У аптымiста раны загойваюцца хутчэй
Жыццё кожны дзень падносiць нам сюрпрызы, на жаль, рэдка — прыемныя... Iснаванне сучаснага чалавека — гэта няспынная барацьба са стрэсамi. Непрыемнасцi сыплюцца на нас з розных бакоў, мы хвалюемся, нервуемся, перажываем, расчароўваемся, крыўдзiмся — рэагуем на адмоўныя раздражняльнiкi i пры гэтым забываем, што менавiта з дапамогай такiх эмоцый мы не толькi псуем нервовую сiстэму, але i лiтаральна разбураем сваё цела. Пра ўзаемасувязь думак i эмоцый з фiзiчным здароўем падрабязней раскажа дацэнт, кандыдат медыцынскiх навук Анатоль ГАЛАВАЧ.
— Даўно даказана, што свядомасць — маторная, — патлумачыў Анатоль Аляксеевiч, — гэта значыць, што ў залежнасцi ад таго, пра што мы думаем, якiя перажываем эмоцыi ў сувязi са сваiмi думкамi, нашы мышцы будуць напружаны цi расслаблены. Псiхаэмацыянальнае напружанне заўсёды суправаджаецца напружаннем мышачным. Эвалюцыяй чалавецтва здаўна адпрацаваны абарончы механiзм — пры негатыўных эмоцыях (гневе, страху) у кроў выкiдваюцца адпаведныя хiмiчныя рэчывы, якiя правакуюць пачашчэнне пульсу, павышэнне ўзроўню крывянога цiску i г.д. Усё гэта мае адну мэту — падрыхтаваць цела да дзеяння (бойкi — актыўнай абарончай рэакцыi, цi ўцёкаў — пасiўнай абарончай рэакцыi). Як бачым, эмоцыi непасрэдна звязаны з мышцамi, аднак гэтая сувязь — двухбаковая. Калi мы хочам узяць сябе ў рукi i супакоiцца пасля ўсплёску негатыўных эмоцый, трэба расслабiць напружаныя мышцы. Для гэтага ёсць спецыяльныя практыкаваннi, якiя дазваляюць навучыцца «ўключаць» мышачнае расслабленне як спосаб кiравання рэакцыяй асобы на стрэсавыя перажываннi. — Без стрэсаў жыць сёння нерэальна... — Так. Можна сказаць, што стрэс — спосаб нашага жыцця, аднак патагеннымi (шкоднымi) для здароўя з’яўляюцца тыя нашы негатыўныя рэакцыi, якiя «застойваюцца» ў часе i носяць празмерны характар. Для таго, каб стаць стрэсаўстойлiвым, неабходна навучыцца нервова-мышачнай рэлаксацыi. Увогуле, стрэс бывае чакаемым (напрыклад, перадстартавая лiхаманка ў спартсменаў) i нечаканым — вось тут i трэба адразу «ўключаць» расслабленне, каб пазбегнуць «застойвання» негатыву. Сёння ў свеце дамiнуюць не цяжкiя псiхiчныя парушэннi (iх доля не перавышае 3 працэнтаў), а неўратычныя i паводзiнавыя расстройствы, звязаныя са стрэсам. Стрэс прад’яўляе сур’ёзныя прэтэнзii да адаптацыйных магчымасцяў асобы, якiя, насамрэч, небязмежныя. Бясконца прыстасоўвацца чалавек не можа — ён iнертны па сваёй прыродзе, — а тэхнiчны прагрэс, якi крочыць сямiмiльнымi крокамi, i сацыяльна-палiтычныя змены ў грамадстве прымушаюць нас няспынна адаптавацца. У мiнiмальны прамежак часу нам даводзiцца прымаць масу рашэнняў. А ў кожнага з нас свой узровень i мяжа адаптацыi... — Як стрэс i адмоўныя эмоцыi ўплываюць на фiзiчнае здароўе? — Паводле тэорыi Сiманава—Ланье, памiж эмоцыямi, станам мышцаў i ўнутраных органаў (страўнiкава-кiшачнага тракту, сардэчна-сасудзiстай сiстэмы, эндакрыннай сiстэмы i iнш.) iснуюць прамыя сувязi. У норме эмацыянальнае напружанне павiнна «скiдвацца» на мышцы — дастаткова фiзiчных практыкаванняў, прабежкi цi масажу. Калi ж мы проста «трымаем негатыў у сабе», не выносячы яго на тых, што нас акружаюць, у сiлу сваёй выхаванасцi, i не пазбаўляемся ад яго падчас фiзiчных практыкаванняў, пачынае здаваць цела. Увогуле, адмоўныя эмоцыi, якiя не знаходзяць свайго вырашэння, а «застойваюцца» ў арганiзме, могуць прывесцi да расстройстваў двух вiдаў: неўратычных (трывога, дэпрэсiя, бяссоннiца, неўрастэнiя i iнш.), альбо псiхасаматычных (рэакцый цела на канфлiкт). Апошнiя могуць праяўляцца па-рознаму: болем у сэрцы, расстройствам страўнiкава-кiшачнага тракту, язвай дванаццацiперснай кiшкi, развiццём арытмii, нават паражэннямi суставаў i скуры. — Правёўшы паралелi, можна меркаваць, што станоўчыя эмоцыi аказваюць на арганiзм станоўчы ўплыў? — Безумоўна. У аптымiста, як i ў пераможцы, раны загойваюцца хутчэй. Пазiтыўныя эмоцыi павышаюць псiхалагiчную абарону, а з ёй — i iмунную. Хто пакутуе на рак? Тыя, хто спачатку страцiў псiхалагiчную абарону (з-за розных прычын), альбо яна заўсёды была недастатковай. Таму i лячэнне трэба пачынаць з псiхалагiчнай дапамогi, вывядзення хворых з дэпрэсii, заахвочвання iх да барацьбы за сваё жыццё. Прынамсi, калi пацыент давярае, сiмпатызуе ўрачу, працэнт поспеху пры лячэннi любой хваробы павышаецца ўдвая. — Часта дыягназ успрымаецца як прыгавор. Пасля яго ўстанаўлення ў многiх хворых стан адразу пагаршаецца... — Як правiла, так i бывае, бо ў чалавека мяняецца псiхалагiчны фон (ён пачынае адчуваць трывогу, страх, упадае ў дэпрэсiю). Даведаўшыся пра свой дыягназ, трэба схадзiць на прыём да квалiфiкаванага спецыялiста i разам з iм акрэслiць шляхi выйсця з сiтуацыi, якая склалася. Неабходна знайсцi ў сабе ўнутраныя рэзервы i мабiлiзаваць усе сiлы на барацьбу з хваробай. Галоўнае, рабiць гэта граматна. Трэба памятаць, што дэпрэсii панiжаюць абарончы патэнцыял арганiзма. Дэпрэсiўны хворы прайграе па ўсiх паказчыках — усе хваробы ў яго працякаюць больш доўга i цяжка. — Як гэтага не дапусцiць? — Трэба выхоўваць тую частку свайго «я», якая адпавядае трыумфу, адчуванню сябе пераможцам, героем. Для гэтага iснуюць адпаведныя тэхналогii, якiя выкарыстоўваюць i нашы псiхатэрапеўты. Калi захворванне выйшла на клiнiчны ўзровень, лепш звярнуцца да ўрача, а для прафiлактыкi — навучыцца нервова-мышачнай рэлаксацыi i аўтатрэнiнгу, весцi здаровы лад жыцця. I — галоўнае, вучыцца знаходзiць пазiтыў нават у негатыве. Скажам, унукi надта шумна гуляюць, бегаюць па кватэры, перавярнулi ўсё з ног на галаву. Гэта раздражняе? А вы падумайце, як добра, што ў вас такiя здаровыя, актыўныя ўнукi. Яшчэ прыклад, чалавек перанёс мiкраiнфаркт. Прыемнага мала. Аднак гэта можна разглядаць, як «першы званочак», сiгнал арганiзма да неабходнасцi радыкальных змен (у харчаваннi, ладзе жыцця i iнш.), i ў плане iнфарматыўнасцi гэта добра. Не заўсёды проста, аднак жыццёва неабходна навучыцца выпрацоўваць пазiтыўны настрой, бачыць шклянку напалову поўнай, а не напалову пустой. Гутарыла Iнга МIНДАЛЁВА.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Жыццё кожны дзень падносiць нам сюрпрызы, на жаль, рэдка — прыемныя... Iснаванне сучаснага чалавека — гэта няспынная барацьба са стрэсамi |
|