21.by - Новости Беларуси. Последние новости Беларуси из разных источников. Последние новости мира.

На шалях часу

25.08.2009 21:22 — |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ПРОСТАЯ МОВА

На пачатку года пуставата (мякка кажучы) у прамтаварных магазiнах. Значыць можна, шукаючы нешта сабе, спакойна пахадзiць, паглядзець, што выпускае наша родная прамысловасць, што з таго прадаецца, што — купляецца...

У абутковым жанчынка ў цэнтры: садзiцца, скiдае старыя боты, адстаўляе ў бок, па чарзе «топiць» ногi ў футры новых, зашпiляе замкi, устае, тупае па яркiм дыванку, какетлiва падымае спаднiцу, глядзiць у люстэрка сама i позiркам пытае ў iншых: ну, як, маўляў, мне — прыгожа?..

«Так», — сказалi б, мусiць, усе, калi б пакупнiцы гэтай было гадоў трыццаць, цi нават сорак... У добрыя шэсцьдзесят...

Паўкрамы (жаночай) з жахам думае, як хутка збягае час. I як жа часта мы яго — «не даганяем».

Нi ў старым абутку, нi ў новым.


З дзвюх бед...

Дзед Слаўка захварэў — прастыў па Калядах. Даў унучцы грошай, сказаў:

— Купi ты мне лякарства.

Тая — рада старацца: праз гадзiнку прывезла ўжо.

Дзед рады быў, але ж, як чалавек грунтоўны, перш, чым нешта ў рот палажыць, рашыў паперку пачытаць, што ў карабочку ляжала. З яе i даведаўся, што ад лекаў тых можа павысiцца цiск, з’явiцца тахiкардыя, анемiя, мiдрыяз, тромбацытапенiя, бронхаабструкцыя, затрымка мачы...

— Цьфу, — плюнуў, недачытаўшы, стары. — Лепш ужо ад грыпу скапыцiцца!

I таблеткi — нiводнай не выпiў.


Чалавек чалавеку не роўны

...«Э-э, асцярожней там! Дзверы памалу адчыняй!», — папярэджвае гаспадар, i ў тое ж iмгненечка (за парог — ступiць не паспела) ледзь не на шыi «вiсне» невялiкi сабака: носам тыцкаецца ў куртку, радасна яўкае, адскоквае, лажыцца ля ног, тузае рукаво... А ўжо пачуўшы прывiтальнае «Бося... Засумаваў?», гатоў i наогул «абняць», «зацалаваць», ды што там — жытку сваю пакласцi! Праз край у яго энергii, праз край — весялосцi, праз край — любовi да жыцця, да гаспадара, ды i да любога, хто зойдзе ў двор. Дурны... Бо сабака. I якраз да году. Босам клiчуць (зрэшты, калi i не клiчуць... Пакуль, бедны, сам ляцiць).

— Во... Шаленец жа... А якую мянушку далi, — абураецца суседка, — хiба ж босы такiя бываюць?

...Шчаслiвая яна — за добрым мужыком, нiколi нiдзе не працавала, дома, панюськай, жыццё пражыла.

А значыць — не ведае, якiмi бываюць босы.


Чаго няма... I не купiш!

Ранiчка (вясковая, а ўжо чыстая-чыстая, ясная-ясная) раптам счарнела... ад дзiкага крыку:

— Но-о! Пайшла... Прастытутка ты... Сука рыжая... Но-о...

Гэта Манька — гультайка, няўдалiца — гонiць да студнi карову. I праўда рыжую, недагледжаную, худую... А малака — кажуць, на ўсю вёску хапае! Так што гаспадынi — яна добры прыбытак дае.

...I не дае — на вялiзазны жаль — нi сумлення, нi розуму.


З кiм павядзешся...

Гадоў дзесяць назад ён нiчым прыметны не быў: як усе, пакрысе зарабляў, зрэдку дзяцей забiраў з дзiцячага сада, мог у краму схадзiць (калi жонка добра папросiць), мог намурзацца, як свiння i дома «чарцей паганяць», мог у цешчы бульбу пасадзiць...

Карацей — мужык, як мужык быў, — звычайны. Таму ў сэнс кароткага «Даруй, але я з табой жыць не буду», ну нiяк «уехаць» не мог. Думаў (ды яшчэ i з пахмелля), хто гэта шэпча?! Жонка? ...Не будзе? А дзе яна дзенецца?! Сыдзе?! Ды гладзенькай дарожкi! Бо куды? Каму яна з дзецьмi патрэбна? Заўтра ж вернецца!

Назаўтра — жонкi не было, не вярнулася яна i праз тыдзень. Праз два — сам да цешчы паехаў — павiнiцца, дадому забраць...

Ад яе ж i пачуў, што жонку яго, яшчэ замалада, таемна любiў сур’ёзны ўдавец — замуж клiкаў, чакаў. На руках цяпер носiць. I дзетак глядзiць. «То ты ўжо, — прасiлася цешча, — не чапай, можа, iх? Будзь чалавекам!»

Лёгка сказаць «не чапай», а змiрыцца?

Пiць стаў — проста па-чорнаму; ездзiць да дзяцей ды жонку малiць, каб вярнулася; ёй жа — пагражаў; удаўца таго збiў раз на порхаўку...

Праз паўгода толькi ачомаўся, рашыў даказаць (ёй i iншым усiм!), што не зломак, не з глiны зроблены: у навуку падаўся (з трэцяга курса некалi кiнуў), ажанiўся, а галоўнае — стаў кар’еру рабiць. Па галовах пайшоў, «закладныя» пiсаў, падарункi вазiў, перад «моцнымi» — лiстам сцялiўся. А ўжо колькi людзям нерваў паматаў i крывi iхняй высмактаў?!.

Дамогся свайго — пры пасадзе цяпер, пры грашах...

Зрэшты, не пра iх размова. Жонка яго — другая — год назад захварэла, дзве аперацыi перанесла (адну — за мяжой). Але выжыла, на папраўку пайшла.

— Капейка... Яна, яна камень точыць! — выхваляецца ўсiм мужык. I, злажыўшы пальцы ў веер, дадае, што любы з iншых (ну, без гэткай пасады...), з таго свету жонку б не выцягнуў.

...Крамольнае пытанне, ды з iншым (хай без грошай, пасад!) яна б, мо, здаровай была?


Якi «прывет»?

Жанчынка гэта ў тралейбус ледзь ускараскалася (можа, з тыдзень да родаў...), азiрнулася вакол — сесцi няма дзе. Стала. Трымаецца. Цярплiва маўчыць.

— Вы б, можа, усталi? — цiха пытаецца iншая ў дзвюх маладзiц.

— А нiзавошта! — з месца крычыць адна. — Я таксама не дзяўчынка — дачку ўжо вынасiла. Думаеце мне — хоць нехта месца саступаў? Не! Нiхто! Нiколi! То i я не буду!

...Хацела спытаць, куды мы гэтак заедзем? Не паспела: дзякаваць Богу, нехта ўстаў, цяжарная — села.


За дзвюма...

Дамоў, калi жыў яшчэ з першай, ён прыходзiў усякiм. Найчасцей, канешне — з пустымi рукамi, спустошана-стомленым, а бывала — хворым i злым... Жонка — ўсё разумела (пасада ў яго, калектыў...), моўчкi ставiла на стол вячэру, праводзiла ў далёкi пакой, вешала на дзверы «шыльду» «Не кантаваць!» (сам калiсьцi выразаў з упакоўкi халадзiльнiка) i сыходзiла ў глыб кватэры. Ён — адпачываў: нешта чытаў, глядзеў тэлевiзар, а найчасцей — проста ляжаў з паўгадзiны-другой, каб потым, ужо перад сном, зайсцi да сыноў, паглядзець у дзённiкi, пагаварыць...

Да гэтай, да новай i ледзь не ўдвая маладзейшай, лётаў на крылах: ветрам стому здзiмала, ад думачкi адной, што яна зараз дома, чакае.

Дзiвачка: так рада была любой драбязiнцы — шакаладцы, чарговай ружы, нейкаму фрукту... Бы малая, ляпала ў ладкi, штось лапатала, абдымала. А ўжо горача, соладка!

...У той дзянёк — якраз гэтага — яму не хацелася: «дасталi» чарговыя «рэвiзоры». Таму блiжэй да вечара пазванiў сябрам, заказаў лазеньку, першым палез на палок. А спусцiцца...

I хутка ж прыехала «Хуткая» — памагаць — не было каму...

Хiба сябрам?.. У гэтым вось шоку, у раптоўным горы i ў вырашэннi не-вы-ра-шальнага — а куды зараз везцi цела, якая з жонак будзе хаваць?

З першай, як быццам, разведзены, але ж там — сыны, там дваццаць гадоў жыцця...

Другой — яны толькi пазванiлi. Сказалi, прынамсi, дзе i калi пахаванне...

Прыляцела. На ўвесь лес галасiла. Крычала, што з ёй — ён жыў бы i жыў: ва ўсiм вiнавата першая.

Тая — таксама плакала. I таксама казала, што ён — жыў бы... Каб не гэта, другая.

А ён — такi «спрэчны», такi ўсiм патрэбны i такi... нiчый, цiхенька ляжаў, i здавалася, шчаслiва пасмiхаўся.


Усюды людзi

Ля гастранома хмара страшная: ранiца, а мужыкi ўжо сышлiся, пахмялiлiся, гамоняць цяпер. Гвалту — на ўсю акругу... А ўжо мацюкоў...

— Зусiм сумлення няма, — ушчувае iх маладая бабуля з унукам на саначках. — Вы б хоць крыху цiшэй... Тут жа дзецi, людзi...

— А мы, выходзiць, не людзi? Мы не можам пагаварыць... У сваiм горадзе, на сваёй мове...

Вельмi розны ён — наш горад. I моў у iм...

Дзяцей — усялякай навучаць.


Дзеля каханай

Валiчак ажанiўся, прыватную кватэру зняў. Шчаслiвы — трэцi месяц ужо асобна жыве. А вось бялiзну мыць — прывозiць да мацi.

— Ты ж разумееш, — кажа, — нам часу няма: вучоба, хутка экзамены. А потым — хiмiя, парашкi... Ты ж ведаеш, якiя ў жонкi рукi будуць?

...Матульчыны (а ёй 42 усяго) — сына ўжо не хвалююць...

Чамусьцi.

Пакуль?


На шалях...

Пра жураўля ў небе Соня не марыла. Але i на сiнiцу — згадзiцца не магла: роўню шукала. I... У свае 27, здалося, знайшла? Ён быў... Такi ж высокi i чарнявы, такi ж адукаваны, такi ж гумарны i лёгкi на пад’ём, такi ж свабодны. Зачасцiў да яе, а потым i наогул — перавёз свае рэчы. Думала, назусiм — пажэняцца, не сёння, дык можа заўтра. А ён...

Ён, праз паўгода, прызнаўся, што яна ў яго так, «запасны варыянт», а кахае ён — зусiм iншую, ужо замужнюю, што да скону гатовы чакаць пакуль яна развядзецца...

Рассталiся, хоць нясцерпна цяжка было — ёй... Адной... Асаблiва начамi. Кахала ж, думала — пра яго, пра сябе, пра тое, што ўжо не дваццаць, што цяпер, пакуль ёсць здароўе, самы б час нарадзiць. I якраз ад яго... Харошае ж было б дзiцятка — здаровае, прыгожае, разумнае. А там, глядзiш, i ён, мо, прыгледзеўся б да iх, мо, палюбiў бы? Мо, адвярнула б яго ад гэнай другой? Можа б, жанiўся? I ўжо тады яна... Жыццё б палажыла, але зрабiла б яго шчаслiвым.

Нешта з яе гэтых думак ён, магчыма, пачуў. Бо аднойчы пазванiў — вечарам, у дзверы. З парога далажыў, што доўг ёй прынёс (вiнаваты быў 10 баксаў). Зайшоў, палажыў iх на стол, па-ранейшаму, па-гаспадарску, як нi ў чым не бывала, спытаў:

— Ну, што вячэрай пакормiш?

Яна, знячэўку, разгубiлася, пацiснула плячыма.

— Што, i чаю не нальеш?

— А калi не? — спытала.

— Ну, то бывай.

Ён падцiснуў вусны, крутнуўся да дзвярэй, тармазнуў там, падышоў да стала, забраў 10 баксаў i знiк.

Гэтак жа нечакана, як i з’явiўся.

Валянцiна ДОЎНАР.

АД ЯЕ Ж (i, напэўна, новым падпiсчыкам?)... З карацелек, абразкоў, мiнiяцюр, што друкавалiся (i не друкавалiся) у пастаяннай звяздоўскай рубрыцы «Простая мова» «злажылася» кнiга. Выйшла яна ў канцы мiнулага года ў выдавецтве БЕЛТА, называецца — «Праз каханне». Калi хочаце набыць, скажыце пра гэта свайму паштальёну, зазiрнiце на пошту...

У крайнiм выпадку — пiшыце. Нешта прыдумаем.


 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На пачатку года пуставата (мякка кажучы) у прамтаварных магазiнах. Значыць можна, шукаючы нешта сабе, спакойна пахадзiць, паглядзець, што выпускае наш
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив

РЕКЛАМА


Все новости Беларуси и мира на портале news.21.by. Последние новости Беларуси, новости России и новости мира стали еще доступнее. Нашим посетителям нет нужды просматривать ежедневно различные ресурсы новостей в поисках последних новостей Беларуси и мира, достаточно лишь постоянно просматривать наш сайт новостей. Здесь присутствуют основные разделы новостей Беларуси и мира, это новости Беларуси, новости политики, последние новости экономики, новости общества, новости мира, последние новости Hi-Tech, новости культуры, новости спорта и последние новости авто. Также вы можете оформить электронную подписку на новости, которые интересны именно вам. Таким способом вы сможете постоянно оставаться в курсе последних новостей Беларуси и мира. Подписку можно сделать по интересующим вас темам новостей. Последние новости Беларуси на портале news.21.by являются действительно последними, так как новости здесь появляются постоянно, более 1000 свежих новостей каждый день.
Яндекс.Метрика