21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Лiсты з дарогi. Праз 95 гадоў

25.08.2009 21:19 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сяргей КУЗНЯЦОЎ

ВIЛЬНЮС—НЯМЕЖЫС

«Здаўна жадаў я... каб як-колечы вырвацца с памiж цесных i душных вулачак горада на прастор, на волю... знаёмых адведаць, незнаёмых спазнаць; заглянуць пад саламяные стрэхi у тые куткi-куточкi, аб каторых столькi то пiшуць, седзячы у горадзi», — так у 1910 годзе ў газеце «Наша Нiва» пачыналася серыя публiкацый «Лiсты з дарогi» за подпiсам «Ядвiгiн Ш.». Гэта быў псеўданiм беларускага пiсьменнiка Антона Лявiцкага, якi вырашыў адправiцца ў пешае падарожжа з Вiльнi на ўсход, у напрамку Мiнска. Ён iшоў праз Трабы, Бакшты, Любчу, Налiбокi, Iвянец, Пяршаi, Валожын, Аляхновiчы, iншыя населеныя пункты, распавядаючы на старонках газеты аб убачаным...

Зараз, праз 95 гадоў пасля падарожжа, журналiсты «Звязды» вырашылi паўтарыць той маршрут, наведаць тыя ж мясцiны, праз якiя ішоў Ядвiгiн Ш., i падзялiцца ўбачаным з чытачамi газеты. Пры гэтым побач з аповядам пра сучаснае журналiсты нашага выдання будуць падаваць i цытаты з «Лiстоў з дарогi», напiсаных 95 гадоў таму. Цытаты будуць на мове арыгiнала.

«27 мая пад вечэр выбраўся я з Вiльнi па Ашмянскiм тракце. Хоць горад i мiнуў ужо даўно, але неяк праз доўгi час не пахла вёскай: абапол тракту, як даўней бярозы, так цяпер абселi дарогу тракцiры, пiўные... I стаяць гэтые разсаднiкi «культуры» гарадзкой, як на варцi, як разiнуўшаяся страшная зьвярыная ляпа, каб не прапусьцiць, каб глынуць тую рэштку медзякоў падпiўшаго селянiна, каторую не здалеў у яго выцiснуць горад; тую рэштку, на каторую дома — ў сяле чэкае мо галодная сем’я...»

Вiльнюс. За спiнай застаецца Стары горад з яго «рэлiгiйным сэрцам» — Вострай Брамай (Аушрос Вартай). Уздоўж дарогi на ўскраiну горада, дзе пачынаецца Мiнская шаша, на ўзгорках размясцiлiся безгустоўныя шматпавярховыя дамы, пабудаваныя за савецкiм часам. Праз нейкi час архiтэктурны пейзаж мяняецца — на некалькi кiламетраў расцягнулася адна- i двухпавярховая забудова, часта дамы драўляныя.

У гэтых кварталах, а таксама ў кварталах шматпавярховак, якiя я мiнуў раней, кафэ i бары (нашчадкi шынкоў i пiўных) трэба яшчэ пашукаць. Цяпер яны ў большасцi сваёй размяшчаюцца ў цэнтры лiтоўскай сталiцы. Асаблiва шмат iх на вузкiх вулiцах Старога горада, па якiх кожны дзень гуляюць сотнi турыстаў з усiх краiн свету...

Пачатак Мiнскай шашы (ён уваходзiць у адмiнiстрацыйныя гранiцы Вiльнюса). Жылыя дамы сустракаюцца ўсё радзей. Уздоўж трасы размясцiлiся аўтасэрвiсы, запраўкi, нейкiя прамысловыя аб’екты... Усё як на ўскраiне амаль любога буйнога горада. Праз нейкi час за спiнай застаецца велiзарны рэкламны шчыт, звернуты да тых, хто ўязджае ў лiтоўскую сталiцу. На шчыце iнфармацыя аб тым, што непадалёк можна знайсцi гiпермаркет «Hyper Maxima». Многiя беларускiя турысты, якiя наведваюць Вiльнюс, iмкнуцца абавязкова забегчы перад ад’ездам на радзiму ў падобную гандлёвую кропку... Праз некалькi кiламетраў справа ад шашы пачынаецца пасёлак Нямежыс.

***

«Зварочваю з тракта ў бок; бяруся пад сяло Немеж — 9 вёрст ад Вiльнi. Вось i яно; захавалося ў лагчыну памiж гор i узгоркоў. Земля тут хоць i цяжкая, але добрая; ураджаi — аж люба глядзець, асаблiва жыта. Селяне хоць крэкчуць i нарэкаюць на цяжкае жыцьцё, але будынкi у iх выглядаюць добра; жывёла сытая; дзе-не-дзе блiшчаць садочкi... Даўней тут было ўсяго 18 хат, цяпер... ёсць iх ужо 54».

У Нямежысе блiжэй да Мiнскай шашы — двухпавярховыя цагляныя дамы. Затым iдзе «квартал» шматпавярховак, пабудаваных пры Савецкiм Саюзе. За гэтымi дамамi — цэнтр пасёлка. Пошта, магазiн, штук пяць кiёскаў з няхiтрым наборам харчовых тавараў. Тут жа будынак Нямежскага стараства (аналаг беларускага сельсавета).

Заходжу ў будынак. Кiдаецца ў вочы, што шыльды з iнфармацыяй аб прыёмных гадзiнах на дзвярах кабiнетаў зроблены на трох мовах — лiтоўскай, польскай i рускай. Старасты няма. У яго адсутнасць быць маiм «гiдам» па пасёлку згаджаецца Алена Гайдамавiчэне, бiблiятэкар Нямежскага фiлiяла цэнтральнай бiблiятэкi Вiльнюскага раёна (бiблiятэка размяшчаецца ў будынку стараства). Яна жыве ў пасёлку з 1962 года. А прыехала сюды па накiраванню пасля заканчэння тэхнiкума ў Вiльнюсе.

Паводле слоў маёй суразмоўцы, сёння ў Нямежысе крыху больш як 2600 жыхароў. Ва ўсiм Нямежскiм старастве (Нямежыс i iншыя навакольныя вёскi) — каля 9 тыс. Больш за ўсё ў старастве жыве сёння палякаў (больш за 60 працэнтаў). Лiтоўцаў тут каля 17 працэнтаў, беларусаў — 9, рускiх — 7 працэнтаў.

Ёсць у пасёлку дзве школы. Адна — пачатковая. У ёй дзецi вучацца на лiтоўскай мове да чацвёртага класа. У другой, сярэдняй, вучацца да 12 класаў, i там вучнi маюць магчымасць выбраць адну з трох моў навучання — лiтоўскую, польскую цi рускую.

Гаворачы пра магчымасць знайсцi працу ў Нямежысе, Алена Гайдамавiчэне адзначыла, што зараз у пасёлку шмат малых прадпрыемстваў. «Адно выпускае мэблю, другое рамантуе аўтамабiлi. У будынку былой калгаснай канторы — швейны цэх... Канешне, Нямежыс усiх жыхароў працай не забяспечыць. Але калi нехта жадае знайсцi працу, то гэта не праблема — блiзка сталiца».

На маё пытанне аб тым, чаго не хапае ў Нямежысе, Алена Гайдамавiчэне не задумваючыся адказала: не хапае толькi Дома культуры. «Пры Савецкiм Саюзе ён быў. У тым жа будынку размяшчалася калгасная кантора. Аднак потым старшыня калгаса-перадавiка вырашыў пабудаваць для канторы новы будынак. Яго ўзвялi, кантора пераехала. З цягам часу i для Дома культуры сталi будаваць новы будынак (у iм планавалi размясцiць таксама амбулаторыю), а стары — знеслi. Амаль узвялi, заставалася толькi дах зрабiць. Аднак улада ў Лiтве змянiлася, будаўнiцтва перасталi фiнансаваць...». Паўразбураны будынак, дзе павiнен быў размясцiцца Дом культуры, i сёння стаiць у самым цэнтры Нямежыса.

«Калi б Дом культуры быў, у пасёлку было б лягчэй арганiзоўваць розныя мерапрыемствы. Напрыклад, у бiблiятэцы мы часам праводзiм сустрэчы з пiсьменнiкамi. Але вельмi мала месца ў ёй...»

Стан спраў у бiблiятэцы Алена Гайдамавiчэне ацэньвае як добры. «Сёлета атрымалi каля 400 новых кнiг. Няблага атрымлiваем i прэсу. Часопiсаў — больш за 10 сёлета. Атрымлiваем газеты на лiтоўскай мове, раённую газету на польскай мове, часопiс на польскай мове, газету «Республика» на рускай мове...» У бiблiятэцы добры фонд даведачнай лiтаратуры. «Атрымлiваем, напрыклад, новую Лiтоўскую Энцыклапедыю. Ёсць i Савецкая энцыклапедыя на рускай мове... Яшчэ год таму даведачная лiтаратура карысталася вялiкiм попытам у дзяцей. А цяпер — не. Напэўна, моладзь стала больш атрымлiваць iнфармацыi з камп’ютараў».

***

Алена Гайдамавiчэне не толькi бiблiятэкар, але i мясцовы краязнаўца. У адным з куткоў бiблiятэкi на асобнай палiцы выстаўлены некалькi яе работ па гiсторыi Нямежыса i наваколля. Вялiкi альбом «Нямежскiя татары». Зроблены ў сярэдзiне 1990-х. «Я збiрала i гiстарычныя звесткi пра мясцовых татар, i расказы мясцовых жыхароў... Збiрала фотаздымкi, многiя з iх — з прыватных архiваў татар нашага пасёлка».

Сёння ў Нямежысе жыве каля 120 татар. У цэнтры пасёлка — мячэць, побач з якой размяшчаюцца татарскiя могiлкi. Мячэць пабудаваная ў самым пачатку XX стагоддзя, хоць гiсторыя яе з’яўлення, як паведамiлi ў пасёлку, адносiцца да XVII стагоддзя. У 1997 годзе ў Нямежысе праходзiла свята ў рамках мерапрыемстваў, прымеркаваных да 600-годдзя пасялення татар i караiмаў у Лiтве. Шэсць стагоддзяў таму татары пасялiлiся ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм па iнiцыятыве князя Вiтаўта...

Яшчэ адна праца Алены Гайдамавiчэне прысвечана сядзiбе, якая размяшчаецца прыкладна за кiламетр ад Нямежыса. У канцы XVIII стагоддзя яна належала роду Агiнскiх. У 1828 годзе яе гаспадаром стаў граф Мiкалай Тышкевiч. Пазней сядзiбу ў спадчыну атрымаў Бенядзiкт Тышкевiч... Пасля Вялiкай Айчыннай вайны тагачасны гаспадар сядзiбы Бохвiц разам з сям’ёй выехаў у Польшчу, а дом i канюшнi перайшлi Мiнiстэрству сувязi Лiтвы. У сядзiбным доме пасялiлi людзей — многiя з iх працавалi на радыётэлевiзiйным перадаючым цэнтры, што размяшчаўся побач. Зямля ж перайшла мясцоваму калгасу.

З цягам часу будынкi сядзiбы набылi варты жалю выгляд. Паводле слоў Алены Гайдамавiчэне, у канцы 1980-х былi планы пачаць рэстаўрацыю сядзiбы, выселiўшы з сядзiбнага дома людзей. Насельнiкам сядзiбнага дома далi новае жыллё, аднак рэстаўрацыя так i не пачалася. I сёння сядзiбны дом з забiтымi дошкамi вокнамi можна добра разгледзець, калi праязджаеш па Мiнскай шашы...

«У вёсцы ёсць 2-класнае мiнiстэрскае вучылiшчэ, але варункi жыцьця не даюць як мае быць карыстаць з яго; бо, як толькi дзiця крыху падрасьце i мае ўжо 12—14 год, бацькi бяруць яго з сабой на заработкi у лес: то кару яловую дзерцi, то пiлой цягаць. Ешчэ тутэйшые селяне зарабляюць капеек 40—50 за воз каменьнёў, каторые цягаюць у Вiльню...»

У Нямежысе ёсць вулiца... Беларуская. Палова яе мала чым адметная — будынак, дзе размяшчаецца цырульня, ды некалькi гаспадарчых пабудоў. Другая палова — гэта вялiкая колькасць двухпавярховых цагляных жылых дамоў, тэрыторыю вакол якiх гаспадары iмкнуцца ўпрыгожыць: высаджваюць кветкi, невялiкiя дрэўцы i кусты, устанаўлiваюць на сваiх участках маленькiя лiхтары...

Вiльнюс.

(Працяг будзе).



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Здаўна жадаў я... каб як-колечы вырвацца с памiж цесных i душных вулачак горада на прастор, на волю... знаёмых адведаць, незнаёмых спазнаць; заглянуц
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика