Алё, народ на провадзе!
Дагадзiлi!
Што было — было... У маладыя гады працаваў я экспедытарам на базе. Паездзiў па Саюзе — дай Бог кожнаму. Што вазiў? О-о... У Грузiю — 10-кубовыя бочкi, што варылi нашы зваршчыкi з жалеза, якое прывозiлi з... Грузii. З Архангельска — белыя гузiкi для наўлечак i халатаў, з... Зрэшты, рознай бязглуздзiцы хапала тады i хапае цяпер. Я ж хачу расказаць, як адзiн мужык «з нашай падачы» пiць кiнуў. Ну дык вось. Едзем мы аднойчы ў Крывы Рог. Бачым — у кувеце, ля шашы мужык ляжыць. — Не iначай, як машына збiла, — хрысцiцца Андрэй, мой шафёр. Спынiлi мы машыну, паглядзелi — жывы чалавек, нi драпiнкi нiдзе. Толькi п’яны вельмi. I з кiшэнi пашпарт тырчыць. Разгарнулi. — О, дык ён недалёка жыве, — кажа Андрэй. — Вёрст сем да хаты не даехаў. Па дабрынi душэўнай рашылi мы яму пасобiць — загрузiлi бедака ў пустую фуру, туды ж закiнулi веласiпед, едзем сабе, гамонiм. А пра пасажыра свайго — ну зусiм забылiся. Гадзiны праз дзве толькi ўспомнiлi. Спынiлiся, думаем, што рабiць? Назад яго везцi — часу няма... Выцягнулi з фуры, перанеслi на левы бок шашы, палажылi, рашылi: свет не без добрых людзей, нехта ж падбярэ, падвязе... Паехалi. А трывога ёсць... Днi праз тры вяртаемся назад, думаем: трэба праведаць пасажыра, распытаць, як ён дадому дабраўся? Зазiрнулi ў тую вёску, пытаем ў першай сустрэчнай, дзе жыве такi i такi? — А тут, — кажа жанчына. — Гэта — мужык мой. А што вы хацелi? — Ды так, праведаць, — нахаду стаў хлусiць Андрэй. — Працавалi некалi разам, выпiвалi, здаралася... — О-о! То мой, дзякаваць Богу, адпiў ужо! Да смерцi, казаў, у рот не возьме. — А з чаго ж гэта? — Ды нядаўна ў кума быў. Выпiў там, сеў на ровар, каб дадому ехаць, а замест гэтага — у другi бок... Не паверыце — 120 вёрст адмахаў! I як яго сэрца тады не спынiлася?! Але ж цяпер затое ўсё... Хацелася верыць. Праверыць, на жаль, — не атрымалася. Вiктар Федарака, г. Скiдаль. На кiрмашы — не без абману Муж мамiнай сястры, а значыць, мой дзядзька Сцяпан быў чалавекам вясёлым. Колькi ён ведаў баек, анекдотаў, колькi меў вясёлых прыгод!.. Факт, што ў палату да яго, калi здаралася лячыцца, прасiлiся ў Тураве ўсе чыста хворыя. Казалi, што побач з Радзiёнавым, за дзень, любая болька зажыве. Але ж з яго лёгкай рукi яны не толькi гаiлiся, але i... з’яўлялiся. На пачатку 60-х мы жылi ў Давыд-Гарадку. Туды ж прыязджае раз тураўскi дзядзька. Разам з бацькам маiм iдуць на кiрмаш. Паглядзелi ўсё, што трэба купiлi, сабралiся назад, бачаць — новы тавар: бабы... лупiны прадаюць. У кашах, у вёдрах. — Колькi за свае хочаш? — пытаецца дзядзька ў адной, потым у другой. Побач кабета дзяружку прадавала... Ён i гэта старгаваў. Разаслаў рагожку на зямлi, на яе ссыпалi жанчыны тавар. Дзядзька дастае сто рублёў (вялiкiя грошы былi!) i пачынае здачу пытаць. А яе — нi ў адной гандляркi няма. — То вы, — дзядзька iм кажа, — крыху пачакайце: я зараз грошы «разаб’ю» i з усiмi разлiчуся. Знiк... Развiтаўся з бацькам (наказаў яшчэ паглядзець, чым «гiсторыя» скончыцца) i спакойна падаўся дамоў, у Тураў. Што рабiлi бабы? Чакалi спярша, потым — нервавалiся. Тая, што рагожку прадавала, стала крычаць: — Разбiрайце сваё дабро! Бабы — да кучы. — Мае таўсцейшыя! — Мае даўжэйшыя! — Мае святлейшыя! — Гвалту нарабiлi на ўвесь базар, нават тузацца сталi. До, што пакуль разабралiся — люд удосталь насмяяцца паспеў. ...Даўно няма сярод жывых нi бацечкi майго, нi дзядзечкi Сцяпана — шуткуюць недзе. Мо, у лепшым свеце? Валянцiна Гудачкова, г. Жыткавiчы. Любоў i тэхнiка бяспекi Даўно было, а помнiцца, як зараз... У пакойчыку нас двое. Сядзiм, штудзiруем канспекты: экзамен заўтра. Па тэхнiцы бяспекi. Апошнi ўжо (усё астатняе здадзена), але самы цяжкi. Не так экзамен, як экзаменатар — звер. Рэжа — бязлiтасна. Вось i зубрым, не еўшы, не пiўшы. А хочацца... Падымаю вочы на сябра... З тым, бачу, нешта зусiм нядобрае... — Ты што гэта, — пытаюся, — адно i тое ж дзесяты раз чытаеш? Можа захварэў? — Ой, браток, горай, — кажа ён. — Ад каханкi пiсьмо атрымаў. У санаторыi з ёй пазнаёмiлiся. Маладая, прыгожая, а гарачая, як агонь. Не думаў, што такiя й бываюць. Тэлеграму во паслаў. Заўтра прыехаць павiнна. Сюды, у Мiнск. — А жонка ж як? — Ат, не ўспамiнай... Прэсная яна, вечна хворая, ссiвела... — Але ж... — пачаў быў я, i тут жа сцiх, бо ўбачыў, што сябар мяне проста не чуе. — З 25 бiлетаў, — кажа, — толькi 10 вывучыў. — Нiчога, ноч наперадзе, — хацеў падбадзёрыць я i тут жа пачуў, што ў дзверы хтосьцi нясмела пастукаў, адчыняе... На парозе — жанчынка сярэднiх гадоў, досыць прывабная, а снег на вулiцы, дык яна ўся ў блiскучых пацерках. Ад вады... — Ты-ы?.. Што зрабiлася? Адкуль? — падскочыў з месца сусед. — З дому... — пачырванела жанчына. — Ты ж тэлеграму даў. Вось... «Кахаю! Чакаю ў Мiнску. Твой Стасiк». Толькi мяне во Нэлай назваў... Чамусьцi. — Ды гэта не я... Паштавiкi наблыталi, — знайшоўся Стась. (Ён цяпер толькi, бедны, уцямiў, што, затлумiўшы галаву вучобай, тэкст тэлеграмы пiсаў для каханкi, а адрас напiсаў жончын!)... Я, мiж тым, сцягнуў свой матрац, скруцiў у iм коўдру з падушкай i пайшоў на начлег да суседзяў. Назаўтра, перад экзаменам, убачыў Стасеву жонку. Яна — аж свяцiлася ад шчасця. Ён — збянтэжана пацiскаў плячыма: падвяла, маўляў, тэхнiка бяспекi... Але ж гэта (думаем цяпер), можа, i да лепшага? М. Хвайнiцкi, Кiраўскi раён. Да гэтай апошняй гiсторыi быў невялiчкi паскрыптум: маўляў, пiсалася яна фiрменнай звяздоўская ручкай, прэзентаванай падчас Дня падпiсчыка ў Кiраўску... I так яскрава, так хораша ўспомнiўся той даўнi дзень, тыя людзi... Дзякуй! Рубрыку вядзе Валянцiна ДОЎНАР.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Што было — было... У маладыя гады працаваў я экспедытарам на базе. Паездзiў па Саюзе — дай Бог кожнаму. Што вазiў? О-о... У Грузiю — 10-кубовыя бочкi, |
|