«Ад каго дачка?» — дапытваўся муж у жонкi...
Уладзiмiр ПЕРНIКАЎ
У сямейным жыццi ўсякае бывае. Асаблiва памiж мужам i жонкай. Калi на iхнiм небасхiле ярка свецяць сонца i зоркi — усiм ад гэтага добра. Калi ж на iм грозна блiскаюць маланкi i б’юць перуны — бяда ўсiм. I ў такiм разе сямейнай пары трэба сесцi за стол перамоў i спакойна ўсё прааналiзаваць, падумаць, зрабiць высновы. Часцей за ўсё так яно i бывае. А вось калi верх бяруць амбiцыi: я — добры, ты — дрэнная, i гэта паўтараецца не раз цi два, а з месяца ў месяц, з году ў год? Тады можна быць упэўненым: муж i жонка становяцца ворагамi. I такое наплятуць яны адзiн на аднаго, што разбягуцца ў розныя бакi iхнiя сцежкi-дарожкi. А пасля, калi астынуць, калi асядзе наносны пыл, схопяцца за галаву: што нарабiлi? I навошта? Але ўжо позна, позна. Цягнiк пайшоў. Яго не вярнуць назад. Як вось у гэтым выпадку.
...Мiхаiл i Вера выраслi ў адным i тым жа горадзе на Гомельшчыне. Аднагодкi. Абое — прыгожыя маладыя людзi, якiм крыху больш за 30 гадоў. Характары ў iх розныя, можна сказаць процiлеглыя. Мiхаiл — замкнёны i ўпарты. Вера — гарэзлiвая шчабятуха. Калi 10 гадоў назад гулялi iхняе вяселле, госцi былi ўпэўненыя: у маладой пары наперадзе доўгае i шчаслiвае сумеснае жыццё. Аднак памылiлiся. Шлюб распаўся. З чаго ўсё пачыналася, зараз ужо цяжка i сказаць. Ды па сутнасцi i гаварыць няма аб чым. Жылi, працавалi, адпачывалi разам. Лад i згода былi ў сям’i, хоць i хмурынкi над ёй iншым разам праплывалi, што цалкам можна лiчыць заканамернай з’явай: прыцiралiся ж характары i звычкi. Праз два гады пасля вяселля ў Дуброўскiх (прозвiшча i iмёны ў артыкуле зменены па этычных прычынах) нарадзiлася Настачка, цудоўнае такое дзiця, ад якога бацька быў на сёмым небе. Пра мацi i бабулек дзяўчынкi мы ўжо i не гаворым. Мiхаiл хвалiўся ўсiм: паглядзiце, яна ж усе мае кропелькi падабрала. Малайчына жоначка: на ўсе сто працэнтаў выканала мой заказ. Вера ў такiх выпадках радавалася i ўсмiхалася. Маўляў, а як жа, iнакш i быць не магло. Жыццё тым часам iшло сваiм парадкам. Як i ўсе мы, Дуброўскiя сустракалiся з сябрамi i знаёмымi i за чаркай са скваркай, i на вечарынах, i на канцэртах. i Мiхаiл стаў лавiць цiкаўныя позiркi мужыкоў i маладых хлопцаў на сваёй палавiнцы — жонцы. Спачатку гэта цешыла яго самалюбства i нават гонару дабаўляла: сапраўды, як тут не палюбавацца такой прыгажосцю, якая Богам дадзена Верачцы. Ды яна ж — мая, мая. I нiчыя больш. Так што зайздросце, хлопцы-мужыкi. Аблiзвайцеся ўхаластую. А як адносiлася сама Вера да такой увагi да яе з боку асоб процiлеглага полу? Як рэагавала на iхнiя камплiменты цi запрашэннi на танец у рэстаране? Ды, здаецца, нармальна. Бо якой жанчыне не прыемна чуць захапляльныя словы ў свой адрас? Не патрабуеш жа ад яго, каб мужык той цi хлопец закрыў рот. Не адмовiш жа на запрашэнне патаньчыць, калi, па-першае, ёй i самой хочацца павальсiраваць, i, па-другое, калi муж гэтаму не пярэчыць. Усё, паўторымся, iшло спачатку нармальна ў сямейных адносiнах Дуброўскiх. Да таго часу, пакуль Мiхаiл не задумаўся: а цi не дае сама Вера тым мужыкам падставу захапляцца ёю? Бач, як выпiнаецца! Мабыць, усiм падабацца хоча. А як гэта можна назваць? Лёгкiя паводзiны. Нi больш нi менш. А да чаго яны могуць прывесцi, зразумела — да шлюбнай здрады. Мяркую, не трэба нiкому даказваць, што падазрэннi i рэўнасць раз’ядаюць душу чалавека, нiбы тая ржа. Яны нараджаюць такiя сумненнi, на якiя толькi здольны розум нездаровай асобы. Асаблiва калi яна, гэтая асоба, атрымлiвае «падагрэў» з боку старонняга чалавека. Так было i ў гэтай гiсторыi. Неяк у выпадковай размове са сваiм таварышам той сказаў Мiхаiлу, што бачыў Веру, калi яна iшла з нейкiм маладым чалавекам па вулiцы, i быццам бы яна занервавалася, калi ўбачыла яго. Дуброўскi зрабiў выгляд, што не надаў гэтаму факту значэння, але, развiтаўшыся, пачаў аналiзаваць: а чаму Вера тады занепакоiлася, чаму нiчога не сказала, што бачыла яго таварыша? Не, нешта тут не так. Пачаў дапытвацца аб гэтым у жонкi, а тая ў адказ: не памятаю нават, калi гэта было i з кiм тады iшла. Мiхаiл жа ўспомнiў, што ў той дзень ён працаваў у другой змене — значыць, у Веры быў свабодны вечар, а зараз яна, бачыце, нiчога не памятае. Так быў у сямейных адносiнах мужа i жонкi Дуброўскiх завязаны першы вузельчык, следам за якiм з’явiўся другi, пяты, дзесяты. А ўсё з-за таго, што, на думку Мiхаiла, яна на аднаго хлопца паглядзела неяк замiлавана, на другога звярнула павышаную ўвагу, трэцяму падарыла ўсмешку, а да чацвёртага ў танцы, не тоячыся, прыцiскалася. I гэтак далей, i да таго падобнае. Што магла адказаць на ўсё гэта Вера? Спачатку жартавала: на тое i вочы, маўляў, каб глядзець на iншых. Затым супакойвала: ну што ты, Мiша, кажаш такое? Пасля апраўдвалася: не магу я сабе дазволiць тое, у чым ты мяне папракаеш. А пасля наогул перастала звяртаць увагу на папрокi i падазрэннi мужа. Каб не мучыць нi яго, нi сябе. Мiхаiл жа расцанiў гэта на свой лад: маўчыць — значыць, вiнаватая. Значыць, здраджвае, настаўляе яму «рогi». I няўцям было мужыку, што жанчына проста стамiлася ад тых падазрэнняў, проста лiчыла недастойным для сябе апраўдвацца ў тым, чаго яна не рабiла. А вузельчыкi тым часам перараслi ў трэшчыну. Ды такую, што яна з кожным днём расла i шырылася. Асаблiва пасля таго, як Мiхаiл абвiнавацiў Веру ў тым, што яна нарадзiла Настачку... не ад яго. I выклаў свае аргументы, здабытыя з календароў i iншых папер 9-гадовай даўнасцi. Вось галоўны козыр шлюбнай здрады Веры: ён, Мiхаiл, у перыяд зачацця Настачкi знаходзiўся ў працяглай камандзiроўцы. Дык хто тады сапраўдны бацька дзяўчынкi? Прызнавайся! Я ведаю, хто. Вылiчыў, не хвалюйся. У чым прызнавацца мужу, Вера не ведала. Ды i не хацела. Бо лiчыла гэта нiжэй за сваю чалавечую годнасць. Але не вытрымала, i ў накiрунку мужа паляцелi славесныя стрэлы вогненнай «маланкi». А ў адказ грымнуў «пярун»: Мiхаiл загадаў Веры збiраць рэчы i сыходзiць з кватэры. Што i было зроблена. Праз некалькi месяцаў у аднаго i другога з iх з’явiлiся свае палавiнкi — сужыцелька i сужыцель, а крыху пазней шлюб Дуброўскiх быў скасаваны ў афiцыйным парадку. На гэтым, вiдаць, усё б i скончылася, калi б не наступныя абставiны. За 10 гадоў сумеснага жыцця ў гэтай сямейнай пары было шмат сяброў i таварышаў. Сустракаючыся з iмi, Мiхаiл аб прычынах развiтання з Верай гаварыў так: яна яму здраджвала з самага пачатку, i ён выхоўваў чужое дзiця. Тое ж самае гаварылi бацькi Мiхаiла i ў будынку суда, калi разглядалася справа па скасаванню шлюбу, i ў самiм горадзе. Вядома, усё гэта даходзiла да вушэй Веры, усё гэта наносiла ёй душэўныя раны, выклiкала маральныя пакуты. Ды i як было тлумачыць людзям, якiя так i цiкавiлiся, а хто-нiхто i злараднiчаў (ляцела высока ды ўпала ў бруд), што нiякiх доказаў той здрады няма, што яна нi ў чым не вiнаватая. Пасля доўгiх роздумаў сёлетняй вясной Вера падала iскавую заяву ў суд на Мiхаiла i яго бацькоў аб абароне яе гонару i годнасцi. Яна зыходзiла з таго, што, калi гэтыя плёткi не спынiць, то яны могуць i надалей траўмiраваць не толькi яе, але i дачушку. У якасцi кампенсацыi за маральную шкоду яна патрабавала ад Дуброўскiх вялiкую суму грошай. У адказ на гэта Мiхаiл зрабiў свой ход. Праз паўтара месяца ён падаў у той жа суд iскавую заяву аб аспрэчваннi бацькоўства Насцечкi. У ёй ён пiсаў аб тым, якiя крайне непрыязныя адносiны ўзнiклi ў яго да былой жонкi-здраднiцы, што прывяло да скасавання шлюбу, што на момант зачацця дзяўчынкi яго ў горадзе не было, i ён ёй — староннi дзядзька. А таму просiць высокi суд прызнаць несапраўднымi ў запiсе актаў аб нараджэннi Насцi звесткi аб яго бацькоўстве i прызначыць генна-дактыласкапiчную экспертызу на прадмет устанаўлення яго бацькоўства. Як вядома, у падобных выпадках узоры бiялагiчнага матэрыялу бяруцца як ад бацькоў, так i ад дзiцяцi пасля адпаведных растлумачэнняў i ўказанняў работнiкаў лабараторыi навукова-даследчага iнстытута праблем крымiналогii, крымiналiстыкi i судовай экспертызы Мiнiстэрства юстыцыi Рэспублiкi Беларусь. Вера Iванаўна везла туды Настачку з пэўнай доляй хвалявання. I не таму, што сумнявалася ў тым, хто яе бацька, а таму, што Настачка магла здагадацца аб сапраўдных прычынах паездкi. I што тады адказаць ёй, бо любоў Насцi да бацькi была непамернай. Але, як кажуць, гэта — дэталь. Галоўнае — у наступным. Выснова экспертаў: «Згодна з вынiкамi параўнальнага даследавання генетычнага матэрыялу бiялагiчнае бацькоўства ў адносiнах да Насцi пацвярджаецца з дакладнасцю да 99,999999 працэнта». Не ведаем, радаваўся гэтай iнфармацыi Мiхаiл цi, наадварот, злаваўся, толькi яго карта была бiта. Таму на сёлетнiм лiпеньскiм пасяджэннi суда, дзе разглядалася iскавая заява Веры да траiх Дуброўскiх, ён вымушаны быў адклiкаць сваю заяву. А Вера на судзе адстаяла свой гонар i годнасць. Праўда, грашовая кампенсацыя за нанесеную маральную шкоду ёй была налiчана ў значна меншым памеры, чым яна прасiла. А яшчэ праз месяц яна афiцыйна ўзаконiла свае адносiны з сужыцелем, узяўшы яго прозвiшча. Жыццё працягваецца, але перажытае па-ранейшаму бударажыць яе сэрца. А што робiцца ў душы Мiхаiла — сказаць не можам...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У сямейным жыццi ўсякае бывае. Асаблiва памiж мужам i жонкай. Калi на iхнiм небасхiле ярка свецяць сонца i зоркi — усiм ад гэтага добра. Калi ж на iм |
|