Правiнцыяльныя анекдоты
Сяргей ШАЎЦОЎ
Калi хто думае, што гаворка сапраўды пойдзе пра анекдоты, то ён памыляецца. У часы, скажам, А.С. Пушкiна анекдотам называлi займальную гiсторыю з жыцця чалавекаў. Яна магла быць i сумнай, i вясёлай, i мудрай, i трагiчнай — рознай. Так што загаловак трэба разумець менавiта так. Увогуле, у апiсаных гiсторыях i выпадках смешнага неяк малавата. Таму што гэта наша з вамi жыццё. I гэтым усё сказана. Цi не так?
«А вось у Еўропе...» Сям’я як сям’я — чатыры чалавекi. Праўда, склад яе крыху незвычайны: бабуля i трое яе ўнучак рознага ўзросту. Дзе тата, дзе мама? Мама некалькi гадоў таму пайшла з жыцця. Аб прычынах гэтага кажуць рознае. Быццам бы сямейнае жыццё не склалася — муж моцна пiў, другая версiя — сама пiла. Што так, што не так — не ведаю, таму маўчу. Чалавека няма — вось гэты факт неаспрэчны. Тата ж пiць працягвае «ўдарнымi тэмпамi». Толькi ўжо не дома, а ў Гомелi. Там у яго, кажуць, пакой цi нават кватэра. У дачок i сваёй мацi не бывае — няма калi. Я разумею: сёння «прыняў на грудзi», а заўтра трэба пахмялiцца. Калi ж тут ехаць? Унучкi вельмi любяць бабулю. Адна проста называе яе мамай. У прынцыпе гэта так. Жывуць яны, натуральна, вельмi цяжка. Настолькi цяжка, што калi летась унучкам прапанавалi ехаць у Iталiю на аздараўленне, то бабуля-мацi надзвычай узрадавалася. Вельмi вялiкiя спадзяваннi яна ўскладала на гэта шчасце, якое проста ўпала з неба. Толькi спадзяваннi рассыпалiся бы цыгарэтны попел. Не, воля ваша, дзяўчынкi адпачылi выдатна, паглядзелi замежжа, ды якое! — Iталiя — суцэльная мара не толькi для дзяцей. Аднак уражаннямi ўсё i скончылася. Спадзяваннi ж бабулi былi выключна матэрыяльнага характару. Бо iншыя дзецi з ваяжаў у Еўропу прывозiлi адзенне, сякую-такую бытавую тэхнiку i вельмi часта грашовыя адзiнкi замежнай вытворчасцi. Такой салiднай дапамогi бабуля на радзiме чакаць не магла нi ад кога. Самае смешнае, дзяўчынкi прывезлi некалькi кiло разнастайнай вопраткi. Бабуля пачала яе разбiраць i... заплакала. Насiць такое нават у вёсцы было б сорамна. Потым з Iталii прыйшоў лiст: гасцiнныя iтальянскiя гаспадары цiкавiлiся, як справы ў дзяўчынак i якi памер курткi носiць iх бабуля. Ну а праз нейкi час з радзiмы Макiявелi прыбыла пасылка. Адкрылi. Там былi тры шакаладкi, крыху касметыкi турэцкай вытворчасцi ды куртка для бабулi. Добрая была куртка, прыгожая, колеру iтальянскага летняга неба. Толькi вось у поясе сыходзiцца нiяк не хацела. Тут ужо бабуля засмяялася. Ну не плакаць жа? Што ж, дрэнныя iтальянцы людзi, нядобрыя, злыя? Не тое, не так. У нас ёсць такая слабасць: «А вось у Еўропе...». У Еўропе яе багацце стваралася стагоддзямi. I стварылася толькi на падставе эканомii i прагматызму. Ва ўсiм. У тым лiку ў адносiнах памiж людзьмi. У беларусаў прагматызм таксама прысутнiчае — мяжа памiж Расiяй i Беларуссю бачная няўзброеным вокам. Ды толькi малавата ў нас таго прагматызму. Iначай многiя рэчы, якiя здарылiся з намi за апошнi час, былi б проста нерэальнымi. Мы жывём з раздвоенай свядомасцю. Адна частка — усё яшчэ ў СССР i чакае «бясплатнага сыру», другая — ужо ў Рэспублiцы Беларусь i на сыр зарабляе. А з iтальянцамi мне даводзiлася сустракацца. Мне яны спадабалiся: адкрытыя, вясёлыя людзi. Чаго i нам жадаю... Латарэя Унучка нашай пасялковай знаёмай, назавём яе Таццянай Пятроўнай, ужо дарослая — ходзiць у трэцi клас. Не спяшайцеся ўсмiхацца: я заўважыў, што сучасныя дзеткi ў некаторых пытаннях больш дарослыя, чым бацькi. Праўда, ва ўсiм астатнiм яны — натуральныя дзецi. Iншымi словамi, розум iх зусiм яшчэ няспелы. Вось, скажам, для ўнучкi Таццяна Пятроўна не аўтарытэт. Проста крынiца грошай, ежы, вопраткi i iншых бытавых рэчаў. Але бабуля ёсць бабуля — за дзяўчынку перажывае i баiцца. Недарэмна, канешне, бо сённяшняе жыццё поўнае спакусаў i небяспечных паваротаў. Таццяна Пятроўна выбрала такую тактыку: вечарамi неўпрыкмет за ўнучкай ходзiць. Хто ведае, куды чорт занясе гэта дзiця з няўстойлiвай псiхiкай? Аднойчы трэцякласнiкi арганiзавалi вечарыну (!). Бабуля прастаяла ля хаты гадзiны дзве. Нарэшце ўнучка выйшла з сяброўкай. Таццяна Пятроўна пачула голас унучкi: — Ты бачыш, гэта сволач на мяне ўжо i не глядзiць! Ён каля Марынкi ашываецца! Ну-у я гэтаму гаду зраблю! Вой, зраблю-ю-ю! Бабулю ледзь не хапiў удар, але яна вытрымала: савецкая загартоўка. Яна толькi з жудасцю падумала: гэта толькi трэцi клас, а што будзе ў выпускным? Трэба думаць, могуць быць i праўнукi? ...Аднойчы ўнучка выцыганiла ў бабулi крыху грошай i купiла латарэйны бiлет. Праз тыдзень знайшла газету з вынiкамi розыгрышу, зачынiлася ў пакоi i пачала правяраць. Хвiлiн праз пяць з пакоя пачуўся такi дзiкi крык, што ўсе аслупянелi. Прыгожа кажучы, так можа крычаць мо толькi паранены звер. З пакоя вылецела з газетай у руцэ i пачалося... Пачалася самая натуральная, зусiм дарослая iстэрыка. Пацярпелi прадметы мэблi i крыху посуду. Адзiн за адным пачалi падыходзiць суседзi з пытаннем: «Што ў вас тут такое?! Мо забiваюць? Званiце ў мiлiцыю!» Разабралiся без мiлiцыi. Праз паўгадзiны ўнучка супакоiлася. Расказала, што яе бiлет не выйграў. — Дурненькая, гэта ж латарэя! Як пашанцуе! — Ага, а чаму яны кажуць, што я выйграю? — Ды хто кажа?! — А па тэлевiзару! Такiм чынам, дыягназ акрэслiўся: «Лови свой шанс и выигрывай!». Тэлевiзар вiнаваты? Ну, не зусiм. Тэлевiзар — гэта толькi люстэрка, у якiм адлюстроўваецца наша жыццё. Люстэрка, праўда, часам крывое. Адным словам, выхаваннем унучкi займаюцца не мацi i не бабуля, а сп. Тэлевiзар. Добра гэта цi дрэнна? Нi першае, нi другое — гэта, на жаль, проста факт. Што ж па тэлевiзару, што ён дыктуе сваiм адданым рабам? Поспех, поспех, поспех, — можна любой цаной. 99 працэнтаў бясконцых «мыльных опер» — менавiта пра поспех. Гэта, канешне, прымiтыў, але ў душах тэлерабоў ён знаходзiць гарачы водгук. Думка праводзiцца элементарная: шчасце — гэта калi ў цябе шмат грошай. Ну а калi iх вельмi шмат, то маральныя праблемы можна не заўважаць. Тэлевiзар, у прынцыпе, хоць i крывавата, аднак жыццё адлюстроўвае. Ён адлюстроўвае: раптам нiчога стала не сорамна — нi голага меркантылiзму, нi жорсткасцi, нi моцнага жадання сумнiўных забаў. Стала не сорамна не ведаць простых iсцiн. У многiх з нас ажылi першабытныя iнстынкты. Што даказала ўнучка Таццяны Пятроўны. Яна — tabula rasa, белая дошка, чысты лiст паперы, на якiм можна напiсаць што заўгодна. Ну, вось напiсалi тое, што напiсалi. Для поспеху, напiсалi, не так i патрэбны розум, сумленне, талент, праца. Усё гэта з поспехам могуць замянiць нахабнасць i жалезныя локцi. Няхiтра i даўно вядома. Але дзейсна. Вам прыводзiць прыклады? Вы i самi ведаеце не менш за мяне. Сумна ўсё гэта. Хоць я i не думаю, што выйсця зусiм няма. Яно ў нас самiх. Жыццё пастаянна змяняецца — змяняемся i мы...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Калi хто думае, што гаворка сапраўды пойдзе пра анекдоты, то ён памыляецца. У часы, скажам, А.С. Пушкiна анекдотам называлi займальную гiсторыю з жыцц
|
|