У КОЖНАГА — СВОЙ САБАКА
Сымон СВIСТУНОВIЧ
Лiчыцца, што ў наступным годзе будзе шанцаваць тым, хто нарадзiўся ў год Сабакi. На гэта можна спадзявацца, але гарантыi няма. А вось тое, што сабакi ў характары маюць шмат агульнага з чалавекам, — гэта факт. Справа ў тым, што за тысячагоддзi цеснага кантакту з чалавекам сабакi многае перанялi ад сваiх гаспадароў. Сёння на свеце iснуе больш за 400 парод сабак, якiя маюць нешта агульнае цi iстотна адрознiваюцца. Ды i незалежна ад пароды ў кожнага сабакi свой нораў — гэтак жа як i ў людзей.
Калi чалавек самавiты, спакойны i па натуры добры, то для яго сенбернар найлепшы сабака. Праўда, яго не трэба трымаць на ланцугу, iнакш з добрага сабакi сенбернар ператворыцца ў лютага. А вось каўказкую аўчарку любяць гаспадары, якiя жывуць заможна, маюць катэджы, якiя неабходна ахоўваць. I каўказец са сваiмi абавязкамi спраўляецца, бо можа вартаваць суткамi i да чужых недаверлiвы, а галоўнае, як i гаспадар, прывязаны да тэрыторыi, дома, якiя ахоўвае, а чалавек для яго на другiм месцы. Сабакi байцовай пароды запатрабаваныя найперш людзьмi маладога веку, агрэсiўнымi па характару цi тымi, якiя адчуваюць душэўны дыскамфорт. I не дзiўна, што пiтбуляў, бультэр’ераў i iншых галоўным чынам трымаюць «крутыя». У натуры гаспадароў i сабак шмат агульнага. Цяжка ўявiць, што «аўтарытэт» будзе прагульвацца з пекiнэсам цi шпiцам. Ратвейлеры, даберманы, нямецкiя аўчаркi — сабакi сур’ёзныя, але iх часта заводзiць розная шпана, каб умацаваць свой iмiдж у вачах да сябе падобных. А сабакi гэтых парод паважаюць гаспадароў сур’ёзных, iнакш памiж сабакам i чалавекам альянсу не будзе, i часцей за ўсё, убачыўшы, што сабака жыве сам па сабе, ад яго пазбаўляюцца. А людзi таварыскiя, камунiкабельныя, вясёлыя аддаюць перавагу лабрадорам i далмацiнцам, якiя па характару такiя ж. Ва ўсякiм разе, злосны чалавек на гэтых сабак увагi не зверне, а будзе шукаць больш агрэсiўнага, хоць часта людзi з такiм характарам увогуле сабак не любяць. Што датычыцца пудзеляў, то яны нiбы спецыяльна выведзеныя для жанчын. У пудзеляў ёсць шмат жаноцкага. Яны любяць, калi iх водзяць у цырульню i там гадзiнамi чаруюць над прычоскамi, стрыгуць, заплятаюць коскi, палiруюць кiпцюры. I хоць пудзель — сабака паляўнiчы, але ён даўно стаў дэкаратыўным i ўсiм сваiм выглядам падкрэслiвае гэта. Як i жанчыны, пудзель любiць гуляць i пазiраваць на публiку. Адносна балонак, пекiнэсаў i iншых дробных сабачак, то яны таксама любiмыя жанчынамi, але, як правiла, ужо немаладога веку. Iх носяць на руках, апранаюць у камiзэлечкi, калi выводзяць на прагулку i не ведаюць чым накармiць. Памiж гэтымi сабачкамi i iх гаспадынямi ўзаемная любоў. Для многiх жанчын яны — як дзецi. I, адчуваючы гэта, сабакi могуць i капрызнiчаць. Паляўнiчыя сабакi, як i iх гаспадары, паводзяць сябе прагматычна. Першыя шалеюць ад шчасця, што iх узялi на паляванне, а другiя радуюцца, калi сабака возьме след звера цi нагонiць яго на стрэл. А большага iм i не трэба. У кожнага — свой сабака, i тут важна не памылiцца. Напрыклад, у дога павiнен быць прыстойны гаспадар. Гэтага сабаку нельга навязваць на ланцуг ля будкi. Чалавеку неабходна глядзець на дога з павагай, i ён аддзячыць сваёй адданасцю. Але большасць людзей трымаюць сабак беспародных. I трэба адзначыць, што дварняк часта куды разумнейшы, чым пародзiсты. Праўда, беспародныя жывуць без асаблiвых прэтэнзiй, як i iх гаспадары без амбiцый. Усiх сабак немагчыма пералiчыць, ды i неабходна ведаць iх звычкi. Баксёры, бульдогi, колi, шнаўцэры i сотнi iншых парод маюць сваiх прыхiльнiкаў, а я хачу сказаць некалькi слоў пра такс. У мяне былi розныя сабакi, але па душы прыйшлiся менавiта таксы. Норма пражыла 15 гадоў i адышла ў лепшы свет, а яе 14-гадовая дачка Iрма яшчэ жыве. Сабакi з характарам, умеюць прыняць самастойнае рашэнне, кемлiвыя, вясёлыя i ўпартыя, могуць за сябе пастаяць... Што ў мяне з iмi агульнага — не магу сказаць. А жонка ўпэўненая, што нас аб’ядноўвае толькi адно — упартасць. Можа яно i так.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Лiчыцца, што ў наступным годзе будзе шанцаваць тым, хто нарадзiўся ў год Сабакi. На гэта можна спадзявацца, але гарантыi няма
|
|