Беларускае традыцыйнае вяселле
Янка КРУК, Аксана КАТОВIЧ
(Працяг. Пачатак у нумары за 17 снежня.)
У традыцыйнай культуры розных народаў свету пярсцёнак з’яўляўся сакральным знакам дасканаласцi, цэласнасцi i адзiнства, бясконцасцi i завершанасцi, сiмвалам спрадвечнага кахання — нябеснага вянчання i зямнога сумеснага жыцця, храмавага вянчання. У той жа час пярсцёнак выконваў ахоўную функцыю i быў надзейным абярэгам ад энергетычнага ўздзеяння нячыстай сiлы. Ахоўная функцыя пярсцёнка была заснаваная, па-першае, на прыродных якасцях металу, з якога ён быў выраблены. Лiчылася, што золата i срэбра — «чыстыя» металы, не падуладныя сурокам. Канешне ж, не апошнюю ролю ў iх магчымасцi процiстаяць энергii «цяжкага» вока iграла люстэркавая паверхня вырабаў з гэтых металаў. Па-другое, не менш важную ролю мела i форма магiчнага круга (аб сiмволiцы круга гл.далей). Па-трэцяе, на пярсцёнак было перанесена больш старажытнае значэнне нiцi-абярэга, якой абвязвалi пальцы; бранзалета (той жа нiцi вакол запясця); караляў (нанiзаных на нiтку вырабаў са шкла, паўкаштоўных цi каштоўных камянёў). Асаблiва моцным абярэгам лiчыўся пярсцёнак з чырвоным каменем — яго насiлi як талiсман ад шматлiкiх хвароб, воiны насiлi такi пярсцёнак, каб пазбегнуць смяротнай раны ў час бою. Нашы продкi лiчылi, што пярсцёнак (як i iншыя амулеты) валодае пэўнай уладай. Таму абмяняцца пярсцёнкамi азначала не што iншае, як надзялiць свайго партнёра ўладай над сабой, што фактычна i адбываецца пасля заключэння шлюбу. Акрамя таго, пярсцёнак заўсёды сiмвалiзаваў сувязь — блiзкае суiснаванне, а таксама ўваход у новае жыццё, раней невядомае. Жыццё ў шлюбе з’яўляецца свяшчэнным актам стварэння новага сямейнага сусвету, нязведаным i непрадказальным этапам у жыццi дваiх людзей, чые зямныя пуцявiны злiлiся ў адзiны шлях. Часам своеасаблiвы пярсцёнак або венчык мацавалi на ўваходзе хаты, выкарыстоўваючы ў якасцi абярэга. Той, хто браўся за колца, iмгненна страчваў сiлу свайго негатыўнага ўздзеяння, пакiдаў яе ля парога хаты. З той жа мэтай колцы выкарыстоўвалi пры вынасе i апусканнi труны ў магiлу. Лiчылася, што нябожчык з’яўляўся носьбiтам сiлы «таго» свету, таму кантакт з iм людзей, якiя не былi яго сваякамi, мог справакаваць непажаданыя наступствы. Каб пазбегнуць гэтага, выкарыстоўвалi сiлу магiчнага круга. I наадварот, пры выкананнi магiчных дзеянняў народныя лекары павiнны былi здымаць пярсцёнкi, таму што iх прысутнасць магла нашкодзiць кантакту са звышнатуральнымi сiламi. На падставе прынцыпу падабенства з гэтымi светапогляднымi ўяўленнямi адразу пасля смерцi чалавека з яго абавязкова здымалi заручальны пярсцёнак, каб палегчыць працэс «развiтання» з зямлёй, са сваякамi, з якiмi ён быў звязаны шлюбам цi iншымi дамовамi-адносiнамi. У сувязi з гэтым зламаныя цi трэснутыя пярсцёнкi сiмвалiзавалi парушаныя абяцаннi, разрыў адносiнаў, няшчасце, часам — смерць. У казках i паданнях пярсцёнак з’яўляўся той магiчнай рэччу, якая дапамагала выканаць жаданнi i дзеяннi, якiя не здольны быў выканаць звычайны чалавек. Так, у народнай казцы «Чароўны пярсцёнак» дзяўчына-змяя, дачка гаспадара падземнага царства, аддзячыла свайму збавiцелю тым, што падказала яму пайсцi «за трыдзевяць земляў, у трыдзесятае гасударства, у падземнае царства. Калi прыйдзеш да яго (гаспадара) у двор, будзе ён даваць табе шмат золата i срэбра, каштоўных камянёў — ты нiчога не бяры, а прасi ў яго пярсцёнак з мiзiнца. Той пярсцёнак не просты: калi перакiнуць яго з рукi на руку — адразу ж дванаццаць малойцаў з’явяцца, i што iм нi загадаеш, усё за адну ноч выканаюць». Пярсцёнак як люстэрка памяцi роду У этналагiчных даследаваннях, прысвечаных вывучэнню праблем славянскай традыцыйнай культуры, вельмi часта гаворка iдзе пра тое, што нашы продкi ставiлiся да пярсцёнкаў з асаблiвай пашанай. Iх захоўвалi ў сям’i як адну з самых свяшчэнных рэлiквiй, перадавалi з пакалення ў пакаленне — як па лiнii мацi, так i бацькi. Лiчылася, што пячаткай асаблiвай боскай любовi валодаюць пярсцёнкi тых мужа i жонкi, якiя дажылi да сярэбранага i асаблiва залатога вяселля. У такiм разе маладыя куплялi пярсцёнкi не сабе, а бацькам цi бабулi з дзедам, а тыя ў сваю чаргу перадавалi iм як эстафету радавой памяцi свае вянчальныя пярсцёнкi. Асаблiвым статусам былi надзелены вянчальныя пярсцёнкi. Яны былi не толькi сiмвалам сямейнага дабрабыту, але, па народных уяўленнях, здольны былi засцерагчы яго ўладальнiка ад зайздрослiвага вока, маглi выкарыстоўвацца ў практыцы народных лекараў для лячэння шматлiкiх хвароб. Некаторыя з гэтых рэцэптаў не страцiлi сваёй актуальнасцi i могуць быць карыснымi i для нашых сучаснiкаў. • Каб вывесцi ячмень з вока, неабходна было дзевяць разоў правесцi па iм залатым заручальным пярсцёнкам. • Каб жыць з прыбыткам, сябраваць з поспехам, трэба было ўмыцца першай дажджавой вадой з залатым заручальным пярсцёнкам на пальцы. • У Шчодры вечар (14 студзеня) гаспадыня варыла кашу (куццю), у якую клала пярсцёнак свайго мужа. Калi яго знаходзiў гаспадар — значыць, год будзе з прыбыткам i сямейным дабрабытам. • Лiчылася, што на працягу ўсёй цяжарнасцi жанчына не павiнна здымаць пярсцёнак, таму што ён засцерагае яе i будучае дзiця ад нядобрых людзей. • У час родаў, асаблiва цяжкiх, бабка-павiтуха адчыняла ўсе дзверы, вокны, расшпiльвала на парадзiсе ўсе гузiкi, развязвала ўсе вузельчыкi, абавязкова здымала вянчальны пярсцёнак, праз якi потым прапускала святую ваду i давала пiць жанчыне. • У час першага рытуальнага купання нованароджанага ў купель клалi вянчальны пярсцёнак бацькi. Калi жанчына з’яўлялася ахоўнiцай сямейнага ачага i знаходзiлася пад аховай свайго жытла, у лiтаральным сэнсе слова напоўненага ўсемагчымымi абярэгамi, то мужчына часцей за ўсё знаходзiўся па-за межамi хаты i мог пацярпець ад не заўсёды станоўчага ўздзеяння навакольнага асяроддзя. Вось чаму ўжо з моманту першага рытуальнага купання хлопчыка ў купель апускалi пярсцёнак — вакол немаўляцi ўзводзiлi магiчную непераадольную сцяну казачнага замка. • Праз вянчальны пярсцёнак прапускалi малако хворай каровы цi казы (калi яны давалi малако з крывёй). • Заручальны пярсцёнак гаспадар клаў у насенне збожжавых культур перад сяўбой, каб «багацце з хаты не сыходзiла». (Працяг будзе.)
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У традыцыйнай культуры розных народаў свету пярсцёнак з’яўляўся сакральным знакам дасканаласцi, цэласнасцi i адзiнства, бясконцасцi i завершанасцi, сi |
|