21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Запаветны напеў белавежскай пушчы

25.08.2009 21:20 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Унiкальны прыродны комплекс па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагi турыстаў i навукоўцаў з усяго свету




Напэўна, цяжка знайсцi чалавека, якi б хоць аднойчы не пабываў у сусветна вядомай Белавежскай пушчы. Аб тым, каб наведаць самы стары лес Еўропы, што захаваўся ў адносна непарушаным стане да цяперашняга часу, мараць многiя. Уражаннi ад такой паездкi надоўга застануцца ў памяцi. Аб вялiкай цiкавасцi да Белавежскай пушчы яскрава сведчыць той факт, што па колькасцi апублiкаваных навуковых i навукова-папулярных работ прыродны комплекс займае адно з першых месцаў у свеце. Тутэйшыя мясцiны сапраўды унiкальныя, нездарма 14 снежня 1992 года участак высокаўзроставага лесу нацыянальнага парку быў уключаны ў спiс Сусветнай спадчыны чалавецтва. На той час гэта быў першы аб’ект на тэрыторыi былога Савецкага Саюза, удастоены такога высокага звання. Напрыканцы 1997 года Савет Еўропы ўзнагародзiў Белавежскую пушчу Еўрапейскiм дыпломам як адну з эталонных прыродаахоўных устаноў на кантыненце. Гэта сапраўднае прызнанне той вялiкай работы, якая праводзiцца спецыялiстамi нацыянальнага парку. Тут iмкнуцца не толькi захаваць вялiкую спадчыну, але i прымножыць яе. Гонар i слава Беларусi, яе вiзiтная картка i адметнасць, нацыянальны сiмвал — усе гэтыя эпiтэты неаднойчы гучалi ў адносiнах да Белавежскай пушчы. Усе яны адлюстроўваюць тую вялiкую ролю, якую парк мае для нашай дзяржавы, для кожнага з беларусаў. Як i чым жыве Белавежская пушча ў сучаснасцi, што ў блiжэйшых i перспектыўных планах? Каб знайсцi адказ на гэтыя пытаннi, мы i накiравалiся ў галоўны нацыянальны парк краiны. Вандроўка, трэба сказаць, выдалася надзвычай цiкавая i змястоўная...

Гiстарычныя каранi

У старажытнасцi падчас вясновай паводкi прастора вакол Белавежскай пушчы пераўтваралася ў бяскрайняе мора. Над iм, як востраў, узвышаўся лясны масiў, дзе жывёлы ратавалiся ад «вялiкай вады». Багацце жывёльнага свету гэтых мясцiн прываблiвала ў пушчу паляўнiчых. Наяўнасць воднага шляху з Балтыйскага ў Чорнае мора (як яго яшчэ называлi «з варагаў у грэкi»), вялiкая колькасць звяроў i крэмнiю стварала добрыя ўмовы для жыцця людзей, якiя сялiлiся ўздоўж рэк. Зараз аб гэтых часах нагадваюць старажытныя пахаваннi. Асобныя з iх адносяцца да перыяду мелаградскай культуры (VII—III ст. да н.э.). Першыя ўпамiнаннi аб лясах, якiя знаходзяцца ў раёне сучаснай Белавежскай пушчы, можна знайсцi ў «бацькi гiсторыi» Герадота (485—425 гг. да н. э.), а таксама ў Плiнiя (23—79 гг.) i Тацыта (55—120 гг.). Таксама гэтыя мясцiны ўзгадваюцца i ў вядомым Iпацьеўскiм летапiсе (983 г.). Кiеўскiя летапiсы ўпамiнаюць аб племенi яцвягаў, якiя займалiся паляваннем i рыбнай лоўляй. Гэты ваяўнiчы народ неаднойчы рабiў набегi на суседнiя землi.

У ХII стагоддзi на тэрыторыi пушчы падоўгу жыў Уладзiмiр Манамах, якi паляваў на зуброў, тураў i аленяў. У 1276 годзе князь Уладзiмiр Валынскi заснаваў тут горад-крэпасць Камянец. З Белай вежай, што пабудавана ў гэтым горадзе, многiя звязваюць паходжанне назвы Белавежская пушча. Ёсць i iншыя версii — напрыклад, раней паселiшчы называлi «весямi», а паселiшчы нашых продкаў — «весямi белых людзей», альбо «белымi весямi». Мабыць, праз нейкi час гэтае словазлучэнне i трансфармавалася ў «белыя вежы». Адсюль i назва легендарнай пушчы. Само ж словазлучэнне «Белавежская пушча» ўпершыню з’явiлася ў польскiх i лiтоўскiх граматах 1409 года i з таго часу трывала ўвайшло ва ўжытак.

Пра багатую на падзеi гiсторыю можна даведацца з кнiгi Карцава «Белавежская пушча». Гэты сапраўдны букiнiстычны рарытэт займае пачэснае месца на стале генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Мiкалая Бамбiзы. Мiкалай Мiкалаевiч з цiкавасцю вывучае мiнуўшчыну гэтага краю. Вось што пiша Карцаў: «Дадзеныя аб тым, з якога часу Пушча стала запаведнай, адносяцца да самага пачатку ХV стагоддзя». Такiм чынам, менавiта гэты час можна лiчыць у нечым своеасаблiвай кропкай адлiку.

У 1413 годзе Белавежская пушча пераходзiць у польскае валоданне. Акрамя жывёльнага свету ў той час пачалi выкарыстоўвацца i iншыя прыродныя багаццi краю. Напрыклад, пры каралi Сiгiзмундзе Аўгусце была арганiзавана вытворчасць паташу, жалеза, пабудаваны смалакурнi. Напрыканцы ХVI стагоддзя пачалася высечка лесу. Ардынацыя каралеўскiх пушчаў, што была зроблена ў 1639 г., сваёй галоўнай мэтай мела вызначэнне стану пушчы i магчымасцяў больш iнтэнсiўнай яе эксплуатацыi. З iншага боку, у 1558 годзе быў выдадзены закон аб ахове каралеўскiх паляўнiчых угоддзяў, а ў 1577 г. пакладзены пачатак апекi над зубром. Спецыяльным распараджэннем устанаўлiвалася колькасць жывёл для адлову, вызначалася кола асоб, якiя мелi права на паляванне. Такi быў устаноўлены парадак. Таксама для арганiзацыi палявання i аховы лясных угоддзяў тут было паселена 277 сем’яў асочнiкаў.

У 1795 годзе Белавежская пушча становiцца часткай Расiйскай iмперыi. Кацярына II дазволiла праводзiць у ёй любыя паляваннi (за выключэннем адстрэлу зуброў). Колькасць жывёл значна скарацiлася, а мядзведзi i бабры былi поўнасцю знiшчаны. Кацярына II, а пасля Павел I раздалi фаварытам i прыблiжаным участкi пушчы, што нанесла ёй значны ўрон (праводзiлася маштабная высечка лесу). Пры Аляксандру II паляванне на зуброў было абмежавана. У гэты час праводзiлася актыўнае аднаўленне папуляцыi аленя. У 1888 годзе Белавежская пушча пераходзiць ва ўласнасць царскай сям’i ў абмен на землi ў Арлоўскай i Сiмбiрскай губернях.

Падчас Першай сусветнай вайны пушча знаходзiлася пад нямецкай акупацыяй. Немцы актыўна секлi каштоўныя высокаўзроставыя лясы. Для перапрацоўкi драўнiны былi пабудаваны 4 лесапiльныя заводы, а для яе вывазу пракладзена каля 300 кiламетраў вузкакалейнай чыгункi. За два гады ў Германiю было вывезена 4,5 мiльёна кубаметраў драўнiны. Пасля заканчэння вайны пушча перайшла да палякаў. Тут ствараецца надляснiцтва «Рэзерват» з ахоўным рэжымам. На астатняй тэрыторыi працягвалася актыўная эксплуатацыя прыродных рэсурсаў — так, драўнiну нарыхтоўвала англiйская фiрма «Century European Corporation». Праўда, праз нейкi час канцэсiйны дагавор быў скасаваны, але вялiкiя плошчы высокаўзроставых лясоў былi высечаны.

У 1939 годзе пушча ўвайшла ў склад Беларускай ССР i была аб’яўлена дзяржаўным запаведнiкам. Падчас Другой сусветнай вайны гэтая тэрыторыя амаль не пацярпела, паколькi па iнiцыятыве Герынга было вырашана стварыць тут узорную паляўнiчую гаспадарку для самых тытулаваных асоб рэйха. У 1944 годзе, пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў, у Маскве адбылася мiжурадавая савецка-польская сустрэча. У адпаведнасцi з пагадненнем, што было падпiсана на ёй, дзяржаўная мяжа падзялiла пушчу на беларускую i польскую часткi.

На нашай тэрыторыi прадоўжылася дзейнасць запаведнiка, якi ў жнiўнi 1957 года быў пераўтвораны ў Дзяржаўную запаведна-паляўнiчую гаспадарку. Iнiцыятарам гэтага стаў Мiкiта Хрушчоў. Белавежская пушча стала месцам правядзення паляванняў высокапастаўленых партыйных чыноўнiкаў i кiраўнiкоў сацыялiстычных краiн. У кароткiя тэрмiны быў пабудаваны комплекс «Вiскулi» з гасцявым павiльёнам, гасцiнiцай, катэджамi, лазняй i маразiльнiкам для здабытай дзiчыны. Пачалося актыўнае нарошчванне колькасцi капытных жывёл, што было неапраўданым крокам, паколькi пры высокай шчыльнасцi яны разбураюць асяроддзе жыхарства. Аднак былi i станоўчыя моманты ў стварэннi паляўнiчай гаспадаркi для наменклатурнай элiты. Тут значна палепшылiся ўмовы жыцця — з’явiлiся добраўпарадкаваныя дарогi, на кардоны правялi электрычнасць, а таксама абсталявалi тэлефонамi. Для работнiкаў паляўнiчай гаспадаркi было пабудавана камфартабельнае жыллё, таксама былi ўзведзены школа, палiклiнiка, Дом культуры, музей прыроды i шэраг iншых аб’ектаў. У пушчы выдзяляюцца ўчасткi з запаведным рэжымам, право- дзяцца навуковыя даследаваннi. Пастановай Савета Мiнiстраў Рэспублiкi Беларусь ад 16 верасня 1991 года дзяржаўная запаведна-паляўнiчая гаспадарка была рэарганiзавана: на яе базе быў створаны першы ў нашай дзяржаве Дзяржаўны нацыянальны парк «Белавежская пушча». Яе тэрыторыю падзялiлi на функцыянальныя зоны, што дало магчымасць прымяняць не толькi пасiўныя, але i актыўныя метады аховы папуляцый раслiн i жывёл. 27 верасня мiнулага года указам кiраўнiка дзяржавы было зацверджана Палажэнне аб Нацыянальным парку «Белавежская пушча». Iм парк вызначаны як «асаблiва ахоўваемая тэрыторыя рэспублiканскага значэння. Ён створаны для захавання ў натуральным стане i комплекснага вывучэння эталонных i унiкальных прыродных комплексаў i аб’ектаў Белавежскага першабытнага лесу, бiялагiчнай i ландшафтнай разнастайнасцi тэрыторыi, аднаўлення парушаных прыродных комплексаў i аб’ектаў, якiя маюць асаблiвую экалагiчную, гiсторыка-культурную i эстэтычную каштоўнасць, а таксама iх устойлiвага выкарыстання ў прыродаахоўных, навуковых, асветнiцкiх, аздараўленчых, рэкрэацыйных i iншых мэтах». Як бачым, значнасць i важнасць Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» акрэслены на самым высокiм дзяржаўным узроўнi. Унiкальны прыродны комплекс заўсёды знаходзiцца пад увагай улады. Што прыносiць свае вынiкi — Нацыянальны парк «Белавежская пушча» дынамiчна развiваецца i ўпэўнена крочыць у будучыню.

— Традыцыi трэба захоўваць, — лiчыць Мiкалай Бамбiза. — Гiсторыя Пушчы надзвычай цiкавая. Аднак нельга засяроджвацца толькi на багатай i цiкавай мiнуўшчыне, неабходна працаваць на перспектыву, не спыняцца на дасягнутым.

Ствараюцца новыя старонкi навейшай гiсторыi Белавежскай пушчы, не менш цiкавыя i маштабныя, чым папярэднiя, са сваiмi, толькi нашаму часу ўласцiвымi адметнасцямi. Аднак аб усiм па парадку.

Навуковая лабараторыя

Працягласць нацыянальнага парку з поўначы на поўдзень складае 60 кiламетраў, а з захаду на ўсход — ад 10 да 50 кiламетраў. Яго плошча — 163,5 тысячы гектараў (для параўнання: Белавежскi нацыянальны парк, створаны на польскай частцы пушчы, займае каля 10 тыс. кiламетраў). Белавежская пушча — своеасаблiвы ў фларыстычных адносiнах рэгiён. Геаграфiчнае становiшча, клiматычныя i глебава-гiдралагiчныя ўмовы абумовiлi багацце i разнастайнасць флоры. На гэтай адносна невялiкай тэрыторыi растуць каля 60 працэнтаў (каля тысячы вiдаў) вышэйшых сасудзiстых раслiн, такая ж доля мохападобных (каля 270 вiдаў) i лiшайнiкаў (больш чым 290 вiдаў).

Белавежская пушча з’яўляецца унiкальным прыродным аб’ектам, дзе прадстаўлена ўся разнастайнасць лясоў Беларусi як па пароднаму складу, узроставай структуры i прадукцыйнасцi, так i па тыпах. Амаль 90 працэнтаў тэрыторыi пушчы — «зялёная зона», з якой толькi каля 10 працэнтаў займаюць штучныя пасадкi. Па багаццю i захаванасцi бiяразнастайнасцi ЮНЕСКО ставiць Белавежскую пушчу побач з такiмi сусветна вядомымi лясамi, як сельва Амазонкi i трапiчны лес рэспублiкi Габон. Тут захаваўся ўчастак практычна некранутых першабытных лясоў Еўропы з надзвычай багатым комплексам флоры i фауны. Сярэднi ўзрост лясоў Белавежскай пушчы складае больш чым 100 гадоў, максiмальны — 200—300 гадоў, а асобныя дрэвы дажываюць i да 300—600 гадоў. Прыкладам таму — дуб-патрыярх. Яго ўзрост складае амаль 600 гадоў. Гэты дуб дасягнуў у вышыню больш чым 28 метраў, у дыяметры — 2 м. Непадалёку расце яшчэ адзiн доўгажыхар — сасна-волат. Яе вышыня складае больш чым 30 метраў. Узрост сасны — больш за 350 гадоў.

— Лясы Белавежскай пушчы з’яўляюцца своеасаблiвым фiльтрам (бiягеахiмiчным бар’ерам) на шляху трансгранiчнага пераносу тэхнагенных забруджвальнiкаў, якiя паступаюць разам з паветранымi масамi з краiн Заходняй Еўропы — у асноўным з Нiжняй Сiлезii i Баварыi, — кажа намеснiк генеральнага дырэктара Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» Яўген Бусько. — Менавiта там знаходзяцца буйнейшыя прамысловыя цэнтры. Перанос адбываецца менавiта ў наш бок, паколькi пераважаюць вятры адпаведнага напрамку. У 1992—1996 гадах праводзiлася спецыяльнае даследаванне гэтых працэсаў. Тады ўся тэрыторыя Белавежскай пушчы па ўзроўню забруджвання тэхнагеннымi палютантамi была падзелена на 5 зон. Сёлета такое ж даследаванне было праведзена зноў. Яго вынiкi сведчаць аб тым, што колькасць выкiдаў зараз значна зменшылася. Гэта радуе.

Мохавыя i травяныя балоты ў Белавежскай пушчы займаюць больш чым 3 тысячы гектараў. Як рэгулятары газавага саставу атмасферы i гiдралагiчнага рэжыму яны адыграюць важную ролю ў падтрыманнi стабiльнасцi экасiстэм i захаваннi бiяразнастайнасцi не толькi раслiн, але i жывёл. Фауна Белавежскай пушчы налiчвае больш чым 10 тысяч вiдаў. Свет млекакормячых багаты. Ён прадстаўлены 59 вiдамi, што складае 85 працэнтаў фауны Беларусi. Гэтая колькасць магла б быць i большай, аднак асобныя вiды былi знiшчаны. Так, у ХVII стагоддзi быў выбiты тур, знiклi расамаха i перавязка, у ХVIII ст. — бобр, алень, тарпан, у ХIХ ст. — мядзведзь, дзiкi кот, ляцяга, у пачатку мiнулага стагоддзя — зубр, а пасля 1953 года ў гэтых мясцiнах не сустракаецца i еўрапейская норка. Быў час, калi ў пушчы знiклi ваўкi.

Аднавiць вiдавы састаў Белавежскай пушчы (цi нават яго папоўнiць) спрабавалi неаднаразова. Паспяхова былi аклiматызаваны цi рэаклiматызаваны аленi, зубры, бабры, а таксама ланi (якiя былi знiшчаны падчас Першай сусветнай вайны). Няўдалымi аказалiся вопыты па аклiматызацыi паўночнага аленя, муфлона i рэаклiматызацыi мядзведзя. Дарэчы, апошнiя не з’яўляюцца ў Белавежскай пушчы больш чым 20 гадоў. У 2002 г. у Пружанскiм раёне мядзведзь нядоўга пагасцяваў, нават перазiмаваў, але пасля ён пакiнуў гэтыя мясцiны. Тарпанападобнага каня, продкам якога былi дзiкiя тарпаны, зараз можна ўбачыць хiба толькi ў экскурсiйных вальерах нацыянальнага парку. Асобныя вiды знайшлi ў Белавежскай пушчы экалагiчную нiшу, мiгрыраваўшы з iншых месцаў. Гэта янотападобны сабака, андатра i амерыканская норка. Шматлiкiя тут грызуны. Яны прадстаўлены 20 вiдамi, сярод якiх найбольш адметным з’яўляецца бабёр. З драпежнiкаў у пушчы можна ўбачыць ваўка, лiсiцу, рысь, лясную кунiцу, буйных капытных — дзiка, аленя, казулю, лася.

Асобна трэба сказаць пра зубра. Гэта самае буйное ў Еўропе i адно з самых старажытных жывёл свету. Зубр з’явiўся адначасова з мамантам. Яны ледзь поўнасцю не знiклi — у 1919 годзе была забiта апошняя зубрыца. У прыродных умовах не засталося нiводнай жывёлiны, пэўная iх колькасць захавалася толькi ў заапарках i зоасадах Заходняй Еўропы. Каб выправiць сiтуацыю i не дапусцiць поўнага вымiрання гэтага вiду, у 1923 годзе было створана Мiжнароднае таварыства па выратаванню зубра. У вынiку iнвентарызацыi было ўстаноўлена, што на канец 1924 г. ва ўсiм свеце заставалiся толькi 52 жывёлiны. Аднаўленне пагалоўя зубраў было вырашана пачаць перш за ўсё ў Белавежскай пушчы, якая тады знаходзiлася ў межах Польшчы. У 1939 годзе ў адмысловым пiтомнiку (якi быў тут створаны) налiчвалася 19 зуброў. У беларускую частку пушчы першыя пяць зуброў, якiх купiлi ў Польшчы, завезлi ў 1946 годзе, а вольнае iх развядзенне пачалося з 1953 г.

З цягам часу iх колькасць павялiчылася. Да 1990 года ў беларускай частцы Белавежскай пушчы быў створаны самы вялiкi ў свеце статак з 315 жывёл. Аказалася, што гэтая колькасць значна пераўзыходзiць аптымальную, якая рэкамендавана для адпаведнай тэрыторыi. Таму пачалося рэгуляванне пагалоўя, рассяленне па iншых рэгiёнах Беларусi. Зараз у Белавежскай пушчы жывуць 299 зуброў, а ўсяго iх на тэрыторыi нашай дзяржавы налiчваецца каля 600. Як адзначыў Яўген Бусько, цяпер з Польшчай адпрацоўваецца пытанне аб стварэннi для зуброў спецыяльных мiграцыйных тэрыторый, каб жывёлы маглi без перашкод перамяшчацца. Зараз яны гэтага зрабiць не могуць, паколькi на мяжы нацягнуты калючы дрот. Магчыма, дыпламаты ў хуткiм часе ўсё ж знойдуць кампрамiснае рашэнне гэтага пытання, i зубры змогуць спакойна падарожнiчаць па ўсёй тэрыторыi Белавежскай пушчы. Яны непарыўна звязаны. Падчас камандзiроўкi пачулi такую фармулёўку: «Пушча захавалася таму, што ў ёй жылi зубры, а зубры захавалiся таму, што была пушча». Што ж, коратка, ясна i змястоўна, нават дадаць няма чаго.

— Гэты вiд — сапраўднае ўпрыгажэнне лясных масiваў, — кажа Мiкалай Бамбiза. — Зубр прыходзiць у пушчу таму, што ён не можа выжыць без удзелу чалавека. Ён сапраўдны ўладар Белавежскай пушчы, гэта краса i гонар лесу. Пра што нiколi не варта забываць.

Уладара Белавежскай пушчы нам пашчасцiла ўбачыць на волi — невялiкi статак зуброў пераходзiў дарогу, калi мы ехалi ад дуба-патрыярха да сасны-волата. Неперадавальныя ўражаннi, што i казаць. Зубры нетаропка пайшлi ўглыб пушчы, а мы паехалi па сваiх справах.

Некалькiмi словамi нельга апiсаць усю прыгажосць, каларыт i шарм тутэйшай прыроды. Пасля мiтуслiвай i тлумнай сталiцы Белавежская пушча ўяўляецца зусiм iншым светам — светам цiшынi i гармонii. Тут проста адпачываеш душою. I асэнсоўваеш усю велiч i багацце гэтага кутка роднай Беларусi.

— Гэта сапраўды унiкальная навуковая лабараторыя для вывучэння бiялагiчнай разнастайнасцi, — упэўнены Яўген Бусько. — Яна ўключае ў сябе ўвесь комплекс раслiн, жывёл i мiкраарганiзмаў, якiя ў свеце вызначаюцца колькасцю ад 5 да 30 мiльёнаў вiдаў. Галоўнае прызначэнне Белавежскай пушчы, паколькi яна мае статус бiясфернага запаведнiка, — захаванне вiдаў, якiя знаходзяцца ў лясных экасiстэмах. У нашым навуковым аддзеле зараз працуюць 18 чалавек, у тым лiку дактары i кандыдаты навук. Iснуе два падраздзяленнi: аддзел, якi займаецца зубрамi i iншымi дзiкiмi капытнымi жывёламi, i лясная група. Працуюць таксама спецыялiсты-арнiтолагi, яны галоўным чынам вывучаюць водна-балотных птушак, арлоў i глушцовых. Зараз зацверджаны яшчэ i аддзел геаiнфармацыйных сiстэм. Па гэтаму накiрунку мы шчыльна супрацоўнiчаем з Нацыянальнай акадэмiяй навук (там ёсць адпаведнае вытворчае аб’яднанне ў iнстытуце кiбернетыкi), Беларускiм дзяржаўным унiверсiтэтам i тэхналагiчным унiверсiтэтам. Адноўлены партнёрскiя адносiны з Ленiнградскiм батанiчным iнстытутам, МДУ, Уральскiм батанiчным садам, Iнстытутам лекавых раслiн Расii, Цiмiразеўскай сельскагаспадарчай акадэмiяй, з шэрагам навуковых устаноў Украiны i Прыбалтыкi. Шчыльна супрацоўнiчаем i са сваiмi польскiмi калегамi, а таксама вучонымi iншых краiн.

Гэта дапамагае комплексна вырашаць шматлiкiя задачы па перспектыўнаму развiццю унiкальнага прыроднага комплексу, якiм з’яўляецца Белавежская пушча.

Чым прывабiць турыста?




Кожны з нас у той цi iншай ступенi ў душы вандроўнiк. Калi-нiкалi непераадольная сiла так i цягне пусцiцца ў падарожжа. «Звычайнае» жыццё з яго паўсядзённай мiтуснёй «заядае», i тады трэба, як кажуць дасведчаныя людзi, змянiць абстаноўку, «развеяцца». Але якiм чынам ажыццявiць яшчэ дзiцячыя мары аб далёкiх краiнах i загадкавых маршрутах? Для гэтага зусiм не абавязкова бегаць па турыстычных бюро i выбiраць штосьцi экзатычнае (зразумела, такiя варыянты i грошай немаленькiх каштуюць) — цiкавыя маршруты можна адшукаць i ў Беларусi. Тым больш, развiццю турыстычнай галiны ўдзяляецца павышаная ўвага.

Яно i зразумела: вельмi важна захаваць цiкавыя аб’екты, якiя з’яўляюцца адметнасцямi Беларусi. Дзеля дзяцей i ўнукаў, дзеля будучынi. Але якiм чынам гэта можна зрабiць? Вiдавочны шлях — праз развiццё айчыннага турыстычнага прадукту. Турызм сёння — адзiн з найбольш эфектыўных бiзнэсаў у свеце. На гэтую сферу прыпадае 36 працэнтаў гандлю паслугамi i 10 — сусветнага экспарту. Усё больш людзей аддаюць перавагу не «пляжнаму», а культурнаму i экалагiчнаму турызму. Тэндэнцыя развiцця галiны надзвычай спрыяльная для нашай дзяржавы. Не выкарыстаць такiя магчымасцi нельга. У нашай краiне ёсць што пабачыць i ёсць дзе з карысцю адпачыць.

Адным з такiх месцаў, безумоўна, з’яўляецца Белавежская пушча. Той, хто пабываў тут хоць аднойчы, будзе марыць аб тым, каб вярнуцца сюды зноў. Пушча вызначаецца нейкай своеасаблiвай магiяй i прыцягальнасцю. Аб гэтым можам казаць з упэўненасцю, паколькi вярнулiся сюды мы пасля даволi значнага перапынку (апошнi раз прыязджалi яшчэ ў дзяцiнстве, аднак успамiны аб гэтым наведваннi трывала заселi ў памяцi), i нават праз такi значны адрэзак часу было надзвычай прыемна пабываць у Белавежы. Тут шмат што змянiлася. Прычым навiны апошняга часу выключна станоўчыя.




— Апошнiм часам у нашай дзяржаве пачалося актыўнае развiццё турыстычнага бiзнэсу, — кажа Мiкалай Бамбiза. — Канкрэтна нам не трэба нiчога выдумляць — ёсць усе перадумовы, каб зрабiць Белавежскую пушчу паўнаважкiм турыстычным прадуктам, месцам, куды б чалавек хацеў прыехаць. Шмат чаго ў гэтым накiрунку ўжо зроблена. З апошнiх навiн магу ўзгадаць пра рэканструкцыю так званай «Царскай дарогi». Мы аднавiлi металiчных арлоў (герб Расiйскай iмперыi), адлiлi iх на гомельскiм заводзе «Цэнтралiт» i ўстанавiлi на мастах. Усё дакладна, да дробязяў прадумана. Думаю, што новы турыстычны маршрут «Царская дарога» будзе карыстацца папулярнасцю. Працягласць гэтай дарогi па беларускай тэрыторыi складае 16 кiламетраў.

Пэўна, пра царскую дарогу варта расказаць больш падрабязна. Яна была адкрыта iмператарам Мiкалаем II i яго жонкай Аляксандрай Фёдараўнай у 1903 годзе. Дарога звязвала Пружаны i Гайнаўку i лiчылася ваенна-стратэгiчнай (паколькi менавiта тут на той час праходзiла заходняя мяжа Расiйскай iмперыi). Першыя задумкi такога будаўнiцтва ўзнiкалi яшчэ ў Кацярыны II. Аднак, як бачым, рэалiзаваны гэты маштабны па тых часах праект быў значна пазней. Зроблена дарога была вельмi добра, што пацвярджаюць многiя спецыялiсты. Прыкладам таму — невялiкiя масткi, якiя ўзведзены ўздоўж усяго маршруту. Перакрыццi ў iх захавалiся ў выдатным стане да нашага часу, паколькi зроблены былi з практычна «вечнага» матэрыялу — моранага дубу. На мастках устаноўлены чыгунныя парэнчы, на якiх умацаваныя двухгаловыя арлы i адмысловыя металiчныя шарыкi (яны, па сутнасцi, былi дарожнымi знакамi, паколькi паказвалi ўезд i выезд). Пасля Кастрычнiцкай рэвалюцыi арлы i шарыкi былi зрэзаны. Аднак ужо зараз усё адноўлена. Засталося выканаць лiтаральна нязначны аб’ём работ, i царская дарога зойме пачэснае месца сярод турыстычных маршрутаў Нацыянальнага парку «Белавежская пушча».

Пабачыць у гэтым унiкальным кутку Беларусi можна сапраўды вельмi шмат. Дагэтуль захавалiся курганападобныя пахаваннi першых жыхароў пушчы — яцвягаў. Таксама як i культавыя валуны (гэтыя вялiзныя камянi ў свой час былi прынесены ледавiком з далёкай Скандынавii), якiя ўшаноўвалiся гэтым старажытным племем. Практычна не змянiў свой знешнi выгляд i маёнтак былога ўладальнiка Свiслацкай лясной дачы — генерала i сенатара Польшчы Тадэвуша Тышкевiча. Госцi маюць магчымасць не толькi агледзець гэты адметны, цiкавы комплекс, але i пажыць у «шляхецкiм» домiку, быццам апынуўшыся ў тых далёкiх часах. Прыемна адпачыць не ля «традыцыйнага» тэлевiзара, а пасядзець ля цудоўнага камiна са шклянкай цёплага грогу ў руцэ, альбо згуляць партыю-другую ў бiльярд. Адным словам, можна быць упэўненым, што такi выезд запомнiцца вам надоўга.

Аднак гэта далёка не ўсё, што можа зацiкавiць турыста ў Белавежскай пушчы. Аматарам старажытнасцi пажадана праехаць па дарозе, якая была пабудавана ў часы апошняга польскага караля Станiслава Панятоўскага, а таксама наведаць маляўнiчую паляну, дзе калiсьцi займалiся выпальваннем драўнiннага вугалю i смолакурэннем. Дапытлiвых не пакiнуць раўнадушнымi вялiзныя бортныя дрэвы, у якiх у старадаўнiя часы пчаляры-бортнiкi здабывалi мёд дзiкiх пчол. Як сiмвал непарыўнай сувязi пакаленняў успрымаюць наведвальнiкi Белавежскай пушчы кармушку для зуброў, якая была зроблена яшчэ ў 1907 годзе (на адным са слупоў будаўнiкi выразалi дату яе вырабу).

Нацыянальны парк мае вялiкiя магчымасцi для развiцця экалагiчнага турызму. Яго сапраўдны гонар — музей прыроды. Гэта па праву адна з самых наведваемых культурна-асветнiцкiх устаноў нашай дзяржавы. Тут сабрана багацейшая калекцыя жывёл, якiя насяляюць Белавежскую пушчу. Частка з iх занесена не толькi ў беларускую, але i ў мiжнародную Чырвоную кнiгу. У вялiкiх адкрытых вальерах, што размешчаны непадалёку ад музея прыроды, можна на свае вочы пабачыць розныя вiды жывёл у натуральным асяроддзi iх пражывання. Як правiла, галоўную цiкавасць для наведвальнiкаў уяўляе сапраўдны ўладар Белавежскай пушчы. Калi пашчасцiць, то гэтага волата можна ўбачыць i, што называецца, у дзiкай прыродзе падчас найцiкавейшых падарожжаў па запаведнiку. Для розных катэгорый наведвальнiкаў па жаданню прапануюцца на выбар шматлiкiя пешыя, конныя, аўтамабiльныя адна- i шматдзённыя турыстычныя маршруты. Паверце, тут ёсць размах для вашай фантазii. Паблукаць па неабсяжных прасторах легендарнай Белавежскай пушчы — ад такой заманлiвай прапановы наўрад цi хто адмовiцца.

Напярэдаднi навагоднiх i калядных святаў, калi ў казку хочацца верыць дарослым i дзецям, а душа так i прагне чарадзейства, абавязкова адпраўляйцеся ў нацыянальны парк. Пэўны час таму i ў нас, у Беларусi, з’явiлася сапраўднае памесце Дзеда Мароза. Гэты унiкальны турыстычны аб’ект быў узведзены па распараджэнню кiраўнiка дзяржавы. Такая стаўка поўнасцю сябе апраўдала. Пры ўваходзе на тэрыторыю памесця наведвальнiкаў сустракаюць два драўляныя рыцары — Дуб-Дубовiч i Вяз-Вязовiч. Кажуць, што гэтыя рыцары — сваякi беларускiх персанажаў Дуба-Дубавiка i Гары-Гаравiка. Раней яны ў выглядзе вялiзных дрэў раслi ў Белавежскай пушчы, i Дзед Мароз вельмi любiў душэўна размаўляць з iмi падчас сваiх прагулак па лесе. Прыйшоў час, i дрэвы засохлi. Дзядулю стала шкада сваiх сяброў, i ён папрасiў Майстра залатыя рукi — аднаго з самых вядомых у Беларусi рэзчыкаў па дрэву Аляксандра Лявонцьевiча Масла — зрабiць фiгуры двух рыцараў-стражнiкаў. Вось такiм чынам яны i апынулiся ля брамы i абараняюць спакой Дзеда Мароза.

Ён жыве тут круглы год. I на кожную пару ў беларускага Дзеда Мароза маецца свой касцюм. Вядома, што памесце — сапраўды унiкальнае. Такiх толькi тры ва ўсiм свеце: на радзiме Санта-Клауса ў Лапландыi, на Алясцы i ў Белавежскай пушчы. Вось якiя выходзяць дзiвосы. Зараз у памесцi Дзеда Мароза вельмi шматлюдна — экскурсii змяняюць адна адну, паколькi ўсiм хочацца сустрэцца з гаспадаром снежнай i студзёнай зiмы. Дзед Мароз сустракае ўсiх наведвальнiкаў, выходзячы на балкон. Для «звяздоўцаў» было зроблена выключэнне — да нас дзядуля выйшаў на ганак. Цудоўнае гэта, скажу я вам, адчуванне: стаяць побач з героем дзiцячых мараў (i вашых у тым лiку, але шмат гадоў таму) i гутарыць пра чарадзейства. Пра тое, што Дзед Мароз ёсць на самай справе, сумненняў не ўзнiкае — да яго нават можна дакрануцца. У казкi пачынаеш верыць тут жа, асаблiва ў гэты святочны перадкалядны час, калi павiнны збывацца ўсе самыя неверагодныя жаданнi.

— А якi будзе наступны год, дзядуля? — з такiм пытаннем мы звяртаемся да Мароза.

— Год будзе самым добрым, самым яркiм. Усе нашы мары абавязкова здзейсняцца. Мы ж людзi працавiтыя, таму ўсё атрымаецца, — чуем у адказ.

— Цi будзе снег на Новы год?

— Снег, даражэнькiя мае, павiнен усё ж такi быць. Я так думаю. Ну, а калi яго не будзе (у надвор’я, самi ведаеце, апошнiм часам нораў круты), то я падымуся на другi паверх свайго дома, адчыню дзверы i пачну вытрасаць сваю пярыну. I будзе снег, будзе ўсiм добра i весела...

Зараз у памесцi сапраўдны «аншлаг». I работы ў Дзядулi Мароза сапраўды шмат: акрамя таго, што трэба шматлiкiх наведвальнiкаў прывiтаць, таксама неабходна карэспандэнцыю разбiраць. На час нашага наведвання (у пачатку снежня) на адрас памесця прыйшло больш чым 50 тысяч лiстоў. Кожны дзень iх паступае каля тысячы. Дзецi, канешне, рознае пiшуць, з самымi рознымi просьбамi i пажаданнямi да Дзядулi Мароза звяртаюцца. Але ў большасцi гэта вельмi добрыя i шчырыя допiсы. Вось, напрыклад, адзiн з тыповых: «Дзядуля Мароз, мне нiчога не патрэбна. Зрабi так, каб нiхто з дзяцей не хварэў, каб усе людзi на свеце не пакутавалi ад цяжкiх хвароб. Зрабi, дзядуля, калi я вырасту, каб я стаў урачом i мог бы ўсiх вылечыць. Калi я таго заслугоўваю, то дашлi мне сваю фотакартку...».

У памесцi беларускага Дзядулi Мароза шмат самых розных дзiвосаў. Напрыклад, вятрак. Iснуе павер’е, што калi чалавек да яго дакранецца i пералiчыць усе свае грахi, то млын iх перамеле. Альбо яшчэ галоўная адметнасць любога навагодняга свята — ёлка. Белавежская лясная прыгажуня па вышынi пераўзыходзiць нават вядомую ёлку на Трафальгарскай плошчы ў Лондане. Гэтымi днямi яна засвяцiлася дзесяткамi тысяч агеньчыкаў...

Асобна трэба сказаць пра паляванне.

— Традыцыi палявання ў Белавежскай пушчы на працягу стагоддзяў стваралiся, — адзначае Мiкалай Бамбiза. — I яны захавалiся. Турысты гэта адзначаюць, таму попыт даволi вялiкi. Да нас на паляванне едуць з усяго свету. Напрыклад, нядаўна быў турыст з Марока.

Трэба, каб усе дакладна разумелi: у Белавежскай пушчы пастаянна праводзiцца рэгуляванне колькасцi дзiкiх капытных. У мэтах паляпшэння папуляцый, стварэння ўмоў для натуральнага аднаўлення лесу ажыццяўляецца селекцыйны адстрэл i адлоў жывёл для рассялення. Адпаведна, ажыццяўляецца i паляўнiчы турызм. Створана адпаведная база, падрыхтаваны тэхнiкi-паляўнiцтвазнаўцы для прыёму турыстаў-паляўнiчых. Ствараюцца ўмовы i для аматараў рыбнай лоўлi. На тэрыторыi Белавежскай пушчы iснуе каля дзесятка штучных вадаёмаў. На кожнае возера складзены спецыяльны пашпарт i адпаведнае рыбаводчае абгрунтаванне. Робiцца зарыбленне. Зараз вядуцца разлiкi (пакуль тэарэтычныя) для таго, каб запусцiць у азёры Белавежы асятра.

Ну чым не «прынады» для турыстаў. Канешне, усё тое, аб чым мы расказалi, i сапраўды павышае iмiдж Белавежскай пушчы ў вачах шматлiкiх гасцей. Можна нават гаварыць аб тым, што турыстычны прадукт, створаны ў Белавежскай пушчы, унiкальны. Унiкальны ён не толькi i не столькi з-за багатай фактуры, а хутчэй па прычыне ўмення i вялiкага жадання данесцi ўсё хараство i непаўторнасць да наведвальнiкаў. Уражаннi, якiя ў iх застаюцца пасля наведвання Белавежскай пушчы, можна, напэўна, ахарактарызаваць адным словам — захапленне. Сведчаннем таму з’яўляецца няўхiльны рост колькасцi турыстаў, якiя прыехалi сюды: паводле iнфармацыi Мiкалая Бамбiзы, калi за 2001 г. пушчу наведалi 46 тыс. чалавек, то на працягу гэтага года — ужо больш чым 140 тыс. Адчуваеце рознiцу? Такi прарыў стаў магчымым дзякуючы ў першую чаргу планамернай i карпатлiвай рабоце, актыўнай прапагандзе адметнасцяў нацыянальнага парку, яго прыроды, паляпшэнню турыстычнага сэрвiсу.

Дарэчы, пра сэрвiс. Да паслуг турыстаў прапануюцца камфартабельныя гасцiнiцы з сучаснымi камфартабельнымi нумарамi. А таксама можна пасялiцца ў спецыяльных гасцявых домiках. У рэстаране «Белавежская пушча» можна атрымаць асалоду ад нацыянальнай кухнi, заказаць фiрменныя стравы з рыбы i дзiчыны. У нацыянальным парку цудоўны спартыўны комплекс, дзе ёсць тэнiсны корт, пляцоўкi для гульнi ў ручны мяч, валейбол, мiнi-футбол. Да паслуг гасцей бiльярд, сауна, лазня, абсталяваны гасцявыя паляны i турыстычныя стаянкi.

Работы па развiццю сэрвiсных паслуг у Нацыянальным парку «Белавежская пушча» iдуць поўным ходам. Як паведамiў Мiкалай Бамбiза, у блiжэйшых планах — будаўнiцтва яшчэ адной сучаснай гасцiнiцы на 50 нумароў. Паводле слоў Мiкалая Мiкалаевiча, неабходна стварыць такiя ўмовы, каб чалавек, якi прыехаў у Белавежскую пушчу, змог тут адпачыць целам i душой. Актыўна вядзецца i рамонт сеткi аўтамабiльных дарог. На гэтыя патрэбы нацыянальнаму парку з дзяржаўнага бюджэту было выдзелена каля 2 мiльёнаў долараў. Iдзе яго тэхнiчнае перааснашчэнне.

— Развiццю Нацыянальнага парку «Белавежская пушча» ўдзяляецца вялiкая ўвага, — адзначае Мiкалай Бамбiза. — Можна нават казаць аб тым, што гэта адзiн з дзяржаўных прыярытэтаў. Усе пытаннi, якiя ўзнiкаюць, аператыўна вырашаюцца належным чынам. Фiнансаванне ажыццяўляецца на ўзроўнi, дастатковым для вядзення прыродаахоўнай дзейнасцi. Такiя вялiкiя сродкi не выдаткоўвалiся нават за савецкiм часам. Аб чым магу сказаць з упэўненасцю. Неабходна ўсё тут давесцi да ладу. Удасканальваем i будзем удасканальваць далей аб’екты сацыяльнай сферы. Ужо зараз у населеных пунктах, што знаходзяцца на тэрыторыi пушчы, наладжана прыстойнае гандлёвае абслугоўванне. А ў Камянюкскую сярэднюю школу арганiзаваны пастаянны падвоз дзяцей. Гэтая адукацыйная ўстанова мае экалагiчны ўхiл. Тут выхоўваецца наша змена.

Як бачым, Нацыянальны парк «Белавежская пушча» актыўна развiваецца i ўпэўнена крочыць у будучыню. Гэтыя мясцiны знаходзяцца ў цэнтры ўвагi навукоўцаў i турыстаў з усяго свету. Паводле слоў Мiкалая Бамбiзы, ёсць усе падставы для таго, каб у 2009 годзе ўрачыста адсвяткаваць 600-годдзе запаведнай справы ў Еўропе (такая дата ўказваецца ў архiўных крынiцах). А адзначаць гэтую гiстарычную падзею будзе лагiчна менавiта ў Белавежскай пушчы. У многiм дзякуючы менавiта пушчы жыхары далёкiх краiн даведваюцца пра Беларусь. Такiм чынам, Белавежская пушча — гэта наш сапраўдны нацыянальны сiмвал. Захаваць унiкальны куток для нашых дзяцей i ўнукаў — вось што, напэўна, самае галоўнае. Каб i нашчадкi змаглi пачуць той самы запаведны напеў Белавежскай пушчы...

Мiкалай ЛIТВIНАЎ,

Алена ДАЎЖАНОК

Марыя ЖЫЛIНСКАЯ (фота).



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Унiкальны прыродны комплекс па-ранейшаму застаецца ў цэнтры ўвагi турыстаў i навукоўцаў з усяго свету
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

ПнВтСрЧтПтСбВс
   1234
567891011
12131415161718
19202122232425
262728293031 
РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
HotLog Яндекс.Метрика