21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Тры вiшнi

25.08.2009 21:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Валянцiн Крыжэвiч

На конкурс апавяданняў

Ёсць у вельмi простай i звычайнай жыццёвай гiсторыi, якую паведаў нам Валянцiн Крыжэвiч, усё ж нейкая таямнiца. На маю думку, дык гэта вечны сакрэт, пра якi не раз гаварылi нам класiкi: здольнасць проста i складна распавесцi пра тое, што на самой справе адбылося ў жыццi.

Вiктар КАЗЬКО.

Вiшнi ў гэтым годзе цвiлi як у апошнi раз. Нiбы пенiстыя вадапады абрынулiся на вясковыя садкi. Увогуле паўднёвых дрэўцаў тут было не так i шмат. Асаблiва ж выдзялялiся тры кумчастыя ў цёткi Няволiхi. Звалi яе Аксiнняй, але мела яна звычку ў размове паўтараць прыслоўе «эх, няволя-няволя»... Вось i празвалi Няволiхай...

Аксiння была родам з Украiны, там пазнаёмiлася са сваiм будучым мужам Аляксандрам, адтуль ён i прывёз яе ў Беларусь, чарговы раз з’ездзiўшы на заробкi.

Спачатку ладком жылi. Пасадзiла Аксiння тры маленькiя сцяблiнкi, што прывезла з Украiны ад бацькоўскай хаты. Даглядала дрэўцы, працавала ў мясцовым калгасе даяркай, чакала мужа доўгiмi вечарамi. Той уладкаваўся леснiком i часцяком затрымлiваўся: то за дровамi клiенты прыязджалi, то за страявым лесам, то нейкае начальства паляванне арганiзоўвала...

Нарадзiўся ў Аксiннi сын, Васiльком назвалi. Гадавала сына, на дрэўцы паглядала i казала:

— Расцi, Васiлько, цягнiся да сонейка, як твая вiшанька сярод гэтых трох...

Муж таксама быў рады сыну, аднак бачыў яго мала. Усё работа ды работа... А потым стала заў-важаць Аксiння, што часцей i часцей Аляксандр пачаў заглядаць у чарку. Не раз прывозiлi яго з лесу п’яным, кiдалi пад плот нiбы бервяно. Зiмой зацягвала Аксiння мужа ў хату, а летам дык iншы раз i начаваў пад плотам. Бо з году ў год адно i тое ж ужо надакучыла...

Сынок Васiлько падрастаў, паспяваў за вiшнямi. У школе стаў вучыцца. Бацька iншы раз у выхадныя браў яго з сабой у лес — а можа, спадабаецца леснiкоўская прафесiя, можа, вывучыцца, у ляснiчыя выйдзе, а не будзе, як бацька, валачыцца з бензапiлой.

Толькi стала заўважаць Аксiння, што муж, вiдаць, i сыну налiваў, iншы раз Васiль прыязджаў з лесу расчырванелы, з мокрымi вачыма, пазбягаў блiзка падыходзiць да мацi.

— Саша, ты ж глядзi, Васiлька да гарэлкi не прывучы, — прасiла Аксiння.

— Ды што я, — пацiскаў плячамi Аляксандр. — Прыязджаюць клiенты, частуюць. Кажуць: што за мужык, калi гарэлкi не п’е.

— Iм што, чужое дзiця не шкада, — уздыхнула Аксiння.

Потым перастала пускаць Васiля ў лес.

Сын пакрыўдзiўся. Бурчэў:

— За бацькам бы прыгледзеў. Мала чаго ў лесе можа здарыцца...

I як накаркаў.

Аднойчы ў лютым прыехалi за леснiком клiенты на ўсюдыходзе i павезлi на дзялянку, каб адмераў iм кубаметры. Чакала-чакала Аксiння мужа, але так i не дачакалася. А на двары маразюга — такiя на Беларусi зараз рэдка здараюцца.

— Эх, няволя-няволя, — уздыхала Аксiння. — Куды чалавек падзяваўся? Няўжо ў суседняй вёсцы ў дружбака застраў?

А бывала такое з Аляксандрам.

Ды не ў гэты раз.

Назаўтра ранiцай калгасны трактар прывёз на цялежцы замёрзлага мужа Аксiннi. Клiенты «падкiнулi» яго да вёскi, але на грувасткiм цягачы не сталi лiшнi раз круцiцца па вузкiх вулiцах, а высадзiлi леснiка ля ваколiцы. Той, па ўсяму, добра перабраў, прайшоў крыху, потым упаў на снег, заснуў i акалеў.

Моцна гаравала Аксiння. Хоць i п’янiца, але ж нейкi гаспадар у доме. I з дровамi спакойна, i мясцовае начальства ласкавей глядзiць. Ляснiк, вядома, ёсць ляснiк. Кожнае дрэва ў бары не палiчыш...

Горш за тое — сын Васiль стаў скоса паглядваць на мацi. Напэўна, лiчыў яе вiнаватай у смерцi бацькi, бо не пусцiла яго з iм.

... А вiшнi цвiлi. Быццам снег так i не сышоў з iх, а ператварыўся ў белую кiпень кветак. Гледзячы на буянне вясны, крыху стала адыходзiць сэрца ў Аксiннi. Што ж, жывым — жывое...

— Эх, няволя-няволя, не апалi б толькi кветкi... Ужо i варэння нагатуем, — меркавала ўслых Аксiння.

Ах, як дорага нам абыходзiцца не ў час сказанае слова!

Сын Васiль слухаў яе, але нiякай радасцi не праяўляў. Не ўплывала на яго вясна. А тут яшчэ экзамены за адзiнаццаты клас... Бацьку ў лютым пахавалi, а мацi — пра варэнне.

Адцвiлi вiшнi, адышлi экзамены. Худа-бедна, Васiль школу закончыў. Ды нельга было не закончыць, бо такое ў нашай школе ўвогуле немагчыма. «Выцягвалi» ўсякiх. «Жыццё памылкi выправiць», — казалi мудрыя вясковыя настаўнiкi.

Ну, вядома, у школе намецiлi выпускны вечар. Балем такое мерапрыемства ў школе не называлi. Вечар — i ўсё...

Аксiння чакала сына з выпускнога да ранiцы. Ужо чэрвеньскае сонца разагнала туман над лугам, а Васiля ўсё не было. Стомленая Аксiння заснула.

Разбудзiў яе нейкi шум. Падхапiлася, прыслухалася. На двары гудзела бензапiла. Аксiннi добра быў знаёмы гэты гук. «Няў-жо Васiлёк рашыў дровы дапiлаваць? — падумала Аксiння. — Эх, няволя-няволя, во прыдумаў...».

Яна накiнула халат, выйшла на ганак — i скамянела.

Яе сынок, яе Васiлько, у белай кашулi наросхрыст пiлаваў бацькавай бензапiлой ужо другую вiшню. Першая ляжала на зямлi з паламанымi, змятымi галiнамi. Ружовыя ягады вiшань былi густа рассыпаны па доле, гойдалiся на ўцалелых галiнках. Трэцяя вiшня пакуль стаяла.

— Васiлько! Васiлько! — закрычала Аксiння. — Што ты робiш?

Сын не чуў яе за трэскам пiлы.

Яна падбегла да яго, тарганула за плячо. Ён злосна азiрнуўся. Адштурхнуў мацi локцем i працягваў пiлаваць. Гудзела пiла, страшна грызла падатлiвы ствол, жменямi кiдала пахкае пiлавінне...

Аксiння асунулася прама на росную мураву i здранцвела глядзела на сына. Яна зразумела, што ён п’яны. I вось у п’яным тумане ажыццяўляе нейкi свой незразумелы намер.

Васiль спiлаваў другую вiшню. Яна з шумам рухнула, сыпануўшы дажджом недаспелых ягад. Хлопец заглушыў пiлу, сеў на ствол паваленай вiшнi. Цяжка зiрнуў пачырванелымi вачыма на мацi. Потым глуха, з перапынкамi загаварыў:

— Вось табе i ўсё варэнне... Са сваёй будзеш варыць. А вось гэта бацькава, — паказаў на першазваленую вiшню. — А гэта мая, — стукнуў далонню па ствале дрэва, на якiм сядзеў.

Аксiння з цяжкасцю ўстала з зямлi i падыбала ў хату. Сэрца шчымела, як тады, пасля недарэчнай смерцi мужа. Яна раптам зразумела, што трацiць i сына.

Аксiння выпiла карвалолу, падышла да акна. Сын сядзеў на ствале вiшнi, абхапiўшы галаву рукамi. Рэзка бялела яго кашуля на фоне зваленай зялёнай кроны.

г. Чавусы.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ёсць у вельмi простай i звычайнай жыццёвай гiсторыi, якую паведаў нам Валянцiн Крыжэвiч, усё ж нейкая таямнiца. На маю думку, дык гэта вечны сакрэт, п
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика