Чаго не хапае валанцёрам
Ала МАЧАЛАВА
З нагоды Мiжнароднага дня валанцёраў у Беларускiм дзяржаўным педагагiчным унiверсiтэце iмя Максiма Танка адбылася навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная маладзёжнаму валанцёрскаму руху на сучасным этапе: вопыт, праблемы i перспектывы.
Адкрыў канферэнцыю Алег ВЯЛIЧКА, старшыня Пастаяннай камiсii Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу РБ па ахове здароўя, фiзiчнай культуры, справах сям’i i моладзi: — Валанцёрства — адна з высокаэфектыўных сацыяльна-педагагiчных тэхналогiй. Вiдавочна, што студэнты — будучыя педагогi — павiнны аказацца ў цэнтры валанцёрскага руху не толькi па заклiку сэрца, але i па абавязку службы. Беларусь — сацыяльна арыентаваная дзяржава, таму валанцёрства, якое трывала ўвайшло ў структуру дзейнасцi грамадскiх аб’яднанняў, вельмi важнае для нас. Апошнiм часам адбываюцца зрухi ў грамадскай свядомасцi моладзi: павышаецца ўзровень яе сацыяльнага аптымiзму i ўдзелу ў жыццi грамадства. У сваёй прамове Алег Iванавiч таксама акрэслiў асноўныя праблемы валанцёрскага руху: — адсутнасць нарматыўна-прававой базы добраахвотнай дзейнасцi; — неадладжанасць механiзма абмену iнфармацыяй (меркаваннямi, вопытам, iнавацыйнымi тэхналогiямi) памiж валанцёрскiмi арганiзацыямi; — праблема недастатковага разумення значнасцi валанцёрскай дзейнасцi; — недасканаласць механiзмаў кiравання такiмi арганiзацыямi. * * * Iнiцыятарам правядзення канферэнцыi быў таксама Аддзел па справах моладзi Мiнгарвыканкама, якiм кiруе Вiталь БРЭЛЬ. — Валанцёрства — гэта вядучая форма арганiзацыi другараднай занятасцi моладзi, — зазначыў Вiталь Пятровiч. — Толькi за летнi перыяд 2005 года былi сфармiраваны 22 валанцёрскiя атрады. Каля 800 маладых людзей удзельнiчалi ў акцыях «Дапаможам Батанiчнаму саду», «Чыстыя воды Свiслачы» i iнш. Валанцёры дапамагаюць дзецям з асаблiвасцямi псiхафiзiчнага развiцця, састарэлым людзям, iмiгрантам i перасяленцам. * * * Перад арганiзатарамi канферэнцыi выступi таксама Васiль БУШЧЫК, прарэктар па навуковай рабоце БДПУ: — Валанцёры падтрымлiваюць пэўныя сацыяльныя групы насельнiцтва маральна, а мы ў сваю чаргу павiнны дапамагаць валанцёрам матэрыяльна. У педагагiчны унiверсiтэт прыходзяць людзi, якiя ўжо ўсвядомiлi сваё прызначэнне — праца з дзецьмi. Нядзiўна, што каля 300 студэнтаў нашага унiверсiтэта — валанцёры i больш за 80 першакурснiкаў пажадалi ўдзельнiчаць у дабрачынных акцыях. На базе нашага унiверсiтэта дзейнiчаюць валанцёрскiя аб’яднаннi «Вясёлка», «Ратаванне», «Крылы», «Мiласэрнасць» i iнш. * * * Валанцёрскi клуб «Мiласэрнасць»... ... пад кiраўнiцтвам Людмiлы Лазарчук створаны пры ўпраўленнi выхаваўчай работы МДПУ iмя М. Танка. Члены гэтай арганiзацыi дапамагаюць у рэабiлiтацыйным цэнтры «Востраў надзеi» для дзяцей i моладзi з абмежаванымi псiхафiзiчнымi магчымасцямi ва ўзросце 10—25 гадоў; Доме дзiцяцi № 1 — спецыялiзаванай установе для дзяцей да 6 гадоў з хваробай Даўна i дзiцячым цэрэбральным паралiчом, якiх кiнулi бацькi; гарадскiм цэнтры сацыяльнай дапамогi сям’i i дзецям; iнтэрнаце для дзяцей з цяжкiмi псiхафiзiчнымi захворваннямi ў пасёлку Навiнкi. Разам з выхавацелямi i спецыялiстамi па сацыяльнай рабоце члены клуба арганiзоўваюць рэабiлiтацыйныя мерапрыемствы (музыка- i працатэрапiя), уласнымi намаганнямi праводзяць трэнiнгi па рэпрадуктыўнаму здароўю ў навучальных установах Мiнска. Валанцёры пастаянна павышаюць свой прафесiйны ўзровень, удзельнiчаюць у навукова-практычных канферэнцыях i семiнарах, прысвечаных праблемам арганiзацыi валанцёрскага руху i рабоце з дзецьмi-iнвалiдамi ў Беларусi, Германii, Польшчы. * * * З дакладам на тэму «Валанцёрскi рух у кантэксце дзяржаўнай маладзёжнай палiтыкi» выступiў Iгар КАРПЕНКА, дэпутат Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу РБ: — Маладзёжная палiтыка — галоўны элемент сацыяльнай палiтыкi ў краiне. 23,7 працэнта ад агульнай колькасцi насельнiцтва складае моладзь (прычым 79 працэнтаў пражывае ў гарадах i 21 — у сельскай мясцовасцi). Згодна з данымi даследаванняў, праведзеных супрацоўнiкамi Iнстытута сацыяльна-палiтычных праблем пры Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта РБ, большасць маладых людзей называюць сваiм галоўным прыярытэтам сям’ю, а далей па ўбыванню: сяброўскiя адносiны, захаванне i ўмацаванне свайго здароўя, кар’ера i дзелавы поспех, асабiстая свабода, самарэалiзацыя, добрая адукацыя, падтрымка маладзёжных iнiцыятыў. Iгар Карпенка прывёў цiкавы факт: у параўнаннi з iншымi краiнамi на постсавецкай прасторы ў нашай краiне больш моладзi сярод валанцёраў. Дэпутат вызначыў валанцёрства як добраахвотную працу, не скiраваную на атрыманне эканамiчнай выгады, i назваў асноўныя накiрункi такой дзейнасцi: сацыяльны, экалагiчны, творчы, рэлiгiйны, палiтычны, рэстаўрацыйна-будаўнiчы. Звяртаючыся да заканадаўчай базы валанцёрскай дзейнасцi, Iгар Васiльевiч расказаў: — У Кыргызстане прыняты закон аб добраахвотнай дзейнасцi, аналагiчныя законапраекты рыхтуюцца ва Украiне, у Казахстане. У нас у гэтым плане iснуе своеасаблiвы прабел: ёсць толькi Закон «Аб сацыяльным абслугоўваннi». Патрэбна iнiцыятыва з боку самiх валанцёраў, актыўная прапагандысцкая дзейнасць, работа з моладдзю па матывацыi, пашырэнне кола валанцёрскай моладзi, бо, як сведчаць вынiкi даследаванняў, прыярытэтныя iнтарэсы студэнтаў не звязаныя з валанцёрствам. Больш за ўсё iх цiкавiць арганiзацыя дзейнасцi ў вольны час, а таксама летнi адпачынак, матэрыяльная падтрымка, другарадная занятасць, спартыўныя спаборнiцтвы i турызм, студатрады. * * * Iрына ЦIМАШЭНКА, загадчыца кафедры сацыяльнай работы фiлiяла МДСУ ў Мiнску, сярод праблем валанцёрскага руху назвала — недастатковую заканадаўчую базу; — недастатковую метадычную забяспечанасць падрыхтоўкi спецыялiстаў-валанцёраў (трэба аб’ядноўваць намаганнi ВНУ); — неабходнасць увагi з боку грамадскасцi, шырокага iнфармавання; — улiк мiжнароднага вопыту (сiстэма скiдак, заахвочванняў валанцёраў). * * * Дырэктар Мiжнароднай грамадскай дабрачыннай арганiзацыi «Надзея-Экспрэс» Мiхаiл СОБАЛЬ дзялiўся з аўдыторыяй сусветным вопытам валанцёрскiх цэнтраў: — У ЗША пасля падзей 11 верасня шмат працы было зроблена рукамi валанцёраў: расчыстка завалаў, збор ахвяраванняў, харчаванне i iнш. У Беларусi валанцёрства пакуль не на такiм узроўнi, а для таго каб развiваць гэты рух, трэба забяспечыць заканадаўчую базу, якая б дазваляла атрымлiваць спонсарскiя сродкi (падаткi высокiя, дзяржаўных датацый няма, з задавальненнем бы адмовiўся ад донарства замежных арганiзацый, але вымушаны карыстацца iх дапамогай). Неабходна таксама ствараць i падтрымлiваць станоўчы iмiдж валанцёраў, бо многiя памылкова лiчаць, што гэта людзi, якiя займаюцца размеркаваннем гуманiтарнай дапамогi, пры гэтым часткова пакiдаюць яе ў сваiх руках. Важна супрацоўнiчаць з прыватнымi структурамi i ўстанаўлiваць зваротную сувязь з дзяржаўнымi служачымi (бачыць разуменне iмi значнасцi валанцёрскай дзейнасцi). * * * У дакладзе Вольгi КОСТАЧКIНАЙ, кiраўнiка валанцёрскай студэнцкай групы «Крылы» факультэта пачатковай адукацыi БДПУ, «Валанцёрскi рух як iнстытут сацыялiзацыi» прагучала думка аб тым, што маладыя людзi, якiя займаюцца валанцёрскай дзейнасцю, раней сталеюць i лепш разумеюць праблемы грамадства. Падчас супрацоўнiцтва з валанцёрскiмi арганiзацыямi адбываецца прафесiйнае станаўленне студэнтаў i пазiтыўныя змены ў асобе маладога чалавека. * * * Аб рабоце з моладдзю ў рамках дзейнасцi Чырвонага Крыжа i Чырвонага Паўмесяца расказала Людмiла КIЗIНА, студэнтка 5 курса факультэта сацыяльна-педагагiчных тэхналогiй БДПУ iмя М. Танка, кiраўнiк арганiзацыi «Чырвоны Крыж» БДПУ. Асноўнымi накiрункамi, па якiх працуюць валанцёры гэтага аб’яднання, дзяўчына назвала прафiлактыку ВIЧ/СНIДу, мiжнароднае супрацоўнiцтва, медыцынскую дапамогу. У сваiм выступленнi Людмiла зрабiла акцэнт на тым, як важна для валанцёраў сустракацца, абменьвацца вопытам, разам адзначаць святы. * * * — Адна з формаў валанцёрскай работы — арганiзацыя iнтэграцыйных летнiкаў, — расказвае Людмiла ЛАЗАРЧУК, старшы выкладчык кафедры педагогiкi вышэйшай школы i сучасных выхаваўчых тэхналогiй БДПУ, кiраўнiк валанцёрскага клуба «Мiласэрнасць». — Выхаванцы iнтэрната для дзяцей з цяжкiмi псiхафiзiчнымi захворваннямi ў пасёлку Навiнкi ва ўзросце ад 5 да 26 гадоў атрымлiваюць магчымасць правесцi 10 дзён у аздараўленчым цэнтры «Спадарожнiк» на Мiнскiм моры. Валанцёры ладзяць для iх спартыўныя спаборнiцтвы, тэатральныя шоу, конкурсы вырабаў з прыродных матэрыялаў i iнш. У такiм незвычайным летнiку хворыя дзецi набываюць навыкi самаабслугоўвання, праходзяць музыка-, тэатра- , гульнятэрапiю. Iнтэграцыйныя летнiкi на Мiнскiм моры спансiруюць нямецкiя валанцёры. Карысць ад такой формы валанцёрскай работы — вiдавочная. Дзецям-iнвалiдам гэта дазваляе адчуць сябе роўнымi ў грамадстве. Валанцёрам — атрымаць новыя навыкi работы з такiмi выхаванцамi. Усiм астатнiм — пераадолець негатыўныя ўстаноўкi ў адносiнах да дзяцей з цяжкiмi псiхафiзiчнымi захворваннямi. * * * Старшыня праўлення Лiгi добраахвотнай працы моладзi Вольга ШМIГЕЛЬСКАЯ расказала аб матывацыi валанцёраў i развiццi ў iх пачуцця патрыятызму: — Валанцёрства спрыяе самарэалiзацыi маладых людзей, развiццю ў iх пачуцця адказнасцi, дапамагае iм набыць новыя веды, уменнi, навыкi, выклiкае жаданне пакiнуць добрае ўражанне аб сваёй культуры, краiне, што магчыма толькi пры высокiм узроўнi патрыятызму. Валанцёрская дзейнасць спрыяе павышэнню патрыятычнага пачуцця. Валанцёрства прадугледжвае развiццё нацыянальнай самасвядомасцi, талерантнасцi, авалоданне вопытам i ведамi пра iншыя культуры. * * * З выступленняў многiх удзельнiкаў канферэнцыi стала ясна, што асноўнай праблемай валанцёрскага руху ў Беларусi яны лiчаць адсутнасць заканадаўчай базы. З пытаннем «У чым цяжкасцi стварэння адпаведнага законапраекта?» мы звярнулiся да Iгара Васiльевiча КАРПЕНКI, дэпутата Палаты прадстаўнiкоў Нацыянальнага сходу РБ. I вось якi адказ атрымалi: — Любы заканадаўчы акт патрабуе навуковай i фiнансава-эканамiчнай абгрунтаванасцi, акрамя таго неабходна сустракацца з грамадскасцю (кшталту нашай сённяшняй сустрэчы). Падрыхтоўка законапраектаў — гэта планавы працэс, тут iснуюць прыярытэты. Нядаўна, напрыклад, прынялi законапрект у дачыненнi да дзяцей-сiрот. Складаная працэдура разгляду законапраекта: прагназуецца яго функцыянаванне на працягу доўгага часу, таму ён павiнен быць адпрацаваны на ўсiх узроўнях. Мяркую, галоўная праблема валанцёрскага руху зусiм не ў адстунасцi гэтага закона. Для той стадыi, на якой знаходзiцца валанцёрскi рух у нашай краiне (а гэта стадыя развiцця), дастаткова i таго закона, якi ёсць. Так, прынялi закон у Кыргызстане, але ён невялiчкi i, скажам так, фармальны. Нам патрэбен такi закон, якi будзе працаваць. Мiж iншым, iснуе столькi формаў валанцёрскага руху, што дзяржаве цяжка зарыентавацца. Напрыклад, iснуе палiтычнае валанцёрства — яго мы падтрымлiваць, безумоўна, не будзем. Прасцей было б рашыць праблему падтрымкi валанцёраў (у прыватнасцi фiнансавай) праз уключэнне валанцёрскiх праграм у праграмы маладзёжнай палiтыкi. На сённяшнiм этапе валанцёрскаму руху не хапае актыўнага ўзаемадзеяння як з боку дзяржаўных структур, так i з боку самiх валанцёрскiх арганiзацый. * * * Валанцёрства — гэта лад жыцця Расказвае валанцёр з клуба «Крылы» Святлана ВАЛАСЕВIЧ: — Пачалося ўсё з таго, што на 1 курсе нас, студэнтаў факультэта пачатковай адукацыi, запрасiлi арганiзаваць навагодняе свята для малечы з дзiцячага дома № 8. Потым неяк сама сабой прыйшла iдэя стварыць там гурткi (у нас жа другая спецыяльнасць — выяўленчае мастацтва). А цяпер... цяпер я без гэтых дзяцей не магу. Кожны дзень з iмi, а летам — разам у лагер. Вельмi прыемна адчуваць эмацыянальную аддачу, калi нешта робiш для iх. Усведамленне таго, што я патрэбна iм, — гэта вялiкая радасць i вялiкая адказнасць. — Чаго не хапае валанцёрам? — пытаюся ў дзяўчыны. — Цукерак! Я без пачастунку там не паяўляюся. — (смяецца). — Увогуле не хапае часу, фiнансаў (фарбы, пэндзлi, паперу купляем на стыпендыю), разумення з боку дэканата. Работа з хворымi дзецьмi — не фармальнасць, робiш гэта не па графiку, а кожны дзень, бо яны заўсёды ў тваiм сэрцы. Гэта не хобi, нават не праца — гэта лад жыцця. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З нагоды Мiжнароднага дня валанцёраў у Беларускiм дзяржаўным педагагiчным унiверсiтэце iмя Максiма Танка адбылася навукова-практычная канферэнцыя |
|