Аляксандр Пятух:«Дэвiз нашага калектыву — эканомячы дзяржаўныя сродкi, бесперабойна i надзейна забяспечваць спажыўцоў электраэнергiяй» Прадстаўляем суразмоўцу - Аляксандр Аркадзьевiч, чаму ваш выбар быў зроблены менавiта на карысць гэтай прафесii? — Вiдавочна, па той прычыне, што мой бацька Аркадзь Савельевiч у свой час закончыў школу фабрычна-заводскага навучання па ўказанай прафесii, а пасля Вялiкай Айчыннай вайны, на франтах якой яму, як i маёй мацi, давялося ваяваць, у нашай хаце ў гарадскiм пасёлку Акцябрскi ў лiку першых сярод iншых дамоў загарэлася электрычная лямпачка. Гэта па-першае. Па-другое, мой старэйшы брат Генадзь звязаў свой лёс з энергетыкай пасля заканчэння таго ж БIМСХа i зараз працуе начальнiкам Акцябрскага ўчастка энергазбыту. Па iх слядах пайшоў i я. Дарэчы, як i малодшы брат Андрэй, якi з жонкай Тамарай працуюць зараз у Акцябрскiм РЭСе. I гэта яшчэ не ўсё. Мая жонка Любоў — таксама энергетык. Яна — начальнiк аддзела сацыяльнага развiцця нашага фiлiяла. У энергасiстэме ў Гомелi працуюць i нашы дочкi — Наташа i Аня. Спадзяюся, калi вырастуць iх дзецi, то таксама стануць энергетыкамi. — Адным словам, цэлая дынастыя энергетыкаў? — Так, i мы гэтым ганарымся. Работа складаная i адказная, якая патрабуе шмат ведаў i самааддачы ад усiх, хто працуе ў гэтай сiстэме. Што датычыць нашага прадпрыемства (фiлiяла «Рэчыцкiя электрычныя сеткi»), дык яны з’яўляюцца прамыслова-вытворчым падраздзяленнем, якое ажыццяўляе перадачу i размеркаванне электрычнай энергii ў адзiным комплексе электразабеспячэння. Мы выконваем рамонт, эксплуатацыйнае i аператыўнае абслугоўванне замацаваных за фiлiялам электрычных сетак. А зона (тэрыторыя) гэтага абслугоўвання ахоплiвае плошчу ў 12,5 тысячы квадратных кiламетраў. Яна пачынаецца практычна ад гранiцы з Чарнобыльскай АЭС i працягваецца да крайнiх кропак 350 кiламетраў. Мы абслугоўваем электрычныя сеткi Рэчыцкага, Светлагорскага, Акцябрскага, Лоеўскага, Брагiнскага i Хойнiцкага раёнаў. У iх складзе электрасеткi 4 гарадоў, 6 гарадскiх пасёлкаў, 645 населеных пунктаў, 117 сельскагаспадарчых i прамысловых прадпрыемстваў, арганiзацый i ўстаноў. — I галоўнай вашай задачай з’яўляецца надзейнае i бесперабойнае забеспячэнне электраэнергiяй усiх гэтых спажыўцоў? — Абсалютна правiльна. Лiчу (i не толькi я як дырэктар фiлiяла), што наш калектыў з гэтым спраўляецца. На балансе фiлiяла 81 кiламетр лiнiй напружаннем 330 кiлавольт, 102 — 220, 850 — 110, 742 — 35, 4047 — 10 i 4446 кiламетраў — 0,4 кiлавольта. Усяго — амаль 11 тысяч кiламетраў лiнiй, i ўсю гэту гаспадарку абслугоўваюць сем РЭСаў (раёнаў электрычных сетак). У нас 68 падстанцый, з iх 58 — сельскагаспадарчага прызначэння. У апошнi час праведзена вялiкая работа па тэлекiраванню электрычнымi сеткамi. — На ўказанай пасадзе вы, Аляксандр Аркадзьевiч, з года, калi на Чарнобыльскай АЭС адбыўся выбух... — Зразумеў пытанне i скажу, што нашы падраздзяленнi доўгi час працавалi тады на перасяленнi жыхароў Брагiнскага i Хойнiцкага раёнаў, будаўнiцтве пунктаў санiтарнай апрацоўкi, на iншых работах. Цяжкасцяў было шмат. Чарнобыль патрабаваў ад кiраўнiцтва нашага прадпрыемства электрычных сетак (так тады называўся фiлiял «Гомельэнерга») зусiм iншых падыходаў, нягледзячы на тое, што наш калектыў, якi доўгiя гады ўзначальваў вельмi вопытны кiраўнiк, заслужаны энергетык Рэспублiкi Беларусь Сяргей Мiхайлавiч Цыцура i лiчыўся перадавым не толькi ў БССР, але i ў Савецкiм Саюзе.I мне сёння не сорамна за наш персанал, за нашых людзей, якiя працавалi тады дакладна i з вялiкай адказнасцю. I гэтак жа працуюць i зараз, у тым лiку ў «чарнобыльскiх» раёнах — Брагiнскiм i Хойнiцкiм. — Напэўна, адмоўную ролю ў рабоце энергасiстэмы i вашай таксама адыграў развал Савецкага Саюза. — Безумоўна. Не скажу, што яна цалкам была пушчана на самацёк, але было вiдавочна наступнае: няхватка грошай, велiзарная запазычанасць спажыўцоў электраэнергii i iншыя абставiны не дазвалялi абнаўляць асноўныя фонды, якiя фiзiчна i маральна старэлi. У той цяжкай сiтуацыi i ўрад краiны, i мiнiстэрства энергетыкi, i канцэрн «Белэнерга» рабiлi ўсё, каб не дапусцiць краху галiны, якая, вобразна кажучы, з’яўляецца крывяноснай сiстэмай усёй народнай гаспадаркi. Паступова справы пачалi наладжвацца, i ў апошнiя гады быў узяты рэзкi курс на тэхнiчнае перааснашчэнне прадпрыемстваў энергетыкi, рэканструкцыю, хоць тут яшчэ многае трэба зрабiць. — I як гэта выглядае ў дачыненнi да вашай арганiзацыi? — Перш чым адказаць на пастаўленае пытанне, зазначу, што энергетыка павiнна быць па-за палiтыкай. Яна павiнна быць чыста дзяржаўнай i нi ў якiм разе не належаць прыватнiкам, у чым мы ўпэўнiлiся на прыкладах iншых краiн. У гэтым накiрунку ў нас усё правiльна. Таму мы i iдзём наперад, таму i стараемся працаваць эфектыўна, вырашаць пытаннi эканомii, сярод якiх знiжэнне затрат на капiтальны рамонт i эксплуатацыю сетак, будынкаў i збудаванняў, змяншэнне сабекошту пропуску электрычнай энергii. З гэтай мэтай у нас створаны свае вытворчыя падсобныя цэхi i ўчасткi па выпуску неабходнага абсталявання i вырабаў. Так, 10 гадоў назад мы адмовiлiся ад паслуг пастаўшчыкоў металаканструкцый жодзiнскага завода, i ўсе iх для лiнiй электраперадач 0,4—10 кiлавольт вырабляем самi. Прычым кошт iх — у два разы меншы. Вырашылi мы i такую праблему, характэрную для энергасiстэмы, як праблема раз’яднальнiкаў 10 кiлавольт. Дзякуючы таму, што ў майстэрнi па рамонту абсталявання робiм iх мадэрнiзацыю. Прывяду тут такое параўнанне. Сабекошт яго ў нас — 50—60 тысяч рублёў, а калi б мы купiлi яго ў пастаўшчыка, то зрасходавалi б 450—500 тысяч рублёў. Падкрэслю пры гэтым: мадэрнiзаваныя раз’яднальнiкi ў рабоце вельмi надзейныя. Наступная задача, якую мы вырашылi i пры гэтым зэканомiлi да 50 працэнтаў фiнансавых сродкаў — гэта будаўнiчы рамонт нашых вытворчых баз, гаражоў, трансфарматарных падстанцый. За кошт чаго, спытаеце. Проста стварылi ў сябе цэх дрэваапрацоўкi i выпуску сталярных вырабаў, лесвiц для электрамантажнiкаў, дошак i iншых рэчаў, цалкам канкурэнтаздольных i на рынках. Цэх таксама аказвае платныя паслугi насельнiцтву. З мэтай зберажэння электраэнергii ў 1999 годзе на падстанцыi 220 кiлавольт «Светлагорск» мы першыя ў мiнiстэрстве ўкаранiлi сiстэму утылiзацыi цеплынi аўтатрансфарматара АТ-1 на аснове цеплавых помпаў. Устаноўка адбiрае цяпло ад масла трансфарматара i абагравае будынак падстанцыi. Аб яе безадмоўнай i эфектыўнай рабоце сведчаць вось гэтыя лiчбы: расход электраэнергii на ацяпленне за адзiн сезон склаў 79 тысяч кiлават-гадзiн супраць 354 тысяч пры ацяпленнi iх электракатламi. Правiльна, iмпартнае абсталяванне ўстаноўкi дарагое па цане, але ж тэрмiн акупнасцi яго — 7 гадоў, i я лiчу, што для нашых аб’ектаў — гэта будучае, бо пры арганiзацыi масавай вытворчасцi цеплавых помпаў i арматуры (у Расii, напрыклад, ужо пачынаюць iх выпуск) цану гэтых установак можна зменшыць удвая, а тэрмiн акупнасцi давесцi да 3 гадоў. У гэтым пытаннi хацелася б мець рэальную падтрымку вышэйстаячых арганiзацый — камiтэта па энергаэфектыўнасцi, канцэрна «Белэнерга», напрыклад. У тым плане, каб гэта планавалася на ўзроўнi рэспублiканскай мэтавай праграмы. Пытанне актуальнае, бо на той падстанцыi ў Светлагорску на 1 кiлават затрачанай электрычнай магутнасцi мы выпрацоўваем 4 кiлаваты цеплавой энергii. На вялiкi жаль, наш вопыт укаранiлi толькi на падстанцыi ў Оршы. Мiж iншым, на наступны год мы плануем тое, што зрабiлi ў Светлагорску, зрабiць яшчэ на дзвюх падстанцыях. — Ваш намеснiк Аляксандр Шпакаў i галоўны iнжынер Аляксандр Васiльеў паказвалi нам энергазберагальную кацельню. Вельмi цiкавая i карысная справа... — Сапраўды, кацельня унiверсальная. Яна цалкам аўтаматызаваная i прызначана для ацяплення комплексу вытворчай базы. Калi яшчэ летась для выпрацоўкi цяпла мы выкарыстоўвалi дарагую электраэнергiю, дык зараз — драўнiнныя адходы. Я ўжо казаў, што ў нас ёсць дрэваапрацоўчы цэх, i там шмат пiлавiння. Акрамя таго, у горадзе шэраг прадпрыемстваў мелi праблему з гэтым пiлавiннем, бо не ведалi, куды яго прымянiць, а цяпер аддаюць яго нам. Дык вось, у сумеснага беларуска-французскага прадпрыемства «Камконт» мы набылi неабходнае абсталяванне, у тым лiку i кацёл магутнасцю 400 кiлават. У кацельнi спальваецца пiлавiнне, i атрыманым цяплом забяспечваецца 75 працэнтаў агульнай плошчы будынкаў i збудаванняў базы. На гэты аб’ект мы зрасходавалi 523 мiльёны рублёў i падлiчылi ўжо, што за тры гады i два месяцы гэтыя грошы акупяцца. — Практыка паказвае, што з цягам часу асноўныя фонды любога завода, фабрыкi, вытворчага аб’яднання старэюць маральна i фiзiчна. Гэта закон, ад якога нiкуды не дзенешся. Але ж ёсць i патрабаванне часу, патрабаванне жыцця: хочаш iсцi наперад, як кажуць, варушыся. У гэтым плане, Аляксандр Аркадзьевiч, хацелася б даведацца больш падрабязна аб тым, як у вашых электрычных сетках укараняецца новае пакаленне прыбораў i абсталявання? — Вы маеце рацыю. Сапраўды, i ў нас вялiкi знос асноўных сродкаў. Але я лiчу, што кожны год на прадпрыемстве павiнна ўкараняцца нешта новае, больш эфектыўнае, i на гэта настройваю ўвесь калектыў. У шэрагу выкананых работ у гэтым накiрунку нельга не сказаць наступнае. У снежнi 2000 года было завершана будаўнiцтва новай падстанцыi на 110 кiлавольт «Метызны завод». Яна — першая, як у Рэчыцкiх электрасетках, так i ў РУП «Гомельэнерга», з прымяненнем так званай мiкрапрацэсарнай абароны вытворчасцi Санкт-Пецярбургскага навукова-тэхнiчнага цэнтра «Механатронiка». А ўсе выключальнiкi дзесяць кiлавольт —вакуумныя, фiрмы «Таўрыда-электрык» (TEL). Для сiлкавання аператыўных ланцугоў падстанцыi ўпершыню прыменена акумулятарная батарэя неабслугоўваемага тыпу «VARTA». Не буду расказваць аб прынцыпах работы падстанцыi з новым абсталяваннем i прыборамi, бо не кожны чытач зразумее нашу спецыфiку, але скажу, што яна мае шмат пераваг i дае адчувальны эканамiчны эфект. Адным з вузкiх месцаў нашай вытворчасцi былi масленыя выключальнiкi, iх работа. Гэта, як гаворыцца, тэхнiка ўчарашняга дня, яна ўжо адпрацавала сваё. Таму была пастаўлена задача паскорыць укараненне вакуумных, элегазавых выключальнiкаў. За ажыццяўленне гэтага мы i ўзялiся, i на сённяшнi дзень у нас у электрасетках iх працуе больш як 200 штук. Разумеем, што гэтага пакуль недастаткова, але гэта — лепшы паказчык у РУП «Гомельэнерга». Работы ва ўказаным накiрунку яшчэ шмат. Дарэчы, усе новыя выключальнiкi зманцiраваны сiламi нашых службаў, а ў мэтах эканомii сродкаў усе замененыя масленыя выключальнiкi мы выкарысталi на запчасткi i тым самым знялi праблемы з рамонтам астатнiх. Апраўдвае сябе i тое, што пры рэканструкцыi лiнiй электраперадач 0,4 кiлавольта ў буйных гарадах мы манцiруем толькi iзаляваны дрот, i за апошнi час у нас пракладзена каля 146 кiламетраў такiх лiнiй. Пачалi мы рабiць мачтавыя трансфарматарныя падстанцыi па фiнскай схеме. У адрозненне ад звычайных яны не маюць нiзкавольтнага шчыта. Iх у нас каля 45, i працуюць яны ў асноўным у сельскай мясцовасцi на працягу двух-трох гадоў i за гэты час не мелi нiводнага пашкоджання цi адключэння. А зараз — аб тэрмаўсаджваемых кабельных муфтах. Задумка наладзiць iх выраб з’явiлася яшчэ тады, калi прымянялiся свiнцовыя муфты, а на нашым рынку, акрамя дарагiх па кошту муфт фiрмы «Райхем», больш нiчога не было. I вось, калi нам бязвыплатна перадалi адзiн з карпусоў пасля вываду воiнскай часцi, мы арганiзавалi малое прадпрыемства, дзе пачалi гэту новую вытворчасць. А ў вынiку дабiлiся таго, што закрываем свае патрэбнасцi ў злучальных i канцавых муфтах, якiя па якасцi не саступаюць муфтам iншых вытворцаў, а па цане яны нават таннейшыя. Гэта — немалаважная дэталь, бо ўказаная прадукцыя — iмпартазамяшчальная i мае попыт не толькi ў Беларусi, але i ў Расii. Дарэчы, рэкламацый на яе не паступала. — Адным словам, можна сказаць, што калектыў праводзiць вялiкую работу, каб павышалася надзейнасць электрасетак, было як мага менш адключэнняў электраэнергii. Цi не так? — Так. Сур’ёзная работа была праведзена па суцэльнай праверцы зазямляльных контураў ЛЭП i iх рэканструкцыi, у вынiку чаго рэзка скарацiлася колькасць адключэнняў. Цi яшчэ. Па сетках напружання 10 кiлавольт мяккi дах трансфарматарных падстанцый, як выявiлася, з цягам часу прыходзiў у непрыгоднасць, i вада трапляла на электраабсталяванне, што прыводзiла да аварыйных адключэнняў спажыўцоў. Каб пазбегнуць гэтага, было прынята рашэнне замянiць такiя дахi на двухсхiльныя шыферныя. I яшчэ. У трансфарматарных падстанцыях у спякотнае надвор’е цяклi бiтумныя раздзелкi. Адсюль — адключэннi i аварыi. Таму бiтумныя раздзелкi замяняем на тэрмаўсаджваемыя. На першы погляд, вышэйназванае — дробязi, але факт: зробленае садзейнiчае павышэнню надзейнасцi электразабеспячэння. Ды i ўвогуле, наш прынцып работы ў гэтым пытаннi такi: як мага менш адключэнняў. А надзейнасць работы электрасетак вызначаецца многiмi фактарамi — тэхнiчным станам абсталявання, рамонтамi яго, стараннем людзей. Кантроль за работай абсталявання вядзецца з аператыўна-дыспетчарскай службы фiлiяла, у падпарадкаваннi якой знаходзяцца 7 такiх жа раённых дыспетчарскiх службаў, якiя кiруюць сеткамi напружаннем 0,4—10 кiлавольт. Карацей кажучы, усё, што адбываецца на лiнiях, вядома дыспетчару, уся iнфармацыя ў яго, аб чым ён дакладвае кiраўнiкам фiлiяла. Калi на лiнii нейкая няспраўнасць, гэты ўчастак выводзiцца ў рамонт аператыўнай брыгадай (яна напагатове ў любы час i ў любое надвор’е), да якой у выпадку неабходнасцi падключаюцца iншыя брыгады. У распараджэннi аператыўна-дыспетчарскай службы фiлiяла 2 брыгады. Ёсць яны i пры кожным РЭСе i аснашчаны ўсiм неабходным. Пры ўсiм гэтым маюцца некаторыя праблемы, якiя не заўсёды вырашаюцца. — Якiя, напрыклад? — Сёлета ў шэрагу рэгiёнаў рэспублiкi былi масавыя аварыi на электралiнiях — шквалiстыя ветры, ураганы. Наша рэспублiка — лясiстая, i лiнii, якiя мы абслугоўваем, на 60—70 працэнтаў праходзяць па лясах. Дык вось энергетыкi патрабуюць, каб шырыня прасек, дзе праходзяць паветраныя лiнii, павiнна быць такой, каб падаючае дрэва вышынёй 20—30 метраў не зачапiла iх. А прадстаўнiкi Мiнiстэрства лясной гаспадаркi глядзяць на гэту праблему iнакш: маўляў, хопiць той паласы i ў 10—15 метраў. Думаецца, на гэта пытанне павiнны звярнуць увагу вышэйстаячыя iнстанцыi. — Работа энергетыкаў заўсёды звязана з павышанай небяспекай, i нельга забываць, што калектыў ваш працуе на электралiнiях напружаннем да 330 кiлавольт. Таму павiнна ўдзяляцца вялiкая ўвага рабоце персаналу па ахове працы i тэхнiцы бяспекi... — Канешне. Летась мы ўвялi новы комплекс па ахове працы, новую службу, новы падыход да камплектавання яе аргтэхнiкай, нагляднымi дапаможнiкамi. У вучэбным класе з персаналам праводзяцца заняткi з паказам вiдэафiльмаў, iнструктажы, тэхнiчная вучоба па эксплуатацыi абсталявання, прыёмныя экзамены i г.д. За службай надзейнасцi i тэхнiкi бяспекi замацаваны 3 аўтамабiлi для праверкi рабочых месцаў i правядзення дзён i тыдняў аховы працы, i г.д. Адным словам, сiстэма дзейсная, бо арганiзаваны трохступенчаты кантроль, якi дзейнiчае на ўсiх узроўнях, пачынаючы ад грамадскiх iнспектараў, якiя маюцца ў кожнай брыгадзе, РЭСе, майстроў, начальнiкаў службаў, iх намеснiкаў i заканчваючы IТР i кiраўнiкамi прадпрыемства. У выпадку грубых парушэнняў аховы працы i тэхнiкi бяспекi прымаюцца адпаведныя меры, аж да звальнення. — Трэба меркаваць, што тым самым вядзецца мэтанакiраваная работа па ўмацаванню працоўнай i выканальнiцкай дысцыплiны? — Вядомая рэч. Усе факты парушэнняў працоўнай дысцыплiны i правiлаў унутранага распарадку разглядаюцца на сходах працоўных калектываў. Праводзiцца рэгулярнае медыцынскае абследаванне вадзiцеляў перад выездам на лiнiю, а таксама перыядычна — усяго персаналу. Адначасова з прымяненнем дысцыплiнарнага спагнання ў выглядзе, скажам, вымовы парушальнiк пазбаўляецца прэмii за месяц, матэрыяльнага ўзнагароджання за месяц, калi было зроблена парушэнне, i па вынiках работы за год, адначасовай матэрыяльнай дапамогi да чарговага водпуску, якi яму будзе прызначаны на зiмовы перыяд. Так што парушальнiкi ведаюць: на працягу каляндарнага года яны пазбаўляюцца ўсiх вiдаў гарантый i кампенсацый, прадугледжаных калектыўным дагаворам. — I калi паглядзець на сёлетнюю статыстыку, то што атрымаецца? — Адзiн чалавек зрабiў прагул і атрымаў адмiнiстрацыйнае спагнанне, два звольнены за прыход на работу ў нецвярозым выглядзе. Бясследна ў нас нiшто дрэннае не праходзiць. — Бываючы ў камандзiроўках у розных раёнах вобласцi, даводзiцца нярэдка чуць, Аляксандр Андрэевiч, скаргi людзей, што ноччу многiя вясковыя вулiцы не асвятляюцца цi асвятляюцца дрэнна. Якi ваш асабiсты погляд на гэту праблему? — Правiльна, добраўпарадкаванне населеных пунктаў вiдавочнае, i асвятленне iх — адзiн з важнейшых сацыяльных стандартаў, i я нiколькi не перабольшу, калi скажу, што ў гэтым накiрунку Рэчыцкiя электрычныя сеткi многае зрабiлi, i даведзеныя заданнi мы выканалi ва ўстаноўленыя тэрмiны. I ўсё ж вось такiя праблемы. Каб да канца вырашыць пытанне з вулiчным асвятленнем на вёсцы, трэба мець тэхнiчнае забеспячэнне яго. А менавiта: для гэтага патрэбны спецыяльныя брыгады. Канцэрн абавязаў нас набраць iх. Але якiя? Гаспадарча-разлiковыя. Але ж па нарматывах, якiя прадугледжваюцца, яны, на мой погляд, гаспадарча-разлiковымi не могуць быць. Бо цi акупяць сябе? Ды толькi не гэта галоўнае. Бо ўзнiкае другое пытанне — аб набыццi тэхнiкi, аўтавышак, без якiх вулiчнага асвятлення не зрабiць. I мы заказваем iх. Але ёсць тэндары, камiсii па канкурэнтаздольнасцi, якiя ў дадзеным канкрэтным выпадку не дазваляюць набыць тыя вышкi, якiя нам патрэбны па тэхнiчных характарыстыках. Змаганне, як кажуць, iдзе ўжо цэлы год. Па-трэцяе, у надзейнай рабоце вулiчнага асвятлення сельскiх населеных пунктаў не ўсё залежыць ад энергетыкаў. На практыцы нярэдка атрымлiваецца так: асвятленне зманцiравана i запушчана ў рэжым эксплуатацыi, а лямпачкi на слупах працягваюць гарэць i ўдзень. Няўжо цяжка сельсаветам прызначыць у кожнай вёсцы цi пасёлку адказных асоб, якiя б ранiцай адключалi асвятленне на шчыце? — Што вы можаце сказаць пра свой калектыў? — Толькi добрае. Ён старанны, iнiцыятыўны, творчы, а тых парушальнiкаў, аб якiх я сказаў вышэй, не трэба браць пад увагу. Зараз у нас крышачку больш за 800 чалавек, i фiлiял, як гаворыцца, даўно перарос «хваробу» кадравай змены. Мы адсочваем вучобу студэнтаў вышэйшых тэхнiчных навучальных устаноў i найбольш таленавiтых з iх запрашаем да сябе на практыку, а потым i на работу. Прычым, спачатку прапануем iм месцы манцёраў, праўда, за рэдкiм выключэннем. Для iх жа карысцi — таксама. Каб яны пазналi ўсе азы справы, а потым пачыналi ўзнiмацца па службовай лесвiцы, каб стаць сапраўднымi майстрамi сваёй справы, якую б пасаду нi займалi. Дарэчы, i самi пасылаем нашых людзей завочна вучыцца. Такiх у нас сёння больш як 30 чалавек. Лiчу, што ў калектыве створаны належныя ўмовы для работы. Сярэдняя зарплата складае зараз 689 тысяч рублёў у месяц. Ёсць база адпачынку, здраўпункт са стаматалагiчным кабiнетам, людзi маюць магчымасць атрымаць пуцёўкi на аздараўленне i г.д. Не ў крыўдзе на кiраўнiкоў фiлiяла i ветэраны вайны i працы, якiх у нас 98. На матэрыяльную дапамогу iм сёлета адпушчана 9247 тысяч рублёў. Яшчэ, ледзь не забыў. Месяц назад мы здалi ў Рэчыцы жылы дом для сваiх работнiкаў. Кватэры ў iм атрымалi тыя, хто прыйшоў да нас у 2002—2003 гадах. — Аляксандр Аркадзьевiч, Рэчыцкiя электрычныя сеткi адзначаюць сваё прафесiйнае свята. Што вы жадаеце свайму персаналу? — Хачу сказаць самыя цёплыя словы ў адрас ветэранаў працы, дынастый энергетыкаў Iвiцкiх, Базулькаў, Бандарэнкаў, Марачкiных, Звяртоўскiх... Ды хiба ўсiх пералiчыш? Я ўсiм удзячны, хто працуе ў нас, i жадаю iм моцнага здароўя, радасцi i шчасця ў iх дамах, дабра i веры ў будучае. Матэрыял падрыхтавалi Веранiка ХIЛЬКЕВIЧ, Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ. Фота Марыi ЖЫЛIНСКАЙ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Дэвiз нашага калектыву — эканомячы дзяржаўныя сродкi, бесперабойна i надзейна забяспечваць спажыўцоў электраэнергiяй» |
|