Трэцi — лiшнiЛiставанне Калi чалавек багата пажыў i шмат папрацаваў, то сказаць яму ёсць што... Прычым слушнага, важнага. Вось толькi нагода патрэбна.У якасцi яе сп. Д. з Оршы выбрала артыкул у мясцовай газеце. I далей на сямi старонках спрачаецца з яго аўтарам, цытуе, даказвае няведанне справы, адсутнасць вопыту, прыводзiць аргументы. Яны адназначна цiкавыя для тых, хто чытаў той першы артыкул; для тых жа, хто не чытаў, — мякка кажучы, не зусiм зразумелыя. Да таго ж, пагадзiцеся, неэтычна неяк абмяркоўваць штосьцi за спiнамi. Этычна, лагiчна на старонках «Звязды» абмяркоўваць звяздоўскае... На нейкую з хвалюючых тэм артыкула ў нас няма? То пiшыце. Карэспандэнт (ад лацiнскага correspondere — паведамляць, iнфармаваць) — гэта (паводле слоўнiкаў) не толькi той, хто працуе ў газеце, але i той, хто пiша. Нават проста пiсьмо. Не выйграў — дрэнна, выйграў — ...таксама «Я пастаянна выпiсваю «Звязду» з 1946 года, — паведамляе Уладзiмiр Рафаiлавiч Луцэвiч з в. Сiнячова Капыльскага раёна. — А вы аддалi каштоўны прыз таму, хто выпiсвае толькi 15. Несправядлiва...». Яно i сапраўды было б так (несправядлiва), калi б мы прызы — размяркоўвалi i потым «раздавалi». Але ж мы iх найперш разыгрываем, прычым прылюдна, сярод усiх, хто даслаў нам карткi. Некаму ў гэтым розыгрышы шанцуе, некаму, на жаль, не. Сп. Гарбутаў з Крычаўскага раёна выйграў, напрыклад, ручнiкi, i не ведае зараз, што рабiць: ехаць па iх — далёка, не ехаць... Яму i ўсiм iншым, хто хоць нешта выйграў, рады паведамiць, што прызы нiдзе не дзенуцца — не забераце iх вы, некалi прывязём мы. У тым лiку i тым, хто выйграе... заўтра: Новы год, а з iм i новы розыгрыш не за гарамi — значыць, некаму ў iм пашанцуе. Дай Бог тым, хто, як сп. Луцэвiч, выпiсвае нас дзесяцiгоддзямi. (Два словы тым, хто выйграў падпiску... Не хвалюйцеся, не шукайце «нiякiх канцоў»: у I квартале 2006-га «Звязда» да вас прыходзiць будзе.) Была без радасцi любоў?.. «Для таго, каб вы бачылi, што я ваш падпiсчык, дасылаю некалькi квiтанцый, — пiша сп. В. з Бабруйска. — Шмат што ў газеце чытаю, люблю глядзець фотаздымкi. Даўно фатаграфую i сам, дасылаю свае работы». Яны — розныя. Ёсць трохi лепшыя, ёсць горшыя. Герояў жа асобных — не пазнае i родная мацi. Што аўтар, вiдаць, прадугледжвае, бо да кожнага здымка абачлiва прыкладае тэкст. Кшталту «Гэта — Iван Пятровiч — цудоўны чалавек. Фота на першую старонку». Альбо — «Фота на апошнюю... Дуб на скрыжаваннi. На самай справе ён вельмi прыгожы». Магчыма... Але ж зняць iх можна па-рознаму: i так, каб чытач не ўбачыў, лiчы, нiчога, i так, каб за-лю-баваўся. Разумеем: майстрамi (у тым лiку i фатографамi) не нараджаюцца. Iмi — становяцца. Калi настойлiва працуюць, шукаюць, назiраюць (у тым лiку за творчасцю iншых). Шлях жа ультыматумаў («не надрукуеце, — пiша сп. В.,— газету выпiсваць не буду») вядзе ў тупiк. Прычым газету — таксама, бо... друкуючы няякасныя работы — падпiсчыкаў страцiш больш. Хай свецiць? «Ведала, што ў нас адбудзецца дзень падпiсчыка «Звязды», вельмi хацела прыйсцi, — пiша Вера Уладзiмiраўна Бараўцова з Талачына, — i не змагла. Найперш — па стану здароўя. Мне 83. 43 з iх — адпрацавала настаўнiцай у вёсцы Дудаковiчы Круглянскага раёна, а газету выпiсваю больш як 50... Так што сказаць мне ёсць што. Вельмi добра, што «Звязда» друкуецца на роднай мове, што многа пiша пра здароўе i хоць трохi пра тое, як жывецца ў вёсках. Цiкава чытаць артыкулы пра нашы традыцыi, пра мiнулае i перажытае, пра лёсы людзей. Так што прымiце ад мяне словы ўдзячнасцi: была i застаюся з вамi». ...Калi нехта i павiнен у гэтым выпадку дзякаваць, то, пагадзiцеся, гэта мы. Нiзкi паклон Вам, Вера Уладзiмiраўна, i ўсiм, хто ў чарговы раз з дзесяткаў iншых выданняў у спадарожнiцы выбраў «Звязду». Хай свецiць?! Чытала лiсты Валянцiна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi чалавек багата пажыў i шмат папрацаваў, то сказаць яму ёсць што... Прычым слушнага, важнага. Вось толькi нагода патрэбна |
|