Плюс камп’ютарызацыя ЎСЁЙ КРАIНЫ
Мы жывём у век iнфармацыйных тэхналогiй. I ў значнай ступенi залежым ад iх. Бо ўсё радзей абыходзiмся без камп’ютара. Не вылазiм з Iнтэрнэта. Жывём не толькi рэальна, але i вiртуальна, у шматлiкiх базах даных — з фотаздымкамi i аўтабiяграфiямi, нават калi самi таго не жадаем. Камп’ютарызацыя iмклiва ахоплiвае гарады i вёскi, як некалi iндустрыялiзацыя i электрыфiкацыя. З адным з творцаў гэтай новай «рэвалюцыi» — дырэктарам Iнстытута прыкладных праграмных сiстэм Нацыянальнай акадэмii навук Беларусi Алегам Iванавiчам ГАЛIНОЎСКIМ размаўляе навуковы аглядальнiк «Звязды».
— Зразумець маштабы, якiя набывае ўсеагульная камп’ютарызацыя, можна, вiдаць, на прыкладзе дзейнасцi вашага iнстытута. Раскажыце, калi ласка, Алег Iванавiч, чым займаецца творчы калектыў, якiя задачы выконвае. — Спачатку вельмi коратка — аб яго працоўнай «бiяграфii». Тады чытачу лягчэй будзе зразумець прадмет гутаркi. Iнстытут заснаваны ў 1971 годзе як Беларускi фiлiял Усесаюзнага дзяржаўнага праектна-тэхналагiчнага iнстытута па механiзацыi ўлiку i вылiчальных работ ЦСУ СССР. I з таго часу прайшоў праз шматлiкiя пераўтварэннi, далучэннi, перападпарадкаваннi. Адзiн з такiх значных этапаў — 1992 год, калi згодна з пастановай урада мы сталi называцца навукова-даследчым i праектна-тэхналагiчным iнстытутам iнфарматызацыi ў невытворчай сферы. Пад гэтай «шыльдай» нас i зараз шырока ведаюць у рэспублiцы i звяртаюцца, а новая назва сведчыць аб новых магчымасцях калектыву. — Пачнём з найбольш зразумелага шырокаму чытачу: iнстытут даўно i паспяхова займаецца аўтаматызацыяй бухгалтарскага ўлiку. — Распрацоўку сучасных сiстэм бухгалтарскага ўлiку вядзём больш за дваццаць гадоў, у асноўным для бюджэтнай сферы — для ўстаноў адукацыi, аховы здароўя, культуры, спорту i турызму, для сiлавых структур. Зараз суправаджаем прыкладна 300 карыстальнiкаў (а ўсяго iх значна больш). Складанасць у тым, што праграмы павiнны быць адаптаваныя да зменлiвых патрабаванняў сённяшняга дня, таму нашы спецыялiсты пастаянна падтрымлiваюць iх у рабочым стане. Вельмi аператыўна рэагуем на паведамленнi клiентаў аб нейкiх навiнах у фiнансавым жыццi фiрмы i ўдасканальваем сваё дзецiшча ў «гарачым рэжыме», з выездам на месца. У рамках глабальнай праграмы «Электронная Беларусь», якая зараз ажыццяўляецца ў краiне, мы выконваем некалькi вельмi сур’ёзных праектаў. Найбольш адказны — iнфармацыйная сiстэма забеспячэння дзейнасцi Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь. Яна дазваляе аўтаматызаваць асноўныя функцыi структурных падраздзяленняў Адмiнiстрацыi — забяспечыць iх прамое iнфармацыйнае ўзаемадзеянне, а таксама ўлiк i перамяшчэнне дакументаў, кантроль за выкананнем рашэнняў i даручэнняў кiраўнiка дзяржавы i гэтак далей. Яна надзвычай многафункцыянальная. У рамках «Электроннай Беларусi» вядзём таксама распрацоўку i ўкараненне аўтаматызаванай сiстэмы кiравання органаў, устаноў i судоў па заказу Мiнiстэрства юстыцыi РБ. У вынiку атрымалася вельмi цiкавая аўтаматызаваная сiстэма, якую мы зараз укараняем у Мiнскiм гарадскiм судзе i ў Заслаўскiм раённым (затым яна будзе, мы мяркуем, тыражавацца па судах усёй рэспублiкi). Аўтаматызаваныя рабочыя месцы ўстаноўлены практычна для ўсiх удзельнiкаў працэсу. Яго ход самым непасрэдным чынам запiсваецца прама на камп’ютар, чым дасягаецца асаблiвая дакладнасць запiсу. Па-першае, нiхто ўжо не зможа абвiнiць сакратара судовага пасяджэння, што запiс няпоўны цi скажоны. Па-другое, суддзя перад тым, як пачаць чарговае пасяджэнне, заўсёды зможа праслухаць аўдыёзапiс мiнулых слуханняў, аднавiць у памяцi дэталi цi ўдакладнiць абставiны. — Кажуць, сiстэма заваёўвае такi давер, што аўтаматызаваць iх «рабочае месца» патрабуюць нават людзi, якiя знаходзяцца на лаве падсудных. — Што ж, усе павiнны знаходзiцца ў роўных умовах, тут пэўная логiка ёсць. Але каб прызнаць аўдыёзапiс у якасцi дакумента, на аснове якога можна прымаць судовае рашэнне, патрэбна тэрмiнова ўносiць змены ў Крымiнальна-працэсуальны кодэкс. I гэта мера стаiць на павестцы дня заканадаўцаў. Так што мы сваёй дзейнасцю праiнiцыiравалi дапрацоўку нацыянальнага заканадаўства. У рэспублiцы ўзяты курс на iнавацыйны шлях развiцця. Для краiны важна засяродзiць свае намаганнi на накiрунках, якiя не патрабуюць «непад’ёмных» матэрыяльных затрат, эканомяць рэсурсы i энергiю, бо з’яўляюцца навукаёмiстымi. I таму яшчэ адзiн наш праект называецца «Рэгуляванне iнавацыйнай дзейнасцi ў Рэспублiцы Беларусь». — Сур’ёзная заяўка. Што маецца на ўвазе? — Што ў вынiку будзе створана рэспублiканская сiстэма, якая аб’яднае намаганнi рэгiёнаў i розных галiн народнай гаспадаркi па выкарыстанню iнавацый. У ёй павiнна быць сабрана падрабязная iнфармацыя аб iнавацыйных праектах, якiя прапануюцца айчынным прадпрыемствам для ўкаранення. I «сустрэчная» iнфармацыя аб тым, якiя распрацоўкi беларускiм прадпрыемствам патрэбны, каб наладзiць выпуск канкурэнтаздольнай на сусветным рынку прадукцыi. А экспертныя саветы, якiя ажыццяўляюць экспертызу таго цi iншага iнавацыйнага праекта, змогуць з дапамогай гэтай сiстэмы лёгка вызначыць, цi не дублiруецца тэматыка, у тым лiку завуалiравана. Гэта дазволiць зэканомiць значныя дзяржаўныя сродкi. З удзелам Дзяржкамiтэта па навуцы i тэхналогiях, фонду фундаментальных даследаванняў збiраемся ўкаранiць першую чаргу гэтай сiстэмы на базе прадпрыемстваў Мiнпрама РБ i сталiчнай вобласцi. У далейшым ёю будзе ахоплена ўся рэспублiка, i магчымасць доступу атрымаюць таксама замежныя карыстальнiкi. — Якiя яшчэ сiстэмы рэспублiканскага ўзроўню распрацоўвае ваш iнстытут? — Вельмi цiкавая i шматабяцальная тэма — аўтаматызацыя рынку каштоўных папер. У Камiтэце па каштоўных паперах працуе наша рэспублiканская двухузроўневая сiстэма, якая забяспечвае механiзмы функцыянавання рынку каштоўных папер — сувязь, у тым лiку зваротную, з абласцямi, з дэпазiтарыямi i гэтак далей. Вось тыя праекты, якiя мы выконваем у рамках бюджэтнага фiнансавання. Акрамя таго, выканалi шэраг буйных праектаў па дагаворах, на ўмовах гаспадарчага разлiку. Варта падкрэслiць, што зараз нам заказваюць толькi тыя сiстэмы, якiя павiнны рэальна працаваць. Раней галiновае мiнiстэрства ў Маскве даводзiла адпаведны план, i некаторыя выконвалi гэту работу фармальна, для «галачкi». А цяпер, калi плацяць уласныя грошы, а не саюзнага мiнiстэрства, то займацца «очковтирательством» ахвотнiкаў няма. I для нас гэта важна, бо працуем не на «палiцу». Ад хуткага i паспяховага ўкаранення залежыць наш iмiдж. — Алег Iванавiч, раскажыце, калi ласка, пра самы буйны дагаворны праект апошняга часу. — Гэта работа, выкананая для Фонду сацыяльнай абароны насельнiцтва. Мы распрацавалi, дапамаглi ўкаранiць, а зараз суправаджаем буйную аўтаматызаваную сiстэму персанiфiкаванага ўлiку ўсiх працуючых жыхароў Беларусi, якая будзе выкарыстоўвацца для налiчэння пенсiй у адпаведнасцi з рэальным укладам кожнага чалавека. Наколькi я iнфармаваны, кожны працуючы гараджанiн цi вясковец атрымаў сваю зялёную картку ўлiку, i сiстэма ахоплiвае зараз каля пяцi з паловай мiльёнаў чалавек. — Гэта пры тым, што ў Беларусi ўсяго жыхароў — няпоўныя дзесяць мiльёнаў. — Так. Сiстэма з’яўляецца адной з нямногiх дзеючых сiстэм такога ўзроўню i размаху. Чым яна карысная? Той, хто адзiн раз зарэгiстраваўся ў ёй, можа мяняць месца работы цi нават месца жыхарства, пераехаць з горада ў горад, але яго асабiстая статыстыка ў Фондзе сацыяльнай абароны будзе весцiся скрупулёзна. — У адпаведнасцi з пастановай Савета Мiнiстраў ваш iнстытут ажыццяўляе i дзяржаўную рэгiстрацыю iнфармацыйных рэсурсаў. — Створаныя за кошт бюджэтных сродкаў базы даных, iнтэрнэтаўскiя сайты, iншыя iнфармацыйныя крынiцы (у тым лiку выданнi) павiнны прайсцi рэгiстрацыю, каб было вядома, якая ў нас iнфармацыя накоплiваецца — камерцыйная, эканамiчная, навуковая, статыстычная, падручнiкi ў электронным выглядзе i г.д. З мэтай яе эфектыўнага выкарыстання, нi больш нi менш. А таксама каб пазбегнуць дублiравання. Па вынiках дзяржаўнай рэгiстрацыi мы вядзём Дзяржаўны рэгiстр iнфармацыйных рэсурсаў i штогод выдаём вельмi карысны бюлетэнь «Iнфармацыйныя рэсурсы Беларусi». Сёння ў Дзяржаўны рэгiстр занесена некалькi соцень рэсурсаў з разнастайных галiн навукi, тэхнiкi, эканомiкi, сацыяльнай сферы. Дарэчы, рэгiстрацыю сваiх рэсурсаў ажыццяўляюць не толькi арганiзацыi, юрыдычныя асобы, такое права маюць i грамадзяне, калi яны стварылi сваю iнфармацыйную крынiцу. Праз каталог пра яе могуць даведацца i карыстацца як у рэспублiцы, так i за мяжой. Умовы карыстання (камерцыйныя цi некамерцыйныя) вызначае аўтар, заснавальнiк. Мы ж проста паведамляем пра яе шырокай грамадскасцi, выводзiм у «свет». Аўтаматызуем дзейнасць структур Дзяржкамiтэта па навуцы i тэхналогiях як органа дзяржаўнага кiравання — там сiстэма павiнна забяспечыць улiк i кiраванне прыкладнымi навуковымi распрацоўкамi. Яна ўтрымлiвае звесткi аб выкананых у рэспублiцы дзяржаўных навукова-тэхнiчных праграмах, а таксама асобных iнавацыйных праектах, якiя ажыццяўляюцца ў рамках прыярытэтных накiрункаў навукова-тэхнiчнага развiцця, зацверджаных прэзiдэнтам. — У якой стадыi знаходзяцца вашы распрацоўкi ў рамках праекта «Электронная Беларусь»? — Амаль што ўсе — у стадыi завяршэння. Гэты год павiнен стаць годам укаранення. Зразумела, што плануем сваю работу i на перспектыву. Вызначаем уласную новую стратэгiю з улiкам таго, што будзе функцыянаваць Парк высокiх тэхналогiй. У нас ёсць некалькi новых праектаў для ўсёй рэспублiкi, i мы гатовы прапанаваць iх да рэалiзацыi менавiта праз Парк. Вядома, што праграма «Электронная Беларусь», у рабоце над якой удзельнiчаем i мы, дазволiць стварыць глабальную сетку электроннага iнфармавання па ўзору так званага «сусветнага ўрада», калi не толькi ў дзелавым жыццi, але i ў паўсядзённым быце не застаецца месца тэхналогiям на паперы. А кiраванне краiнай на ўсiх узроўнях ажыццяўляецца толькi па каналах сувязi ў электронным выглядзе. Вось калi сапраўды стане магчымым цалкам рэалiзаваць прынцып «аднаго акна». Так што работы хопiць, спадзяюся, i нам. Мы б вельмi хацелi, напрыклад, каб менавiта нам даручылi стварэнне рэгiстра народанасельнiцтва Рэспублiкi Беларусь. Патрэбныя для гэтага вопыт, граматныя кадры, тэхнiчная ўзброенасць i iншыя магчымасцi ў нас ёсць. У нашым калектыве значную праслойку складае моладзь, мы ахвотна бяром на работу выпускнiкоў вядучых ВНУ рэспублiкi, дзе падрыхтоўка праграмiстаў — на належным узроўнi. А моладзь прыносiць у жыццё калектыву i новыя прафесiйныя веды, i малады запал. — Цi ўдаецца вам выходзiць са сваiмi цалкам сучаснымi паслугамi за межы Беларусi? — Работы па аўтаматызацыi бухгалтарскага ўлiку даўно вядзём не толькi ў Беларусi, але i ў Расii. У 2004 годзе выконвалi заказы ў асноўным для Масквы i Маскоўскай вобласцi, а ўжо ў 2005-м з’явiўся шэраг аб’ектаў i ў Калiнiнградскай вобласцi. Яе суб’екты гаспадарання ахвотна выходзяць на нас — прыязджаюць, размяшчаюць заказы i выказваюць задаволенасць узроўнем супрацоўнiцтва. Справа ў тым, што нашы праграмныя прадукты ў значнай ступенi арыентаваныя на бюджэтную сферу, а для яе ўласцiвая пэўная спецыфiка. Мы яе ўлiчваем у сваiх работах, таму праграмы добра асвойваюцца, яны зручныя ў эксплуатацыi, і з заказчыкамi лёгка знаходзiм агульную мову. Iм таксама падабаецца, што ў сваiх распрацоўках мы арыентуемся толькi на новыя iнфармацыйныя тэхналогii. I выконваем як буйныя карпаратыўныя iнфармацыйныя сiстэмы, так i невялiкiя, лакальныя, «дамашнiя» — гледзячы што ў канкрэтным выпадку патрэбна. Так што свае планы звязваем i з Калiнiнградскай вобласцю, i з другiмi рэгiёнамi Расii. Зараз узмацняецца канкурэнцыя, i пошук заказаў, папаўненне «партфеля заказаў» становiцца задачай нумар адзiн. Таму не лiшнiм было б мець сваiх прадстаўнiкоў за межамi Беларусi. Ва ўсiм свеце вельмi паважлiва адносяцца да беларускай школы праграмiстаў, i гэта варта ўлiчваць. — Вы сказалi, што працуеце таксама на структуры Мiнiстэрства аховы здароўя. Цiкава, што робiце канкрэтна. — Дзейнасць практычна 60 працэнтаў лячэбных устаноў Мiнска грунтуецца на нашых праграмах. Тут у нас тры буйныя распрацоўкi. Першая — сiстэма кiравання палiклiнiкай, з аўтаматызацыяй дакументаабароту, вядзення запiсаў аб прыёме хворых, аб чым так даўно марылi дактары, з усiм неабходным улiкам — тых жа бальнiчных лiсткоў, напрыклад. Другая — «Статыстыка ў стацыянарах», якая «ведае» ўсё. I трэцяя — аўтаматызацыя фiнансава-гаспадарчай дзейнасцi лячэбных устаноў. Гэтыя тры накiрункi ахоплiваюць практычна ўсю сферу аператыўнай, цякучай дзейнасцi лячэбных устаноў. З задавальненнем выканаем i iншыя заказы сiстэмы аховы здароўя, а таксама сiстэмы адукацыi, устаноў культуры i iншых бюджэтных i небюджэтных арганiзацый. Дарэчы, iнстытут накапiў паспяховы вопыт укаранення i суправаджэння бухгалтарскiх i iншых фiнансава-эканамiчных праграм для сельскiх i пасялковых Саветаў. Я ўжо сказаў, што жыць у час глабальнай камп’ютарызацыi i спрабаваць заставацца ў баку ад яе — не атрымаецца. А таму — прыходзьце, званiце, i мы будзем працаваць разам над вашай перспектывай. Гутарыў Уладзiмiр ХIЛЬКЕВIЧ.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мы жывём у век iнфармацыйных тэхналогiй. I ў значнай ступенi залежым ад iх. Бо ўсё радзей абыходзiмся без камп’ютара. Не вылазiм з Iнтэрнэта
|
|