Член Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандра Чарткова:АСОБА «Мы ацэньваем законы з пункту гледжання рэальных умоў, у якiх сёння жывём i працуем»Аляксандра Чарткова нарадзiлася ў вёсцы Ельня Краснапольскага раёна. Гэта вёска цяпер адселена, уся Краснапольшчына моцна пацярпела ад Чарнобыльскай катастрофы. У школу Аляксандра хадзiла пешшу — штодня туды i назад 12 кiламетраў. Скончыла школу з залатым медалём i паступiла ў Другi Маскоўскi медыцынскi iнстытут адразу ж, здаўшы першы экзамен на «выдатна». Да сваёй паездкi ў сталiцу дзяўчына нiколi не бачыла цягнiка. А паспяхова паступiла таму, што была маладая i ўпэўненая ў сабе. У iнстытуце яна вывучала лячэбную справу i атрымала спецыяльнасць тэрапеўта. Пасля заканчэння ВНУ адпрацавала тры гады ў Башкiрыi i вярнулася ў роднае Краснаполле. Выйшла замуж i з’ехала ў Чэрыкаў у 1988 годзе. Цяпер Аляксандра Чарткова — галоўны ўрач Чэрыкаўскай райбальнiцы i член Савета Рэспублiкi Нацыянальнага сходу. Успрыманне прытупiлася — праблемы засталiся Чэрыкаўскi раён, таксама як i Краснапольскi, пацярпеў ад радыяцыйнай навалы. Таму тэма лiквiдацыi наступстваў аварыi i жыцця пасля Чарнобыля — актуальная для Аляксандры Чартковай. Тым больш, што сёлета споўнiцца 20 гадоў з дня Чарнобыльскай катастрофы. Аляксандра Леанiдаўна ўзгадвае, што 26 красавiка 1986 года, дзякуючы шчаслiваму збегу абставiн знаходзiлася не ў Краснаполлi, а ў Мiнску, на курсах удасканалення. У той час яна была цяжарнай. Пасля завяршэння курсаў у Чартковай адразу пачынаўся дэкрэтны водпуск, i яна з’ехала ў Маскву да сяброў i сваякоў, дзе i нарадзiла сына. «Я ведала пра аварыю, — гаворыць Аляксандра Леанiдаўна. — Але, шчыра сказаць, тады нiхто не думаў, што будзе далей. Таму паслухалася парады — кiнуць усё, з’ехаць i часова адсутнiчаць. Потым яна прадоўжыла сваю працу на Краснапольшчыне. Што датычыцца жыцця на пацярпеўшых ад радыяцыi тэрыторыях, то Чарткова мае сваё меркаванне наконт таго, наколькi гэта бяспечна для здароўя чалавека. — Мне падаецца, што ўмераная небяспека ўсё ж такi ёсць, — гаворыць яна. — Канечшне, цяпер не такая вострая, як спачатку. Але трэба прымаць меры перасцярогi: нельга збiраць грыбы i ягады, i доўгiя шпацыры па лесе жыхарам забруджаных раёнаў не на карысць. Гадоў дзесяць таму паляўнiчыя пачаставалi мяне дзiчынай. Вырашыла яе праверыць, i... давялося тэрмiнова выкiдаць мяса з лядоўнi, каб потым не выкiдаць ужо ўвесь халадзiльнiк. Так што трэба быць пiльнымi. Наступствы Чарнобыльскай катастрофы адбiваюцца на здароўi чалавека, — такую выснову робiць Аляксандра Чарткова. У Чэрыкаўскiм раёне каля 600 лiквiдатараў аварыi, i такiя хваробы, як гiпертанiя, атэрасклероз i iншыя, развiваюцца ў больш маладым узросце, чым гэта здараецца звычайна — у 30—40 гадоў, а не ў 60. Таксама адзначаецца значны рост паталогii шчытападобнай залозы: да 1985 года такiя хваробы ўвогуле ў раёне не рэгiстравалiся, а ўжо цяпер на ўлiку ў райбальнiцы знаходзiцца 34 чалавекi, якiм прааперыравалi рак шчытападобнай залозы. — Для лiквiдацыi наступстваў Чарнобыльскай катастрофы зроблена шмат, — лiчыць сенатар з Чэрыкава. — Хто тут жыў, той усё гэта ведае: рабiлi дэзактывацыю, здымалi слой грунту, асфальтавалi дарогi, аздараўлялi дзяцей, давалi льготы спецыялiстам, бясплатна харчавалi дзяцей. Але апошнiм часам, мне падаецца, успрыманне праблемы «прытупiлася». А ўсё, што рабiлася, трэба працягваць i далей. Гэта, паводле слоў Чартковай, самыя элементарныя рэчы: рамантаваць дарогi, каб менш глытаць пылу, даглядаць водаправоды, каб пiць чыстую ваду, рабiць пераспецыялiзацыю сельскiх гаспадарак, каб вырошчваць чыстую прадукцыю. — Плюс да гэтага — прапаганда здаровага харчавання, — нагадвае Аляксандра Леанiдаўна. — Трэба ўжываць чыстыя прадукты, не расслабляцца, кантраляваць сябе. Я ведаю, што цяпер рыхтуецца новая дзяржаўная праграма лiквiдацыi наступстваў Чарнобыля, i там гэтыя моманты будуць адлюстраваны. Я мяркую, што немэтазгодна больш адсяляць людзей з забруджаных мясцiнаў. Ведаю, што многiя не прыжылiся на новых месцах i нават вярнулiся назад. Бо хто з’язджае з родных мясцiнаў, не заўсёды ўладкоўваецца ў жыццi. Трэба тут ствараць нармальныя ўмовы для жыцця людзей! Ад добрага не пабяжыш — Мяне вылучылi ў Савет Рэспублiкi i я была згодна, таму што вопыт майго жыцця на забруджаных радыяцыяй тэрыторыях i працы кiраўнiка дае магчымасць ацэньваць дзейнасць нашай дзяржавы i ўносiць свае прапановы, — гаворыць Аляксандра Чарткова. Яна зусiм не адчувае сябе ў Савеце Рэспублiкi правiнцыялкай. Увогуле лiчыць 10-мiльённую Беларусь за адзiн вялiкi горад, i Чэрыкаў ад Мiнска адрознiваецца, паводле слоў Аляксандры Леанiдаўны, толькi патокам iнфармацыi i рытмам жыцця, а людзi ўсюды аднолькавыя. Так, гаворыць яна, на пасяджэннях даводзiцца сустракацца з сур’ёзнымi людзьмi, вядомымi ў розных сферах — у навуцы, палiтыцы, эканомiцы, культуры. Але i яе меркаваннi каштоўныя. — Савет Рэспублiкi — моцная структура, там выпадковых людзей няма, — сцвярджае Чарткова. — Тут кожны чалавек добра ведае сваю справу i ставiць на парадак дня актуальныя пытаннi. Акрамя чарнобыльскай, Аляксандру Леанiдаўну вельмi хвалюе праблема працаўладкавання моладзi. Звязана гэта яшчэ i з тым, што з Чэрыкаўскага раёна, як i з iншых усходнiх, маладыя людзi часта з’язджаюць па «чорны» заробак у Расiю. Здараецца, што грамадзяне проста знiкаюць, такiя выпадкi былi i з жыхарамi Чэрыкаўшчыны. Чарткова лiчыць, што недапушчальна адпускаць за мяжу людзей, якiя там не маюць нiякiх правоў, а трэба належным чынам афармляць дагаворы, каб расiйскi бок адказваў за жыццё i здароўе нашых суайчыннiкаў, якiх наймае на работу. — Калi мы хочам далей лепш жыць i працаваць, трэба паклапацiцца пра выхаванне, адукацыю i працу для моладзi, — лiчыць Аляксандра Леанiдаўна. — Маладым людзям трэба даць упэўненасць, што яны атрымаюць добрую адукацыю i прыстойную работу, каб не было ў iх жадання збегчы з краiны. Сенатар мяркуе, што трэба мадэрнiзаваць вытворчасць, каб моладзi было дзе працаваць i мець магчымасць рэалiзаваць сябе. Калi чалавек будзе працаваць добра i з задавальненнем, то ён прынясе грамадству больш карысцi, упэўнена яна. — Сенат ёсць у многiх краiнах, i Беларусi ён таксама патрэбны, — разважае пра ролю Савета Рэспублiкi Аляксандра Чарткова. — Ён патрэбны, калi распрацоўваюцца законы, якiя вызначаюць далейшыя шляхi развiцця краiны — каб асэнсаваць iх. Мы — людзi розных прафесiй, працуем у розных сферах i бачым, як законы прымяняюцца ў рэальным жыццi, цi добра яны служаць людзям. Мы ацэньваем сiтуацыю з тых умоў, у якiх сёння жывём i працуем. I мы галасуем за прымальнае для жыцця i працы. Даць грошы жанчынам, каб раджалi — Я мяркую, што калi мяне будуць больш ведаць у рэспублiцы на розных узроўнях, — лiчыць Аляксандра Леанiдаўна, — то наш маленькi Чэрыкаўскi раён пачнуць больш заўважаць i ад гэтага яго жыхарам будзе карысць. Людзi часта звяртаюцца да Аляксандры Чартковай як да члена Савета Рэспублiкi. Але часцей — з медыцынскiмi пытаннямi, па кансультацыi альбо накiраванню ў спецыялiзаваныя медцэнтры. Аднак даводзiлася i бабулек у камуналцы мiрыць, i пераконваць дзяцей старога чалавека адрамантаваць яму жыллё i гэтак далей. А для абмеркавання з калегамi яна вылучае пытаннi, важныя для многiх людзей. Зараз яна рыхтуе лiст, якi датычыцца паляпшэння дэмаграфiчнай сiтуацыi ў Беларусi. Якраз цяпер распрацоўваецца адпаведная дзяржаўная праграма. А для Чэрыкаўшчыны гэта актуальнае пытанне: штогод памiрае людзей больш, чым нараджаецца. — У нас цяпер зацiкаўлены ў родах праблемныя сем’i, якiя выжываюць за кошт дзяржаўнай грашовай падтрымкi на дзяцей. А трэба нараджальнасць павышаць у нармальных сем’ях. Таму асноўнае пытанне — гэта фiнансавая падтрымка i заахвочванне жанчын, якiя хочуць нараджаць дзяцей, — упэўнена Аляксандра Леанiдаўна. Чарткова працуе галоўным урачом Чэрыкаўскага раёна ўжо дзевяты год, i са свайго вопыту добра ведае, што самай вялiкай увагi патрабуюць цяжарныя жанчыны i дзецi. Тут неабходны ўсе магчымыя даследаваннi i кантроль за здароўем — каб не выявiлiся негатыўныя наступствы радыяцыi. А для дзяцей галоўнае, упэўнена Аляксандра Леанiдаўна, правiльнае i добрае харчаванне. Увогуле доктар i сенатар Чарткова заклiкае ўсiх беларусаў клапацiцца аб сваiм здароўi, каб павялiчвалася працягласць жыцця. I тут, паводле яе слоў, важна не толькi добра харчавацца, але i ствараць на вытворчасцi, увогуле ў грамадстве добрую псiхалагiчную абстаноўку. «Стрэсы вельмi ўплываюць на наша жыццё, — упэўнена Аляксандра Леанiдаўна. — Чым лепш чалавек будзе адчуваць сябе на працы i дома, тым больш будзе жыць!» Будучае — за ўрачэбнымi амбулаторыямi Ахова здароўя людзей — актуальная тэма ў грамадстве. Рэформа гэтай сферы выклiкае шмат спрэчак i, што не сакрэт, нараканняў з боку насельнiцтва, асаблiва ў сельскай мясцовасцi, дзе зачынiлiся ўчастковыя бальнiцы i ФАПы. Аляксандра Чарткова рэформу падтрымлiвае i лiчыць рэарганiзацыю медыцынскай дапамогi вяскоўцам цалкам апраўданай. Яна гаворыць, што сельская ўчастковая бальнiца была актуальная ў пасляваенны час, калi мелi месца вялiкiя праблемы з транспартам i чалавеку быў патрэбны на месцы ўрач. — Калi цяпер пацыент мае патрэбу ў кругласутачным знаходжаннi ў стацыянары, то для яго ўдзень i ўначы павiнны працаваць урачы, лабараторыя, рэнтген i ўсё сучаснае абсталяванне, — кажа Аляксандра Леанiдаўна. — Такой магчымасцi ва ўчастковых бальнiцах не было. Яна бачыць перспектыву ў развiццi сельскiх урачэбных амбулаторый, дзе ёсць магчымасць трапiць на прыём да тэрапеўта, педыятра, а таксама стаматолага i гiнеколага. Амбулаторыi маюць транспарт, каб даехаць да хворага, а калi ёсць неабходнасць, чалавека заўсёды гатовы прыняць у райбальнiцы. Прыкладам Аляксандра Леанiдаўна называе амбулаторыю ў аграгарадку Язёры i лiчыць, што ў такiм накiрунку трэба рухацца далей сельскай медыцыне. А насельнiцтву тлумачыць, што рэформа ўсё ж такi палепшыць якасць медыцынскага абслугоўвання. У 90-я гады з Чэрыкаўскага раёна з’ехала шмат спецыялiстаў, людзi ратавалiся ад радыяцыi. У тым лiку з’ехалi i медыкi: урачоў у бальнiцы заставалася мала, ды i тое ў асноўным пенсiянеры. За прайшоўшыя гады, запэўнiвае Аляксандра Чарткова, сiтуацыя выправiлася, i ў райбальнiцы сёння не хапае толькi аднаго доктара, i тое на паўстаўкi. — У 2005 годзе да нас прыехалi пяць маладых спецыялiстаў, — ганарыцца Аляксандра Леанiдаўна. — Усе яны добра працуюць. Цяпер наша задача — iх затрымаць. Сёлета ў Чэрыкаве, паводле планаў, павiнна адбыцца рэканструкцыя аперацыйнага i рэанiмацыйнага блокаў, паступiць новае абсталяванне. Маладым будзе цiкава працаваць, яны ўбачаць вынiкi сваёй працы i, я спадзяюся, застануцца ў Чэрыкаве. Аляксандра Чарткова ўпэўнена, што бальнiцы патрэбны пастаянны прыток кадраў, каб развiвацца. Пенсiянеры, мяркуе галоўны ўрач, нават калi яны будуць добра працаваць, наўрад цi прыўнясуць нейкiя навацыi. Таму ў Чэрыкаўскай райбальнiцы вельмi спадзяюцца, што i сёлета тры маладыя спецыялiсты даедуць да iх раённага цэнтра. I гэта таксама будзе рухаць рэформу аховы здароўя. * * * — Трэба больш паспяваць i больш рабiць, — гаворыць пра свае планы Аляксандра Леанiдаўна. — Як медык, лiчу, што залог нашай здольнасцi працаваць i цвяроза мыслiць — гэта нармальнае фiзiчнае здароўе. Трэба быць эгаiстамi i не менш за 20 працэнтаў часу i думак прысвячаць свайму здароўю. Тады i праца прыкладзецца. Iлона IВАНОВА. г. Чэрыкаў. Аляксандра Леанiдаўна Чарткова днямi адзначыла свой 50-гадовы юбiлей. Вiншуем яе са святам i жадаем усяго самага найлепшага!
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
«Мы ацэньваем законы з пункту гледжання рэальных умоў, у якiх сёння жывём i працуем» |
|