21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Iнвестыцыi ў будучыню

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Рэфармаванне стратных аграпрамысловых прадпрыемстваў прыносiць пазiтыўныя вынiкi

РАЗАМ З ЭКСПАРТАМ, навукай i будаўнiцтвам жылля сельская гаспадарка вызначана важнейшым прыярытэтам сацыяльна-эканамiчнага развiцця Беларусi. Сельгасвытворцам аказваецца значная дзяржаўная падтрымка. Толькi за апошнiя два гады ў аграпрамысловы комплекс было ўкладзена больш чым 5 трыльёнаў рублёў (у выглядзе прамых паступленняў, праз вытворча-тэхнiчныя рэсурсы i г.д.). Такая ўвага цалкам абгрунтаваная. На долю АПК прыпадае каля 9 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту. На вёсцы жыве амаль трэць насельнiцтва Беларусi — 2,8 мiльёна чалавек. Асноўная частка працаздольных жыхароў занята ў сельскагаспадарчай вытворчасцi (паводле апошнiх даных, у галiне зараз працуюць амаль 500 тысяч чалавек — 11 працэнтаў усiх занятых у беларускай эканомiцы), якая па-ранейшаму з’яўляецца сiстэмаўтваральнай для значнай часткi тэрыторыi рэспублiкi.

Вялiзная дзяржаўная фiнансавая падтрымка, якая аказваецца аграпрамысловаму комплексу, прыносiць канкрэтныя вынiкi. Апошнiм часам прадпрыемствы галiны стабiльна нарошчваюць вытворчыя паказчыкi. Напрыклад, сёлета на 15—16 працэнтаў павялiчылася вытворчасць малака i мяса. Амаль на 600 лiтраў узрос сярэднi надой ад каровы. Чакаецца, што ў канцы года гэты паказчык складзе амаль 3,7 тысячы лiтраў малака. Такiх вынiкаў у жывёлагадоўлi не дасягалi нават за савецкiм часам.

Самыя высокiя тэмпы развiцця дэманструе Мiнская вобласць, дзе сёлета ад каровы ў сярэднiм будзе надоена амаль 4 тысячы лiтраў, а валавая вытворчасць малака i мяса павялiчыцца на 21—22 працэнты. Сем раёнаў (Слуцкi, Нясвiжскi, Смалявiцкi, Клецкi, Мiнскi, Гродзенскi i Брэсцкi) па вынiках гэтага года перасягнуць 5-тысячную мяжу па надоях малака ад каровы, а яшчэ 12 раёнаў атрымаюць больш чым па 4 тыс. лiтраў. Не менш важкiя поспехi i ў раслiнаводстве: вынiкi для такога складанага года атрымалiся зусiм нядрэнныя — cёлета было сабрана больш чым 7 мiльёнаў тон збожжа, 8 млн тон бульбы, 3 млн тон цукровых буракоў. У разлiку на ўмоўную галаву жывёлы для грамадскага пагалоўя нарыхтавана па 17,1 цэнтнера адзiнак травяных кармоў (на 11 працэнтаў больш, чым было назапашана летась).

Працэс пайшоў

На вёсцы значна зменшылася колькасць «аўтсайдараў». Гэтаму паспрыялi змяненнi эканамiчнага механiзма аграпрамысловага комплексу. Апошнiм часам прыватная iнiцыятыва набыла рэальны шанц рэалiзаваць сябе ў сельскай гаспадарцы з прыняццем па-сапраўднаму знакавых указаў кiраўнiка дзяржавы. I «працэс пайшоў». Як адзначыла першы намеснiк мiнiстра сельскай гаспадаркi i харчавання Надзея Каткавец, за няпоўныя два гады было рэфармавана 408 стратных сельгаспрадпрыемстваў (125 — сёлета), 64 з iх былi прададзены iнвестарам як маёмасныя комплексы. За гэты час у развiццё аграпрамысловай вытворчасцi новымi гаспадарамi было ўкладзена 263 мiльярды рублёў. Паводле слоў Надзеi Каткавец, такiя значныя iнвестыцыi дазволiлi на парадак павялiчыць аб’ёмы вытворчасцi аграпрамысловай прадукцыi, выручку ад яе рэалiзацыi. Адпаведна ўзраслi i заробкi вяскоўцаў.

Найлепшыя вынiкi ў справе рэфармавання стратных сельгаспрадпрыемстваў на Мiншчыне. Што, канешне, не можа не радаваць, паколькi цэнтральны рэгiён без перабольшання з’яўляецца стратэгiчным. Мяркуйце самi: па вынiках 10 месяцаў гаспадаркi Мiншчыны забяспечылi чвэрць рэспублiканскага аб’ёму валавой вытворчасцi прадукцыi аграпрамысловага комплексу. Па малаку гэтая лiчба складае 26,7 працэнта, бульбе — 26,4, збожжу — 25,8, мясу жывёлы i птушкi — 24,2, цукровых бураках — 21,8 працэнта. Сельгаспрадпрыемствы Мiнскай вобласцi — асноўныя пастаўшчыкi харчавання для патрэб жыхароў сталiцы. Сёлета за 9 месяцаў у Мiнск паступiла 38,21 тысячы тон мяса (48 працэнтаў агульнага аб’ёму спажывання) i 260,9 тыс. тон малака (62,7 працэнта). Як бачым, ад фiнансавай стабiльнасцi i адпаведных вытворчых паказчыкаў аграпрамысловых прадпрыемстваў цэнтральнага рэгiёна шмат залежыць.

«Рэанiмацыя» стратных аграпрамысловых прадпрыемстваў у Мiнскай вобласцi пачалася больш чым год таму. Спачатку былi рэфармаваны 125 «аўтсайдараў», сёлета да iх далучылiся яшчэ 11. Такiм чынам, больш чым чвэрць ад усiх пераўтвораных гаспадарак у нашай дзяржаве — гэта аграпрамысловыя прадпрыемствы Мiншчыны. За непрацяглы час iнвестарам удалося навесцi ў сваiх гаспадарках належны парадак. Што адразу прынесла станоўчыя вынiкi — паводле слоў начальнiка аддзела па навуковаму забеспячэнню, укараненню новых формаў гаспадарання i рэфармаванню ўласнасцi Камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаванню Мiнскага аблвыканкама Мiкалая Манько, выручка ад рэалiзацыi сельскагаспадарчай прадукцыi ўзрасла больш чым у 1,7 раза.

У Мiнскiм раёне былi рэфармаваны 5 стратных аграпрамысловых прадпрыемстваў. Адна з такiх гаспадарак — саўгас «Савецкi». Ён быў утвораны ў 1966 годзе на базе саўгаса «Рогаўскi». «Савецкi» спецыялiзаваўся на вытворчасцi малака, ялавiчыны, збожжавых культур i бульбы. Гэта была даволi вялiкая не толькi па раённых мерках гаспадарка — яе плошча складала 4,3 тысячы гектараў. Аднак на працягу апошнiх гадоў справы ў «Савецкiм» яўна не заладзiлiся.

Прычын таму (i аб’ектыўных, i суб’ектыўных) можна назваць шмат. Аднак факт застаецца фактам — настаў час, калi былы саўгас-мiльянер (якiм ён быў за савецкiм часам) апынуўся на мяжы банкруцтва i адразу быў залiчаны ў разрад неперспектыўных. Прасцей кажучы, многiя на iм «паставiлi крыж». Як гэта часта здараецца ў такой сiтуацыi, кiраўнiкi ў гаспадарцы мянялiся адзiн за адным, даўгi раслi быццам снежны камяк, памяншалiся аб’ёмы вытворчасцi...

Адным словам, перспектыў, здавалася, не было нiякiх. Аднак пералом, на шчасце, усё ж наступiў — у лiпенi мiнулага года маёмасны комплекс саўгаса «Савецкi» набыло сумеснае прадпрыемства закрытае акцыянернае таварыства «Славнефть-Старт». Быў утвораны адпаведны фiлiял «Славнефть-Агро». Як паведамiў Мiкалай Манько, за непрацяглы час тут адбылiся значныя змены — на парадак павялiчылiся аб’ёмы вытворчасцi, узраслi заробкi вяскоўцаў, будуецца жыллё. Адным словам, прыватная iнiцыятыва паспяхова рэалiзуе сябе на сельскагаспадарчай нiве. Каб пабачыць усё на свае вочы, мы i накiравалiся ў «Славнефть-Агро».

На шалях рэнтабельнасцi

На тэрыторыi былога саўгаса «Савецкi», а цяпер фiлiяла «Славнефть-Агро» размешчана амаль тры дзесяткi вёсак. Даволi вялiкi «анклаў» атрымлiваецца. Цэнтр гаспадаркi — вёска Шаршуны. Размешчана яна дзесьцi за сорак кiламетраў ад Мiнска. Аднак цiкавая рэч атрымлiваецца: менавiта на такой жа адлегласцi ад Шаршуноў знаходзiцца i шэраг райцэнтраў — тыя ж Маладзечна цi Лагойск. Выходзiць амаль як у той вядомай прымаўцы: «Да начальства далёка, да Бога высока». Вось i «схавалiся» тутэйшыя мясцiны лiтаральна пад Мiнскам. Аднак нават невялiкая адлегласць усё ж адыграла сваю ролю, i «Савецкi» так i застаўся ў мiнулым, не здолеўшы перайсцi ў сучаснасць.

Гэты неабходны крок наперад, да новых сацыяльна-эканамiчных рэалiй быў зроблены ўжо з дапамогай iнвестара. Пераход аказаўся паспяховым. Гэта заўважаеш нават з першага погляду — вакол лiтаральна вiруе жыццё.

— Пачынаць было вельмi цяжка, — кажа дырэктар фiлiяла «Славнефть-Агро» Сяргей Кулагiн, — аднак не ўпершыню прыходзiцца наводзiць парадак. Я старшыня ў трэцiм пакаленнi. Яшчэ дзед займаўся сельскай гаспадаркай. А мне прыйшлося ў 27 гадоў узначалiць гаспадарку ў Мсцiслаўскiм раёне. Там праходзiў свае «унiверсiтэты». Апошнiя восем гадоў працую ў прысталiчным раёне. Вопыт набыў добры. Перад тым як узначалiць гэтую гаспадарку, шэсць гадоў працаваў у вядомым агракамбiнаце «Ждановiчы». Так што прыйшоў сюды ўжо з нядрэнным веданнем сельскагаспадарчай вытворчасцi (на лепшых прыкладах гаспадарання) i жаданнем давесцi тут усё да ладу. Скажу шчыра, што хоць i працаваў доўгi час у раёне, а ў гэтых мясцiнах нiколi не быў. Упершыню сюды летась прыехаў, калi пачалася падрыхтоўка да продажу саўгаса «Савецкi» сумеснаму прадпрыемству «Славнефть-Старт». Практычна кампанiя пачала тут працаваць яшчэ вясной 2004 года, калi падчас сяўбы аказала дапамогу ў набыццi мiнеральных угнаенняў i сродкаў аховы раслiн. Калi агледзеўся, то заўважыў дзве «глабальныя» праблемы — нiзкаўрадлiвыя глебы i... камянi. Не здзiўляйцеся, менавiта камянi. Цяпер мы з iмi паспяхова змагаемся, набылi сучасную спецыяльную тэхнiку. I наконт глебы: бал ворыва — 27—30, утрыманне гумусу — дзесьцi 1,6 працэнта. Амаль трэць плошчаў неабходна правапнаваць. Сiтуацыя, канешне, складаная, але не безвыходная. На зямлi можна i трэба працаваць. Важна толькi прыкласцi намаганнi i выдаткаваць сродкi. Так супала, што ў нашым выпадку гэтыя два кампаненты прысутнiчаюць. Таму i вынiкi не прымусiлi сябе чакаць.

Ужо летась на землях былога саўгаса «Савецкi» ўдалося атрымаць выдатны «каравай» (рост ураджайнасцi забяспечыла ўнясенне ў неабходнай колькасцi мiнеральных угнаенняў i сродкаў аховы). Дагэтуль тут збiралi па 1,5—2 тысячы тон збожжа пры сярэдняй ураджайнасцi 19—22 цэнтнеры з гектара. Летась «савецкiя» паказчыкi былi перавышаны адразу амаль удвая — валавы намалот склаў 3,5 тыс. тон, а ўраджайнасць — 38,3 ц/га. Такiх вынiкаў не дабiвалiся за ўсю гiсторыю iснавання саўгаса «Савецкi».

Аднак, як аказалася, i гэта яшчэ зусiм не мяжа. Сёлета валавы збор збожжа ў «Славнефть-Агро» склаў ужо 4641 тону. Праўда, ураджайнасць выйшла крыху меншая, чым летась, — 37 цэнтнераў з гектара.

— Паўплывалi ўмовы надвор’я, — заўважае галоўны аграном «Славнефть-Агро» Алег Упенiк. — З-за наступстваў жнiвеньскага ўрагану, напрыклад, па самых сцiплых падлiках, страты склалi 10—12 цэнтнераў з гектара. Вось i лiчыце, якi ўраджай рэальна быў вырашчаны. На асобных участках збiралi рэкордную колькасць: так, ячменю намалочвалi i па 52 цэнтнеры з гектара, трыцiкале — па 57, пшанiцы — па 42. Як бачыце, рэзервы ёсць, i немалыя. Сёлета мы больш чым на тысячу тон павялiчылi валавы збор збожжа. У першую чаргу зроблена гэта было за кошт няўхiльнага выканання тэхналогii. Усе неабходныя аперацыi былi праведзены ў строгай адпаведнасцi з патрабаваннямi. Акрамя таго, нельга не ўзгадаць i наступны факт: узарана больш чым 400 гектараў участкаў, якiя доўгi час (25—30 гадоў) не выкарыстоўвалiся. Усе гэтыя землi былi ўведзены ў севазварот.

Было закуплена шмат новай сучаснай тэхнiкi: трактары Fendt, камбiнаваная сеялка i абаротны плуг Raba, прычапны кормазмяшальнiк-раздатчык Optimix, кормаўборачны комплекс «Ягуар», збожжаўборачны камбайн Claas Lexion, апырсквальнiк Prestige, каменяўборачны агрэгат i многае iншае.

Сяўба азiмых у фiлiяле «Славнефть-Агро» была праведзена ў аптымальныя тэхналагiчныя тэрмiны. Як адзначыў Алег Упенiк, пачалi першымi ў раёне i завяршылi першымi. Усяго збожжавымi ўвосень было засеяна 820 гектараў. Прыкладна столькi ж складзе адпаведная плошча i падчас веснавой сяўбы. Такiм чынам, пад збожжавыя будзе адведзена больш як 1,6 тысячы гектараў. Гэта ўдвая больш, чым засявалi ў былым саўгасе «Савецкi». Iнтэнсiфiкацыя вытворчасцi — вiдавочная. Разам з павелiчэннем пасяўных плошчаў узрасце i ўраджайнасць: плануецца, што налета яна павiнна скласцi не менш чым 40 цэнтнераў з гектара. Зараз актыўна закупляецца неабходная колькасць мiнеральных угнаенняў i сродкаў аховы раслiн. Таксама пад азiмыя i яравыя будзе ўнесена дзесьцi 15 тысяч тон арганiкi. За зiму будзе нарыхтавана 6—7,5 тыс. тон тарфяна-гноевых кампостаў. Разам з належным выкананнем тэхналогii ўсё гэта дасць магчымасць атрымаць больш чым 5 тысяч тон збожжа.

Як паведамiў Алег Упенiк, зараз робiцца поўнае абследаванне сельскагаспадарчых угоддзяў. Будуць складзены спецыяльныя карты глебы, што дасць магчымасць земляробам працаваць пад канкрэтны ўчастак — з прымяненнем неабходных угнаенняў i сродкаў аховы. Асобна трэба сказаць i пра насенне — яно закупляецца самае высокапрадуктыўнае, прымяняюцца найбольш эфектыўныя сарты, якiя даюць максiмальную аддачу. Аднак рэкордная ўраджайнасць — не самамэта. Як адзначыў Алег Упенiк, трэба дакладна вызначыць, на якi ўзровень трэба выходзiць. Напрыклад, спецыялiсты падлiчылi, што на гэтых землях (пры ўмове выкарыстання лепшых участкаў) выгадна вырошчваць да 45 цэнтнераў з гектара. Можна i больш атрымаць, аднак у такiм выпадку ўзрастуць затраты. А паколькi ставiцца задача поўнасцю забяспечваць пагалоўе жывёлы ўласнымi кармамi (што, дарэчы, было зроблена ўжо сёлета — iх нарыхтавана пад патрэбу ў належнай колькасцi), то эканамiчныя паказчыкi будуць вызначальнымi.

Вытворчасць плюс перапрацоўка

Тэхнiчнае абнаўленне адбываецца i ў жывёлагадоўлi. Па сутнасцi, вытворчая база ў гаспадарцы была iстотна абноўлена (праведзена грунтоўная рэканструкцыя), а шмат дзе проста «перароблена». Напрыклад, на малочнатаварнай ферме «Камянец» было ўстаноўлена сучаснае даiльнае абсталяванне, што дазволiла ўжо зараз выйсцi на выкарыстанне самых эфектыўных тэхналогiй. Тое ж можна сказаць i ў дачыненнi да iншых участкаў. Змены можна ўбачыць праз вытворчыя паказчыкi. Напрыклад, сёлета за студзень—верасень у «Славнефть-Агро» валавы надой малака склаў амаль 1,9 тысячы тон, што на 615 тон больш, чым у мiнулым годзе (летась за такi ж перыяд было атрымана 1,2 тыс. тон). Сярэднi надой на карову перавысiў 4,1 тыс. лiтраў. Па гэтай пазiцыi «плюс» склаў 1,3 тысячы тон. Як адзначаюць спецыялiсты, такiя тэмпы росту для многiх гаспадарак проста немагчымыя. Статак буйной рагатай жывёлы ў параўнаннi з мiнулым годам павялiчыўся больш чым на 200 галоў.

Колькасць кароў узрасла нязначна — гэта тлумачыцца тым, што прыйшлося праводзiць сур’ёзную селекцыйную работу. Генетычны патэнцыял статка трэба тэрмiнова паляпшаць. А гэта справа часу. Варта хоць бы ўзгадаць, што ў саўгасе «Савецкi» ўвогуле не было спецыялiста-селекцыянера. Атрымлiваецца, што адпаведная работа ў гаспадарцы ўвогуле не праводзiлася, а калi i праводзiлася, то хiба толькi на «аматарскiм» узроўнi. Цяпер сiтуацыя змянiлася. Як адзначыла зааатэхнiк-селекцыянер «Славнефть-Агро» Валянцiна Мiхальчанка, генетычны патэнцыял статка зусiм не вычарпаны, важна яго з розумам выкарыстаць. Ёсць высокапрадуктыўныя жывёлы — асобныя за суткi даюць па 33—35 лiтраў малака. За кошт правядзення належнай селекцыйнай работы можна значна палепшыць цяперашнiя паказчыкi.

— Не менш важная справа — добрае кармленне, — адзначае галоўны заатэхнiк «Славнефть-Агро» Зiнаiда Лабажэвiч. — У мiнулым годзе пэўную колькасць кармоў прыйшлося закупляць, а сёлета iх назапасiлi ўдосталь. Мы iмкнёмся да таго, каб рацыён жывёл быў збалансаваны. У перспектыве аб’ём валавой вытворчасцi малака павiнен на парадак узрасцi. Для гэтага зараз ствараюцца ўсе перадумовы. Ужо цяпер можна параўноўваць паказчыкi: калi раней дзённы надой на карову складаў 1,5 лiтра, то зараз — 11,5 л. Гэта ў сярэднiм. На асобных фермах атрымлiваюць i больш: у «Пецькавiчах» дояць па 14 лiтраў, «Галавачах» — 12. Патэнцыял кароў павiнен паляпшацца, зробiм адмысловы селекцыйны кароўнiк, дзе будзе сканцэнтравана «малочнае ядро» статка. Таксама ў перспектыве — узвядзенне даiльнай залы амаль на 600 галоў.

Стаўка на далейшае павелiчэнне аб’ёмаў вытворчасцi малака апраўданая, паколькi ў гаспадарцы ёсць свая перапрацоўка. «Павiнен быць замкнёны цыкл «вытворчасць—перапрацоўка—рэалiзацыя», — кажа Сяргей Кулагiн. — Толькi ў такiм разе магчыма атрымаць максiмальны эканамiчны эфект. Таму мы iмкнёмся рэалiзаваць у сябе менавiта такi варыянт арганiзацыi сельскагаспадарчай вытворчасцi».

Зараз цэх «Славнефть-Агро» перапрацоўвае за змену тры тоны малака. А ўсяго дзённы аб’ём вытворчасцi «белага золата» ў гаспадарцы зараз складае каля 5 т.

Частку малака адпраўляюць у Заслаўе. Няпоўная загрузка вытворчай магутнасцi малочнага цэха (тут i зараз могуць перапрацоўваць усю атрыманую сыравiну) — вынiк цяжкасцяў з рэалiзацыяй прадукцыi. Аднак гэта часовыя праблемы, паколькi пасля замены абсталявання пачнецца больш актыўнае супрацоўнiцтва з гандлёвымi прадпрыемствамi. Дарэчы, ёсць пастаянныя партнёры i зараз — прадукцыя цэха па перапрацоўцы малака «Славнефть-Агро» пастаўляецца ў 20 мiнскiх крамаў. Яна карыстаецца добрым попытам у спажыўцоў.

— Раней грошай не было нават на бензiн, каб завезцi прадукцыю на рэалiзацыю, — узгадвае начальнiк цэха па перапрацоўцы малака «Славнефть-Агро» Галiна Каралько. — Сродкаў не хапала на самае элементарнае — здаралася, i на мыйныя сродкi. Зараз усё змянiлася: складаю бiзнэс-план i атрымлiваю ўсё неабходнае для вытворчасцi. Створаны належныя ўмовы для прадукцыйнай працы. Я працую ў гаспадарцы 25 гадоў. Пэўны час таму склалася сiтуацыя, калi думала адсюль з’язджаць, паколькi нi заробкаў (атрымлiвала вельмi мала), нi перспектыў нiякiх не было. А зараз на працу заўсёды з добрым настроем iду, паколькi жыць стала цiкава.

У малочным цэху зараз выпускаецца тры вiды прадукцыi: пастэрызаванае малако, смятана i масла.

У далейшым плануецца яшчэ i вытворчасць тварагу наладзiць i, магчыма, ёгуртаў. Зараз завяршаецца грунтоўная мадэрнiзацыя вытворчасцi — закуплена самае сучаснае абсталяванне.

Тэхналагiчны працэс будзе поўнасцю аўтаматызаваны. Кантроль за якасцю наладжаны жорсткi: працуюць хiмiчная i мiкрабiялагiчная лабараторыi. Прычым апошняя з’явiлася адносна нядаўна («за саўгасам» яе ўвогуле не было).

Перапрацоўка — справа надзвычай перспектыўная. Нездарма ж гэты накiрунак быў вылучаны як адзiн з асноўных у агульным бiзнэс-плане «Славнефть-Агро». Такая стаўка падмацавана канкрэтнымi эканамiчнымi выкладкамi. Як паведамiла Галiна Каралько, калi здаваць 11 тон малака (менавiта столькi плануецца ў перспектыве штодня вырабляць яго ў гаспадарцы), то страты за год складуць 412 мiльёнаў рублёў пры адмоўнай рэнтабельнасцi -31 працэнт. А калi перапрацаваць такi аб’ём у сябе i рэалiзаваць атрыманую прадукцыю, то атрымаецца 382 млн рублёў прыбытку пры рэнтабельнасцi 14 працэнтаў. Каментарыi тут, напэўна, лiшнiя...

Перспектыўная свiнiна

Асноўнай «грашовай» крынiцай у «Славнефть-Агро» ўжо цяпер з’яўляецца свiнагадоўля. Зараз праводзiцца маштабная рэканструкцыя комплексу. Каб завяршыць яе ў поўным аб’ёме, спатрэбiцца каля 4 мiльярдаў рублёў. Патрэбныя сродкi iнвестар выдзяляе рэгулярна, таму будаўнiцтва i мантаж неабходнага абсталявання iдуць без зрываў.

— Паводле сусветнай статыстыкi, свiнiна — самае спажываемае мяса, — заўважае Сяргей Кулагiн. — Яго вытворчасць развiта на 40 працэнтаў, таму ў перспектыве будзе павялiчвацца. Насычэнне, як мяркуецца, адбудзецца не раней чым праз трыццаць гадоў. Неабходна выкарыстаць гэты час з выгадай для сябе, атрымаць прыбытак i ўкласцi сродкi ў развiццё вытворчасцi. Я спадзяюся, што ў нас усё так i атрымаецца. Важна толькi тэрмiнова завяршыць перааснашчэнне, каб займацца вытворчасцю свiнiны на належным тэхналагiчным узроўнi.

Папрацаваць, канешне, прыйдзецца шмат. У спадчыну новым гаспадарам, як заўважыў начальнiк свiнагадоўчага комплексу Аляксандр Пятроўскi, «дасталося старое, хворае i някормленае пагалоўе». У першую чаргу былi закуплены неабходныя медыкаменты (на што выдаткавалi 7—8 мiльёнаў рублёў). Таксама прыйшлося набываць i зерне, паколькi ў запасе яго амаль не было. Спачатку на комплексе ўтрымлiвалася 3,2 тысячы свiней. За непрацяглы час пагалоўе павялiчылi да 4,6 тыс. Столькi ж было i рэалiзавана. Атрымлiваецца, што аб’ёмы вытворчасцi павялiчылiся ўдвая. Калi штодзённае прыбаўленне ў вазе на адкорме раней было 370 грамаў, то зараз — 600—670.

Раней на комплексе працаваў стары млын. Зразумела, што якасць кармоў, якiя тут выраблялi, была не на належным узроўнi. Цяпер раз на тыдзень запрашаюць спецыяльны «Мерседэс» (на якiм усталяваны млын) для размолу. Атрымлiваюцца неабходныя фракцыi для кожнай групы жывёл. У вынiку значна павялiчваецца засваяльнасць камбiкорму. Зерня хапае — створаны гадавы запас.

— Пасля завяршэння рэканструкцыi выйдзем на новы ўзровень вытворчасцi свiнiны, — упэўнены Аляксандр Пятроўскi. — Спачатку прыйшлося наводзiць элементарную дысцыплiну, як я яшчэ кажу, лiтаральна працвярэжваць многiх работнiкаў. Гэта ўдалося зрабiць i зараз на першы план выходзiць эканомiка. Калi прымалi комплекс, то рэнтабельнасць была -46 працэнтаў. Проста страшэнныя лiчбы. Па вынiках гэтага года, думаю, павiнны выйсцi «на нуль», пасля пачнём развiвацца. Галоўнае, што ўжо многае атрымлiваецца. Мяркуйце самi: раней сабекошт парасят быў высокi, i iх рэалiзоўвалi насельнiцтву па 10 тысяч рублёў за кiлаграм. Зараз мы iх прадаём за 6760 рублёў за кг i маем прыбытак. Атрымалася, што парасяты на нашым комплексе — адны з самых танных у акрузе. Кожную сераду, калi iх рэалiзуем, выстройваюцца вялiкiя чэргi (па 30—50 чалавек прыязджае).

Ужо зараз па асноўных вытворчых паказчыках мы знаходзiмся ў тройцы лiдараў па Мiнскаму раёну i ў пяцёрцы — па вобласцi. Аб гэтым магу вам дакладна паведамiць. Зроблены такi значны крок наперад быў за кароткi тэрмiн. З рэалiзацыяй таксама праблем не ўзнiкае — знайшлi надзейных партнёраў, якiя своечасова разлiчваюцца. Вучым свае кадры, паколькi па сучасных тэхналогiях у стане працаваць толькi высокаквалiфiкаваныя спецыялiсты.

Цяперашняму загадчыку свiнакомплексу прыходзiцца працаваць без выхадных. Але не прывыкаць — яшчэ ў 1993 годзе ён стварыў уласную фермерскую гаспадарку. Трымаў да тысячы галоў свiней. Чаму прыйшоў сюды? «Проста цiкава працаваць на такой вытворчасцi, — кажа Пятроўскi. — Ды i перспектыўна — я веру ў поспех справы, iнакш проста не пагадзiўся б узначалiць свiнакомплекс».

«Кубiк Рубiка»

У «Славнефть-Агро» ёсць дрэваапрацоўчы цэх. Ён зараз загружаны «пад патрэбу» — у асноўным выпускае прадукцыю для «ўнутранага спажывання». Як паведамiў майстар цэха дрэваапрацоўкi Мiкалай Iльюшын, за месяц перапрацоўваецца 95—100 куб. метраў сыравiны.

Апошнiм часам было закуплена новае абсталяванне — два станкi, якiя «пацягнулi» на 45 мiльёнаў рублёў. Паводле слоў Мiкалая Iльюшына, прадукцыйнасць адразу значна ўзрасла.

Пасля належнага тэхнiчнага пераўзбраення цэха, якое павiнна адбыцца ў хуткiм часе, аб’ём перапрацоўкi павялiчыцца ў 4 разы — да 350—400 «кубоў» у месяц.

— Дрэваапрацоўка — адна з самых перспектыўных галiн у нашай дзяржаве, — адзначае Сяргей Кулагiн. — Мы гэтую нiшу павiнны заваяваць. Зараз адпаведная вытворчасць у гаспадарцы актыўна развiваецца. Перад тым як пайсцi на гэты крок, мы дакладна ўсё ўзважылi i пралiчылi. У вынiку чаго вырашылi, што гэты накiрунак дзейнасцi трэба развiваць, укладваць сюды неабходныя сродкi i атрымлiваць эканамiчны эфект. Зараз мы шмат будуем, таму на блiжэйшую перспектыву цэх дазволiць задавальняць уласныя патрэбы ў адпаведнай прадукцыi.

I сапраўды, зараз тутэйшыя мясцiны ўяўляюць «вялiкую будоўлю». Мясцовыя жыхары ад апошнiх навiн проста ў захапленнi, i на вулiцах лiтаральна вiруе жыццё. Яно i зразумела: людзi ўбачылi сэнс у працы i нарэшце паверылi ў перспектыву. Як жа тут не паверыць, калi з прыходам iнвестара яны ўбачылi рэальныя перамены да лепшага.

Па-першае, пачало будавацца жыллё. Ужо ўзведзены тры дамы для работнiкаў фiлiяла «Славнефть-Агро». Вельмi прыгожыя i вялiкiя. Будуюцца яшчэ два, да канца года ў iх шчаслiвыя навасёлы справяць улазiны. Налета плануецца ўзвесцi 10 дамоў — пад iх ужо «нарэзана» канкрэтная тэрыторыя.

Стаяць новыя дамы будуць на ўзгорку, адкуль вiдаць лiтаральна ўсё наваколле. Як паведамiў намеснiк дырэктара фiлiяла «Славнефть-Агро» Сяргей Канавалаў, для работнiкаў гаспадаркi набылi 3 дамы. Такой магчымасцю можа скарыстацца кожны, калi знойдзе прымальны варыянт.

Акрамя гэтага ёсць i так званы «часовы жылфонд». Пабудаваны iнтэрнат на 7 пакояў. Тут ёсць усе «гарадскiя» выгоды — душавая, кухня, нават таксафон у калiдоры вiсiць. Адным словам, для жыхароў створаны ўсе належныя ўмовы. Таксама ў блiжэйшы час будзе праведзена рэканструкцыя старога будынка пад «маласямейку» — плануецца, што тут будзе 14 адна- i двухпакаёвых кватэр.

Да прыходу iнвестара ў саўгасе «Савецкi» працавалi 132 чалавекi. Зараз — 298. Атрымлiваецца, што было створана 166 новых працоўных месцаў. Узраслi i заробкi: калi раней тут у сярэднiм атрымлiвалi па 219 тысяч рублёў, то цяпер — па 472 тыс. Не забываюцца i пра пенсiянераў.

— Перада мной заўсёды поўны спiс пенсiянераў, якiя жывуць на тэрыторыi гаспадаркi, — кажа Сяргей Кулагiн. — 258 чалавек, з iх 28 — iнвалiды i ўдзельнiкi Вялiкай Айчыннай вайны, вязнi, сем’i загiнуўшых. Гэта заслужаныя людзi, мы задавальняем усе iх надзённыя патрэбы. Увогуле, нельга адмахвацца ад людзей. Калi трэба прысядзiбныя ўчасткi апрацоўваць, то мы гэтым у першую чаргу займаемся, не адкладваем да апошняга.

Прыемна, калi кiраўнiк гаспадаркi прытрымлiваецца такога меркавання. Калi за вытворчымi пытаннямi не забываюцца i пра сацыяльныя. У «Славнефть-Агро» ўсе яны вырашаюцца комплексна. Такi падыход знаходзiць падтрымку ў iнвестара — не шмат, напэўна, можна ўзгадаць прыкладаў, калi кампанiя ўдзельнiчае i ў жыллёвым будаўнiцтве на вёсцы. Ды i аб’ём iнвестыцый аб многiм сведчыць. Укладаннi робяцца абгрунтаваныя — па сутнасцi ствараецца шматгалiновая, iнтэнсiўная, сучасная сельскагаспадарчая вытворчасць.

— Вёска застаецца вёскай i з прыходам iнвестара: тут працаваць трэба ад цямна да цямна, — заўважае Сяргей Кулагiн. — Разгiльдзяйства нiхто не пацерпiць. Сродкi ўкладваюцца ў тэхналогiю i ў чалавека. Iнакш нельга — зараз нават у космасе людзi кiруюць. Чалавеку трэба забяспечыць дах над галавой i прыстойную зарплату. Тады будзе толк, будзе стымул добра працаваць. Кожны на сваiм месцы. У сельскай гаспадарцы ўсё ўзаемазвязана: тут, як у кубiку Рубiка, — калi правiльна скласцi, то ўсё атрымаецца.

Валерый ДРАЗДОЎ, намеснiк генеральнага дырэктара сумеснага прадпрыемства закрытае акцыянернае таварыства «Славнефть-Старт»:

«За няпоўныя 1,5 года iнвестыцыi кампанii ў развiццё сельгасвытворчасцi склалi 15,4 мiльярда рублёў»

— У адпаведнасцi з Указам Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь ад 19 сакавiка 2004 года №138 «Аб некаторых мерах па фiнансаваму аздараўленню сельскагаспадарчых арганiзацый i прыцягненню iнвестыцый у сельскагаспадарчую вытворчасць» сумеснае прадпрыемства закрытае акцыянернае таварыства «Славнефть-Старт» у лiпенi 2004 г. набыло маёмасны комплекс стратнага сельгаспрадпрыемства МРУСП «Саўгас «Савецкi» Мiнскага раёна. Быў распрацаваны бiзнэс-план развiцця фiлiяла «Славнефть-Агро» на перыяд 2004—2008 гг., якi прадугледжвае стварэнне сучаснага сельскагаспадарчага прадпрыемства на базе набытага маёмаснага комплексу саўгаса «Савецкi».

За няпоўныя 1,5 года ў развiццё «Славнефть-Агро» было iнвеставана 15,4 мiльярда рублёў. Сельгаспрадпрыемства развiвае перспектыўныя накiрункi вытворчасцi, такiя як перапрацоўка малака i выпуск шырокага асартыменту малочнай прадукцыi, свiнагадоўля, дрэваапрацоўка. Набыта высокапрадукцыйная iмпартная i айчынная тэхнiка — трактары, плугi, сеялкi, корма- i збожжаўборачныя камбайны i iнш. Праведзена рэканструкцыя мехмайстэрняў, цэха па вытворчасцi малака, зернятока, малочнатаварнай фермы.

Праведзеныя мерапрыемствы па аздараўленню сельскагаспадарчай вытворчасцi дазволiлi фiлiялу «Славнефть-Агро» значна пераўзыйсцi паказчыкi МРУСП «Саўгас «Савецкi». На 2005—2006 гады запланавана далейшае развiццё свiнагадоўлi, дрэваапрацоўкi, а таксама малочнай вытворчасцi i раслiнаводства. Будзе праводзiцца паэтапная рэканструкцыя свiнакомплексу, дзе ў перспектыве будзе штогод вырошчвацца 19,2 тысячы галоў свiней. Раслiнаводства плануецца вывесцi на ўзровень, якi дазволiць забяспечваць пагалоўе кармамi ўласнай вытворчасцi. Дрэваапрацоўка забяспечыць неабходнымi матэрыяламi будаўнiцтва (рэканструкцыю) аб’ектаў вытворчага i сацыяльнага прызначэння на тэрыторыi фiлiяла «Славнефть-Агро».

Вялiкая ўвага ўдзяляецца развiццю сацыяльнай сферы. З прыходам новага ўласнiка не толькi захавалi свае працоўныя месцы ўсе работнiкi саўгаса «Савецкi», але былі створаны новыя працоўныя месцы.

Сярэднямесячная заработная плата ўзрасла больш чым удвая. Сёлета ў «Славнефть-Агро» здадзены ў эксплуатацыю 3 дамы, яшчэ 2 будуць узведзены да канца года. У праекце — яшчэ 10 дамоў, якiя плануецца пабудаваць налета.

Мiкалай МАНЬКО, начальнiк аддзела па навуковаму забеспячэнню, укараненню новых формаў гаспадарання i рэфармаванню ўласнасцi Камiтэта па сельскай гаспадарцы i харчаванню Мiнскага аблвыканкама:

«Адбываецца рэальнае фiнансавае аздараўленне сельгаспрадпрыемстваў, якiя гадамi не атрымлiвалi прыбытку i «назапасiлi» вялiзныя даўгi»

За мiнулы год у цэнтральным рэгiёне было рэфармавана 125 стратных сельгаспрадпрыемстваў. Сёлета, паводле апошняй iнфармацыi, рэарганiзавана яшчэ 11 «аўтсайдараў» аграпрамысловай вытворчасцi: 3 — шляхам выкупу маёмасных комплексаў i 8 было далучана да арганiзацый-iнвестараў. Атрымлiваецца, што за няпоўныя два гады ў Мiнскай вобласцi пераўтворана 136 стратных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў. Гэта больш за палову ад iх агульнай колькасцi па стану на пачатак мiнулага года (55,5 працэнта). Плануецца, што сёлета будзе рэфармавана яшчэ 6 гаспадарак, 103 павiнны выйсцi на бясстратную дзейнасць самастойна, без дапамогi iнвестараў.

На вёску прыйшоў салiдны капiтал. Аб чым, дарэчы, сведчаць i статыстычныя даныя: за студзень—верасень гэтага года аб’ём iнвестыцый, якiя былi накiраваны на развiццё рэфармаваных сельгаспрадпрыемстваў, склаў 127,9 мiльярда рублёў. Адбываецца сур’ёзнае абнаўленне тэхпарку. Сёлета за 9 месяцаў было закуплена 169 трактароў, 102 збожжаўборачныя камбайны, 810 адзiнак iншай сельгаспадарчай тэхнiкi.

Праводзiцца маштабная работа па стварэнню сучаснай вытворчай базы. Сёлета толькi на рэканструкцыю жывёлагадоўчых аб’ектаў рэарганiзаваных гаспадарак было выдаткавана 11,7 мiльярда рублёў.

Як бачым, у Мiнскай вобласцi ёсць канкрэтныя практычныя вынiкi рэфармавання стратных гаспадарак. Яны сведчаць аб эфектыўнасцi ўкладання iнвестарамi капiталу ў развiццё аграпрамысловай вытворчасцi. Адбываецца рэальнае фiнансавае аздараўленне сельгаспрадпрыемстваў, якiя гадамi не атрымлiвалi прыбытку i «назапасiлi» вялiзныя даўгi. Зараз былыя «аўтсайдары» хутка рушаць наперад. Вiдавочна, што накiрунак рэфармавання стратных аграпрамысловых прадпрыемстваў быў абраны правiльны.

Мiкалай ЛIТВIНАЎ,

Віктар ПАЗНЯКОЎ.

Мiнскi раён.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэфармаванне стратных аграпрамысловых прадпрыемстваў прыносiць пазiтыўныя вынiкi
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика