21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

Гарызонты i перспектывы гранiтнай плiты

25.08.2009 21:21 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Вiктар ХУРСIК

Наша газета неаднойчы пiсала аб справах РУВП «Гранiт». Прадпрыемства з поспехам асвойвае агромнiстае радовiшча прыроднага каменю i працягвае пастаўляць нярудныя матэрыялы для патрэб краiны. Днямi яно святкуе сваё 30-годдзе. Напярэдаднi юбiлею звычайна згадваюць тых, хто забяспечваў поспех на працягу дзесяцiгоддзяў, хто аддаў росквiту прадпрыемства лепшыя гады жыцця. Аднак на гэты раз кiраўнiцтва «Гранiта» адышло ад традыцыi. Трыбуну нашай газеты яно вырашыла скарыстаць для таго, каб яшчэ раз засяродзiць увагу чытачоў на праблемах i перспектывах свайго прадпрыемства.

I ўзiмку не спыняецца праца ў кар’еры. Блакiт марознага неба частуе снегам, а ўглыб кар’ера ўсё ўвiнчваюцца па серпанцiну, бягуць шматтонныя «БЕЛазы». Там, на дне, яны падобныя на мурашоў. Гэтакiя ж руплiвыя i цягавiтыя. Сорак тон у кузаў — i зноў дарога наверх. А насустрач новыя — за тым жа грузам. I так штодня, штомесяц, штогод. Няспынны канвеер дае краiне незаменны будаўнiчы матэрыял, але, пэўна, за гады свайго iснавання рабацяга-карь’ер прытамiўся, i закладзеная яго стваральнiкамi трываласць усё часцей нагадвае аб сабе зношаным абсталяваннем. «Гранiт» сам-насам з праблемамi. Супынiцца хоць на хвiлiнку, «перадыхнуць» нiма нiякай мажлiвасцi — шчэбень i iншыя будматэрыялы iдуць «з калёс». Попыт на iх унутры краiны не задаволены. Усё часцей у прыёмнай прадпрыемства можна бачыць ганцоў з арганiзацый будаўнiчага комплексу. У планах мiнiстэрства нiякiх паслабленняў адносна аб’ёмаў здабычы не прадугледжана.

Як жыць далей? Гэта пытанне задаюць сабе спецыялiсты прадпрыемства. I адказы на яго не адназначныя. Таму будзе правiльным агучыць пазiцыю кiраўнiка. Вiдавочна, што яго слова будзе вызначальным у выбары перспектыўнага шляху.

Уладзiмiр Фёдаравiч Аутка прызначаны на прадпрыемства нядаўна. Да гэтага працаваў на ААТ «Краснасельскбудматэрыялы». Сярэднiх гадоў, ён мае за плячамi значную вытворчую i жыццёвую школу, на месца прызначэння адразу пераехаў з сям’ёй (прымета таго, што збягаць не збiраецца). Зразумела, за некалькi месяцаў дырэктарства абрасцi сябрамi не паспеў, але лiчыць, што на вытворчасцi перш за ўсё павiнны панаваць спагнанне i адказнасць. Будуць добрыя вынiкi — будзе i цяпло ў адносiнах. У адваротным выпадку нiякiя сувязi не дапамогуць.

Што ж вiдаць з вышынi дырэктарскага крэсла?

Вытворчасць шчэбню патрэбна рэканструяваць. Гэта неаспрэчны факт. Можна ўявiць, як можна рухацца наперад з тэхналогiяй паўвекавой даўнiны i абсталяваннем, вырабленым 30 гадоў таму. Час не стаяў на месцы. Пакуль на абшарах былога Саюза ўсё прыходзiла ў заняпад, на Захадзе думалi над тым, як удасканалiць вытворчасць шчэбню. Сёння рэчаiснасць такая, што многiя з тых станкоў, якiя працягваюць працаваць на «Гранiце», ужо даўно не вырабляюцца. Завод у расiйскiм Тальяцi спынiў выраб шчокавых драбiлак. У гэтыя магутныя агрэгаты (першыя ў тэхналагiчным ланцужку) трапляюць i першасна здрабняюцца мнагатонныя глыбы гранiту з «БЕЛАЗаў». Абслугоўванне шчокавых драбiлак даволi складанае i дарагое. Напрыклад, штогод у iх неабходна мяняць падшыпнiк вагой 800 кг, якi каштуе 14 тысяч долараў. Пры гэтым драбiлку трэба выключыць з працэсу. Але падшыпнiк — зменная частка, а хто зараз можа з упэўненасцю вызначыць запас трываласцi нясучых частак гэтага агрэгата, якiя працуюць ва ўмовах вiбрацыi ўжо 30 гадоў? Канешне, нешта з абсталявання можна час ад часу мяняць. Але гэта не павысiць якасць, зыходны выраб — шчэбень застанецца ранейшым i не будзе адпавядаць мiжнародным стандартам. А гэтыя стандарты дыктуюць даволi жорсткiя патрабаваннi да яго геаметрычнай формы. У прыватнасцi, адно з галоўных такiх патрабаванняў — наблiжэнне формы шчэбневага каменьчыка да куба. У звычайных будаўнiчых канструкцыях гэта не мае iстотнага значэння, а вось пры будаўнiцтве аўтадарог такi шчэбень павышае iх трываласць, бо кладзецца ў палатно больш шчыльна. Калi зыходзiць з гэтага патрабавання якасцi, то агляд абсталявання, якое вырабляецца ў краiнах СНД для вытворчасцi кубападобнага шчэбню, прыводзiць да сумнай высновы: цэльны яго падбор немагчымы. Скажам, драбiлкi таго ж «Уралмаша» для гэтага вiду вырабу нiяк не падыходзяць. Адсюль вывад — iсцi трэба шляхам, прынятым ва ўсiм свеце: купляць не асобныя экзэмпляры абсталявання, а тэхналогiю.

На гэтым дырэктар i стаiць. Крытыкуюць яго пераважна за тое, што замежнае абсталяванне больш далікатнае ў абслугоўваннi, а значыць, яго абслугоўванне будзе больш дарагiм. Мiж тым, гэта датычыцца не столькi складанасцi самога абсталявання, колькi псiхалогii айчынных рабочых. Iм належыць у коранi змянiць свае адносiны да новых машын. Графiкi тэхнiчнага абслугоўвання павiнны выконвацца няўхiльна, да чаго пакуль гатовы не ўсе. Больш адказнай стане работа службаў галоўнага механiка i энергетыка. У мiжнароднай практыцы замена любой часткi пастаўленага абсталявання павiнна ўзгадняцца з яго вытворцам. Iнжынерна-тэхнiчным работнiкам трэба будзе засвоiць замежныя стандарты, патрабаваннi, навучыцца чытаць замежныя чарцяжы. Зразумела, што i да кiравання новым абсталяваннем будуць дапушчаны толькi атэставаныя рабочыя. Наколькi рызыкоўны гэты шлях? Уладзiмiр Фёдаравiч лiчыць, што рызыка — толькi ў псiхалогii: маўляў, цiшай едзеш — далей будзеш. Але ж ужо «даехалi»...

Закуп тэхналогii будзе ўключаць у сябе ўвесь пералiк абсталявання — ад першага да апошняга станка, у тым лiку i «ноў-хаў» (сакрэты тэхналогii). Ён будзе праводзiцца публiчна, на падставе мiжнароднага тэндара. Адной з галоўных умоў для прэтэндэнтаў будзе захаванне iснуючых вытворчых пляцовак i, па магчымасцi, паступовы працэс рэканструкцыi. Дырэктар мяркуе, што ў тэндары возьмуць удзел вядучыя фiрмы з Фiнляндыi, Швецыi, Чэхii, Германii. Пакуль жа, на першым этапе, будзе распрацавана тэхнiка-эканамiчнае абгрунтаванне праекта для абароны яго ў мiнiстэрстве. У якую суму выльецца заяўка на будучыню? Праграмай рэканструкцыi на 2005—2008 гады яна ацэньвалася ў 40 мiльярдаў рублёў. Але гэта сума ўключала толькi капiталаўкладаннi на тэхналагiчнае абсталяванне. Мiж тым, лiчыць дырэктар, грошай будуць патрабаваць i сам кар’ер, i транспарт для дастаўкi гранiту. Выкарыстанне электраэнергii на сiлкаванне шагаючых экскаватараў павiнна саступiць месца выкарыстанню гiдраўлiчнай тэхнiкi на вадкiм палiве. Асаблiва важным для эканомii энергарэсурсаў будзе змяненне схемы адпампоўвання вады, якая сцякае ў кар’ер з падземных крынiц. Зараз вышыня яе пад’ёму складае больш як 120 метраў. Плануецца збiраць i адпампоўваць яе з 40-метровага гарызонту з адпаведным змяншэннем энергазатрат. Ёсць папярэджанне аб тым, што БелАЗ спыняе вытворчасць 40-тонных самазвалаў i пераходзiць на выраб 55-тонных. Па габарытах яны большыя, не ўпiсваюцца ў iснуючыя гаражы. Для новай тэхнiкi трэба будзе асвоiць наноў увесь пералiк рамонтных работ, значна дапрацоўваць серпанцiны кар’ера, каб новая тэхнiка магла без перашкод па iх рухацца.

Па ацэнцы дырэктара, кошт рэканструкцыi ляжыць у межах 90—100 мiльярдаў рублёў. Нават для такога гiганта, як «Гранiт» гэта лiчба вялiкая. Плануецца грошы ўзяць з трох крынiц: iнавацыйнага фонду мiнiстэрства, уласных i крэдытных сродкаў.

Разважаючы наконт рэканструкцыi i пошуку крынiц яе фiнансавання, Уладзiмiр Фёдаравiч звярнуў увагу на шэраг праблем i акрэслiў тыя мерапрыемствы, якiя належыць ажыццявiць самому прадпрыемству па эфектыўнаму выкарыстанню сродкаў. Ён вiтаў рашэнне Мiнiстэрства архiтэктуры i будаўнiцтва ўключыць у склад РУВП «Гранiт» абслуговы ўчастак спецрамонту. Гэта дасць каля паўмiльярда рублёў эканомii. Як неадкладную задачу ён назваў неабходнасць адмовiцца ад закупу замежнай узрыўчаткi. На «Гранiце» яна выкарыстоўваецца вагонамi. Мiж тым, ёсць магчымасць асвоiць выраб выбуховых рэчываў сваiмi сiламi. Прычым, мiкашэвiцкая ўзрыўчатка будзе вырабляцца непасрэдна на месцы спажывання. Будзе ў ёй i яшчэ адна асаблiвасць: запраўленая ў свiдравiну, яна можа быць падарваная ў вызначаны час. Калi ж гэтага не адбудзецца, узрыўчатка страцiць сваю галоўную здольнасць i не будзе ўяўляць небяспекi. У вытворчых умовах гэта магчымасць для манеўру, а для рук мiкашэвiцкiх падрыўнiкоў, якiя толькi за два днi пераварочваюць да тысячы мяхоў узрыўчаткi, фiзiчная палёгка. Мiж тым, значнае паскарэнне працэсу падрыву — гэта паскарэнне ўсяго працэсу вытворчасцi шчэбню. Замест спынення яе на 2-3 гадзiны пры выкарыстаннi новай узрыўчаткi запатрабуецца ўсяго гадзiна. Плануецца шэраг iншых тэхнiчных мерапрыемстваў. Яны будуць садзейнiчаць эканомii сродкаў i накiраванню iх на рэканструкцыю.

Але ажыццяўлення толькi тэхнiчных мерапрыемстваў для рэканструкцыi прадпрыемства будзе недастаткова. У масе сваёй яны дадуць толькi невялiкi працэнт ад неабходнага. Таму Уладзiмiр Фёдаравiч звярнуў увагу на магчымыя iншыя крынiцы фiнансавання рэканструкцыi «Гранiта». Перш за ўсё трэба як след адрэгуляваць збыт прадукцыi. Сёння назiраецца сезоннасць закупкi шчэбню. Кiраўнiкi будаўнiчых арганiзацый не абцяжарваюць сябе зiмовымi закупкамi, ад чаго летам узнiкае на яго ажыятажны попыт. Сярод iншага ён адзначыў незразумелую страту рынкаў збыту ў Польшчы i Прыбалтыцы. Прычым страты ад гэтага адчувальныя: прыбалтыйскi рынак ёмiтасцю ў 800 тысяч тон шчэбню зараз закрывае Украiна. Нават з умовай чыгуначнага транзiту праз нашу краiну яе цэны на шчэбень аказваюцца нiжэй за беларускiя. На сёння экспарт «Гранiта» ўпаў настолькi, што не дасягае узроўня 2002 года, i тэндэцыя знiжэння экспарту захоўваецца. Аказваецца, што прадпрыемства пазбаўлена магчымасцi працаваць непасрэдна з замежнымi спажыўцамi. Гандаль з замежжам вядзе пасрэднiк у асобе дзяржаўнай установы матэрыяльна-тэхнiчнага забеспячэння Кiраўнiцтва справамi прэзiдэнта (ДУ МТЗ).Само па сабе гэта не выклiкае нараканняў: як-нiяк грошы ад iх дзейнасцi застаюцца ў дзяржавы. Але не ў кiшэнi «Гранiта». Якi, як ужо адзначалася, каб правесцi рэканструкцыю, будзе вымушаны браць крэдыты. Мiж тым, 16 працэнтаў камiсiйных, якiя брала ў 2005 годзе за сваю «працу» ДУ МТЗ пры адгрузцы шчэбню на Расiю (i 20 % пры адгрузцы ў Прыбалтыку), у сумарным гадавым вылiчэннi маглi б пазбавiць калектыў мiкашэвiцкiх горных распрацоўшчыкаў неабходнасці iсцi з працягнутай рукой у банк. Дырэктар адзначыў яшчэ адну акалiчнасць. Аказваецца, беларускiя пасрэднiкi прадаюць мiкашэвiцкi шчэбень не напрамую спажыўцам, а буйному расiйскаму пасрэднiку. У таго ў нiжэйшых пасрэднiках задзейнiчана яшчэ 5-6 кампанiй. Па якой цане, у вынiку, беларускi шчэбень трапляе расiйскаму спажыўцу — можна толькi гадаць. Неверагодна, але факт — пры пастаўцы шчэбню ў Расiю прадпрыемства мае меншую рэнтабельнасць (лiчы — прыбытак), чым пры рэалiзацыi прадукцыi на ўнутраным рынку! Па вынiках 10 месяцаў гэтага года камiсiйнае ўзнагароджанне па-срэднікам пры адгрузцы на экспарт без улiку ПДВ склала 2,9 млрд. рублёў у той час, як самi вытворцы ад зделак з пастаўкай шчэбеню ў Расiю атрымалi прыбытак 3,5 млрд рублёў. Зразумела, акрамя непасрэдных эканамiчных страт, такая схема рэалiзацыi б’е i па iмiджу прадпрыемства. Замежныя партнёры страчваюць давер i цiкаўнасць да мiкашэвiцкай маркi. Растлумачыць простаму рабочаму такую рэчаiснасць проста немагчыма. Адказ адзiн: «Раз маўчыце, не iмкняцеся змянiць сiтуацыю — значыць i ў вас «смятанка на вусах».

Мiж тым, перад калектывам прадпрыемства новы дырэктар чысты. Ён ведае, як нялёгка даецца работнiкам «Гранiта» сярэдняя зарплата ў 640 тысяч рублёў. Удзень i ўначы, у слату i пад сонцам падрыўнiкi, экскаватаршчыкi, вадзiцелi «БЕЛАЗаў» змагаюцца за тое, каб атрымаць гэту капейчыну. Не менш цяжкая праца i на далейшых этапах вытворчага цыкла. I за кожным працоўным месцам стаiць жадаючы заняць яго. Беспрацоўе ў Мiкашэвiчах — даўно не прывiд. З 14 тысяч жыхароў горада на прадпрыемстве працуюць усяго 2,5 тысячы. Куды падзецца астатнiм — не ведае нiхто. У вынiку ў горадзе квiтнее злачыннасць i СНIД, горад усё больш губляе знешнi выгляд, становяцца адчувальнымi перабоi ў рабоце жыллёва-камунальнай гаспадаркi. Зразумела, у такiх умовах прадпрыемства iмкнецца сёе-тое рабiць для горада, але ў яго ёсць пэўныя абмежаваннi. Уладзiмiр Фёдаравiч лiчыць ненармальнай з’явай той факт, што Мiкашэвiчы з’яўляюцца горадам раённай падпарадкаванасцi i выпрошваюць у Лунiнца сродкi, хаця «Гранiт» толькi за 10 месяцаў гэтага года пералiчыў у бюджэт раёна падаткаў каля 5,6 мiльярда рублёў. Хоць бы частку з iх — гораду, яго жыхарам, колькасць якiх будзе павялiчвацца год ад году. Бо не забаронiш людзям кахаць, нараджаць дзяцей, вучыць iх з надзеяй, што спраўдзiцца прымаўка «Дзе нарадзiўся — там i прыгадзiўся». Самым простым у вырашэннi пытанняў беспрацоўя з’явiлася далучэнне да «Гранiта» стратнага завода па апрацоўцы натуральнага каменю. Ён быў пабудаваны ў Мiкашэвiчах з мэтай апрацоўкi прывазной сыравiны з Казахстана, Крыма i iншых рэгiёнаў. Мiнуў час, абсталяванне знасiлася. Сёння 93 работнiкi гэтага прадпрыемства спраўляюцца з задачай загрузкi яго толькi на 15 працэнтаў.

А яшчэ ж не прамiнулi далучыць стратную гаспадарку. Перададзены «Гранiту» СВК «Сiнкевiчы» — па свойму унiкальны. Плошча, якую ён займае, мае ў папярочнiку 80 кiламетраў, на ёй пражывае 2,5 тыс. жыхароў, з якiх працаздольных — толькi 10 працэнтаў. Нават калi б усе жыхары былi працаздольныя, iм на такiм прыволлi працы было б «пад завязку», таму з эканамiчнай праблемы далучэнне кааператыва ператварылася ў сацыяльную, якую мажлiва вырашыць толькi з дапамогай раённай i абласной улады.

Нягледзячы на шматлiкiя складанасцi, калектыў «Гранiта» не шукае лёгкiх шляхоў. Людзi трымаюцца свайго месца, яны сацыяльна абаронены, вераць у будучыню. Пераход на кантрактную сiстэму найму адбыўся тут без эксцэсаў. Аклады i тарыфныя стаўкi былi павялiчаны на 35 працэнтаў, работнiкi атрымалi дадатковыя 3 днi водпуску. З рабочымi кантракт заключаўся на 5 гадоў, з iнжынерна-тэхнiчнымi работнiкамi — на 3. Калi работнiк не будзе мець парушэнняў, то па заканчэннi тэрмiну кантракт з iм аўтаматычна будзе падоўжаны на тры гады. Катэгорыя высокаквалiфiкаваных работнiкаў мае права (пры тых жа ўмовах) на 5-гадовае падаўжэнне кантракта. Уважлiва абышлiся з прызванымi ў войска. За iмi захавалi працоўнае месца i той тэрмiн працы па кантракту, якi меўся да прызыву. Далейшы лёс маладога работнiка будзе залежаць ад яго руплiвасцi — з выпiвохамi на «Гранiце» развiтваюцца хутка.

Кiраўнiцтва прадпрыемства добра разумее, наколькi важна стварыць для работнiкаў не толькi добрыя ўмовы для працы, але i для адпачынку. Тым больш, што сапраўдны калектыў фармiруецца i за межамi прахадной. Сацыяльныя аб’екты «Гранiта» садзейнiчаюць таму. Да паслуг работнiкаў прадпрыемства — прафiлакторый. Паўгода ён аздараўляе дзяцей з забруджаных радыяцыяй раёнаў, а паўгода ў iм адпачываюць горназдабытчыкi. На балансе маецца выдатны Дом культуры. Асаблiвы гонар — спартыўны комплекс. У iм ёсць басейн для плавання з вялiкай i малой ваннамi i месцамi для гледачоў, тэнiсная зала, зала трэнажораў i аэробiкi, настольны бiльярд, лазня. Утрыманне спарткомплексу штомесяц абыходзiцца прадпрыемству ў 23—25 мiльёнаў рублёў, але i гаворкi няма аб тым, каб закрыць яго, цi зменшыць выдаткi за кошт наведвальнiкаў. Цэны тут прымальныя. Скажам, гадзiна плавання ў басейне для дарослага каштуе 1240 рублёў, а для дзiцяцi ўсяго 630. Ужо падрыхтавана футбольнае поле для правядзення гульняў памiж камандамi першай лiгi. Вясной будуць падрыхтаваныя i два полi для правядзення трэнiровак футбалiстаў. Асобны гонар кiраўнiцтва (ды i ўсiх працуючых на «Гранiце») — перамогi мiкашэвiцкiх спартсменаў на паралiмпiйскiх гульнях. Як вядома, у лiк паралiмпiйцаў трапляюць людзi з фiзiчнымi недахопамi, iнвалiды. Але, акружаныя ўвагай, у Мiкашэвiчах яны сябе такiмi не адчуваюць. Паралiмпiйцы праславiлi краiну на Алiмпiядзе ў Сiднеi, нядаўна вярнулiся з перамогай з Партугалii. Сустракалi iх як сапраўдных герояў.

Зрэшты, сама праца на «Гранiце» — гэта вышэйшая адданасць справе якую таксама можна назваць гераiзмам. Якiм будзе чарговы юбiлей, тут не загадваюць, але ўпэўнены — ён будзе яшчэ больш радасным. Наперадзе вялiкiя справы, новыя гарызонты. Праца горнараспрацоўшчыкаў яшчэ доўга будзе патрэбна краiне.



 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наша газета неаднойчы пiсала аб справах РУВП «Гранiт». Прадпрыемства з поспехам асвойвае агромнiстае радовiшча прыроднага каменю i працягвае пастаўляц
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика