Мiкалай Дрозд: «Новыя Правiлы — больш дасканалыя»Але гэта была толькi «размiнка». Далей пытаннi, часам даволi няпростыя, сыпалiся градам. Перавесцi дыханне i выпiць кубачак кавы Мiкалаю Мiкалаевiчу ўдалося толькi праз паўтары гадзiны... Хачу ўдакладнiць: цi трэба, напрыклад, зараз у зiмовы час ездзiць днём з уключаным святлом фар? Iгар Грыгаровiч, Мiнск — Уключаць блiжняе святло фар днём цяпер неабавязкова. У новых Правiлах гэта норма мае рэкамендацыйны характар. На маю думку, ва ўмовах недастатковай бачнасцi ўсё ж варта ўключыць святло днём. Такiм чынам ваш транспартны сродак лягчэй будзе заўважыць iншым удзельнiкам дарожнага руху i гэта павысiць вашу бяспеку. — Дазвольце яшчэ адно пытанне, калi ўжо мне пашанцавала дазванiцца. У Мiнску апошнiм часам стала вельмi цяжка ездзiць дысцыплiнаванаму вадзiцелю. Шмат «лiхачоў», якiя «падразаюць», гойсаюць з паласы на паласу. Цi не час ужо навесцi парадак на сталiчных дарогах? — Згодзен, што такая праблема iснуе. З наступнага года, калi ўступяць у сiлу новыя Правiлы дарожнага руху, дзе больш дакладна прапiсаны ўмовы перастраення з паласы на паласу, мы з гэтым «слаламам» будзем змагацца жорстка, на трывалай юрыдычнай падставе. Але не ўсё тут залежыць ад супрацоўнiкаў ДАI. На кожным перакрыжаваннi работнiка Дзяржаўтаiнспекцыi не паставiш. Многае залежыць i ад самiх вадзiцеляў. Я хацеў бы, карыстаючыся выпадкам, звярнуцца праз шаноўную «Звязду» да ўдзельнiкаў дарожнага руху з такой прапановай: паведамляйце ў ДАI пра падобныя факты парушэння Правiлаў. Абяцаю, што нават калi нам не ўдасца прыцягнуць парушальнiка да адказнасцi, то мы правядзём з iм прафiлактычную размову. Увогуле я лiчу, што разам, усёй грамадой мы хутчэй навядзём парадак на нашых дарогах. Я жыву ў сталiчным мiкрараёне «Сухарава». Пры мне на вулiцы Гарэцкага машына збiла чалавека, якi перабягаў вулiцу. Я даўно назiраю за гэтым месцам. Там побач аўтобусны прыпынак, i многiя людзi, не зважаючы на адсутнасць «зебры», бягуць да яго наўпрост. Магчыма, было б мэтазгодна абазначыць там пешаходны пераход, каб зменшыць рызыку наездаў на людзей? Вiктар Пазднякоў, Мiнск — Мы вывучым сiтуацыю i прымем да ўвагi вашы пажаданнi. Больш канкрэтнага абяцання я вам даць не магу. Трэба разбiрацца на месцы. Чаму раней можна было танiраваць лабавое шкло, а па новых Правiлах дарожнага руху — нельга? Што змянiлася i адкуль узялiся такiя нормы прапускальнасцi святла? Уладзiмiр Галяк, Глыбокае — Забарона на самавольную танiроўку шкла аўтамабiляў з парушэннем стандарту iснавала i раней. Паводле Дзяржаўнага стандарту 5727-88 прапускальнасць ветравога шкла павiнна быць не менш чым 75 працэнтаў, пярэднiх бакавых — не менш чым 70 працэнтаў, астатнiх — не менш чым 60 працэнтаў. Адхiленнi ад гэтага стандарту дазвалялася рабiць толькi пры наяўнасцi спецыяльнага дазволу ўпраўлення ДАI МУС Беларусi. Па новых Правiлах ветравое шкло ўвогуле забаронена танiраваць, а прапускальнасць святла пярэднiх бакавых павiнна складаць не менш чым 70, астатнiх — не менш чым 60 працэнтаў, калi iншае не вызначана Прэзiдэнтам Рэспублiкi Беларусь. Хачу нагадаць, што неадпаведнасць прапускальнасцi святла шыбамi аўтамабiля ўключана ў пералiк няспраўнасцяў транспартных сродкаў, пры якiх забараняецца iх удзел у дарожным руху. За такiя парушэннi кодэксам аб адмiнiстрацыйных парушэннях прадугледжана папярэджанне альбо штраф у памеры ад 0,2 да 2 базавых велiчынь. У мяне затанiраваны заднiя шыбы аўтамабiля. Цi абавязкова iх асвятляць i ўвогуле, як доўга я магу ездзiць з танiраваным шклом? Аляксандр Аляксейчык, Слонiм — Паважаны Аляксандр, а цi ёсць у вас дазвол на танiроўку? — Няма. А як яго можна атрымаць? — Дазвол вы не атрымаеце. Таму я параiў бы прывесцi заднiя шыбы вашага аўтамабiля ў адпаведнасць са стандартам, пра якi гаворыцца ў новых ПДР. На станцыях дыягностыкi ёсць такiя прыборы, i вы можаце праверыць там шыбы вашага аўтамабiля. У мяне ёсць дазвол на танiроўку, у тым лiку i пярэднiх шыбаў. Цi давядзецца мне асвятляць ветравое шкло пасля ўступлення ў сiлу новых Правiлаў? Вiктар Каваленка, Мiнск — Так, да 1 красавiка 2006 года вам давядзецца растанiраваць ветравое шкло, астатнiя шыбы прывесцi ў адпаведнасць са стандартамi. Паводле новых Правiлаў пешаход павiнен абазначыць сябе святлоадбiвальным элементам. Якi гэта павiнен быць элемент: значок, нашыўка i дзе яго можна купiць? Якiя меры пакарання прадугледжаны ў выпадку невыканання гэтага патрабавання? Алена Далгушына, Бабруйскi раён ( Аналагiчнае пытанне задаў i наш чытач з Магiлёва Аляксандр Iвашкевiч.) — Гэта сапраўды новая норма. Яна мае выключны характар i датычыць менавiта выпадкаў, калi пешаходы рухаюцца па праезнай частцы дарогi, асаблiва ў цёмны час сутак i ва ўмовах недастатковай бачнасцi. У адпаведнасцi з новымi Правiламi падчас руху па краi праезнай часткi насустрач руху транспартных сродкаў пешаход абавязаны абазначыць сябе святлоадбiвальным элементам. Гэтае патрабаванне дзейнiчае i пры перасячэннi пешаходам праезнай часткi дарогi ў месцах, якiя належным чынам не абсталяваны, напрыклад, адсутнiчае пешаходны пераход. Святлоадбiвальны элемент не дае пешаходу нiякiх пераваг, але ў большай ступенi гарантуе яго бяспеку. Бо такога пешахода вадзiцель можа заўважыць ужо на адлегласцi да 400 метраў i прыняць неабходныя меры перасцярогi. Ролю святлоадбiвальнага элемента можа выконваць не толькi значок цi нашыўка, але нават i сцежка-«маланка» з адпаведнага матэрыялу. Я дакладна ведаю, што набыць такiя рэчы можна ў сталiчных магазiнах ГУМ i ЦУМ. Мяркую, што ў хуткiм часе пачнецца iх масавы выпуск, бо прэзiдэнцкiм указам №551 дадзена адпаведнае даручэнне. У апошнiя гады супрацоўнiкi ДАI пры правядзеннi адзiных дзён бяспекi ў шэрагу школ раздавалi святлоадбiвальныя элементы ў выглядзе розных звяркоў, сэрцаў, iншых значкоў i стужачак. — А куды гэтыя элементы трэба чапляць? — Тут няма нейкага строгага патрабавання. Галоўнае, каб вадзiцель своечасова заўважыў пешахода. Святлоадбiвальны элемент можа быць нават на абутку цi прымацаваны да партфеля. — Цi будзеце штрафаваць парушальнiкаў? — Нягледзячы на тое, што гэта абавязковае патрабаванне Правiлаў, штрафных санкцый за яго парушэнне не прадугледжана. На жаль, нярэдка нашы суайчыннiкi пачынаюць варушыцца толькi пад пагрозай пакарання. Яскравы прыклад — набiўшая ўжо аскому танiроўка. Правiлы i стандарты зацямнення шкла iснавалi i раней. Але многiя вадзiцелi наўмысна iх парушалi i толькi апошнiм часам, калi Дзяржаўтаiнспекцыя больш актыўна пачала прыцягваць да адказнасцi за самавольную танiроўку, усе заварушылiся. Таму ў дадзеным выпадку я хацеў бы, каб нашы суграмадзяне ўсвядомiлi, што насiць святлоадбiвальныя элементы ў вышэйпамянёных выпадках — гэта не прыхамаць ДАI, а жыццёвая неабходнасць. Ад гэтага залежыць бяспека пешаходаў i само iх жыццё. Паводле новых Правiлаў вадзiцель павiнен будзе спыняцца не толькi па патрабаванню супрацоўнiкаў мiлiцыi, але i работнiкаў iншых сiлавых структур, мытнi i нават прыродаахоўнай iнспекцыi. У якiх канкрэтна выпадках асобы, якiя не з’яўляюцца супрацоўнiкамi мiлiцыi, маюць права спыняць транспартныя сродкi? Цi не здаецца вам, што пералiк асоб, надзеленых такiм правам, вельмi вялiкi, i гэта можа прывесцi да злоўжыванняў цi нават да нейкiх крымiнальных праяў? Якое пакаранне паграже вадзiцелю, калi ён не выканае патрабаванне работнiка прыродаахоўнай iнспекцыi цi iншых службовых асоб? Уладзiмiр Бярэзiн, Мiнск (Такiя ж пытаннi задалi Сяргей Звераў (Бабруйск), Iван Гайдаш (Гродна), Вiктар Шэршань (Мiнск.) — Сапраўды, пералiк асоб, якiя маюць права спыняць транспартныя сродкi, iстотна павялiчыўся. Усе яны павiнны будуць выкарыстоўваць гэтае права толькi ў межах выканання сваiх службовых абавязкаў. Супрацоўнiкi адпаведных структур павiнны быць апрануты ў форму (спадзяюся, што ўзоры такога адзення кожнае ведамства ў хуткiм часе прадставiць грамадскасцi, каб вадзiцелi ведалi, хто ёсць хто) i мець у руках святлоадбiвальны дыск. Раней такiя дыскi вы маглi бачыць у руках супрацоўнiкаў ДАI. З наступнага года работнiкi Дзяржаўтаiнспекцыi будуць карыстацца толькi паласатым жазлом. За горадам, у цёмны час сутак побач з памянёнымi службовымi асобамi павiнен знаходзiцца аўтамабiль з уключаным проблiскавым маячком. Адметна, што асобам, якiя не з’яўляюцца работнiкамi ДАI, вадзiцель павiнен прад’явiць толькi дакумент, якi сведчыць яго асобу — пашпарт цi правы. Што датычыць канкрэтных выпадкаў, то пералiчыць iх немагчыма, бо нельга спрагназаваць усе сiтуацыi. Магу толькi сказаць, што такiя правы абумоўлены шэрагам заканадаўчых актаў: законамi «Аб дарожным руху», «Аб дзяржаўнай ахове», «Аб ахове i выкарыстаннi жывёльнага свету», «Аб унутраных войсках», «Аб мiлiцыi», «Аб пагранiчных войсках», «Аб органах фiнансавых расследаванняў», «Аб органах дзяржаўнай бяспекi». Цяпер наконт пакарання. У выпадку, калi вадзiцель не падпарадкуецца законным патрабаванням памянёных службовых асоб, то яны маюць права выкарыстоўваць нават табельную зброю. Так што лепш паводзiць сябе законапаслухмяна. Патлумачце, калi ласка, межы дзеяння знакаў «Прыпынак забаронены», «Стаянка забаронена», «Стаянка забаронена па цотных чыслах месяца», «Стаянка забаронена па няцотных чыслах месяца». Паводле Правiлаў яны дзейнiчаюць на тым баку дарогi, на якiм устаноўлены. Але знакi могуць прымяняцца з таблiчкай «7.2.1», якая пашырае iх дзеянне на ўсю шырыню праезнай часткi. Дык дзе логiка? Васiль Калачоў, Горкi — Паважаны Васiль Дзмiтрыевiч, усё вельмi проста. Калi памянёныя знакi не маюць таблiчкi, то яны дзейнiчаюць толькi на тым баку дарогi, дзе ўстаноўлены. У выпадку, калi пад знакам ёсць таблiчка «7.2.1», то знакi дзейнiчаюць таксама на тым баку дарогi, але з абмежаваннем працягласцi дзейнасцi, што ўдакладняецца таблiчкай. Наяўнасць дзвюх стрэлак на таблiчцы не азначае, што гэты знак дзейнiчае па ўсёй шырынi праезнай часткi. Дзейнасць знака пашыраецца толькi на той бок дарогi, дзе ён устаноўлены. Дзе можна купiць брашуру з новымi Правiламi дарожнага руху? Вiктар Гарбачоў, Мiнск — Наколькi мне вядома, пакуль што такую брашуру накладам 50 тысяч экзэмпляраў выдаў Нацыянальны цэнтр прававой iнфармацыi. Калi вам не ўдасца яе набыць, то тэкст новых ПДР можаце прачытаць у цэнтральных беларускiх газетах. Напрыклад, «Звязда» надрукавала новыя Правiлы ў нумарах за 30 лiстапада i 1—2 снежня. Прыехаў днямi праходзiць тэхагляд, а мяне са станцыi вярнулi «пераабуваць» зiмовыя шыны на летнiя. Сказалi, што ў iх абсталяванне ад зiмовых шын хутка псуецца. Хiба гэта законна? Вiктар Iванавiч, Мiнск — Вядома, гэта незаконна i несправядлiва. Наадварот, калi вы прыехалi на тэхагляд зiмой, то ў вас i павiнны быць зiмовыя шыны. Я вам раю накiраваць скаргу з указаннем канкрэтнай станцыi дыягностыкi, дзе з вамi так па-хамску абышлiся, у Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый, паколькi праходжанне тэхагляду ў iх кампетэнцыi. Чаму iнспектары ДАI не выдаюць копii схемы здарэння адразу ж на месцы аварыi? Мiхаiл Каспер, Нясвiж — Такое не прадугледжана заканадаўствам i практычна зрабiць не заўсёды магчыма, у нашых iнспектараў няма партатыўных капiравальных апаратаў. Праўда, я не разумею, у чым праблема? Пры жаданнi ваш адвакат можа азнаёмiцца, а суд запатрабаваць арыгiнал схемы ў ДАI. — Праблема ў тым, што ў маiм выпадку ў схему ДТЗ, пасля таго як я падпiсаў, былi ўнесены папраўкi i дапаўненнi. — Такога не павiнна быць. Гэтыя дзеяннi падпадаюць пад крымiнальную адказнасць, бо схема ДТЗ — працэсуальны дакумент. — Можна папрасiць вас дапамагчы ў правядзеннi экспертызы гэтага дакумента? — Можаце прыехаць да мяне на прыём альбо прышлiце на маё iмя лiст, у якiм падрабязна раскажыце пра ўсе акалiчнасцi гэтай справы. Я абяцаю грунтоўна ва ўсiм разабрацца i, калi там была вiна супрацоўнiка ДАI, прыняць меры. Мой муж — грамадзянiн Югаславii (зараз гэтая краiна называецца Сербiя i Чарнагорыя) i мае ў Беларусi пасведчанне на права жыхарства на 8 гадоў. На першым часе ён кiраваў аўтамабiлем маючы югаслаўскiя правы, але зараз «даiшнiкi» патрабуюць беларускае вадзiцельскае пасведчанне. Як яго атрымаць? Таццяна Янiч, Мiнск — Ён павiнен прадставiць у сталiчную Дзяржаўтаiнспекцыю медыцынскую даведку ўстаноўленага ўзору i здаць тэарэтычны экзамен па беларускiх Правiлах дарожнага руху. Яны iстотна не адрознiваюцца ад югаслаўскiх, таму вялiкiх праблем са здачай экзамена не павiнна быць. — Значыць, вучыцца ў аўташколе яму не трэба? — Не. — А на якi тэрмiн будуць выдадзены беларускiя правы? — На час дзеяння пасведчання на права жыхарства. У выпадку, калi пасведчанне на права жыхарства будзе падоўжана, яму аўтаматычна, без здачы экзаменаў, выдадуць новыя правы. Хачу навучыцца кiраваць аўтамабiлем i атрымаць правы. Якую аўташколу вы параiце? Iрына Кароль, Мiнск — Я не маю права рабiць рэкламу якой-небудзь навучальнай установе. Хоць у нас ёсць прэтэнзii да якасцi падрыхтоўкi вадзiцеляў лiтаральна ва ўсiх аўташколах. Бо, на жаль, не ўсе 100 працэнтаў курсантаў здаюць тэарэтычны i практычны экзамены. — У такiм разе скажыце, у якой аўташколе, дзяржаўнай цi недзяржаўнай, лепшая якасць падрыхтоўкi? — Вы зноў мяне падштурхоўваеце да таго, што я не маю права рабiць — аддаваць перавагу нейкiм установам ва ўрон iншым. Лепш парайцеся са сваiмi сябрамi i знаёмымi, якiя ўжо прайшлi вадзiцельскую падрыхтоўку, няхай яны вам падкажуць, куды пайсцi вучыцца. Магчыма, немалаважнае для вас значэнне будзе мець i блiзкасць аўташколы ад дома цi ад месца работы. — Па натуры я чалавек эмацыянальны. Можа мне ўвогуле процiпаказана кiраваць аўтамабiлем? — Усе мы ў той цi iншай ступенi людзi эмацыянальныя, але многiя з нас кiруюць аўтамабiлем. Гэта, напэўна, самая масавая «прафесiя» ў краiне. Калi ў вас няма медыцынскiх процiпаказанняў да кiравання транспартным сродкам, то i не варта сябе так недаацэньваць. Падумайце i прымiце адпаведнае рашэнне. Iншая справа, што вы заўсёды павiнны памятаць: аўтамабiль з’яўляецца сродкам павышанай небяспекi. На жаль, не ўсе вадзiцелi гэта разумеюць, таму штогод у Беларусi рэгiструецца каля 7 тысяч ДТЗ са смяротным зыходам. У маiм аўтамабiлi нядаўна ўкралi молдынгi. Цi прайду я тэхнiчны агляд без iх? Анатоль Пятроўскi, Мiнск — Пры праходжаннi тэхагляду аўтамабiль павiнен адпавядаць патрабаванням завода-вытворцы. Так што без молдынгаў ваш транспартны сродак тэхнiчны агляд не пройдзе. На вашу думку, што патрэбна для таго, каб прымусiць пешаходаў вывучыць Правiлы дарожнага руху, бо, у адрозненне ад вадзiцеляў, яны не здаюць экзамены па гэтым прадмеце? I яшчэ адно пытанне. Цi праўда, што з наступнага года неабходна будзе зняць з кузава аўтамабiля розныя «прыкольныя» наклейкi? Ларыса Юркiна, Бярозаўскi раён — З наступнага навучальнага года ў школах Беларусi будзе ўведзены спецыяльны курс па Правiлах дарожнага руху. Гэта прадугледжана прэзiдэнцкiм указам. Сумесна з Мiнiстэрствам адукацыi мы прымем удзел у распрацоўцы вучэбнай праграмы. Непрадугледжаныя нарматыўнымi актамi наклейкi сапраўды прыйдзецца да пачатку наступнага года зняць. Яны адцягваюць увагу вадзiцеляў. Аднаго жыхара нашай вёскi за п’янства за рулём пазбавiлi правоў, а ён працягвае ездзiць на аўтамабiлi ў нецвярозым стане. Можа ў такiх людзей трэба канфiскоўваць аўтамабiлi? Увогуле, прымiце меры. Вiктар Сянькоў, Сенненскi раён — Паводле iснуючага заканадаўства канфiскаваць транспартны сродак у такiм выпадку нiхто не мае права. Але мы абавязкова адрэагуем на гэты факт i знойдзем магчымасць эфектыўнага ўздзеяння на злоснага парушальнiка Правiлаў дарожнага руху. За гэта прадугледжаны i немалыя штрафы. Патлумачце, чаму ў новых Правiлах у пералiк няспраўнасцяў, пры якiх забаронены ўдзел у дарожным руху, уваходзiць непрацуючае процiўгоннае прыстасаванне. А калi ў маiм аўтамабiлi ўвогуле няма сiгналiзацыi, мне што, забаронена выязджаць на дарогу? Андрэй Зарудны, Мiнск — Паважаны Андрэй, вы не зусiм правiльна зразумелi пункт 40 дадатку 4 да новых ПДР. Пад процiўгоннай сiстэмай маецца на ўвазе любое прыстасаванне, якое не дазваляе ажыццяўляць несанкцыянаваны рух транспартнага сродку. У першую чаргу гэта няспраўнасць замкоў дзвярэй i замка запальвання. Гукавая сiгналiзацыя з’яўляецца адным з элементаў процiўгоннага прыстасавання. Калi яна не прадугледжана заводам-вытворцам, то яе адсутнасць не забараняе ўладальнiку аўтамабiля ўдзельнiчаць у дарожным руху. Мiж iншым, патрабаваннi новых Правiлаў наконт няспраўнасцi процiўгоннага прыстасавання адпавядаюць мiжнароднай Канвенцыi аб дарожным руху. У памянёным дакуменце таксама закладзена гэтая норма. Што рабiць, калi не дае спаць процiўгонная сiгналiзацыя, якая ўключаецца «самавольна» некалькi разоў за ноч? Iна Шкурдзь, Маладзечна — Згодна з пунктам 40 дадатку 4 да новых Правiлаў пры наяўнасцi гукавой сiгналiзацыi яна павiнна быць спраўнай i самавольна не ўключацца. У дадзеным выпадку вам неабходна звярнуцца з пiсьмовай заявай да ўчастковага iнспектара з указаннем нумара транспартнага сродку, а таксама часу, у якi спрацоўвала сiгналiзацыя, i працягласць яе гучання. У некаторых краiнах зiмой забаронена эксплуатацыя аўтамабiля з летнiмi шынамi. Парушальнiкi строга караюцца. I гэта, я лiчу, правiльна, бо зiмою аўтамабiль з летнiмi шынамi пагражае бяспецы руху. Чаму ў нашых новых ПДР не ўвялi такую забарону? Сяргей Серафiмовiч, Вiцебск — Пытанне аб абавязковым прымяненнi зiмовых шын разглядалася i абмяркоўвалася пры падрыхтоўцы новых Правiлаў, але не знайшло падтрымкi на стадыi ўзгаднення праекта ПДР. На думку Дзяржаўтаiнспекцыi, прымяненне зiмовых шын, сапраўды, садзейнiчае павышэнню бяспекi дарожнага руху пры наяўнасцi снегу на дарозе. Таму мы рэкамендуем вадзiцелям «абуваць» свае транспартныя сродкi па сезону. Чым абумоўлена з’яўленне новых знакаў «Сезонныя мiграцыi земнаводных» i «Дарожка для коннiкаў»? Аляксей Чарныш, Вiцебскi раён — Знак «Сезонныя мiграцыi земнаводных» гаворыць сам за сябе. У нашай краiне ёсць мясцiны, дзе жывуць вялiкiя папуляцыi земнаводных. Iх трэба берагчы. Таму ў зоне дзейнасцi такога знака вадзiцелю трэба праяўляць пiльнасць i асцярожнасць. Узросшая папулярнасць актыўнага адпачынку, у тым лiку i турыстычных падарожжаў верхам на канi, запатрабавала i адпаведнай арганiзацыi дарожнага руху. Увогуле, памянёныя знакi прадугледжаны мiжнароднай Канвенцыяй аб дарожных знаках i сiгналах, падпiсанай у 1968 годзе Беларускай Савецкай Сацыялiстычнай Рэспублiкай. Так што нiчога новага мы не прыдумалi. Цi лiчыце Вы мэтазгодным вярнуць кантроль над аўташколамi ў кампетэнцыю ДАI? На мой погляд, гэта трэба зрабiць неадкладна, паколькi людзi ў пагонах больш сур’ёзна ставяцца да сваiх абавязкаў, чым цывiльныя асобы. У мяне ёсць канкрэтная iнфармацыя пра адзiн вучэбны цэнтр (назву гэтай установы да высвятлення ўсiх акалiчнасцяў справы мы вырашылi не ўказваць. — Рэд.), дзейнасць якога была прыпынена па загаду Мiнiстэрства транспарту яшчэ ў сярэдзiне лiстапада, але ён працягвае працаваць. Мiхаiл Гузоўскi, Стоўбцы — Дзяржаўтаiнспекцыя выконвае тыя функцыi i задачы, якiя вызначаны заканадаўствам. Кантроль за дзейнасцю аўташкол Законам «Аб дарожным руху» ўскладзены на Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый. Што датычыць другой часткi вашага пытання, то мы падрыхтуем адпаведную iнфармацыю ў Мiнтранс. Цi будуць новыя Правiлы перакладзены на беларускую мову? Я, напрыклад, хацеў бы прайсцi курс навучання ў беларускамоўнай аўташколе. Мiхась Слабодзiч, Мiнск — Гэтая праблема знаходзiцца па-за межамi кампетэнцыi ДАI. На маю думку, Правiлы i сапраўды варта было б перакласцi на родную мову. Магчыма, шаноўная «Звязда» возьмецца за гэтую справу? А вашу просьбу наконт беларускамоўнай аўташколы мы накiруем у Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый. Патлумачце, што такое дзённыя хадавыя агнi. Бо ў пункце 166 ПДР сказана, што ў светлы час сутак для абазначэння транспартнага сродку, якi рухаецца, трэба ўключыць блiжняе святло фар альбо дзённыя хадавыя агнi (пры iх наяўнасцi). Рыгор Бахмут, вёска Акцябрск, Клiчаўскi раён — Дзённыя хадавыя агнi — спецыяльныя агнi ў фарах, як правiла, легкавога аўтамабiля. Iх функцыя — не асвятляць дарогу, а найперш абазначаць транспартны сродак, якi рухаецца. Такiм чынам пешаход цi вадзiцель аўтамабiля, якi выязджае на паласу сустрэчнага руху пры абгоне зможа хутчэй выявiць абазначаны дзённымi хадавымi агнямi транспартны сродак i прыняць меры для забеспячэння ўласнай бяспекi. Як дакладна вызначыць, калi вадзiцель абавязаны прапускаць пешахода. Напрыклад, пешаход толькi пачаў пераходзiць дарогу з процiлеглага боку, i я, вадзiцель, бачу, што паспею праехаць, то цi магу я рухацца, альбо трэба абавязкова стаяць i чакаць? Васiль Сергiеня, Салiгорск — Вы лiчыце, што паспееце «праскочыць»? Але ж вы не ведаеце, якiя думкi ў пешахода. Магчыма, ён таксама ўпэўнены, што перабяжыць дарогу хутчэй. Таму самым разумным у падобнай сiтуацыi будзе выканаць патрабаванне пункта 9.9 новых Правiлаў, дзе сказана: «Вадзiцель абавязаны прымаць у адпаведнай сiтуацыi меры па знiжэнню хуткасцi, аж да спынення транспартнага сродку, якiя забяспечваюць бяспечныя ўмовы для дарожнага руху пешаходаў (у тым лiку дзяцей, iнвалiдаў, людзей пажылога ўзросту, а таксама веласiпедыстаў, якiя знаходзяцца на дарозе), саступаць дарогу пешаходам на нерэгулюемых пешаходных пераходах i рэгулюемых пешаходных пераходах пры адначасовым для вадзiцеля i пешаходаў дазвольным сiгнале святлафора альбо рэгулiроўшчыка». Мне 66 гадоў. Два гады карыстаюся скутарам. Аб’ём рухавiка майго транспартнага сродку да 50 см куб., але хуткасць можа развiць больш за 50 кiламетраў у гадзiну. Цi правiльна я зразумеў, што пасля 1 студзеня 2006 года мой скутар будзе прыраўнаваны да матацыкла? Калi так, то цi нельга зрабiць выключэнне для такiх уладальнiкаў скутараў, як я, i дазволiць едзiць без правоў катэгорыi «А»? Можна таксама ўвесцi для нас абмежаванне хуткасцi да 50 кiламетраў у гадзiну. Мар’ян Iванавiч Балiнскi, Гродна — Паважаны Мар’ян Iванавiч, i паводле старых, i тым больш паводле новых Правiлаў ваш скутар прыраўноўваецца да матацыклаў, бо можа развiваць хуткасць больш за 50 кiламетраў у гадзiну. Два гады таму, калi вы набывалi гэты транспартны сродак, прадавец павiнен быў папярэдзiць, што скутар падпадае пад тэрмiн «матацыкл», а значыць, на права кiравання iм патрэбна вадзiцельскае пасведчанне. Неабходна было таксама зарэгiстраваць яго ў ДАI. А рабiць выключэнне з Правiлаў, пры ўсёй павазе да вас, ДАI не мае права. Мяне i многiх маiх аднавяскоўцаў, у якiх ёсць пасведчанне трактарыста-машынiста, цiкавiць, цi можна атрымаць правы катэгорыi «В» без навучання ў аўташколе? Iван Клiмко, Стаўбцоўскi раён — Не. Вам давядзецца прайсцi адпаведны курс навучання ў аўташколе. Я — iнвалiд па слыху. Цi маю я права кiраваць аўтамабiлем, выкарыстоўваючы слыхавы апарат? Iван Iваноўскi, Глускi раён — Гэта павiнна вызначыць медыцынская камiсiя. Звярнiцеся ў сваю палiклiнiку. У чэрвенi мае навучэнцы павiнны будуць здаваць экзамены на права кiравання транспартнымi сродкамi. Хацелася б ведаць, па новых цi па старых Правiлах iм прыйдзецца здаваць iспыты? Аляксандр Карпейчык, выкладчык аграрнага лiцэя, Дзяржынск — Паважаны Аляксандр Уладзiмiравiч, рыхтуйце сваiх навучэнцаў да здачы экзаменаў па новых Правiлах. У Расii абмяркоўваецца магчымасць знiжэння ўзросту, якi дае права на кiраванне аўтамабiлем, з 18 да 16 гадоў. На вашу думку, цi варта гэта рабiць i ў Беларусi? Вольга Закрэўская, Жодзiна — Я супраць знiжэння ўзроставай планкi ў дадзеным выпадку. Так, Правiлы дарожнага руху можна добра вывучыць i ў 16 i нават у 14 гадоў. Але ў такiм узросце яшчэ не ўсе падлеткi добра ўсведамляюць, наколькi небяспечным для iх i для астатнiх удзельнiкаў дарожнага руху можа быць аўтамабiль. У вадзiцеля павiнен быць жыццёвы вопыт. Пытаннi ад «Звязды». — Цi ўсе прапановы ДАI трапiлi на старонкi новых Правiлаў дарожнага руху? Магчыма, нешта засталося няўлiчаным пры канчатковым зацвярджэннi дакумента? — Скажу так: асноўныя нормы, якiя мы прапаноўвалi падчас працы над праектам ПДР, былi ўключаны ў канчатковы варыянт дакумента. Вядома ж, няма мяжы дасканаласцi. I гэтыя Правiлы можна было б «шлiфаваць» да бясконцасцi. — На вашу думку, праз якi час давядзецца ўносiць змены ў новыя ПДР? — Цяжка сказаць. Жыццё пакажа. Адно хацеў бы адзначыць: новыя Правiлы больш дасканалыя за папярэднiя, бо ў пры iх распрацоўцы ўлiчаны меркаваннi i пажаданнi не толькi спецыялiстаў, але i лiтаральна ўсiх катэгорый грамадзян, якiя з’яўляюцца ўдзельнiкамi дарожнага руху. — Многiя нашы чытачы, якiя жывуць у буйных гарадах, скардзяцца, што iх двары ператвораны ў сапраўдныя аўтамабiльныя звалкi. Што рабiць з уладальнiкамi такога ламачча? — Праблема вельмi сур’ёзная, i вырашыць яе сiламi адной толькi Дзяржаўтаiнспекцыi немагчыма. Тым больш, калi ўладальнiк такога ламачча не парушае правiлаў стаянкi. Мы не можам без згоды гаспадара забраць такi аўтамабiль на утылiзацыю. Застаецца толькi апеляваць да свядомасцi грамадзян. — Цi ёсць у вас любiмы анекдот пра «даiшнiкаў»? Калi ёсць, то раскажыце. — З пачуццём гумару ў мяне ўсё ў парадку. Я нармальна ўспрымаю дасцiпныя жарты, у тым лiку i пра «даiшнiкаў». Але анекдоты не калекцыянiрую. — Вялiкi дзякуй, Мiкалай Мiкалаевiч, за тое, што знайшлi час пагутарыць з чытачамi «Звязды»! — Я таксама хачу выказаць словы ўдзячнасцi старэйшай беларускай газеце за вельмi ўважлiвыя адносiны да праблем бяспекi дарожнага руху. «Звязда», напрыклад, першай надрукавала тэкст новых Правiлаў дарожнага руху. Мiж iншым, я не толькi чытач вашай газеты — я жыву на праспекце газеты «Звязда». «Прамую лiнiю» правёў Мiкола ДЗЯБЁЛА. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Прамая лiнiя» з начальнiкам упраўлення Дзяржаўтаiнспекцыi МУС краiны Мiкалаем Драздом ледзь не сарвалася. За некалькi гадзiн да яе пачатку Мiкалая Мi
|
|