Раб чмяля
Васiль ТКАЧОЎ
На конкурс апавяданняў Васiль Ткачоў не навiчок i не аматар у лiтаратуры — сталы i вядомы пiсьменнiк. Даўнi аўтар «Звязды», лаўрэат яе конкурсу. I на сённяшнi дзень, калi цi не ўсе вакол пiсьменнiкi, радуюць i здзiўляюць яго адносiны да сваёй працы, да сяброўскага крытычнага слова: да гэтага апавядання ў нас былi сякiя-такiя заўвагi. Ткачоў перапiсаў яго цалкам. Ат каб кожнаму, а больш — маладзейшым ды такое стаўленне да працы, да сваёй прафесii.Вiктар КАЗЬКО. Антон Падканаўскi папрасiў сваiх хатнiх, каб яму перш-наперш прынеслi ў бальнiчную палату пушачку, што ляжыць у самым канцы шафкi стала. Там — чмель. «Патрымаць яго хочацца, у вочы яму, д’яблу, глянуць». Спярша ён, чмель, ляжаў у белай старэнькай матчынай хустцы, быццам похапкам завязанай на лёгенькi вузельчык... Прабач, чмель, у цябе лёс такi... Прабач... Было гэта яшчэ задоўга да вайны, калi Падканаўскi пражыў на гэтым свеце ўсяго нiчога. Потым, калi ён пачаў курыць, успомнiў пра чмяля i запiхнуў яго, сухога, лёгенькага i ўсё яшчэ па-ранейшаму прыгожага — з жоўтымi падпалiнамi пад крылцамi — у карабок з-пад запалак: ляжы тут, шаноўны. Яшчэ пазней, калi ў вясковую краму завезлi лампасье ў бляшанках, то, апаражнiўшы iх, дзецi шамацелi медзякамi i iншай дробнай рэштай, а дарослыя прысобiлi тыя бляшанкi, цi падушачкi, як называлi iх некаторыя, пад самасад, нiткi, iголкi i гузiкi. Антон тады ўжо рабiў у калгасе, пераклаў у адну з iх усё таго чмяля: а цяпер паляжы тут... тут табе больш прасторна. Пакуль жыла мама, чмель увесь час ляжаў у адным месцы — у сундуку, дзе была спрасавана вопратка i розныя прасцiрадлы. Мамы даўно няма, невядома куды падзеўся i сундук, аднак Антон Падканаўскi, невысокага росту i шчуплы дзядок, добра помнiць, як яна, загнаўшы чмяля ў куточак ваконнай рамы, радавалася: «Трымай яго!.. Лавi!.. Ага, папаўся, тут!..». А тады, завязаўшы чмяля ў белую старэнькую хустачку, шчаслiва ўсмiхаючыся, гаварыла сыну: «Запомнi, Антон: калi першага чмяля, што ўвесну заляцiць, засушыць i трымаць усё жыццё ў хаце, то шчасце не абмiне цябе, будзеш багатым i шчаслiвым. На, сам схавай гэты вузельчык. Ён твой...». Тады ж, як толькi хлопчык заснуў, яму прыснiўся сон: быццам трапiў ён у чмялiнае царства. Рудавата-жоўтыя чмялi безупынна i назойлiва гулi ў садах i на падворках, цяжка, натруджана, нiбы перагружаныя ўласнай вагой цi ежай, лёталi над галовамi людзей i хатнiх жывёлiн, над усёй зялёна-мройнай зямлёй. Велiчна i ўладарна, як гаспадары. Якраз у той час над вёскай з’явiлiся бамбардзiроўшчыкi: спярша варожыя, потым — нашыя. З’явiлiся — i знiклi. А чмялi засталiся. I хто-нiхто з вяскоўцаў падумаў, што чмялi гэтыя, каб iм тлумна зрабiлася, наклiкалi бяду. Нiколi ж раней столькi iх не было, а тут як з сяўнi хто насыпаў, ды шырока размахнуўся — вунь iх, паразiтаў, колькi!.. Хоць ты загадай дзятве, каб тыя палавiлi iх ды знiшчылi. Толькi цi справяцца ж? Процьма iх, процьма!.. Бацька Аўгей сказаў: — Няпрошаныя яны, таму трэба iх знiшчаць. А то, бач ты, пераўтварылiся ў самалёты... Паставiць на сваё месца iх трэба... I вухнула першая бомба!.. На гэтым месцы i прачнуўся малы Антон. Аднак ён добра помнiў, што прачнуўся пасля таго, як пагрозлiва выгукнуў у бок таты: «Свайго чмяля я не дам знiшчаць!». Чмяля, як i прасiў, Падканаўскаму прынеслi. Паставiлi пушачку на вечка тумбачкi, трохi пагаманiлi ды й пайшлi: спраў, кажуць, дома багата. Некалi. А стары ляжаў на спiне, талопiў вочы ў столь i збiраўся ўстаць, а як зрабiць гэта — не ведаў зусiм: у апошнi час сiлы амаль пакiнулi яго, цела зрабiлася непаслухмяным, перастаў хадзiць нават у сталоўку. Ежу прыносяць у палату. А сёння яму край трэба ўстаць. Нядзеля, усе лёгка хворыя i гарадскiя адпрасiлiся дамоў, i ён адзiн у палаце. Самы час пагаварыць з чмялём адзiн на адзiн. I Падканаўскi прыўзнiмаецца, прыўзнiмаецца... моршчыцца ад болю... Мацюгнуўся нат, хаця ў гэтым плане ён чалавек вытрыманы. Мацюгнуўся i, абапершыся на локаць, перакулiўся на бок, звесiў ногi... Як нi сiлiўся, аднак стаць на iх не атрымалася: добра, рашыў, будзе i так. Сядзець — не ляжаць. — Ну, дзе ты, чмель? — дрыжачай рукой Падканаўскi ўзяў пушачку, расчынiў, дрыготкiмi пальцамi разгарнуў паперку, у якой быў сухi — страшна падумаць, як толькi збярогся! — чмель: без паперкi ён бы, вядома, распаўся на пыл, коўзаючыся ў металiчнай схованцы. — Гэта я, Антон. З-пад Канавы. Пазнаў? Не прыкiдвайся, што не... Усё ты ведаеш, усё ты помнiш... Бо — святы... А цяпер паслухай мяне, пагаварыць з табой мушу! — Даўкi камяк, што падступiўся к горлу, ён нiяк не мог праглынуць, таму ўтварылася паўза; заадно выцер i вiльгаць на вачах: — Так сказаць!... Нешта ты, чмель, не выканаў свайго прызначэння... Не, ты не падумай, што я цалкам паклаўся на цябе: чмель мне грошай заробiць i кашы нагатуе, прымець у парцiю i цяпер вось пакладзе пенсiю, каб я мог не толькi крэкнуць-кашлянуць. Каб жа! Стараўся жыць, высiльваўся, спадзеючыся i на цябе ж, вядома, а атрымаўся з усяго гэтага круглы пшык, сказаць па праўдзе. Ты паглядзi, паглядзi на мяне, на каго я падобны?.. А пачыналася ж усё так хораша... Вiдаць, там i ты падмог... А пазней не дужа стараўся, капрызiў. Што факт, тое факт. Як бы там нi было, а на цябе я моцна пакрыўджаны, чмель. Моцна-а!.. Не апраўдаў ты матчыных надзей, дарэмна яна тады злавiла цябе, а я насiўся з карабкамi-пушачкамi, як з пiсанай торбай, i ўсё жыццё, дай памяць, быў тваiм рабом. Дарэмна. I ў армiю браў, нат да яфрэйтара не даслужыўся, а вось гаўптвахту не мiнуў... Нехта адчынiў дзверы ў палату i тут жа хуценька iх прычынiў. Той нехта, пэўна ж, ведаў, што ў пакойчыку павiнен быць толькi адзiн чалавек — хворы Падканаўскi — i быццам яму няма з кiм размаўляць, а ён, гляньце, разахвоцiўся — гамонiць i гамонiць без супыну. А калi той нехта ўбачыў у пакоi аднаго старога, хуценька i прычынiў дзверы: з iм усё зразумела!.. Сядзiць i гамонiць сам з сабой. У яго гады бывае. Лепш не чапаць!.. Падканаўскi ж апавядаў далей чмялю пра сваё жыццё, заблытанае i няпростае. Сцежкi-дарожкi былi пройдзены-праеханы зусiм не так, як бачылася i хацелася б, i ў тых прарэхах, на думку старога, быў павiнен i чмель. Ушчуваў i спавядаўся перад чмялём, таму што больш не было перад кiм. А яму так хацелася гэтага! I, мабыць, тут спалучылiся, злiлiся ў адно два жаданнi. — А тады ж, адразу пасля вайны, калi з яе пачалi прыходзiць, пiлi за перамогу, i мне налiлi ў карэц. Пракаўтнуў, i так спадабалася, i так палюбiў я гэтае дзела!.. Але ж я не ведаў, што мне зусiм пiць нельга... Гэны, iцi iх маць!.. У дзеда ўдаўся, а ён таксама супрацiўлення алкаголю не меў... i ў мяне такi арганiзм — без педалёў на тормаз: трапiла кропля ў рот — яшчэ давай, яшчэ... пакуль ноч не наступiць. Спаў i снiў толькi гарэлку... Нi баб, як некаторыя, а гарэлку... Яна i стала маёй бядой. Тым часам шлюбам з суседкай, Вольгай, пабраўся, яна ўжо вывучылася на настаўнiцу, у Абiдачах дзетак вучыла. Сышлiся, пачалi жыць. А тады я грошы ў яе ўкраў, каб выпiць, яна агледзела i сказала, каб убiраўся... А ўжо сынок быў у нас, Васька... брат мой на фронце загiнуў, пад Ленiнградам, то каб помнiць яго... у гонар брата назвалi... Вось так, чмель!.. А ты кажаш!.. Да бабкi ў Зiмнiцу мяне матка звадзiла, пасля яе шаптання пайшла светлая паласа: на шафёра вывучыўся, палутарку далi... у асноўным салому звозiў з поля i за хлебам ездзiў у Журавiчы... i Ваську браў iншы раз з сабой... Ён дужа крошкi хлебныя любiў падбiраць, што заставалiся ў кузаве на блясе. Саграбе iх у кучку, i ў рот, i ў рот... А сам смяецца, ты б пабачыў!.. Тут Вольга малайчына: i са старымi маiмi, i са мной добра вяла сябе... як нiчога i не адбылося... А тады бяда ў мяне здарылася: пасадзiлi. На сем год. Кола для калгаснай палутаркi я перакiнуў у тых жа Журавiчах, каля хлебнага завода, з чужой машыны ў сваю... Так хацелася мне, каб мелася ў мяне запасное кола!... А што атрымалася? Пасадзiлi... Судзiлi ў Журавiчах. Вольга Ваську на суд прывяла, а калi мяне ў «варанок» вялi, сынок плакаў — шкадаваў... родная ж кроў, што не кажы. Так памерла апошняя надзея зноў сысцiся з Вольгай, а я любiў яе, хоць яна была i з рабацiннем на твары... А для мяне самая прыгожая: вочы гарэлi, як у цыганкi. I душа добрая. Як адчуваў, так i атрымалася: Вольга замуж выйшла — за настаўнiка, якога прыслалi ў школу. Без рукi быў, праўда, але ж i ў яе Васька... Баланс. З турмы вярнуўся раней, трапiў пад амнiстыю, збiраўся ехаць куды ў шахты, аднак Васька не адпусцiў: адзiнае светлае, што ў мяне мелася на той час — хоць i на адлегласцi... Так хоць калi ўбачу яго, на каленi пасаджу... Цяжка мне было тады, ох i цяжка!.. Завёў новую сям’ю — жыць не атрымалася, падала на развод баба, адсудзiла гумно ў бацькi... Таму я, калi i жанiўся, больш не распiваўся. А жанiўся часта. Пакуль Марусю не стрэў, тая нарадзiла мне дзвюх дачок i сына... Пайшлi дзецi i ў Вольгi... Тут такая катавасiя, братка чмель, атрымалася... Ваську запiсалi ў школе на Трафiмава прозвiшча, новага, значыць, мужа... Настаўнiкi ж: хацелi — i запiсалi... А калi сын школу заканчваў, восем класаў, i яму трэба было выпiсваць атэстат, то кiнулiся: ён жа, Васька, на маё прозвiшча запiсаны... без маёй згоды не могуць памяняць прозвiшча... Яму няма шаснаццацi... I да мяне, значыць: напiшы, Антон, што не супраць. Так Ваську лепей будзе — ты ж сядзеў... Праклятая гарэлка, праклятае кола!.. Ну, калi толькi дзеля Васькi. Здаўся, хоць спярша i натапырваўся: нiзашто!... А Васька потым стаў пiсьменнiкам, яго часта па радыё чытаюць, а калi аб’яўляюць, то называюць ягонае прозвiшча, а я-то ведаю, якое яно ў яго сапраўднае... I хоць плач мне, шчыра скажу... Магло б праславiцца наша прозвiшча, Падканаўскiя мы, а праславiлася iншае, i калi перадаюць, што Васька нарадзiўся ў нашай вёсцы, то багата хто, асаблiва з суседнiх вёсак, нiчога не могуць зразумець: там жа, у Гуце, такiх i прозвiшчаў няма быццам. Адкуль там узяўся пiсьменнiк?.. Ад каго ён там нарадзiўся?.. Адхiлiўся я. Прабач, чмель. Пра дзяцей. Я пачаў сваiх дзяцей называць такiмi iмёнамi, якiмi называла сваiх i Вольга. Па дзецях, праўда, яна мяне перагнала, бо ў яе адразу двойня нарадзiлася. Ну i дзякаваць Богу!.. Капiталу, чмель, як ты ведаеш, я не нажыў. I як нажывеш, з пугай хадзiўшы за калгасным статкам? Эх, ды што там!.. А Васька прыязджаў разоў колькi. З жонкай, з сынамi. Жонка ў яго прыгожая — аднекуль з Урала цi што. Шапка ў Васькi была, як у Брэжнева. Кнiгу падпiсаў. Даў грошай на вiно i так бутэльку белай прывёз. Да яго ў горад, праўда, я нiводнага разу не выбiраўся — не запрашаў. Калi ж у яго два бацькi, то ўжо той хай ездзiць, прозвiшча якога носiць. Па мне так. Алiменты на Ваську, бо забыўся сказаць, з мяне не бралi. А з чаго ж было браць, з чаго, чмель, ты вось скажы мне? З працаднёў? Яны тады, настаўнiкi, добра жылi. На маё не замахвалiся. Дык вось у цябе, чмель, i папытаць карцiць: дзе яно ляжала, тое багацце? Дзе яно было схавана, тое шчасце, на якое так спадзяваўся? Я ж, чмель, жыў i верыў: заўтра зажыву лепш, вось пабачыце!.. Надыходзiла заўтра, ну i што з таго? А ты кажаш!.. * * * Праз тыдзень Антон Падканаўскi адышоў у iншы свет. На вясковых могiлках было нялюдна, пахавалi яго цiха. Нехта паўшэптам прыгадаў, што з усiмi, каму быў павiнен, ён разлiчыўся. З усiх ягоных дзяцей не было толькi Васiля — яму нават не паведамiлi: палiчылi, што бацька той, хто кормiць i поiць. Калi вясковыя далакопы ўзялi прыхiнутае да бярозы вечка, каб накрыць ёю нябожчыка, падала, нiбы страпянуўшыся, голас суседка Петушыха: — Пачакайце! Я ж i забылася! Выплутала!.. I яна дастала з кiшэнi жакецiка пушачку, упiхнула збоку ў труну, перакрыжавала сябе шчопцем з трох пальцаў: — Даруй, Госпадзi!.. Прасiў... калi памiраў... Можа, там яму хоць пашэнцiць, Антону Аўгеевiчу?.. г. Гомель.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Васiль Ткачоў не навiчок i не аматар у лiтаратуры — сталы i вядомы пiсьменнiк. Даўнi аўтар «Звязды», лаўрэат яе конкурсу |
|