Генадзь КУРАЧКIН: «Жыллё для чаргавiкоў сёлета падаражэе не больш чым на 10—11 працэнтаў»
Сяргей КУРКАЧ
Для будаўнiчай галiны мiнулы год быў вельмi напружаным, але найбольш вынiковым за апошнiя 10—15 гадоў. Як падкрэслiў на сустрэчы з журналiстамi мiнiстр архiтэктуры i будаўнiцтва Генадзь Курачкiн, будкомплекс выканаў дзяржзаданне па ўводу ў дзеянне агульнай плошчы жылля на 107,5 працэнта, па вытворчасцi будаўнiчых матэрыялаў на 109 працэнтаў i па аб’ёму падрадных работ на 110 працэнтаў.
Такiм чынам, паводле слоў мiнiстра, летась у краiне галiной выканана падрадных работ больш чым на 6 трыльёнаў рублёў, або ў эквiваленце на 2,8 млрд долараў. Па папярэднiх ацэнках, летась было здадзена ў эксплуатацыю каля 3 мiльёнаў 800 тысяч квадратных метраў жылля, што з’яўляецца лепшым паказчыкам пасля 1990 года. У параўнаннi з 2004 годам увод жылля павялiчыўся на 250 тысяч квадратных метраў. Цалкам выканана ўрадавае заданне па будаўнiцтву аднакватэрных жылых дамоў у сельскагаспадарчых арганiзацыях, дзе было здадзена ў эксплуатацыю больш за 9 тысяч дамоў (кватэр). Найлепшых паказчыкаў будаўнiчая галiна дасягнула па тэмпу росту iнвестыцый, дзе прагнозныя паказчыкi былi перавыкананы больш чым у 2 разы. Усяго летась будаўнiкамi было выкарыстана iнвестыцый у асноўны капiтал у аб’ёме 260 мiльярдаў рублёў. Пры гэтым галоўнай крынiцай iнвесцiравання з’яўляюцца ўласныя сродкi арганiзацый, пераважна амартызацыйныя адлiчэннi, доля якiх складае звыш 72 працэнтаў iнвестыцый. У мiнулыя гады амартызацыйныя сродкi накiроўвалiся на зусiм iншыя мэты. На гэты год запланавана ўвесцi ў эксплуатацыю агульнай плошчы жылых дамоў у аб’ёме 3 мiльёны 700 тысяч—4 мiльёны 200 тысяч квадратных метраў жылля. Больш таго, зараз распрацаваны планы развiцця будаўнiчай галiны на блiжэйшую пяцiгодку. Такiм чынам, за гэты час плануецца павялiчыць аб’ёмы штогадовага будаўнiцтва жылля не менш чым у 1,6 раза. Самым балючым пытаннем для большасцi насельнiцтва нашай краiны застаецца рост цэн у жыллёвым будаўнiцтве. Кiраўнiк будаўнiчай галiны запэўнiў журналiстаў, што кошт квадратнага метра жылля у шматпавярховых дамах, якiя будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай за гэты год не павялiчыцца больш чым на 10—11 працэнтаў. Сёння сярэднi кошт квадратнага метра жылля пры будаўнiцтве жылля масавых серый для «чаргавiкоў» складае 372 долары. Самае дарагое жыллё для маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў будуецца ў Гродне, а самае таннае — МАПIДам у Мiнску. Разам з тым па сiстэме долевага будаўнiцтва самае дарагое жыллё будуецца зараз у сталiцы краiны, дзе квадратны метр жылля каштуе прыкладна 954 долары. У гэтым кошце львiную долю затрат забудоўшчыкаў, у памеры каля 320 долараў, складаюць выдаткi на архiтэктурныя распрацоўкi, фiнансаванне iнфраструктуры, выдзяленне будаўнiчых пляцовак i г.д. Паводле слоў Генадзя Курачкiна, сёння спецыялiстамi Мiнархiтэктуры падрыхтаваны ўказ кiраўнiка дзяржавы, дзе дасканала акрэслiваецца структура долевага будаўнiцтва. У дакуменце прапiсаны пэўныя абмежаваннi па аб’ёмах аплаты «дольшчыкамi» гарадской iнфраструктуры, прадугледжаны жорсткi кантроль з боку дзяржаўных структур расходвання сродкаў забудоўшчыкаў. Паводле слоў мiнiстра, зараз у цэлым па краiне сегмент долевага будаўнiцтва складае не больш 5—7 працэнтаў ад агульнага аб’ёму жыллёвага будаўнiцтва. Большасць камерцыйнага будаўнiцтва прыпадае сёння на сталiцу нашай краiны. Аднак ужо сёлета ў Мiнску запланавана пабудаваць не менш чым 60 працэнтаў жылля менавiта для маючых патрэбу ў паляпшэннi жыллёвых умоў. У блiжэйшыя некалькi гадоў гэты паказчык вырашана павялiчыць да 80 працэнтаў ад агульнага аб’ёму будаўнiцтва жылля.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Для будаўнiчай галiны мiнулы год быў вельмi напружаным, але найбольш вынiковым за апошнiя 10—15 гадоў |
|