POST factum
КОШКА-ПАДАРОЖНIЦА
Кацяня па мянушцы Эмiлi, якое было выпадкова вывезена ў Францыю, нарэшце вярнулася дамоў, у Злучаныя Штаты, пасля 2-месячнага блукання. У штаце Вiсконсiн пушыстую прыгажуню сустракалi як тэлезорку, паведамляе агенцтва Франс-прэс. Адногадовае кацяня, выбраўшыся праз акно дома, дзе яно жыло, выпадкова ўпала ў суднаходны кантэйнер, якi адпраўляўся ў французскi горад Нансi. Пасля 3-тыднёвага марскога падарожжа каманда судна заўважыла, як нехта вылазiць з карзiны. Гэтым «нехта» аказалася Эмiлi, крыху схуднелая, але абсалютна здаровая. На шчасце, у кошкi быў ашыйнiк з нумарам хатняга тэлефона, i маракi тут жа звязалiся з гаспадарамi свавольнiцы. Трэба заў-важыць, што кацяняцi вельмi пашанцавала — ашыйнiк не толькi вярнуў яе дамоў, але i выратаваў жыццё, бо, паводле французскiх законаў, бяздомныя жывёлы, якiя трапляюць у краiну, падлягаюць усыпленню. Пасля 30-дзённага каранцiну, ад’еўшыся на выдатнай французскай кухнi, Эмiлi вярнулася дамоў. Прычым ляцела яна ў самалёце ў суправаджэннi супрацоўнiка кампанii бiзнэс-класам. Дома маленькую падарожнiцу сустракалi як сусветную зорку. Яна сцiпла хавалася ад аб’ектываў фотакамер. «Мне здаецца, што гэта якраз адзiн з тых момантаў, якiх чакаеш, чакаеш, i калi, нарэшце, яны адбываюцца, ты — самы шчаслiвы чалавек», — заявiла гаспадыня кошкi мiсiс Леслi Маккiнлi. Цяпер лахматая свавольнiца будзе заўсёды са сваiмi гаспадарамi, якiя не спускаюць з яе вачэй. ЧАМУ ПАМIРАЕ ГАЛЬФСТРЫМ? Папулярныя размовы аб тым, што ў вынiку змянення клiмату ўся Еўропа праз некалькi дзесяткаў гадоў ператворыцца ў суцэльную Iталiю з ружамi i апельсiнамi, так, вiдаць, i застануцца словамi... Глабальнае пацяпленне, пра якое так шмат гаворыцца, можа абысцi Еўрапейскi кантынент бокам, лiчаць вучоныя. У вынiку працяглых назiранняў высветлiлася, што Гальфстрым, акiянская плынь, якая тысячы гадоў прыносiць да берагоў Еўропы цёплую ваду з поўдня, можа знiкнуць. «У перыяд з 1957 па 2004 год цыркуляцыя вады запаволiлася на 30 працэнтаў, — пiшуць Гары Байдэн з Нацыянальнага цэнтра акiянаграфii ў Саўт-гемптане i двое яго калег у апошнiм нумары часопiса Nature. — Трыццаць працэнтаў за 50 гадоў — гэта вельмi многа». Прычынай аслаблення Гальфстрыму яны лiчаць рост iнтэнсiўнасцi прэснаводных плыняў у паўночных морах. «Калi гэтая з’ява дасягне пэўнага парога, то цыркуляцыя вады ў акiяне можа набыць зусiм iншы выгляд, чым зараз, — папярэджваюць вучоныя. — А гэта азначае, што цёплая вада амаль цi зусiм перастане паступаць у паўночныя раёны». Да чаго гэта прывядзе? На гэтае пытанне вельмi лаканiчна адказвае Дэтлеф Куадфазель з Гамбургскага унiверсiтэта: «Тут стане прыкметна халадней». Калi Гальфстрым i сапраўды аслабне да крытычнага ўзроўню, сярэднегадавая тэмпература ў еўрапейскiх краiнах упадзе на 4 градусы, а гэта вельмi шмат. Такiм чынам, на асобна ўзятым кантыненце спякотны апакалiпсiс адсоўваецца на нявызначаны час. Мацi-прырода самастойна збалансуе тэмпературу — тыя самыя 4 градусы, якiя пагражаюць чалавецтву катастрофай ужо ў гэтым стагоддзi, зробяць неабходную справу. Аднак тым самым можа быць парушаны механiзм, якi кiруе з’яўленнем i знiкненнем жыцця на Зямлi. Нагадаем, iснуе гiпотэза, што кожныя 62 мiльёны гадоў усё жывое на планеце гiне — як мяркуецца, у вынiку прыродных катаклiзмаў. Так што жыхарам Еўропы рана радавацца — iх чакае ўсяго толькi падаўжэнне агонii, а не шчаслiвае збаўленне. У ЯПОНII СПЕЦЫЯЛЬНАЯ КАМIСIЯ ВЫРАШЫЛА, ЯК ТРЭБА НАЗЫВАЦЬ МУЖА БУДУЧАЙ IМПЕРАТРЫЦЫ Асаблiвая экспертная камiсiя пры прэм’ер-мiнiстры Японii гэтымi днямi вызначала тытул будучага мужа будучай iмперат-рыцы. Пасля таго, як у мiнулы чацвер камiсiя прыйшла да высновы, што права iмператарскага наследавання ў Японii можа мець старэйшае дзiця ў сям’i незалежна ад полу, i вырашыла рэкамендаваць ураду прыняць адпаведныя змяненнi ў закон аб iмператарскiм доме, узнiкла пытанне, як называць патэнцыяльнага мужа iмператрыцы, бо раней у японскай гiсторыi ўсе восем iмператрыц былi або незамужнiмi або ўдовамi. Па некаторых звестках, прапаноўвалiся тытулы «муж iмператрыцы» (касэй) i «наложнiк iмператрыцы» (кахай), аднак iх адхiлiлi як малапрымальныя для шырокай публiкi. Зараз эксперты сышлiся на тым, што будучы муж японскага манарха будзе мець назву з суфiксам «хэйка» — «ваша вялiкасць». Канчатковы дакумент з прапановамi экспертаў будзе перададзены на разгляд японскага ўрада, якi накiруе яго на зацвярджэнне чарговай сесii парламента ў сакавiку. Пасля гэтага Аiка — трохгадовая дачка наследнага прынца Нарухiта — можа стаць рэальнай прэтэндэнткай на «хрызантэмавы трон» упершыню з XVII стагоддзя.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Кацяня па мянушцы Эмiлi, якое было выпадкова вывезена ў Францыю, нарэшце вярнулася дамоў, у Злучаныя Штаты, пасля 2-месячнага блукання |
|