Выбар паводле Чэхава
Вiкторыя ЦЕЛЯШУК
«Еўрабачанне-2006» У правiлы Мiжнароднага тэлевiзiйнага конкурсу песнi «Еўрабачанне-2006» арганiзатарамi — Еўрапейскiм вяшчальным саюзам — унесены змяненнi. Так, у тэкстах песень-удзельнiц не павiнна быць заклiкаў да вайны, тэрарызму, насiлля. Аб гэтым паведамiў журналiстам намеснiк старшынi Белтэлерадыёкампанii Юрый Азаронак. Ён расказаў таксама, што тэрмiн прыёму заявак i фанаграм на нацыянальны адбор падоўжаны да 9 студзеня 2006 года.«Мы акрыленыя перамогай Беларусi на дзiцячым «Еўрабачаннi» i вельмi сур’ёзна рыхтуемся да «Еўрабачання» дарослага», — падкрэслiў Юрый Азаронак. Белтэлерадыёкампанiя, якая нароўнi з прадстаўнiкамi мiнiстэрстваў культуры i iнфармацыi РБ, Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта РБ уваходзiць у нацыянальны аргкамiтэт, зробiць усё магчымае для таго, каб правесцi ўнутраны адбор беларускага прадстаўнiка на самым высокiм узроўнi. Так, традыцыйна будуць аб’яднаныя меркаваннi гледачоў i прафесiянальнага журы (сёлета яго ўзначальвае народны артыст Беларусi, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага канцэртнага аркестра Мiхаiл Фiнберг). Пасля таго як журы вызначыць пераможцу адбору — лепшага з 15 фiналiстаў, — пачнецца шчыльная праца са стылiстамi, харэографамi, iмiджмейкерамi, iншымi прафесiяналамi. За 3—4 днi да ад’езду беларускага прадстаўнiка на конкурс у Грэцыю мяркуецца правесцi iнтэрактыўную прэс-канферэнцыю ў прамым эфiры БТ. Запланавана шырокая прома-кампанiя па замежных краiнах — члены аргкамiтэта цудоўна разумеюць, як важна забяспечыць галасы не толькi постсавецкiх, але i iншых еўрапейскiх краiн. Пакуль жа, паводле iнфармацыi прадстаўнiкоў Белтэлерадыёкампанii, заяўкi ад выканаўцаў толькi-толькi пачалi паступаць — iх колькасць яшчэ дакладна не агучваецца. Таксама ёсць прапановы ад замежных кампазiтараў, якiя б хацелi, каб нашы артысты прадставiлi на еўрапейскiм песенным форуме iхнiя творы... На першым этапе адбору, нагадаем, канчатковае рашэнне — за прафесiянальным журы. А яно будзе працаваць, паводле слоў Мiхаiла Фiнберга, «строга, прафесiянальна, адказна i годна — нам жа трэба вызначыць не проста выканаўцу, а прадстаўнiка цэлай краiны». Якiмi будуць крытэрыi адбору? Ды проста ўсё павiнна быць выдатным: i тэкст, i музыка, i аранжыроўка, i вакал, i касцюмчык на артысце... Амаль паводле Чэхава.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У правiлы Мiжнароднага тэлевiзiйнага конкурсу песнi «Еўрабачанне-2006» арганiзатарамi — Еўрапейскiм вяшчальным саюзам — унесены змяненнi
|
|