Парадак у хаце — парадак у вёсцы
Сымон СВIСТУНОВIЧ
АЎТАРЫТЭТЫ Знайсцi старасту, якi выдзяляўся б сярод сваiх калег, аказалася даволi складана. Найперш таму, што ўсе старасты на вёсцы — паважаныя людзi, а iнакш i быць не можа: iх выбiраюць, як некалi сказалi б, прамым i адкрытым галасаваннем. П’янiца цi гультай у вясковага чалавека падтрымкi не атрымае. I якой бы нi была сёння вёска, здаровы стрыжань у ёй застанецца.Сярод старастаў даволi высокi працэнт пенсiянераў, але маю ўвагу прыцягнула Iрына Паўлыш — стараста вёскi Альсевiчы, што ў Баранавiцкiм раёне. Найперш таму, што ў жанчыны шасцёра дзяцей, i магчыма, не трэба было б браць на сябе дадатковую нагрузку — у сям’i i па гаспадарцы клопату хапае. Але дзеля справядлiвасцi адзначу, што ў Крошынскiм сельсавеце ёсць яшчэ адна мнагадзетная стараста — Вольга Несцяровiч. Яна выхавала пяцярых дзяцей i цяпер «камандуе» ў вёсцы Прыдаткi. А калi ўзяць у цэлым, то жанчын сярод вясковых старастаў вельмi многа. У некаторых раёнах цi сельсаветах iх працэнт даходзiць да палавiны i нават больш. Мне даводзiлася бачыць на вёсцы мнагадзетныя сем’i, якiя жывуць у жахлiвых умовах. Наўкол хат запусценне, платы паваленыя, вокны замест шкла зацягнуты плёнкай, а галоўнае, дзецi абарваныя i галодныя. Ва ўсiм, як правiла, вiнаватыя бацькi, бо гультаi i п’янiцы. Бачыў такую карцiну. Стаяў спякотны чэрвень. Уся вёска косiць, сушыць i возiць сена, а саракагадовы мужык з вудаю iдзе ў гумоўцах да ракi. Карова з зiмы ў зiму галадае — вясной выходзiць на выган, як вобла. Малых дзяцей у хаце што тых куранят — акрайцу хлеба рады, а бацька рыбай забаўляецца. А вось у Iрыны Паўлыш усе дзецi чыста апранутыя, у пакоях сцены i падлога ў дыванах, ў хляве карова i шасцёра свiней (а летам было дванаццаць). Муж працуе трактарыстам, а сама гаспадыня летам прымае ў людзей малако. *** Трэба сказаць, што Iрына сама з мнагадзетнай сям’i i жыла ў суседняй вёсцы Якiмавiчы. Цiкава, што з дзевяцi братоў i сясцёр нiхто не з’ехаў з родных мясцiн — усе засталiся на вёсцы. Праўда, акрамя Iрыны, нiхто з iх не захацеў мець многа дзяцей — адно-двое i ўсё. Неабходна прызнаць, што хоць вёска Альсевiчы з канца ў канец працягнулася на цэлы кiламетр, але яна не можа ўжо быць такой, як была дваццаць гадоў таму. Старыя людзi адыходзяць, многа хат пустуючых цi жывуць ужо дачнiкi. I калi б на вёску такiх сем’яў, як Паўлыш, хоць бы пяць, то адразу ж весялей стала б. Як толькi ў вёсцы чуюцца галасы дзяцей, то адразу разумееш, што яшчэ не ўсё згублена — ёсць надзея на яе адраджэнне. Будуючы домiкi i аднаўляючы гарадкi, неабходна, памятаць i пра дзяцей. Безумоўна, статус вясковага старасты невысокi, але ўжо ясна, што такi чалавек у вёсцы патрэбен. — Вось прыходзiць вясна i даводзiцца наводзiць парадак, найперш на могiлках. У нас хаваюць i гарадскiя, а з iмi найбольш праблем — магiлы не прыбiраюць. Перад Вялiкаднем сабрала людзей, але ж большасць старыя... Тут нават старшынi сельсавета давялося ўзяцца за касу, — расказала Паўлыш. Вядома, сачыць неабходна не толькi за могiлкамi. Не ўсе вязуць смецце ў кар’ер, здараецца, выкiдваюць i за вёскай, а ўвогуле, усё што адбываецца на даверанай тэрыторыi стараста павiнен ведаць. З гэтай прычыны i ўчастковы iншым разам заглядвае ў хату да Паўлыш, i ў сельсавеце, каб быць у курсе ўсiх падзей, да старасты прыслухоўваюцца. Ды i са зборам падаткаў Iрына Аляксандраўна дапамагае — нагадвае гаспадарам, што неабходна заплацiць за зямлю, будынак... I тут будзе натуральным пытанне: а што чалавек з гэтага мае? У мiнулым годзе Iрыне Паўлыш выплацiлi 40 тысяч. I прыкладна такая ж сiтуацыя не толькi ў Баранавiцкiм раёне, але i ў iншых. Дзесьцi плацяць больш, напрыклад, у Ганцавiцкiм — да дзвюх базавых велiчынь у квартал, калi вёска вялiкая, а ў адваротным выпадку — 0,5 базавай. Адным словам, старасты працуюць на энтузiязме, а лепш было б, каб у раённых бюджэтах закладвалiся хоць мiнiмальныя сумы iм на даплату. *** Што датычыцца Iрыны Паўлыш, дык яна ўсiм задаволеная. Паслухмяныя дзецi (старэйшая Аня ўжо ў дзесятым класе, толькi малодшая Насця яшчэ не вучыцца), удалы муж. На дзень Мацi ўручылi ёй ордэн... А калi табе толькi 35 гадоў, то ўсё яшчэ наперадзе.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Знайсцi старасту, якi выдзяляўся б сярод сваiх калег, аказалася даволi складана. Найперш таму, што ўсе старасты на вёсцы — паважаныя людзi, а iнакш i |
|