоўным, але ж трэба прытрымлiвацца нейкiх iнструкцый, правiлаў гульнi. — Кантактаваць з нашымi чыноўнiкамi ўсё цяжэй i цяжэй. Вось заглянуў у iнстытут у Самахвалавiчах. Перад тым як расшырыць фермерскую гаспадарку, хацеў параiцца са спецыялiстамi, а там i гаварыць не захацелi. Вось i расшырайся, адкрывай рабочыя месцы. А, напрыклад, у Польшчы цi Галандыi даюць з радасцю любую iнфармацыю i грошай не пытаюць, — наракаў В. Радзюк. Праблема сапраўды iснуе. У нас яшчэ кожны цягне коўдру на сябе, спадзяецца, што такiм чынам выжыве. Але ж вельмi часта свае iнтарэсы i дзяржаўныя звязаны, хаця на першы погляд гэта i не заўважна. У рабоце семiнара прыняў удзел намеснiк старшынi камiтэта па працы i сацыяльнай абароне Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ярашук. Ён i адказаў на некалькi пытанняў. — Анатоль Сямёнавiч, у якiх рэгiёнах асаблiва востра стаiць праблема занятасцi насельнiцтва i з чым гэта, на ваш погляд, звязана? — Тут можна ўказаць на Пiнскi раён, Маларыту, Камянец, Жабiнку... Ды i iншыя райцэнтры сутыкнулiся з гэтай праблемай. А прычыны шукаць доўга не трэба. Вось возьмем Камянец. Тут раней працаваў масласырзавод, i прадпрыемства выпускала пэўны асартымент прадукцыi, а сёння займаюцца на заводзе толькi малаком, бо прадпрыемства стала прыдаткам Брэсцкага малаказавода. Вытворчасць скарацiлася, а з ёю i многiя рабочыя сталi беспрацоўнымi. Аналагiчная сiтуацыя i на мясцовай аўтабазе, якая стала ўжо ўчасткам... — Якая катэгорыя насельнiцтва мае найбольшыя праблемы з уладкаваннем на працу? — Калi чалавеку пад пяцьдзесят, то знайсцi яму работу ўжо цяжка. Хаця ў вобласцi з 364 тыс. пенсiянераў 20 працэнтаў працуюць. Сёння ўсё часцей узнiкаюць праблемы з работай i ў маладых сем’ях, асаблiва гэта адчуваецца ў вёсцы. Здавалася б, маладыя людзi маюць спецыяльнасць, а ўладкавацца на працу не могуць. Справа ў тым, што ў нас ужо без усякай патрэбы, не ўлiчваючы рэальную сiтуацыю ў краiне, штампуюць, калi хочаце, юрыстаў, педагогаў, iнжынераў... Колькасць розных навучальных устаноў у нас вырасла, а колькi нам трэба тых цi iншых спецыялiстаў, хто падлiчвае, прагназiруе? Некалi ў Саюзе рабочых рук не хапала, а цяпер неабходна рэгуляваць... — Анатоль Сямёнавiч, закранём пытанне, якое непасрэдна звязана з работай вашай структуры. Якая сiтуацыя з аказаннем платных паслуг пенсiянерам? — Трэба прызнаць, што гэтая форма работы не прыжылася. Больш як 3 тысячы адзiнокiх пенсiянераў адмовiлiся ад паслуг. Нiзкiя пенсii, ды i людзi ў нас прывыклi ўсе паслугi атрымлiваць бясплатна. Хаця ўжо апошнiм часам людзi пакрыху пачалi мяняць свае погляды i ад паслуг не адмаўляюцца. — Якiя скаргi паступаюць да вас ад старых людзей? — Скаргi, можна сказаць, адны i тыя ж. Найперш людзi скардзяцца на нiзкiя пенсii, на дарагiя лякарствы, на тое, што не могуць аплацiць камунальныя паслугi. Як бачым, пытаннi галоўным чынам фiнансавыя. — Скажыце, а вы ў вобласцi робiце нейкiя захады, выносiце прапановы — цi чакаеце толькi ўстаноўкi зверху? — Мы выступiлi з прапановай аб пашырэннi кола асоб, якiм аказваецца адрасная дапамога. Яе сёння атрымлiваюць людзi, у якiх сярэднi месячны даход на душу не перавышае 60 працэнтаў ад бюджэтнага пражыткавага мiнiмуму, а мiнiмум пажадана падняць да 80 працэнтаў, але ўсё тут залежыць ад наяўнасцi грошай у бюджэце, эканамiчнай сiтуацыi ў краiне...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Праблема занятасцi насельнiцтва асаблiва востра стаiць у невялiкiх райцэнтрах i мястэчках. Там, дзе развiтая прамысловасць, у чалавека ёсць хоць нейкi |
|