Алег Шэпель пакарыў Мiнск са 152 рублямi ў кiшэнi
Юрась ШАЎЦОЎ
Гэты чалавек добра вядомы ў спартыўных колах. Экс-капiтан беларускай мiнi-футбольнай зборнай сярод iнвалiдаў па зроку, той самай, якая была чэмпiёнам свету i Еўропы. Сёння ён займае пасаду прэзiдэнта Паралiмпiйскага камiтэта, i яго дзейнасць адыгрывае не апошнюю ролю ў тым, з якiм багажом медалёў рознай вартасцi вернецца наша паралiмпiйская зборная з будучых гульняў у Пекiне. Акрамя ўсяго, Алег Шэпель з’яўляецца адным з iнiцыятараў акцыi «Спартсмены — дзецям». I калi толькi ён усюды паспявае...
Праца, ад якой залежыць iмiдж краiны — Вылучыце найбольш паспяховыя вiды спорту, якiя можна разглядаць праз прызму будучых Паралiмпiйскiх гульняў. — Тут няма нiякага сакрэту — развiваюцца тыя ж вiды, што i ў здаровых спартсменаў: лёгкая атлетыка, плаванне, веласпорт. На гэта ёсць пэўныя прычыны — традыцыi, трэнеры здаровых алiмпiйцаў, а нашы, як вядома, трэнiруюцца ў тых жа спецыялiстаў. Гэтыя вiды найбольш медаляёмiстыя i могуць даць найбольшую аддачу. Увогуле ўзровень Паралiмпiйскiх гульняў хутка расце, таму ў блiжэйшай будучынi вынiкi наблiзяцца да паўнавартасных алiмпiйскiх. Хоць, канешне, усё залежыць ад фiнансавага стану. Раней спорт быў проста данiнай павагi людзям з абмежаванымi магчымасцямi, а сёння гэта дзея стала камерцыйным праектам. А самае галоўнае — гэта палiтычны аспект. Бо спорт — вiзiтная картка краiны. У кожнай дзяржаве твар яе вызначаецца адносiнамi да дзяцей, людзей састарэлага ўзросту i iнвалiдаў. А што датычыцца ўзросту спартсменаў — у пашпарт не заглядваем. Калi спартсмен праходзiць квалiфiкацыю, выконвае нарматывы, то ён трапляе ў каманду. Турыстаў з сабою не возiм — гэта вельмi дарагое задавальненне. Зараз мы ўжо нават не маем магчымасцi падрыхтаваць людзей з «нуля». Мы павiнны адбiраць толькi мацнейшых i рыхтаваць iх да больш высокiх вынiкаў. — I каго з маладых ды перспектыўных вы вылучылi б з нашай паралiмпiйскай зборнай? — Фартунаў Iгар, лёгкая атлетыка. Хлопцу ўжо за 30, аднак ён вельмi сур’ёзна адносiцца да трэнiровак, аднаўляльных працэдур, таму i можа пры пэўнай фартуне дабiцца вялiкага поспеху. Сiвакова Тамара — кiдальныя вiды. Узрост тут можа быць i больш сталы. Ёсць вядомы прыклад Элiны Зверавай, якая i ў 40 гадоў паказвае выдатныя вынiкi. А вось у плаваннi ў нас сапраўды падрастае маладое пакаленне — 22—23-гадовыя юнакi. Макараў Раман, Пунько Сяргей — ужо «аксакалы», нягледзячы на ўзрост. Падае надзеi Васiленка, таксама перспектыўная спартсменка. — А чым займаюцца Паралiмпiйскi камiтэт i розныя грамадскiя аб’яднаннi, акрамя падрыхтоўкi да Гульняў? Напрыклад, не так даўно адбылiся спаборнiцтвы па баскетболу сярод iнвалiдаў-калясачнiкаў. Можна меркаваць, што гэта не адзiнкавая акцыя... — Аб’яднанні iнвалiдаў па зроку, па слыху i iншыя маглi б перавярнуць горы, калi было б адпаведнае фiнансаванне. Аднак не ўсюды мы (Паралiмпiйскi камiтэт) знаходзiм той кантакт, якi хацелася б. Можна зразумець, канешне, i кiраўнiкоў грамадскiх аб’яднанняў, у якiх хапае i сваiх спраў, акрамя спорту, — вытворчасць, сацыяльны напрамак. Самымі моцнымі традыцыйна лiчацца спартсмены з аб’яднання iнвалiдаў па зроку. Прычына вельмi простая. Дзесьцi ў 1997-м (калi было не да вiдовiшчаў) у гэтым аб’яднаннi працаваў мой папярэднiк Анатоль Iванавiч Нятылькiн, якi хоць i невiдушчы быў, аднак бачыў далёка i не даў загубiць спартыўныя пачынаннi. Падтрымлiвалi фiнансава хлопцаў, не звольнiлi нiводнага трэнера. I вось гэты касцяк сёння яшчэ паказвае вынiкi. З футболам па жыццi — Вы таксама ўпiсалi сваё прозвiшча ў гiсторыю Паралiмпiйскага руху. Менавiта падчас вашых выступленняў беларуская мiнi-футбольная зборная дабiлася найвышэйшых вынiкаў. — Можа гэта прагучыць i нясцiпла, аднак нейкая частка заслугi ў станаўленнi i арганiзацыi гэтай зборнай ёсць i за мною. Невялiчкая, аднак ёсць. Каманда стваралася на голым месцы. Памятаю, як у самым пачатку мы прайгравалi тым жа iспанцам 8:1, iтальянцам з двухзначным лiкам. Аднак пацiху, шляхам селекцыi, за тры гады мы стварылi зборную сусветнага ўзроўню. Выйграць у Бразiлii на iх пляцоўцы — гэта амаль подзвiг. Цяжка ўявiць сабе бразiльскую балельшчыцкую тарсiду, якая падтрымлiвае сваiх. Гэта трэба бачыць. Нават мне, чалавеку прывычнаму да ажыятажу гледачоў, было крыху не па сабе, калi вакол не проста балельшчыкi, а фанаты, калi не чуеш партнёраў на пляцоўцы. Зараз мiнi-футбольная зборная на хаду, аднак iснуе шмат праблем, у першую чаргу фiнансавых. Гэта звязана з тым, што футбол нiяк не ўключаць у праграму Паралiмпiйскiх гульняў. Таму i фiнансаванне каманды iдзе па астаткаваму прынцыпу. Гэта не зусiм правiльна, бо футбол — спорт нумар адзiн, няхай сабе i мiнi, i сярод iнвалiдаў па зроку. Ён застаецца вiдовiшчным i збiрае вялiкую аўдыторыю. Нават у Мiнску, падчас чэмпiянату Еўропы, спартыўныя пляцоўкi не маглi змясцiць усiх жадаючых. — А дзе менавiта вы пачалi гуляць у футбол? — У iнтэрнаце. У нас былi як футбольныя трэнiроўкi, так i заняткi па лёгкай атлетыцы. Дарэчы, наша футбольная каманда магла, што называецца, на адной назе абыграць зборную раёна, аднак з-за дрэннага зроку нас не бралi ў зборныя раёна цi вобласцi. — Наколькi я ведаю, вы i зараз не закiнулi трэнiроўкi. Кожную нядзелю ў Мiнску збiраецца футбольная каманда, i матчы адбываюцца пры любым надвор’i. — Сапраўды, кожную нядзелю мы збiраемся. Ужо на працягу 17 гадоў. I на самай справе ў любы час года i пры любым надвор’i. Па-першае, дзеля падтрымання спартыўнай формы. Па-другое (што нават яшчэ важней) — iснуе чыста псiхалагiчны аспект. На футбольным полi можна даць волю эмоцыям, якiя назапасiлiся за тыдзень. На працоўным месцы вельмi часта прыходзiцца стрымлiвацца. А на футболе потым можна ўсё гэта выплюхнуць без крыўды для навакольных i для сябе. Потым прыходзiш дадому фiзiчна стомленым, але галава настолькi светлая, што хочацца брацца за якую-небудзь справу. Менавiта таму можна на пальцах пералiчыць нядзелi, калi мы не збiралiся на футболе. За ўсе 17 гадоў iх набярэцца не больш за дзесятак. За гэты час змянiлася ўжо тры пакаленнi iгракоў. Сярод iх вядомыя ў мiнулым футбалiсты мiнскага «Дынама», кiраўнiкi буйных прадпрыемстваў. Але пераважная большасць — простыя рабочыя, вадзiцелi, студэнты... Чалавек, якi зрабiў сябе сам — Вы родам з Ухлясцi, што на Быхаўшчыне. Дома часта бываеце? — Не так часта, як хацелася б. Разумею, што гэта не вельмi добра, улiчваючы складаны час, у якi жывём. Аднак пры кожнай магчымасцi заўсёды еду дадому. Бывае, калi на рабоце стамляюся, бяру пару дзён выхадных i еду. Паблукаю па лесе, падыхаю свежым паветрам — i адразу зусiм iншыя эмацыянальныя адчуваннi. — Кажуць, вы клапоцiцеся аб спартыўным духу роднага мястэчка. Менавiта дзякуючы вам ва Ухлясцi з’явiўся добраўпарадкаваны стадыён... — Тут мая дзейнасць пераклiкаецца з акцыяй «Спартсмены — дзецям», адным з iнiцыятараў якой я з’яўляюся. Мы збiраем сродкi сярод вядомых спартсменаў, дэпутаты на месцы займаюцца спiсам людзей, якiм патрэбна дапамога. У той жа час размаўляем са спевакамi, каб далi бясплатны канцэрт. Гэта не толькi ўручэнне падарункаў, а свята, якое мы прывозiм з сабою ў райцэнтры Беларусi. Людзей, якiя, нягледзячы нi на што, гадуюць шмат дзяцей альбо працуюць у прытулках, трэба сама меней паважаць за iх бескарыслiвую працу. I, па магчымасцi, дапамагаць. Тое ж самае раблю i я ў адносiнах да родных мясцiн. — Было б цiкава даведацца, як лёс прывёў вас у Паралiмпiйскi камiтэт? — Усё пачалося са спартыўнага боку. Яшчэ ў зборнай Савецкага Саюза па лёгкай атлетыцы ў мяне былi добрыя адносiны з астатнiмi спартсменамi. Быў капiтанам, таму што ўдавалася адстаяць не толькi сваю думку, але i думкi тых, хто не мог сам за сябе сказаць. Падчас выезду за мяжу нас у савецкiя часы загружалi «высокiмi матэрыямi», а прасцей сказаць: «гэта можна, а гэта не» — не маглi. Усе чыноўнiкi i кiраўнiкi пераводзiлi спрэчныя пытаннi ў плоскасць маралi. А капiтан каманды якраз-такi павiнен размаўляць на той жа мове, што i каманда. У той жа час трэба разумець i кiраўнiкоў. Пасля стаў капiтанам зборнай СНГ, потым зборнай Беларусi. Пасля спорту накiраваўся ў бiзнэс. Прычым са спорту пайшоў у самы разгар, таму што маю за правiла не трымацца да апошняга, пакуль не выганяць. Лепей пайсцi самому i своечасова. I зараз ёсць шмат знаёмых у самых розных сферах. Сёння я ж з’яўляюся яшчэ i старшынёй Цэнтральнага праўлення грамадскага аб’яднання «Беларускае таварыства iнвалiдаў па зроку». А гэта салiдная структура, дзейнасць якой налiчвае восемдзесят гадоў. I за плячыма ў яе сёння больш за 20 тысяч чалавек. Плюс вытворчасць. Прадукцыя, якую выпускаюць iнвалiды па зроку, павiнна быць якаснай, бо пакупнiку ўсё адно, хто яе выпускае — сляпы цi вiдушчы, здаровы цi iнвалiд. — Пра такiх, як вы, англiчане кажуць «self-made man» — чалавек, якi зрабiў сябе сам. Раскрыйце, калi ласка, сакрэт поспеху. — Я лiчу, што не вельмi адрознiваюся ад людзей, якiя жылi ў маёй вёсцы. Канешне, вялiкую ролю адыграла ранняя смерць маёй мацi (мне было дзесяць гадоў). Я тады пасталеў вельмi хутка. У iнтэрнаце давялося прайсцi школу жыцця, падобную на армейскую. Нас у пакоi жыло 28 чалавек, быў распарадак, была дысцыплiна. Сёння многае здаецца дзiкаватым, аднак я не шкадую, што праходзiў гэтую школу на працягу 8 гадоў. Калi я прыехаў упершыню ў Мiнск, у кiшэнi ў мяне ляжалі 152 рублi. Я нiкога i нiчога не ведаў у вялiкiм горадзе, выйшаўшы на вакзале. Паступiў у iнстытут культуры на спецыяльнасць «рэжысёр масавых мерапрыемстваў». З тых грошай, што былi, набыў зiмовую куртку за 116 рублёў. З гэтага ўсё пачыналася. Я добра разумеў, што акрамя сябе, разлiчваць няма на каго. У плане унiверсiтэцкага жыцця было лёгка, бо прыехаў я з рэальных умоў, а не «цяплiчных». Плюс зразумеў, што ёсць магчымасць выбiцца праз спорт. Аднак дзеля гэтага давядзецца штосьцi страцiць. Паверце, былi моманты, калi хацелася ўсё кiнуць. Калi бачыў, што равеснiкi на дыскатэкi ходзяць, увогуле шмат вольнага часу на сваю карысць трацяць. У мяне такой магчымасцi не было. Можна сказаць болей — дзяцiнства не было, юнацтва не было. Аднак усё ж у жыццi ўзаемазвязана. Не было ў той час — кампенсуецца зараз. А самае галоўнае — гэта паставiць мэту i верыць у сябе. Дзеля гэтага неабходныя толькi праца i цярпенне. Гэтак жа як i добрасумленнасць. Сёння ты на вышынi, а заўтра можаш аказацца ў безданi. У любой сiтуацыi трэба заставацца такiм, якi ты ёсць. I ў адносiнах да iншых, i ў адносiнах да сябе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Гэты чалавек добра вядомы ў спартыўных колах. Экс-капiтан беларускай мiнi-футбольнай зборнай сярод iнвалiдаў па зроку, той самай, якая была чэмпiёнам |
|