Дзяржаўная мяжа па абароне якасцi праходзiць у Барысаве
Гутарылi Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ, Вiктар ПАЗНЯКОЎ
Адразу пасля навагоднiх святаў творчая брыгада «Звязды» пабывала ў Барысаўскiм цэнтры стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi, сустрэлася з многiмi супрацоўнiкамi. Вынiкi знаёмства з дзейнасцю Цэнтра былi падведзены ў гутарцы з яго дырэктарам Фёдарам Фёдаравiчам Дабравольскiм.
— Напярэдаднi Новага года ў жыццi Цэнтра адбылася надзвычай прыемная падзея. Давайце раскажам пра яе шырокаму чытачу. — Мы атрымалi сертыфiкат адпаведнасцi сiстэме менеджменту якасцi ISО 9001. Гэта значыць, наша прадпрыемства не толькi дапамагае iншым выходзiць на новыя працоўныя гарызонты, але i само сертыфiкавана на адпаведнасць сучасным стандартам. Дакумент сведчыць аб нашай кампетэнтнасцi ў сваёй справе, скажам так. — Ваш калектыў аказаўся ў эпiцэнтры праводзiмай у эканомiцы работы па пераводу на рынкавыя рэйкi, па вываду прадукцыi беларускiх вытворцаў на такi ўзровень якасцi, якi адпавядае лепшым сусветным узорам. Iснуе дырэктыва прэзiдэнта, i тэрмiны, вызначаныя ў ёй, даволi сцiслыя. Што ў гэтым сэнсе адбываецца ў зоне вашай адказнасцi? — Прайшоў, здаецца, час, калi прадпрыемствы вызначалiся з уласнай палiтыкай у галiне якасцi, зараз яны ўсё больш актыўна прыступаюць да распрацоўкi i ўкаранення сiстэм якасцi на базе мiжнародных стандартаў, i многiя запрашаюць нас у якасцi памочнiкаў, кансультантаў i экзаменатараў. Сёння ў «партфелi» Цэнтра больш за дваццаць заказаў ад прадпрыемстваў — столькi мы заключылi дагавораў на распрацоўку i ўкараненне сучасных сiстэм менеджменту якасцi. А калi браць разам з прадпрыемствамi аўтасэрвiсу, з якiмi працуем дастаткова шчыльна, то больш за трыццаць. Трэба падкрэслiць, што гэта не пачатак, а працяг работы. У адышоўшым годзе актыўна працавалi ў гэтым накiрунку з РУП «Барысаўхлебпрам», Лошнiцкiм камбiкормавым заводам, фiрмай «БелПI» i некаторымi iншымi прадпрыемствамi. Генеральны дырэктар «Барысаўхлебпрама» матывавана лiчыць, што «хлеб i лекi павiнны вырабляцца на прадпрыемствах, якiя маюць сiстэмы якасцi, адпавядаючыя мiжнародным стандартам», таму сам пачаў гэтую работу на галаўным прадпрыемстве i ўцягнуў у яе фiлiялы ў райцэнтрах. Так што на чарзе ў нас Жодзiнскi хлебазавод, Маладзечна, Вiлейка, Салiгорск... Калi гаварыць пра нейкiя прамежкавыя вынiкi, то можна адзначыць, што ў Барысаве сёння выпякаюць такi смачны хлеб (напрыклад, «Изобильный», з курагой), якi нават возяць у Мiнск прадаваць. I я, калi еду да сваякоў у сталiцу, вязу яго як прэзент. Хоць зусiм нядаўна было наадварот. — Што з’яўлялася самым складаным ва ўсёй гэтай рабоце? — Бадай, тое, што кiраўнiкi рознага рангу менавiта ад нас даведвалiся пра iснаванне ўказа прэзiдэнта ад 1998 года аб канкурэнтаздольнасцi айчыннай прадукцыi, у якiм якраз прапiсана паўсямеснае ўкараненне мiжнародных стандартаў серыi ISО 9000. I тое, што на многiх прадпрыемствах да нядаўняга часу адсутнiчалi (а дзе-нiдзе адсутнiчаюць i зараз) спецыялiсты, якiя па сваёй падрыхтоўцы маглi б гэтым займацца. Лiчылася, што такiя абавязкi можна на некага ўскласцi па сумяшчальнiцтву. Але сiстэма — справа даволi складаная, новы накiрунак работы вельмi аб’ёмны, яго павiнен весцi падрыхтаваны спецыялiст, i весцi не мiж iншым, а грунтоўна. Тым больш, што новая версiя стандартаў арыентавана на пастаяннае паляпшэнне, актуалiзацыю, карэкцiроўку. Увесь свет так працуе. Да гэтага часу на некаторых прадпрыемствах лiчаць: уся справа павiнна абмежавацца падрыхтоўкай пакета дакументаў, i толькi. Альбо падыходзяць да праблемы «па астаткаваму прынцыпу»: ёсць час, сродкi — работу выконваюць. З грашыма праблема — можна i пачакаць. I ў той жа час усе згаджаюцца, што ўкараненне сiстэмы павышае арганiзаванасць персанала, бо дакладна размяркоўваюцца функцыi, кожны канкрэтна ведае, за што адказвае. — У вас на рабочым стале — карта, на якой пазначаны шляхi з Барысава да многiх краiн замежжа: Амерыкi, Бразiлii, Чэхii, Расii... Што гэта? — Яшчэ адзiн накiрунак нашай работы — сертыфiкацыя (ужо не ў рамках IS0, а як самастойны вiд дзейнасцi) i дэклараванне прадукцыi, пастаўляемай да нас з-за мяжы, i прадукцыi айчынных таваравытворцаў. Сертыфiкацыя i дэклараванне — гэта дзве формы пацвярджэння адпаведнасцi прадукцыi дзеючым нормам i нарматывам, так што мы непасрэдна абараняем iнтарэсы спажыўца. Возьмем для прыкладу такi цiкавы сектар рынку, як парфумерна-касметычная прадукцыя. Мы першымi ў рэспублiцы былi акрэдытаваныя на правядзенне работ па яе сертыфiкацыi, i зараз гэта наш «канёк». На самым сучасным лабараторным абсталяваннi праводзiм поўны комплекс даследаванняў замежнай прадукцыi гэтай групы тавараў, паступаючай у нашу краiну. Уся паступаючая для рэалiзацыi на беларускiм рынку прадукцыя павiнна быць сертыфiкавана i прайсцi тэсты па шэрагу паказчыкаў, па асобных параметрах нават больш жорсткiх, чым еўрапейскiя. Асаблiвая ўвага ўдзяляецца паказчыкам бяспекi. Нашы эксперты, аўдытары пабывалi ў многiх краiнах свету. З намi цесна супрацоўнiчаюць такiя буйныя замежныя вытворцы, як кампанiя «Procter&Gamble» (яе заводы ў Германii i Расii), кампанiя «Colgate-Palmolive» (заводы ў Турцыi i Бразiлii), касметычная фабрыка «Miraculum» (Польша), кампанiя «SmithKline Beecham» (Англiя). — А бывае, што дазвол вамi не выдаецца? — Бываюць выпадкi неадпаведнасцi iмпартнай прадукцыi патрабаванням тэхнiчных нарматыўных прававых актаў — па фiзiка-хiмiчных, арганалептычных паказчыках, па маркiроўцы ўпакоўкi. У такiх выпадках у выдачы сертыфiката адпаведнасцi мы адмаўляем. Але, як правiла, замежныя фiрмы вельмi ўважлiва адносяцца да нашага заканадаўства, прыслухоўваюцца да патрабаванняў, якiя прад’яўляюцца да прадукцыi. Тым больш, што патрабаваннi ў нашых нарматыўных дакументах такiя ж, як i ў Еўропе. Грунтуючыся на айчынным заканадаўстве, мы знаходзiм агульную мову i з беларускiмi вытворцамi — такiмi, як фiрма «Модум — наша касметыка», СП «БЕЛIТА», ЗАТ «ВIТЭКС» i iншымi. Наша вобласць акрэдытацыi па сертыфiкацыi ахоплiвае практычна ўвесь пералiк выпускаемай у рэгiёне прадукцыi i аказваемых паслуг. У лiку першых у рэспублiцы мы пачалi займацца сертыфiкацыяй турыстычных паслуг. Працуем з буйнымi сталiчнымi фiрмамi. Дарэчы, з 1 красавiка гэтага года ўводзiцца абавязковая сертыфiкацыя дзейнасцi тур-аператараў. Фiрмы iнфармаваныя аб гэтым. Работа важная перш за ўсё таму, што ў Беларусi — багатыя магчымасцi для развiцця розных формаў турызму, у тым лiку экатурызму, i патрэбна iх выкарыстоўваць. Яшчэ адзiн вiд нашай дзейнасцi — сертыфiкацыя парыкмахерскiх. Актуальнасць становiцца зразумелай, калi ўспомнiць, што ў апошнi час з’явiлася шмат такiх прыватных майстэрань. Думаю, не без нашай дапамогi ўдалося «перасялiць» iх з калясачных пакойчыкаў на лесвiчнай пляцоўцы i паўпадвалаў з няпэўнымi санiтарнымi ўмовамi i дабiцца належнай культуры абслугоўвання. Хоць спачатку нашых работнiкаў сустракалi «ў штыкi». Зараз зразумелi, што мы дапамагаем iм стаць канкурэнтаздольнымi. — Калi знаёмiшся з дзейнасцю такiх рэгiянальных цэнтраў, як ваш, асаблiвую ўвагу да сябе прыцягвае работа аддзелаў дзяржаўнага нагляду. — У апошнiя гады мы перагледзелi дзейнасць па дзяржаўнаму нагляду, цалкам прывязалi яе да апошнiх патрабаванняў прэзiдэнта i ўрада ў галiне якасцi i абароны ўнутранага рынку. Вы памятаеце, якую ўвагу асабiста кiраўнiк краiны ўдзялiў пытанням павышэння якасцi айчыннай сельскагаспадарчай тэхнiкi. Таму мы праводзiлi манiторынг, збiралi iнфармацыю па збожжаўборачных камбайнах вытворчасцi «Гомсельмаша» i новых, з лiдскай маркай. Збiралi заўвагi эксплуатацыйнiкаў, класiфiкавалi моцныя бакi i недахопы — гэта была работа ў першую чаргу ў iнтарэсах айчыннага вытворцы. Усе 16 цэнтраў па стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi рэспублiкi былi ўключаны ў гэтую справу. Сёння з улiкам праведзенай работы распрацоўваюцца новыя мадыфiкацыi камбайнаў. Такая ж увага была ўдзелена зернесушылкам. Мы выйшлi на аднаго з буйных iх вытворцаў — прадпрыемства «АМКАДОР-Можа» у Крупскiм раёне. Прыехалi да iх з нагляднай мiсiяй, правялi вялiкую праверку i пераканалiся, што стан спраў жадае лепшага. Пасля разгляду матэрыялаў праверкi ў Савеце Мiнiстраў з удзелам непасрэдна прэм’ер-мiнiстра Сяргея Сiдорскага i першага вiцэ-прэм’ера Уладзiмiра Сямашкi на ААТ адбылiся сапраўды рэвалюцыйныя змены. Прадпрыемству была аказана дапамога холдынга. Пры паўторных праверках мы бачылi, як устараняюцца недахопы. Мянялiся камплектуючыя, мянялi метал, пакрыццё, змены былi ўнесены нават у канструктыўныя распрацоўкi. Работа вялася ўвесь 2005 год, не спынiлася яна i зараз. Ужо з улiкам заўваг па эксплуатацыi гэтай тэхнiкi ў гаспадарках будзем высвятляць «вузкiя месцы» на вытворчасцi i разам з завадчанамi лiквiдаваць iх. Летась атрымалi i выконвалi ўрадавае заданне па праверцы захаванасцi асобных вiдаў прадукцыi. Правяралi шакалад i шакаладныя вырабы, што завозяцца ў рэспублiку, дзiцячае харчаванне, завазныя кансерваваныя прадукты — гароднiнныя i рыбныя. Яшчэ раней усебакова правяралi работу будаўнiкоў. Гэта тым больш важна, што пачала ажыццяўляцца прэзiдэнцкая праграма ўзвядзення аграгарадкоў. Дзяржава ўкладвае ў будаўнiцтва на сяле вялiкiя сродкi, а нашы ПМК з-за сваёй слабай тэхнiчнай аснашчанасцi не могуць выкарыстаць iх з належнай эфектыўнасцю. Усяго адзiн прыклад: з-за адсутнасцi дазiруючых механiзмаў на аб’ектах пры прыгатаваннi раствораў i бетонаў карыстаюцца дзедаўскiм правiлам: «два вядры цэменту, пяць вёдзер пяску». Гэты прынцып абсалютна не гарантуе якасцi, хоць цэмент наш цудоўны. Нешта патрэбна мяняць — цi то мысленне самiх будаўнiкоў, цi то матэрыяльна-тэхнiчнае камплектаванне аб’ектаў, узброенасць падрадных арганiзацый. Каб узводзiць сучасныя гарады i светлыя аграгарадкi, патрэбна быць належным чынам узброенымі. Выконваючы ўрадавыя даручэннi, напружана працуюць не толькi аддзел дзяржнагляду, але i ўсе нашы аддзелы i службы, у тым лiку i аддзел метралогii, i аддзел выпрабаванняў харчовай, сельскагаспадарчай, парфумерна-касметычнай прадукцыi, сiнтэтычных мыючых сродкаў. Па даручэнню службы дзяржнагляду i аддзела сертыфiкацыi ён можа правесцi скрупулёзную праверку аж 88 найменняў прамысловай i сельскагаспадарчай прадукцыi (толькi ў нашай галiне дзейнасцi) — па любых параметрах: на арганалептыку, на кiслотнасць, на наяўнасць соляў цяжкiх металаў, фiзiка-хiмiчныя ўласцiвасцi i гэтак далей. У сваёй рабоце мы стараемся не толькi правяраць, але i дапамагаць. Санкцыi — не самамэта (але калi справа датычыць прадуктаў харчавання, кампрамiсы лiчым немагчымымi), галоўнае — своечасовая дапамога. Скажам, пры аддзеле метралогii стварылi па ўласнай iнiцыятыве ўчастак па рамонту сродкаў вымярэнняў. Справа ў тым, што прыкладна 60 працэнтаў такiх сродкаў выпускаецца ў Расii, паспрабуй прадпрыемству, калгасу адрамантуй iх самастойна цi дацягнiся да завода-вытворцы. Мы пайшлi насустрач спажыўцам i рамантуем вагi ўсiх вiдаў, у тым лiку электронныя, а таксама манометры, шафы сушыльныя i iншую такую далiкатную тэхнiку. На прамысловых прадпрыемствах, канечне, ёсць свае лабараторыi, i яны аснашчаныя нядрэнна, але наша аснашчанасць усё ж лепшая. Бо дзякуючы дапамозе Камiтэта па стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi пры Савеце Мiнiстраў РБ мы заўсёды мелi магчымасць набываць для працы самае сучаснае абсталяванне i прыборы — спектрафатометры, храматографы i гэтак далей. Так што некаторыя даследаваннi можам правесцi ў Барысаве i ў шасцi раёнах Мiнскай вобласцi толькi мы. Напрыклад, на таксiчнасць. Калi патрэбна такая праверка, безумоўна, iдзём насустрач. У нас моцная нарматыўная база, па заяўках прадпрыемстваў забяспечваем iх нарматыўна-тэхнiчнай дакументацыяй, у тым лiку на электронных носьбiтах. А калi прадпрыемства не можа трымаць iнжынера па стандартызацыi, то заключаем дагавор i бяром гэтыя функцыi на сябе. Наогул, стараемся быць блiжэй да заказчыка. Просiм прадпрыемствы лiчыць нас сваiмi памочнiкамi ў любой справе. У той жа паверцы прыбораў, усемагчымых выпрабаваннях, сертыфiкацыi, «расшыўцы» iншых вузкiх месцаў. Прадукцыя многiх нашых заводаў iдзе на экспарт, перш за ўсё ў Расiю, а ў Расii вельмi моцная канкурэнцыя з боку замежных фiрмаў. I якасныя паказчыкi павiнны быць бездакорнымi. Так што любая дапамога з нашага боку — не лiшняя. Як вы разумееце, мы маем магчымасць параўноўваць, i я хачу сказаць, што наша, беларуская прадукцыя ўжо сёння па многiх параметрах не ўступае iмпартнай. У краiне вельмi многае робiцца ў гэтым накiрунку, i праз непрацяглы час наша прадукцыя будзе надзвычай запатрабаванай як на ўнутраным, так i на замежных рынках. Прадукты харчавання ўжо сёння ў большасцi выпадкаў па-за канкурэнцыяй. Да нас прыязджаюць расiяне, i першая iх рэакцыя на «культпаход» у магазiн заўсёды аднолькавая: «У вас жа лыжка ў смятане стаiць. У вас жа прадукты без дабавак i кансервантаў, цалкам натуральныя». I гэта сапраўды так. Адным словам, я падтрымлiваю лозунг «Купляйце беларускае». — Мы паспелi заўважыць, што ў вас працуе шмат моладзi. Як гэта спалучаецца на практыцы: маладосць i — высокая патрабавальнасць, што з’яўляецца абавязковай рысай характару для работнiкаў такiх цэнтраў, як ваш? — Цудоўна спалучаюцца. Справа ў тым, што ў нас няма выпадковых людзей. Галоўнае ў нашай рабоце — гэта, канечне ж, людзi. У любой прафесii важна псiхалагiчная настроенасць выканаўцы на сваё кола абавязкаў. Раней мы камплектавалi свае службы спецыялiстамi з прадпрыемстваў i накiроўвалi iх на два тыднi на курсы. Чалавек мо i не думаў, што будзе працаваць у такой вось сiстэме са своеасаблiвымi законамi, правiламi. Ён доўга не мог прызвычаiцца, а то i наогул звальняўся. Па асабiстай iнiцыятыве Старшынi Камiтэта па стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi было прынята мудрае рашэнне, i зараз узяты курс на мэтавую падрыхтоўку кадраў. Iх для нашай сiстэмы рыхтуюць у асноўным сталiчныя ВНУ — знакамiты тэхналагiчны унiверсiтэт, i не менш знакамiты Нацыянальны тэхнiчны унiверсiтэт. У свой час я заканчваў абедзве гэтыя ВНУ i ведаю, што падрыхтоўка там наладжана належным чынам. Студэнт з першага курса ведае заўтрашнiя свае абавязкi i спачатку маральна, псiхалагiчна, а ўжо потым — тэарэтычна рыхтуецца iх выконваць. Курс на моладзь сябе апраўдвае. Гэта сучасныя, цудоўна падрыхтаваныя да работы, энергiчныя людзi, якiя валодаюць замежнымi мовамi, камп’ютарам. Праўда, стараемся, каб заўсёды побач з маладымi былi ветэраны, такiя як Валянцiна Уладзiмiраўна Аханава, Эма Сцяпанаўна Кароль, якая ўсё жыццё аддала сiстэме i толькi нядаўна мы адпусцiлi яе на заслужаны адпачынак. — Мы некалькi разоў успамiналi пра такое сапраўды рынкавае паняцце, як прынцыповасць... Ваша служба закранае iнтарэсы занадта многiх — i замежных фiрмаў, якiм вы iншы раз мусiце адмовiць у сертыфiкацыi, i айчынных вытворцаў — бо праводзiце пастаянныя праверкi. Скажыце, а сёння лёгка быць прынцыповым? — Калi адчуваць за спiнай дзяржаву. У асобе таго ж Камiтэта па стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi пры Савеце Мiнiстраў РБ, кiраўнiцтва якога праводзiць дзяржаўную палiтыку i ўмее адстаяць iнтарэсы службы. Тады лёгка. Дарэчы, калi нам патрэбна метадалагiчная, арганiзацыйная, нават фiнансавая дапамога, мы заўсёды яе атрымлiваем. Што датычыць фiнансавай, то стараемся не злоўжываць, сродкi зарабляем самi. I ў заключэнне хачу сказаць — да ведама чытачоў «Звязды», што спецыялiсты Барысаўскага ЦСМС гатовы аказаць беларускiм прадпрыемствам неабходныя паслугi ў любым горадзе нашай краiны. А па пытаннях сертыфiкацыi парфумерна-касметычнай прадукцыi, сiнтэтычных мыючых сродкаў яны гатовы выехаць у краiны СНД, Еўропы, у Азiю, Амерыку, скандынаўскiя краiны. У iх асобе вы знойдзеце надзейных партнёраў.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Адразу пасля навагоднiх святаў творчая брыгада «Звязды» пабывала ў Барысаўскiм цэнтры стандартызацыi, метралогii i сертыфiкацыi, сустрэлася з многiмi |
|