Наводзiм парадак самiА Ў НАС... А Ў ВАС? Пражыць без дапамогi грамады немагчыма. Ад гэтага нарадзiлася, мабыць, i назва — грамадскае самакiраванне. Наш зямляк, Герой Сацыялiстычнай Працы, слынны майстар-бульбавод Магiлёўшчыны, член Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў Юлiй Жлоба лiчыць, што ў вёсцы без агульнай падтрымкi жыццё не жыццё. У даваенны час i пасля сельскi Савет вызначыў, як жыць i што рабiць вяскоўцам, як захоўваць сацыяльную справядлiвасць зыходзячы са здароўя i дастатку чалавека. Раней не ўзнiкала пытання, каму будаваць калодзеж або яго чысцiць. Збiралiся грамадою i рабiлi справу. А вось цяпер стала штосьцi не так, лiчыць Юлiй Ягоравiч. Цi вёска значна пастарэла, цi пачалi сыходзiць у нябыт векавыя грамадскiя каштоўнасцi.— Куды варта, — абураецца ён, — калi жыхары вёскi, змайстраваўшы сваiмi рукамi для сябе студню з сельсаветаўскiх матэрыялаў, патрабуюць грошы за работу?! Мае рацыю паважаны Юлiй Ягоравiч. Дзесьцi мы далi прамашку ў арганiзацыi работы органаў грамадскага самакiравання. Адчуваючы гэта, прэзiдыум раённага Савета дэпутатаў задумаўся, як яе палепшыць. У гэтай справе ў нас ёсць пэўны вопыт. У адпаведнасцi з Законам «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi ў Рэспублiцы Беларусь» раённым Саветам дэпутатаў зацверджаны палажэннi аб органах тэрытарыяльнага грамадскага самакiравання i аб старэйшыне населенага пункта. (Гэтыя дакументы зарэгiстраваны ў сельвыканкамах i аддзеле па будаўнiцтву, архiтэктуры i жыллёва-камунальнай гаспадарцы райвыканкама.) Такiм чынам прэзiдыум вырашыў зрабiць будучы год годам актывiзацыi самакiравання. Дарэчы, сустракаючыся з калегамi, чую ад некаторых з iх нараканнi на недастатковасць уладных паўнамоцтваў. Але ўлада — перш за ўсё высокая адказнасць. Наракаць — гэта значыць быць у ролi пакрыўджанага. Вось прыклад. У в. Палуж-2 калодзеж ля сельскага магазiна знаходзiўся ў непрывабным стане. Вяскоўцы ў поўны голас наракаюць. А на каго? Стараюся ўдакладнiць. Маўчанне. Называю канкрэтнага вiноўнiка — старшыню Высакаборскага сельскага Савета дэпутатаў, дэпутата раённага Савета дэпутатаў Г. А. Слабодчыкаву. Ды не, кажуць, яна ў нас чалавек справы. А хто тады? Вядома, агульная безадказнасць як мясцовай улады, так i самiх вяскоўцаў, якiя прывыклi, маючы статус чарнобыльцаў, да нахлебнiцтва ў адносiнах да дзяржавы. (Праз некалькi дзён пасля гэтага вяскоўцы самi прывялi свой калодзеж у нармальны стан.) На тэрыторыi нашага раёна органы мясцовага самакiравання вывучаюць грамадскую думку па розных пытаннях сацыяльна-эканамiчнага развiцця тэрыторыi. У iх кампетэнцыю ўваходзiць далучэнне жыхароў да добраўпарадкавання жылых дамоў, азелянення месцаў агульнага карыстання, рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў. Яны садзейнiчаюць праваахоўным органам у забеспячэннi грамадскага парадку i прафiлактыцы правапарушэнняў, удзельнiчаюць у арганiзацыi работы з сем’ямi. Дапамагаюць закупаць лiшкi сельскагаспадарчай прадукцыi ў насельнiцтва i iншае. На адной з сесiй раённага Савета дэпутатаў iшла дзелавая i прынцыповая размова аб выкананнi пастановы Савета Мiнiстраў № 724 «Аб мерах па ўкараненню сiстэмы дзяржаўных стандартаў па абслугоўванню насельнiцтва». У жыллёва-камунальнай гаспадарцы з 11 стандартаў не забяспечана выкананне чатырох: гэта норма i графiк падачы гарачай вады ў кватэры насельнiкаў райцэнтра, асвятленне як у самiм Краснаполлi, так i ў сельскай мясцовасцi, дарожнае пакрыццё вулiц. Ёсць праблемы ў транспартным абслугоўваннi насельнiцтва. Зыходзячы з гэтага, былi вызначаны канкрэтныя меры па выкананню сацыяльных стандартаў, а раённы Савет дэпутатаў вызначыў напрамкi i адказных (раённыя службы, сельскiя саветы, кiраўнiкi гаспадарак). Не абышлося без зваротаў да рэспублiканскiх i абласных арганiзацый. Раённым Саветам накiраваны просьбы да Камчарнобыля — па вырашэнню пытанняў рэабiлiтацыi вёскi Выдранка, да «Магiлёўаблдарбуда» — па асфальтаванню 2,9 км дарогi Краснаполле—Янаўка i выдзяленню спецаўтамабiля «ГАЗель» па падвозу дарожнiкаў ДРБУ-173, да цэнтра занятасцi аблвыканкама — па выдзяленню 50 мiльёнаў рублёў для правядзення сацыяльна-карысных работ па добраўпарадкаванню сельскiх населеных пунктаў, да абласнога камiтэта прыродных рэсурсаў i аховы навакольнага асяроддзя — па навядзенню парадку на зямлi ў сельскай мясцовасцi i г.д. Вядома, давесцi патрабаваннi да месцаў — справа даволi простая. А далей? Цi будуць яны выконвацца? Каб даць станоўчы адказ на гэтыя пытаннi, неабходна акунуцца ў стан спраў надзённых. А тут без дзейснага i строгага кантролю не абысцiся. Роля Саветаў усiх узроўняў, органаў мясцовага самакiравання тут самая актыўная. А наогул ёсць у нас думка: дзейнасць вулiчных, дамавых, сельскiх камiтэтаў, а таксама старэйшын прывесцi ва ўзаемадзеянне з работай дэпутатаў раённага i сельскiх саветаў. Гэта будуць аб’яднаннi па акругах раённага i сельскiх Саветаў дэпутатаў — з удзелам самiх дэпутатаў i ячэек мясцовага самакiравання. Да арганiзацыйнай работы далучацца прэзiдыум i пастаянныя камiсii раённага Савета, сельскiя саветы i сельскiя выканаўчыя камiтэты, раённы савет органаў тэрытарыяльнага самакiравання. Напрамкi дзейнасцi будуць зыходзiць з патрабаванняў Закона «Аб мясцовым кiраваннi i самакiраваннi». На наш погляд, задума добрая, варта толькi яе падмацаваць канкрэтнай жывой i творчай работай. Слушнай лiчу прапанову аб наданнi статусу старэйшын старшыням дамкамаў у васьмi- i дванаццацiкватэрных дамах райцэнтра. Там праведзены ўжо сходы пражываючых, якiя выбралi самых аўтарытэтных i прынцыповых «дамавых». I справы пайшлi на лад — гэта бачна па добраўпарадкаваных лесвiчных пляцоўках i тэрыторыях вакол дамоў. Прэзiдыумам райсавета, аддзелам райвыканкама, сельскiм Саветам даручана распрацаваць палажэнне аб прысваеннi ганаровага звання лепшага старшынi селькама, вулiчнага i дамавога камiтэтаў, старэйшыны населеных пунктаў. У рашэнне раённага Савета па прапанове старшынi райвыканкама С. Я. Казлова была ўнесена прапанова аб стварэннi грашовага фонду па стымуляванню работы актывiстаў самакiравання. Фёдар ГАНЧАРОЎ, старшыня Краснапольскага раённага Савета дэпутатаў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пражыць без дапамогi грамады немагчыма. Ад гэтага нарадзiлася, мабыць, i назва — грамадскае самакiраванне |
|